Вы тут

Талент пад сталом не схаваеш


Акцёр «Калыханкі» Уладзімір Варанкоў — пра тое, ці лёгка 30 гадоў быць казачным мядзведзем і адмовіцца ад жыцця ў Амерыцы

Многія ведаюць Уладзіміра Варанкова як акцёра тэатра і кіно. Аднак толькі самыя адданыя прыхільнікі ўсімі любімай «Калыханкі», якая цяпер выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3», пазнаюць яго па голасе. Гэтым голасам гаворыць медзведзяня Топа. Агучвае персанаж Уладзімір Міхайлавіч — вось ужо трыццаць гадоў. Мы сустрэліся, каб даведацца, што робіць яго маладым, з кім ён дзеліцца таямніцамі і як абараняў годнасць сваёй любімай прыхільніцы Мар'яны.

26-5

«Пад» і «Над»...

Топа — гэта я. На ім вырас мой сын і цяпер расце ўнучка. Мы на праграме — ва ўзросце падыходу да школы, інакш кажучы, ад пяці да сямі гадоў. І тут усё, што назапасілася ў жыцці, выходзіць на паверхню. У мяне не было мутацыі голасу, дый унутраны змест адпавядае таму, што раблю, у выніку ў свае пяцьдзясят «з хвосцікам» я заўсёды застаюся ва ўзросце пяці з паловай гадоў. Можна быць дзіцем да канца жыцця.

Працаваць на «Калыханцы» — вельмі цяжка. І тут альбо заплюшчваеш вочы на ўсе недахопы, альбо бачыш толькі верхнюю частку. Калі журналісты прыходзяць да нас на здымкі, то потым не ўсе асмельваюцца пісаць, у якіх умовах мы працуем. Уявіце толькі, што ў наш час трое дарослых ляжаць пад сталом, а над сталом пражываюць сваё жыццё нашы персанажы. Безумоўна, мы не за трамвайны квіток працуем, але і праблем хапае, хаця часта гэта мала каго цікавіць... Чамусьці лічыцца: калі для дзяцей працуеш, то гэта лёгка. І шкада, што за гады існавання праграмы нічога амаль не змянілася. Мы, як і раней, тулімся ў кіназале, дзе не было рамонту немаведама колькі часу. Там зімой холадна, а летам спёка несусветная. А новыя людзі прыходзяць са сваімі амбіцыямі, новымі планамі. Мала хто жадае зазірнуць пад стол... Неяк запісвалі новыя выпускі, а ў нашым памяшканні прыйшлі мяняць вокны. У іх план, і нікому справы няма, што ў вас, напрыклад, заўтра эфір. Трэба ісці і прасіць паўгадзіны цішыні, бо вокны ж нашмат важней, чым наша праграма...

На час майго прыходу ў праграму яна была на шляху свайго станаўлення. Кіраўніцтва давала нам зялёнае святло ў творчасці. Цяпер час змяніўся, і ўсё ўпіраецца ў грошы. На ролі нас па конкурсе адбіралі. Спачатку акцёраў шукалі пад персанажы, а потым апошніх рабілі пад акцёраў. І, калі ў той час цябе запрашала на працу тэлебачанне, ты разумеў, што табе і ў фінансавым плане гэта выгадна. Атрымлівалася так: праца, якая задавальняла, яшчэ і заробак добры давала. А цяпер наадварот: тое, што маеш, спрабуеш недзе прымяніць, каб мець прыбытак. Я неяк міжвольна гэтыя рэчы параўноўваю, бо трыццацігадовы стаж працы на праграме дае мне права і магчымасць рабіць такія высновы. Тады і сёння людзі на тэлебачанне прыходзілі з рознымі мэтамі. Сёння галоўнае, каб задавальненне атрымалі гледачы, якія плацяць за ваш прадукт. Хаця хапае і энтузіястаў, зацікаўленых агульнай працай.

— Топа ведае шмат сакрэтаў пра вас?

— Расказаць яму было б што, паверце. Самымі папулярнымі былі б сакрэты са здымак, бо там хапае і перлаў, і цікавых выпадкаў. Напрыклад, мы — не са злосці, а ад вялікай любові — Маляванычу і Феечцы, пакуль тыя размаўляюць у кадры, маглі і шнуркі звязаць, і да зэдліка іх прыклеіць...

Перад выступленнямі, паездкамі рознымі я бяру ляльку дадому. І, бывала, толькі возьмеш Топу на рукі і пачнеш з ім размаўляць, як сваімі сакрэтамі з ім пачынае дзяліцца ўнучка Мар'яна. А мяне для ўнучкі тады проста не існавала. Топе яна скардзілася на ўсіх і прасіла: «Толькі нікому не расказвай!» Вось і я часам расказваю яму, што і пра каго думаю, такі сабе дзённік без запісу. А здараецца, апускаеш руку пасля здымак, выпадкова кранеш лялькай стол і ўскрыкваеш — нібыта фізічна адчуваеш яе боль.

— Як Мар'яна рэагавала, даведаўшыся пра тое, што яе дзядуля дапамагае Топе?

— Тут былі два варыянты. Яна спачатку вельмі ганарылася, калі я забіраў яе з садка. А вось адзін раз папрасіла больш не прыходзіць. Аказалася, што некаторыя дзеці пачалі неадэкватна рэагаваць на расказы Мар'яны «Мой дзядуля — гэта Топа». Адна дзяўчынка пабіла яе, нейкі хлопчык укусіў. Мне даводзілася высвятляць адносіны з бацькамі. А тыя не разумелі, з-за якога медзведзяняці сварацца дзеці.

26-7

Дабро без кулакоў

Дзеці ўсё тыя ж, якімі і былі. Проста галовы іх забіваюцца дзіўнымі мультыкамі, кнігамі. Кожны час мае сваіх герояў. Аднак усё роўна трэба, каб было дабро і зло, і дакладнае тлумачэнне, дзе хто. А нас жа прывучаюць, быццам дабро можа быць з кулакамі, а лепш і з аўтаматам. Потым мы здзіўляемся, што на вуліцах адбываецца.

Неяк быў з лялечным тэатрам на фестывалі ў Славеніі, і іх міністр культуры расказаў, што там заняткі ў лялечным тэатры ўнесены ў план развіцця дзетак. Ім у дзіцячым садку, у школе расказваюць пра ўзаемаадносіны людзей, аб правілах дарожнага руху і пра многія іншыя важныя рэчы. І потым нікому не трэба тлумачыць, што дзяўчынак нельга крыўдзіць, а бабулю трэба цераз дарогу перавесці.

Здзіўляе стаўленне да лялечнага тэатра ў нас, бо ад яго спрабуюць часта адмахвацца, нібы ад назойлівай мухі. Як, скажыце, могуць ісці ў прафесію людзі, калі зарплата маладых акцёраў меншая, чым пенсія ў чалавека, які ніколі не працаваў? Але ідуць... Цяпер, нарэшце, дадумаліся падвысіць зарплаты ўрачам і настаўнікам. Гэта правільна, бо праграмістамі і банкірамі не становяцца самі па сабе. Можа, аднойчы з'явіцца разуменне, што і тэатр не павінен існаваць па астаткавым прынцыпе.

У кожнага павінна быць свая планета

Талент не схаваеш пад сталом. Таму сёння я маю магчымасць здымацца ў фільмах расійскіх рэжысёраў. А «Калыханка» была і застаецца не проста хобі, а той аддушынай, часткай жыцця, куды я ніколі не пускаў старонніх. Памятаеце, у маленькага прынца была свая планета, дзе ён аберагаў ружу. Магчыма, і ў мяне так. Таму трэба альбо з разуменнем ставіцца да ўмоў, якія ёсць, альбо змяняць нешта.

...У маім жыцці было шмат перамен. Самае дзіўнае, калі мая жонка Юля з'ехала ў Амерыку, то мы засталіся сябрамі. А я, паехаўшы туды першы раз, адразу сказаў, што гэта не мая краіна. І не хачу там пачынаць усё з нуля, бо таго, што маю тут, там не будзе. Нядаўна яна прыязджала, мы праводзілі ўнучку ў першы клас. Так склалася, што мой свет для Юлі аказаўся непрымальным, таму яна павінна была сысці з маёй планеты і знайсці сваю. Цяпер мы кожны на сваёй і ездзім адно да аднаго ў госці.

Калі я застаўся з сынам адзін, то маё жыццё вельмі змянілася. Разумеў, цяпер буду для яго маці і бацькам. Узрасла адказнасць, кардынальна памяняліся прыярытэты. Але здолеў выхаваць сына чалавекам... Той паварот лёсу не быў для мяне нечаканым. Я не разгубіўся, калі ўсё адбылося, таму што сам вырас у шматдзетнай сям'і і ўмеў усё. Да таго ж у нас былі добрыя адносіны з Юляй, дзякуючы чаму мы сітуацыю прынялі і зрэагавалі на яе правільна.

У мяне ніколі не было адчування адзіноты. Пэўны час мы жылі з сям'ёй сына разам, а цяпер я пераехаў у кватэру сваіх бацькоў і вечарам пачаў лавіць сябе на думцы, што я адзін. І гэта не тая адзінота, калі ты нікому не патрэбны. Бо і сын побач жыве, і брат у суседняй кватэры, і сяброў добрых хапае, але цішыня напружвае. І я прыйшоў да высновы, калі скончу рамонт, то падумаю пра тое, каб побач нехта быў. Не дзеля шклянкі вады, а каб было з кім пагаварыць.

Мне па душы жывыя сустрэчы. Нават па тэлефоне не люблю размаўляць. Безумоўна, можна асвоіць інтэрнэт, але я не бачу сэнсу траціць час на тое, каб там нешта пісаць іншым. Тут як з курэннем: я ніколі не курыў, а мне прапануюць навучыць. Навошта? Псаваць па ўласным жаданні сваё здароўе не хачу... Кніжкі папяровыя чытаць перастаюць, з аднакласнікамі сябруюць у сацыяльных сетках, так хутка па інтэрнэце не толькі з вяселлем і днём народзінаў будзем віншаваць, але і на пахаванні не сустрэнемся.

Часам задумваешся, калі ты з'явіўся на гэты свет, то, відаць, для нечага патрэбны. Проста так нічога не бывае. Калі ацэньваць маё жыццё з пазіцыі «жыць, каб не сорамна было», то ў мяне не было нічога, што хацеў бы змяніць. Са школы я ведаў, чым хачу займацца па жыцці. Потым жадаў паступіць на драму, а трапіў у лялечны тэатр, дзе затрымаўся на 20 гадоў. А на «Калыханцы» працую і сёння, што пацвярджае: не памыліўся ў выбары прафесіі. Я адналюб, таму нават улічваючы, як склалася наша гісторыя з жонкай, магу сказаць, што яна была маім чалавекам. Цяпер у мяне ёсць сын і любімая ўнучка. І адзіноту мне трэба было адчуць, каб зразумець: жыццё працягваецца. У мяне намячаюцца новыя перспектывы ў працы, і, напэўна, гэта таксама магчымасць прайсці праз нешта новае.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».