Вы тут

НАВУКА І КАХАННЕ ДЛЯ ДВАІХ


Галоўныя героі папярэдніх артыкулаў пра маладых беларускіх навукоўцаў па-рознаму апісвалі стаўленне сваіх блізкіх да прафесіі вучонага. Нашы сённяшнія суразмоўцы ў гэтым сэнсе асаблівыя. Аляксандр і Ганна САДОЎСКІЯ мала таго што працуюць у навуцы — яны робяць гэта ў адным навукова-практычным цэнтры. Карэспандэнты «Чырвонкі» трапілі ў госці да сям'і Садоўскіх і даведаліся, ці не замінае каханым іх агульная прафесія.

25-6

25-6

 

Размаўляць з сям'ёй Садоўскіх мы вырашылі не на рабочым месцы, а ў больш нефармальнай атмасферы — у іх дома. Аляксандр і Ганна жывуць у інтэрнаце для супрацоўнікаў Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні, маюць у карыстанні двухпакаёвы блок са сваім санвузлом і кухняй. Пасля рамонту памяшканні блока цяжка адрозніць ад звычайнай кватэры.

Будучыя сужэнцы пазнаёміліся ў БНТУ — вучыліся ў паралельных групах кірунку «Упаковачная вытворчасць». Дзяўчына прыехала атрымліваць адукацыю з Барысава, хлопец — з пасёлка Зялёны Бор, што ў Івацэвіцкім раёне.

— Пазнаёміліся мы яшчэ на першым курсе, — успамінае Ганна, — але такіх шчыльных стасункаў спачатку не мелі. Сустракацца пачалі ў 2008 годзе, бліжэй да канца ўніверсітэцкага навучання. І вось мы ўжо амаль шэсць гадоў разам.

Кажучы слова «разам», Ганна вельмі трапна апісвае сямейны лад Садоўскіх: маладыя людзі разам вучыліся ва ўніверсітэце, разам пайшлі ў аспірантуру пры навукова-практычным цэнтры, а на працы спачатку нават дзялілі паміж сабой адзін кабінет. Навуковы кіраўнік, які адкрыў для Садоўскіх шлях у навуку і працягвае падтрымліваць навуковы імпэт маладой сям'і, таксама ў іх адзін — гэта Зянон ЛОЎКІС, доктар тэхнічных навук, прафесар. Нядаўна абое атрымалі кандыдацкую ступень — але Ганна «прыйшла да фінішу» раней. Аляксандр жартаўліва апраўдваецца — ён на год маладзейшы за жонку, але ўжо таксама амаль кандыдат навук.
Фактычна Садоўскія кожны свой дзень праводзяць поруч. Сябры ў Ганны і Аляксандра таксама агульныя. Збольшага гэта былыя аднакурснікі.

— З універсітэцкіх часоў я сябрую з дзяўчынай, якая таксама замужам за сваім аднакурснікам, — распавядае Ганна. — Звычайна мы адпачываем разам. Саша з мужам сяброўкі ідзе, напрыклад, гуляць у футбол, а мы ў гэты час займаемся шопінгам. Потым сустракаемся і адпачываем усе разам.

Нават распавядаючы пра свой адпачынак, маладыя людзі абагульняюць усё адным словам: сумесны.

Адпачываюць яны даволі разнастайна: гуляюць па Мінску (апошнім часам сужэнцы нанова адкрылі для сябе Лошыцкі парк), разам глядзяць кіно, чытаюць кнігі. Ганна з задавальненнем глядзіць разам з мужам футбол і хакей. Сям'я нават наведала разам адзін з матчаў чэмпіянату свету па хакеі. І нават хатнія абавязкі Садоўскія паміж сабой стараюцца не дзяліць: Аляксандр заўжды гатовы дапамагчы жонцы, калі тая гатуе ці прыбірае.
З распавяданняў маладых людзей аб сваім жыцці складваецца ўражанне сапраўднай сямейнай ідыліі. Працуюць і адпачываюць разам, цікавяцца адным і тым жа, усе праблемы вырашаюць разам, маюць агульныя планы на будучыню. Нават славутае выпрабаванне на трываласць — сумесную паклейку шпалер — сям'я Садоўскіх перанесла паспяхова.

— Я не магу сказаць, у чым сакрэт такіх адносін, — дзеліцца меркаваннем Аляксандр. — Проста да любых бытавых дробязяў трэба ставіцца адпаведным чынам. Бо ніякая маленькая спрэчка не павінна ставіць пад пагрозу такую сур'ёзную рэч, як адносіны блізкіх людзей. Магчыма, справа яшчэ і ў тым, што мы маем розныя характары, якія кампенсуюць адно аднаго. Ганна вельмі рухавая, энергічная, а я быццам бы яе супрацьлегласць, напэўна, больш спакойны і разважлівы.

— Безумоўна, — смяецца спадарыня Садоўская, — калі я бяру актыўнасцю, то мой муж — розумам. Але тут шмат фактараў, якія трэба ўлічваць. Проста ў нас гэта неяк само сабой атрымліваецца. Мы не сварымся на пустым месцы. Калі казаць пра працу, то дома мы яе не абмяркоўваем і на нашы адносіны яна мала ўплывае. Усе знаёмыя здзіўляюцца: маўляў, як у вас гэта атрымліваецца? Але я не магу даць ім дакладнага адказу.
У Навукова-практычным цэнтры па харчаванні вядуцца самыя розныя распрацоўкі. У асноўным яны маюць практычны характар і могуць адразу перадавацца на вытворчасць. Адным з галоўных практычных вынікаў кандыдацкай працы Ганны была тэхналогія стварэння корму для жывёлы з сумесяў на аснове адходаў піўной вытворчасці. Сярод цікавых распрацовак цэнтра сужэнцы вылучаюць некаторыя з праектаў, што былі прэзентаваны на сёлетняй выставе «БелАгра». Напрыклад, у аддзеле алкагольнай і безалкагольнай прадукцыі змаглі атрымаць першы ў Беларусі кальвадос — знакаміты яблычны брэндзі, што часта ўзгадваўся ў раманах Рэмарка. На ўсё той жа выставе наведвальнікам прапаноўвалі пакаштаваць незвычайны квас — бульбяны. Па словах сужэнцаў, яго смак вельмі адрозніваецца ад прывычнага нам, але большасці «дэгустатараў» ён прыйшоўся даспадобы. Некаторыя людзі прыходзілі на выставу ў іншыя дні спецыяльна, каб яшчэ раз пакаштаваць гэты напой.

Расказваючы пра сваё стаўленне да выбару прафесіі, Аляксандр зазначае, што ні ў якім разе не шкадуе аб тым, што вырашыў займацца навукай. З яго пункта гледжання, менавіта гэтая сфера максімальна падыходзіць як яму, так і Ганне.

— Ведаеце, калі ўвесь час задумвацца над сваім выбарам, то хутка знойдуцца нейкія недахопы, якія будуць падавацца вырашальнымі, бо мінусы ёсць у любой прафесіі, — гаворыць Аляксандр. — Асабіста я лічу, што мінусы прафесіі навукоўца можна кампенсаваць. Напрыклад, стэрэатыпны недахоп грошай — праз распрацоўку грантаў і ўдзел у камерцыйных праектах. Праўда, я не думаю, што ў нас непрыстойна малыя заробкі, нам з жонкай на дваіх хапае. Галоўнае, што я знайшоў для сябе ў навуковай працы, — разнастайнасць. Штодзень сутыкаешся з новымі выклікамі, пытаннямі, шукаеш на іх адказы. Гэта не дае «закіснуць». Што вельмі важна — праца навукоўца здольная наталяць прагу ведаў, калі яна ў цябе ёсць. У мяне такая была. Я з дзяцінства чытаў навукова-папулярную літаратуру, любіў глядзець перадачы накшталт «Клуба падарожнікаў». Усё гэта цікавіла, хацелася ведаць, як устроены свет. Думаю, гэта вельмі паўплывала на будучы выбар. Дарэчы, многія факты, пра якія даведваешся на рабоце, знаходзяць прымяненне ў практыцы. У працы навукоўца пераваг столькі, што цяжка ўсё ўзгадаць і пералічыць.

— А яшчэ абавязкова трэба падзякаваць нашым бацькам, якія з дзяцінства выхоўвалі і стымулявалі гэты інтарэс, укладвалі свае сілы і сродкі ў нашу будучыню, — дапаўняе Аляксандра Ганна. — Бо падтрымка дарослых заўжды вельмі важная для дзяцей.

Зразумела, што планы на будучыню ў сям'і Садоўскіх таксама аульныя:

— У першую чаргу гэта, зразумела, дзеці, — кажа Аляксандр, — але з цягам часу прыйдзецца нешта вырашаць і з жыллёвай праблемай. Гэта два галоўныя, глабальныя праекты нашай сям'і. Асабіста мне трэба яшчэ стаць кандыдатам навук (дарэчы, абарона ў Аляксандра якраз на гэтым тыдні. — Аўт.). Наконт працы маё меркаванне такое — калі ты на сваім месцы і робіш усё добра — кар'ерны рост не прымусіць сябе чакаць.

* * *

Шмат хто лічыць, што мужу і жонцы для шчасця трэба часам адпачываць адно ад аднаго. Прыклад Ганны і Аляксандра Садоўскіх карэнным чынам супярэчыць такому ўяўленню — сужэнцы знаходзяцца побач ледзь не кожную хвіліну і не адчуваюць ніякага дыскамфорту. Дык, можа, не ў адпачынках і перапынках справа? Агульная праца, агульны адпачынак і, галоўнае, агульнае каханне. Вось і ўсё, што трэба для шчасця.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.