Вы тут

Сярод затрыманых — нават калумбійцы...


Незаконны транзіт праз беларускае памежжа не збаўляе абароты

Вечарам 12 верасня на пагранічнай заставе спрацаваў адзін з участкаў сігналізацыйнага комплексу, і неўзабаве трывожная група выявіла на кантрольнай паласе дарожку слядоў, што вядуць з Беларусі ў Польшчу. Праз некалькі хвілін непадалёк ад лініі мяжы затрымалі двух маладых людзей (1985 і 1990 гадоў нараджэння), якія аказаліся грамадзянамі Калумбіі. Незаконных мігрантаў з гэтай паўднёваамерыканскай краіны тут убачылі ўпершыню, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі.

А на ўчастку адказнасці Смаргонскай пагранічнай групы нядаўна затрымалі няпрошанага госця з Алжыра, які ноччу спрабаваў трапіць у Літву, але быў спынены нарадам за 300 метраў ад дзяржаўнай мяжы. Высветлілася, што ён, маючы ўязную візу ў Расію, прыбыў самалётам у Маскву, сеў на цягнік да Мінска, адкуль даехаў на таксі ў раён пункта пропуску «Каменны Лог». Нелегальны шлях у Літву грамадзянін Алжыра «праклаў» з дапамогай інтэрнэту ў тэлефоне. Пры сабе меў таксама нацыянальны пашпарт, асабістыя рэчы і 2 тысячы еўра.

Праўда, далёка не ўсе незаконныя мігранты разлічваюць толькі на сябе. Як правіла, яны трапляюць у сферу інтарэсаў арганізаваных злачынных груповак у складзе прадстаўнікоў крымінальнага свету з розных краін. Нядаўна, напрыклад, упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці было завершана расследаванне маштабнай крымінальнай справы ў дачыненні да 11 арганізатараў і ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай групы з Беларусі, Расіі і Літвы, якая спецыялізавалася на арганізацыі нелегальнай міграцыі грамадзян В'етнама з Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Еўрасаюза — транзітам праз нашу краіну. Для кожнага кліента (іх было больш за 60 чалавек) гэтая паслуга каштавала ад 6 да 10 тысяч долараў, і, такім чынам, даходы злачынцаў вымяраліся дзясяткамі і сотнямі тысяч «зялёных». У кожнага з іх былі свае функцыі, дзейнічала сістэма канспірацыі. З тэхнічнай аснашчанасцю не мелася праблем. Падчас следства злачынную групу пазбавілі двух дарагіх аўтамабіляў, накладзены арышт на грашовыя сродкі і аргтэхніку. Сямёра чалавек заключаны пад варту.

Нядаўна беларускія пагранічнікі распачалі яшчэ 3 крымінальныя справы па фактах арганізацыі незаконнай міграцыі грамадзян В'етнама. Пасля неабходных следчых дзеянняў яны будуць дэпартаваны з Беларусі, а члены міжнароднай злачыннай групы, у якую ўваходзілі сямёра беларусаў, літовец, расіянін і азербайджанец, панясуць крымінальную адказнасць.

Аднак калі попыт на нешта застаецца, то будзе і прапанова. Так і ў сферы нелегальных міграцыйных плыняў: на месца ліквідаваных злачынных структур прыходзяць іншыя. 14 верасня ў беларуска-літоўскім памежжы ў Астравецкім раёне пагранічнікі зноў затрымалі в'етнамцаў — 4 групы агульнай колькасцю 12 чалавек. А суткамі раней на памежную тэрыторыю ў тым жа напрамку спрабавалі з'ехаць яшчэ чацвёра в'етнамцаў у суправаджэнні... выхадца з Інгушэціі. У той жа дзень у пагранічнай зоне спынілі таксі, у якім быў госць з Чачні. Дарэчы, у Дзяржаўным пагранічным камітэце Беларусі адзначаюць, што выхадцы з Чачні апошнім часам рэгулярна фігуруюць у якасці ўдзельнікаў арганізацыі каналаў незаконнай міграцыі праз нашу тэрыторыю. Сёлета толькі ў жніўні-верасні на ўчастку адказнасці Смаргонскай пагранічнай групы затрымана больш за 60 в'етнамцаў і 7 чачэнцаў.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.