Вы тут

Здымны «квадрат» стане бліжэй


Праграма па стварэнні арэнднага жылля ў нашай краіне трапіла ў ранг дзяржаўнай палітыкі яшчэ летась. Сёння спецыялісты ўжо цалкам упэўнены, што менавіта гэты прагрэсіўны механізм дасць магчымасць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы тым «чаргавікам», у якіх не хапае грошай ці жадання будаваць або купляць жыллё ва ўласнасць. А быць уласнікам стандартнай кватэры ў сучасным свеце і неабавязкова, лічыць начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр Горваль.

26-21

Мабільнасць насельніцтва ў межах дзяржавы

Спецыяліст адзначыў, што летась у краіне было пабудавана 53,5 тысячы квадратных метраў арэнднага жылля. На гэты год запланавана ўвесці ў эксплуатацыю ўжо 320 тысяч такіх «квадратаў», або 2121 кватэру. Зразумела, што найбольшую патрэбу ў арэндным жыллі мае наша сталіца. Менавіта таму ў Мінску сёлета будзе пабудавана 559 здымных кватэр, у Брэсцкай вобласці — 256, у Віцебскай — 120, у Гомельскай — 391, у Гродзенскай — 428, а ў Мінскай — 215 асобных жыллёвых памяшканняў.

Калі разглядаць арэнду ў перспектыве, то налета ў Беларусі неабходна будзе пабудаваць яшчэ каля 600 тысяч квадратных метраў падобнага жылля. Спецыялісты разлічваюць і надалей нарошчваць гэтыя аб'ёмы, каб дзяржфонд арэндных дамоў стварыў сур'ёзную канкурэнцыю здымным кватэрам на свабодным рынку прыватнага сектара. Каб і там цэннікі арэнды паменшыліся і сталі больш даступнымі.

А пасля гэтага наша моладзь атрымае больш свабоды ў выбары працы і прафесіі, бо краіна будзе мець сапраўды спрыяльныя ўмовы беспраблемнага перамяшчэння працоўных рэсурсаў у межах асобных рэгіёнаў і ўсёй дзяржавы. Праблема жылля для падобнай катэгорыі спецыялістаў проста знікне.

Даходныя дамы ад прыватнага інвестара

Разам з тым у Мінбудархітэктуры разлічваюць узводзіць арэндныя дамы не толькі за кошт бюджэтных сродкаў. Цяпер у нас разлічваюць прыцягваць да будаўніцтва арэнднага жылля прыватныя кампаніі, таму зараз і вывучаецца магчымасць прымянення тых схем, якія існуюць у сусветнай практыцы.

Зараз на ўзроўні міністэрства разглядаюцца два асноўныя механізмы. Першы заключаецца ў прадастаўленні інвестару пэўных, даволі сур'ёзных, прэферэнцый ад дзяржавы на этапе будаўніцтва і эксплуатацыі арэнднага жылля. Гэта могуць быць падатковыя льготы, меншыя тарыфы пры падключэнні да камунікацый, выкарыстанні рэсурсаў для абслугоўвання жылога дома і гэтак далей. Тады інвестар можа выйсці на акупнасць свайго праекта і за кошт арэнднай платы для пэўных катэгорый насельніцтва, якую вызначае дзяржава.

Другі механізм прадугледжвае будаўніцтва арэнднага жылля інвестарам па рынкавых прынцыпах без знешняй дапамогі. У гэтым выпадку забудоўшчык зможа вызначаць такую арэндную плату, якая дазволіць яму забяспечыць вяртанне ўкладзеных сродкаў і атрымаць прыбытак. Паводле такога сцэнарыя дзяржава будзе вызначаць катэгорыі грамадзян, якіх неабходна будзе падтрымліваць. Уласнік такіх арэндных дамоў будзе прапаноўваць здымнае жыллё па свабодным кошце, а дзяржава ў індывідуальным парадку, адрасна будзе кампенсаваць арэндныя плацяжы для асобных катэгорый грамадзян і сем'яў.

Без сур'ёзных падстаў «арэнду» не адымуць

Сёння ў Беларусі існуе каля 26,5 тысячы кватэр, якія выкарыстоўваюцца ў якасці камерцыйнага жылля, паведаміла начальнік аддзела юрыдычнай працы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Наталля Кухарчык. Галоўным чынам гэта былое службовае жыллё і тое, што было пабудавана па новай праграме.

У першую чаргу «арэнду» ад дзяржавы атрымліваюць тыя, хто раней меў права на сацыяльнае жыллё: пракуроры, суддзі, навукоўцы, дзеячы культуры і іншыя. Гэтая катэгорыя льготнікаў атрымлівае прыкладна 40% ад усяго аб'ёма арэндных кватэр. Астатняя доля арэндных памяшканняў размяркоўваецца сярод жыллёвых чаргавікоў, пасля таго як чалавек пакіне адпаведную заяўку ў мясцовым выканкаме. Больш за тое, сям'я з рэгістрацыяй Фрунзенскага раёна Мінска можа падаць заяву ў Першамайскі раён і, калі пашанцуе, атрымаць там арэнднае жыллё.

Спадарыня Кухарчык паведаміла, што для льготнікаў здымнае жыллё даецца на перыяд дзеяння працоўных адносін (кантракта), а пасля іх сканчэння прадугледжана высяленне на працягу трох дзён. Кватэра, атрыманая на агульных падставах, даецца на тэрмін да 5 гадоў з магчымасцю наступнай і неаднаразовай пралангацыі. Калі жылец добра ладзіць з суседзямі, не псуе кватэру і заўсёды своечасова аплачвае арэнду і камуналку, то ў раённых улад не будзе падстаў адмовіць яму заключыць дагавор арэнды на наступны тэрмін.

Згадзіцеся, што ўмовы прымальныя, але і не зусім лаяльныя да парушальнікаў. Так, калі жылец на працягу двух месяцаў не заплаціць арэнду, то ў наступным месяцы яго папросяць за дзверы.

Стаўкі павялічваць не плануюць

Памер арэнды здымнага жылля дзяржаўнага сектара наўпрост залежыць ад базавай стаўкі за квадратны метр, якая складае 0,2 базавай велічыні (30 тысяч рублёў). Потым па гэтых стаўках дзейнічае сістэма каэфіцыентаў, якую вызначаюць мясцовыя ўлады самастойна.

У абласных цэнтрах гэты каэфіцыент звычайна блізкі да 1, а ў раённых цэнтрах можа вагацца ад 0,3 да 0,6. Наталля Кухарчык паведаміла, што ў бліжэйшай перспектыве змяненне базавых ставак не плануецца. І гэта не дзіўна, бо ў асобных невялікіх гарадах існуюць нават пустыя кватэры ў арэндных дамах.

Аднапакаёўка — за 1,5 млн рублёў у месяц

Менавіта такі максімальны цэннік арэнды аднапакаёвак у сталіцы, паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Аўраменка на аператыўнай нарадзе ў мэрыі горада. Адразу ўдакладнім, што гаворка тут ідзе пра арэндныя кватэры муніцыпальнага жылля камерцыйнага выкарыстання.

А вось самыя танныя аднапакаёвыя арэндныя кватэры знаходзяцца ў Першамайскім і Фрунзенскім раёнах. Плата за іх арэнду арыентыровачна складае 580 тысяч рублёў за месяц. Самыя танныя двухпакаёвыя кватэры ў Савецкім раёне (каля 740 тысяч рублёў), трохпакаёвыя — у Цэнтральным і Першамайскім раёнах (прыкладна 1 млн 350 тысяч). Самыя дарагія аднапакаёвыя кватэры (1,5 млн рублёў) размясціліся ў Цэнтральным раёне, двухпакаёвыя — у Ленінскім (2 млн 260 тысяч), трохпакаёвыя — у Савецкім раёне (3,1 млн рублёў).

Памер платы за карыстанне арэнднымі жылымі памяшканнямі вызначаецца, зыходзячы з памеру базавай стаўкі, якую вызначае Савет Міністраў, з прымяненнем каэфіцыентаў Мінгарвыканкама ў залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месца знаходжання жылля. Усяго ў горадзе памер такіх каэфіцыентаў вагаецца ад 0,5 да 1,5.

Да гэтых цэннікаў можна ставіцца па-рознаму, але адзначу, што нават мімімальны цэннік арэнды аднапакаёвых кватэр прыватнага сектара ў Мінску складае 350 долараў, ці прыкладна 3 млн 670 тысяч рублёў.

Спецыяліст паведаміў, што цяпер у Мінску існуе 3589 арэндных жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. Летась у сакавіку на тэрыторыі Парка высокіх тэхналогій уведзены ў эксплуатацыю два жылыя арэндныя дамы на 263 кватэры. Сёлета ў лютым былі размеркаваны 133 кватэры ў арэндным доме ў мікрараёне Чыжоўка-6 і 96 кватэр у доме па вул.Сяліцкага ў мікрараёне Шабаны. Уведзены ў эксплуатацыю два жылыя дамы (на 137 і 91 кватэру) у жылым комплексе «Магістр». Рыхтуюцца да здачы яшчэ два арэндныя дамы па 181 кватэры кожны. Жыллё ў гэтых дамах атрымаюць работнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінадукацыі, Мінкультуры.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.