У чым небяспека курыльных сумесяў?
Спайс (ад англ. «spіce» — спецыя, прыправа) — гэта травяная сумесь, у састаў якой уваходзяць не толькі звычайныя травы, але і сінтэтычныя рэчывы (або сінтэтычны канабіс). Сінтэтычныя рэчывы ў шмат разоў больш шкодныя за натуральныя кампаненты марыхуаны (гэта, вядома, не азначае, што апошняя з'яўляецца ідэальным варыянтам для ўжывання). Сутнасць у тым, што мізэрнай колькасці «сінтэтыкі» можа быць дастаткова для таго, каб пазбавіць чалавека жыцця. Немагчыма прадбачыць, якім чынам паўплывае ўжыванне таго ці іншага рэчыва на галаўны мозг канкрэтнага чалавека. Тым больш хімічныя формулы вытворцы мяняюць на раз-два.
— Кожны арганізм індывідуальны, і калі адзін курыў сумесь пяць-шэсць разоў і пакуль не меў нейкіх заўважных наступстваў для арганізма і здароўя, гэта не азначае, што ў другога першае ж курэнне не скончыцца трагедыяй, — удакладняе псіхолаг Цэнтра дружалюбнага стаўлення да падлеткаў «Поспех» Кацярына БЛІЗНЮК. — Калі мы кажам пра ўздзеянне дыму сумесяў на арганізм, то тут варта мець на ўвазе тры тыпы небяспекі.
1. Мясцовая рэакцыя. Церпяць непасрэдна слізістыя абалонкі — узнікаюць хранічныя запаленчыя працэсы ў дыхальных шляхах (фарынгіт, ларынгіт, бранхіт). Курэнне міксаў выклікае кашаль, слёзацячэнне, асіпласць горла — падчас і пасля курэння. Ёсць высокая верагоднасць узнікнення злаякасных пухлін ротавай поласці, глоткі, гартані і бронхаў.
2. Цэнтральная рэакцыя. Самыя дробныя сасуды галаўнога мозга (капіляры) спрабуюць не дапусціць яд да «асноўнага цэнтра кіравання» і рэзка звужаюцца. Кроў у выніку не можа забяспечыць мозг кіслародам. Як і любыя клеткі, калі іх пазбавіць кіслароду, клеткі мозга гінуць. Менавіта гэты эфект і падабаецца чалавеку — узнікае адчуванне лёгкасці і бесклапотнасці.
Наогул рэакцыі ў курцоў могуць быць рознымі: эйфарыя, смех, плач, немагчымасць засяродзіць увагу і арыентавацца ў наваколлі, галюцынацыі, страта кантролю. Усе гэтыя рэакцыі пагражаюць не проста здароўю — жыццю чалавека. Адсюль і выхад на вуліцу праз вокны, і шэраг іншых зарэгістраваных статыстыкай выпадкаў гібелі маладых людзей.
Сістэматычнае курэнне міксаў прыводзіць да незваротных дэструктыўных працэсаў у цэнтральнай нервовай сістэме. Зніжаецца ўвага, пагаршаецца памяць, запавольваецца разумовая дзейнасць, з'яўляецца схільнасць да дэпрэсіі. Большасць курыльных сумесяў выклікае наркатычную залежнасць, прыводзіць да цяжкай інваліднасці па псіхічным захворванні.
3. Таксічная рэакцыя. Моцнадзейныя рэчывы, якія паступаюць разам з дымам, выклікаюць непрадказальны таксічны эфект. Курцы спайсу скардзяцца на ваніты, млосць, пачашчанае сэрцабіццё, сутаргі мышцаў. Магчымая страта прытомнасці і нават кома. З такімі сімптомамі і станамі аматары сумесяў і паступаюць у бальніцу.
Курыльныя сумесі забаронены цалкам
Увядзенне ў заканадаўства паняцця «аналаг наркатычных рэчываў і псіхатропаў» дазволіла забараніць свабоднае абарачэнне рэчываў сінтэтычнага або натуральнага паходжання, хімічная структура і вартасці якіх падобныя на хімічную структуру і вартасці наркатычных рэчываў і псіхатропаў.
Курыльныя сумесі «спайс» аднесены да асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. За незаконнае абарачэнне (захоўванне і збыт) такіх рэчываў прадугледжана крымінальная адказнасць.
Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка наркатычных рэчываў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў караецца абмежаваннем свабоды на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад двух да пяці гадоў.
Незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка або незаконны збыт наркатычных рэчываў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.
Дзеянні з мэтай збыту, учыненыя групай асоб або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, або асобай, якая раней учыняла злачынствы, або ў дачыненні да наркатычных рэчываў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў у буйным памеры, або ў дачыненні да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў ці псіхатропных рэчываў, або збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў ці аналагаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, аховы здароўя, воінскай часці, папраўчай установы, арыштнага дома, у месцах заключэння пад варту або ў месцы правядзення спартыўных, культурна-масавых ці іншых масавых мерапрыемстваў караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да трынаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.
Святлана БАРЫСЕНКА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.