Вы тут

Па мянушцы Пушкін


Гісторыя аб тым, як хлопец з пасёлка Дружны за сем месяцаў праклаў сабе шлях з аматарскай футбольнай каманды ў зборную краіны

У жніўні ўся Францыя з замілаваннем чытала аповед пра Ясіна Баму, нападаючага «Нанта», які раней выступаў у трэцяй французскай лізе і сумяшчаў футбол з працай у клубнай краме славутага «Пары Сэн-Жэрмена», а зараз гуляе супраць футбольных «зорак» і прыносіць камандзе перамогі. Не, наш з вамі герой у крамах ніколі не працаваў, але яго гісторыя не горшая за французскі прыклад. Летась Аляксандр КРОТАЎ выступаў за аматарскую дружыну «Мінск Гэлаксі», узімку патрапіў у клуб «Іслач» (першая ліга), а гэтым летам дэбютаваў за маладзёжную зборную Беларусі. Пагадзіцеся, выдатны старт для 19‑гадовага гульца-пачаткоўца!

26-11

—Калі мне паведамілі пра выклік у зборную, я нават не паверыў, — прызнаецца ў размове з карэспандэнтам «Звязды» Аляксандр. — Знаходзіўся тады ў даволі дзіўным стане. Мне насамрэч тады было вельмі прыемна.

—І гэта пры тым, што яшчэ зусім нядаўна ты ўдзельнічаў у першынстве сярод аматарскіх каманд.

—Так, але ўзровень нашага калектыву неблагі. І я ўпэўнены, што астатнія хлопцы з «Мінск Гэлаксі» таксама могуць узмацніць клубы з першай ці другой лігі. Я не губляў надзеі, што здолею яшчэ сябе праявіць, трапіць у прафесійную каманду. Я проста не магу жыць без футбола. Нават не магу сябе ўявіць у іншай прафесіі. Так і казаў бацькам: «Хачу быць толькі футбалістам!» І зімой Уладзімір Міхайлавіч Макоўскі, другі трэнер маёй сённяшняй каманды, прапанаваў мне прайсці прагляд у «Іслачы». Усё атрымалася, і мяне ўключылі ў каманду, са мной падпісалі кантракт.

—Рабіць першыя спартыўныя крокі табе прыйшлося ў родным пасёлку.

—У Дружным, што ў Пухавіцкім раёне. На ўвесь пасёлак я зараз адзіны прафесійны футбаліст. У дзяцінстве мы з сябрамі кожны вечар хадзілі ганяць мяч на школьны стадыён. Акрамя таго, тры разы на тыдзень я займаўся футболам у мясцовай спартыўнай школе «Вікторыя». Пазней удзельнічаў у першынстве вобласці — выступаў за каманду «Зорка» з Мар'інай Горкі, гуляў за юніёрскую каманду БАТЭ, аднак там у дубль барысаўскай каманды не запрасілі. Мабыць, забыліся на мяне. Таму і запісаўся на пэўны час у аматары.

—Цікава, а як для цябе склаўся першы матч на прафесійным узроўні?

—Гэта адбылося 21 чэрвеня. Я выйшаў на замену на 9 хвілін у матчы са «Смалявічамі СТІ». Некалькі разоў дакрануўся да мяча і ўжо адчуў, якія хуткасці ў першай лізе. Мы згулялі з лікам 0:0, і я быў вельмі задаволены сваім выхадам на поле.

У першай лізе наогул гуляе шмат вопытных футбалістаў. Калі ў аматарскай лізе я мог пафінціць, нават загуляцца, тут гэтага сабе дазволіць не магу. Абаронцы могуць лёгка прачытаць твае задумкі. І па нагах час ад часу таксама атрымліваю, аднак лічу, што сапернікі робяць гэта не наўмысна.

Дзейнічаю пераважна ў атацы. Віталь Жукоўскі, наш трэнер, заўжды патрабуе ад нас гуляць у атакуючы футбол, пастаянна падбадзёрвае мяне. Кажа, каб назад не азіраўся, бо ўсе цяжкасці яшчэ наперадзе.

—Твой выклік у зборную таксама стаў для многіх нечаканасцю.

—Нас нават аднойчы папярэдзілі, што на чарговай сустрэчы будзе прысутнічаць Алег Радушка, асістэнт Кавалевіча ў маладзёжнай зборнай. І я перад матчам для сябе вырашыў, што трэба добра згуляць, каб пакінуць пра сябе ў трэнера добрыя ўражанні. У жніўні я паўдзельнічаў у таварыскай сустрэчы з Малдовай. Адборачны турнір да чэмпіянату Еўропы‑2015 ужо завяршыўся, аднак па ўзросце мяне яшчэ могуць задзейнічаць у зборнай у двух наступных кваліфікацыйных турнірах.

—На футбольным полі балельшчыку вельмі лёгка пазнаць цябе па прычосцы.

—А я з валасамі нічога не раблю. Яны самі так закручваюцца. Такіх аб'ёмаў я дасягнуў упершыню летась. Падобную прычоску мае Марсэла, футбаліст зборнай Бразіліі. І калі я ўпершыню яго ўбачыў, падумаў аб тым, чаму б і мне не паспрабаваць. Шмат каму спадабалася. Аднак бабуля ўжо пыталася, калі я цырульню наведаю. Дарэчы, з‑за маіх прычосак мяне яшчэ ў школе празвалі Пушкіным. Ігар Кавалевіч, галоўны трэнер зборнай, звяртаецца да мяне няйначай як Аляксандр Сяргеевіч, а сапернікі на полі часам падказваюць адзін аднаму: Гэй, трымайце таго кучаравага!»

—Усё сваё жыццё ты правёў у Дружным. Не збіраешся пераехаць у сталіцу?

—А я ўжо прызвычаіўся. І цішыня мне падабаецца больш, чым шумны горад. У вольны час я люблю пасядзець у сацыяльных сетках, пагуляць у камп'ютарную гульню «Про Эвалюшн», аднак у нашым пасёлку ёсць дзве кавярні, дзе ўсе ахвотныя могуць увечары сустрэцца са сваімі  сябрамі. Па суботах у нас ладзяць дыскатэку, у Доме культуры паказваюць кіно.

—Дарэчы, а аб чым ты марыш, акрамя футбольных дасягненняў?

—Усе мае думкі, безумоўна, пра спорт. Але мне таксама хацелася б павандраваць, пабачыць свет. Бо раней я толькі ездзіў у Расію, ва Украіну, а цяпер дзякуючы зборнай наведаў Арменію, Малдову, новыя для сябе краіны. Мне нядаўна хлопцы расказвалі пра адпачынак на Гоа. І я літаральна загарэўся ідэяй там пабываць.

Тарас ШЧЫРЫ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».