Вы тут

З падарожжаў — па званочку


Як гэта цудоўна, калі мы марым аб чымсьці з самага дзяцінства і з часам дасягаем сваёй мэты! Менавіта так і адбылося ў жыцці Аксаны Данілавай, якая нарадзілася і вырасла ў Баранавічах. Калісьці яна склала спіс сваіх мар, і адной з іх былі падарожжы. За апошні час мара стала рэальнасцю — суразмоўца наведала шмат краін. Колькі гадоў таму яе сям'я пераехала ў Санкт-Пецярбург: мужа запрасілі на пасаду інжынера ў нямецкую кампанію. Як гаворыць сама Аксана, так яны здзейснілі першы крок у невядомае, затое адкрылі для сябе новы свет, новыя магчымасці і перспектывы.

25-18

— Якое яно — жыццё ў Піцеры? І як вы выбіралі наступныя пункты падарожжаў?

— Санкт-Пецярбург напачатку мяне і здзіўляў, і бянтэжыў. Гэтыя старыя будынкі з часоў Пушкіна, атмасфера даўніны... Запыленыя вокны і аркі ўнутры двароў... Гэта моцна адрознівалася ад той атмасферы, у якой вырасла. З цягам часу я адкрыла для сябе мноства прыгожых месцаў — паркаў, вуліц, палацаў і фантанаў. У нейкі момант зразумела, што мне падабаецца жыць у горадзе на Няве... Звычайна мы падарожнічаем удваіх, я і мой муж. Многія пецярбуржцы ездзяць на выхадныя ў Фінляндыю, займаюцца пакупкамі альбо адпачываюць. Вось і мы адважыліся. Спазнаўшы, якая цікавая культура і лад жыцця іншых народаў, нас «панесла» далей — у Аўстрыю. Чаму яна? Радавод па лініі майго бацькі ідзе менавіта адтуль, таму даўно марыла пабываць на радзіме далёкіх продкаў. На наступны год у нас з'явіліся яшчэ больш грандыёзныя планы: Індыя і Амерыка!

— І вам удалося іх ажыццявіць?

— Муж неяк выпадкова пазнаёміўся з адным індусам у інтэрнэце. Праз нейкі час той запрасіў нас да сябе ў госці. Нельга было губляць такі шанц, і мы паляцелі! Падчас паездкі зразумелі, што ўсе матэрыяльныя каштоўнасці не такія важныя, як само жыццё. Многія індусы жывуць у нястачы, носяць адну і тую ж вопратку гадамі, ходзяць басанож, працуюць за капейкі, але пры гэтым умеюць радавацца, любіць блізкіх і берагчы тое, што маюць. Мы яшчэ ніколі не атрымлівалі столькі цяпла, любові і клопату з боку зусім чужых нам людзей, а яны аддавалі апошняе, запрашаючы нас да сябе ў госці! І мы імкнуліся быць такімі ж, як яны — простымі і адкрытымі. У публічных месцах вакол нас збіраўся натоўп, каб проста паглядзець на замежнікаў, тым больш што я і мой муж — бландзіны. З іншага боку, нас пастаянна суправаджалі сябры-індусы, бо адным хадзіць небяспечна: рабаванні ў гэтай краіне — даволі распаўсюджаная з'ява.

А потым мы паляцелі ў Амерыку. Хацелася наведаць Лос-Анджэлес, Лас-Вегас, Сан-Францыска, Маямі, Чыкага, Нью-Ёрк... З цягам часу аб'ездзілі гэты кантынент ледзьве не ўздоўж і ўпоперак, агледзелі дзесьці бегла, дзесьці грунтоўна каля дваццаці штатаў. Пазнаёміліся з рознымі людзьмі, убачылі шмат незабыўных месцаў, сюжэтаў і проста атрымлівалі асалоду ад гэтых імгненняў!

— Якім чынам вы звычайна вандруеце?

— Заўсёды самастойна, не карыстаючыся паслугамі турыстычных фірмаў. Па прыбыцці ў іншую краіну звычайна бярэм аўтамабіль напракат і падарожнічаем.

— Ці прывозіце сабе на памяць штосьці адмысловае?

— Любімыя сувеніры — талеркі з назвай краін, гарадоў, а таксама званочкі.

— Аксана, што б вы параілі тым, хто марыць аб падарожжах?

— Па-першае, вучыць англійскую мову. Па-другое, пачынаць падарожжы з бліжэйшых краін — альбо скарыстаўшыся паслугамі турыстычнай кампаніі, альбо самастойна. Па-трэцяе, адкрыць уласны рахунак у банку і аформіць крэдытную картку: у некаторых краінах могуць не прапусціць праз мяжу ды і наогул не выдаць візу, калі ў вас няма банкаўскага рахунку або крэдыткі. І, нарэшце, быць аптымістам: заўсёды можна паехаць туды, дзе не патрабуецца віза і шмат грошай.

Таццяна Лауш, студэнтка ІІ курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Я. Купалы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».