Вы тут

Верасень, які пахне драўнінай і сокам...


Прыкладна кожныя два гады я з нецярпеннем (як той ганчак, што ўзбуджана ўцягвае носам паветра падчас палявання) і пэўным хваляваннем чакаю верасня. Аб прычыне апошняга раскажу потым, а нецярпенне абумоўлена нарыхтоўкай дроў у вёсцы ў маці. Справа ў тым, што, колькі сябе памятаю, люблю калоць дровы. Як па мне, дык няма найлепшага спосабу для падключэння да «нірваны» і «прачысткі мазгоў» пасля разумовай працы.

Дагэтуль памятаю, як малым (мне, можа, гадоў пяць-шэсць было), гледзячы, як дарослыя мужчыны талакой нарыхтоўваюць дровы, прасіў, нават патрабаваў персанальныя калодку і сякерку. Такая любімая маленькая сякерка з'явілася крыху пазней. І мы разам з бацькам калолі дровы. Ён па-сапраўднаму, а я побач дзёўб нейкія друзачкі. Вы б ведалі, колькі разоў сек сабе пальцы! Запомніўся выпадак, калі прыкладна вось такой парой (я быў недзе ўжо ў пятым класе) зноў калолі «разам» дровы. Маці па якойсьці прычыне дома не было. Бацька адышоў у хату. А я ў чарговы раз секануў сабе па руцэ... Кроў па пальцах сцякае, бягу ў дом і плачу. Але не ад болю, а з-за страху, што бацька адбярэ любімую сякерку — ужо колькі разоў абяцаў, калі паранюся...

Хто жыў у вёсцы, павінен памятаць, які гэта быў (цяпер часы іншыя, многія газ правялі) рэгулярны клопат — нарыхтоўка дроў. Выпісаць, часам яшчэ самому нарэзаць у лесе, прывесці, разгрузіць (уручную, вядома), парэзаць, пакалоць, скласці... Наконт прывезці таксама выпадак быў: тады ўжо вучыўся ва ўніверсітэце. Выпісалі ў знаёмага лесніка трактар дроў самавывазам — каб танней было. Дамовіўся наконт тэхнікі, паклікаў на дапамогу некалькіх сяброў. Як мы тыя таўшчэзазныя і неймаверна цяжкія ствалы бяроз у прычэп грузілі — дагэтуль памятаю...

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна рэзалі дровы ўсім вядомай «Дружбай-2» — двухручнай пілой. Але напачатку яе трэба было падрыхтаваць. Памятаеце, як у «Цёркіне»? «...Поищи-ка, дед, разводку,/ Мы ей сделаем развод./ Посмотреть — и то отрадно:/ Завалящая пила/ Так-то ладно, так-то складно/ У него в руках прошла./ Обернулась — и готово./ — На-ко, дед, бери, смотри./ Будет резать лучше новой,/ Зря инстрУмент не кори.» Калі дровы былі не вельмі тоўстыя, справа рухалася даволі хутка, хоць праца тая не вельмі лёгкай была. А вось калі трапляліся добрыя камлі... У такіх выпадках стараліся наняць каго з бензапілой. І хутчэй, і для здароўя ўласнага лепш. Гэта зараз нікога не здзівіш рознымі «Штылямі» і «Хускварнамі» — хоць электрычнымі, хоць на бензіне. У брата таксама «шведка». Лесавоз дроў (кубоў на 9) «кладзём» удвух гадзіны за чатыры-пяць. Праўда, гэта толькі лічыцца, што рэжам, насамрэч цуркі трэба яшчэ адкідваць, складваць, а ствалы «варушыць», падцягваць. Таму так накідаешся і нацягаешся, што, лічы, у першы ж дзень яшчэ і «пакалоў» іх...

Сам у рукі бензапілу не бяру — рэжа выключна брат. Я ўвогуле параўнальна нядаўна зноў прызвычаіўся да яе гуку і выгляду шыны з ланцугом у рабоце. Быў выпадак, калі мне толькі споўнілася 14 гадоў... Тады бензапілы (як у фільме «Дзяўчаты», памятаеце?) былі далёка не ва ўсіх. Папрасілі дапамагчы суседа. Ён рэзаў, я адкідваў цуркі. У нейкі момант сусед нападпітку пахіснуўся... Піла прайшлася па правым баку ад пляча да сцягна. Хто бачыў ланцуг бензапілы, ведае, што ён пакідае прапіл шырынёй каля сантыметра... Рэзкі ўдар — і я змог сам на сабе колькі секундаў разглядаць анатомію пляча, пакуль дзіркі не запоўніліся крывёй.

Заказаць дровы не так проста і цяпер. Спрабавалі браць у гарпаліве — хоць рэзаныя, хоць і колатыя ўжо, але рэдка былі задаволены, таму гэты варыянт трымаем звычайна як запасны. Рознай даўжыні, шмат таўшчэзных, якія даводзілася потым пераколваць. Складваць іх таксама нязручна. У адзін з мінулых разоў прывезлі машыну амаль што спрэс дуплаватых. З такіх калодак, дарэчы, неблагія кашпо пад кветкі для ўпрыгажэння ўчастка атрымліваюцца. Таму дровы даводзіцца шукаць, часцей — у прадпрымальнікаў. І самі дровы больш якасныя, і табе мала таго што прывязуць іх, дык яшчэ маніпулятарам тыя ствалы метраў па шэсць акуратна цераз агароджу пакладуць на ўчастку. Дарогу не займаюць, перацягваць самому іх таксама не трэба. Але ты яшчэ паспрабуй таго прадпрымальніка знайсці! Участак у нас невялікі, дровы трэба заказваць або пакуль яшчэ холадна (у сакавіку), каб паспець іх прыбраць да градак, або як толькі знялі ўраджай, але яшчэ «белыя мухі» лятаць не пачалі, бо агарод жа яшчэ ў парадак трэба прывесці (у верасні-кастрычніку). Неяк аднойчы купілі дровы ў жніўні. Быў водпуск, цёпла, іх можна было калоць і складваць не спяшаючыся — у сваё задавальненне. Але ж градкі былі яшчэ не ўбраныя, таму давялося «паскакаць» на невялічкім «пятачку»: парэзаныя дровы занялі амаль усю свабодную прастору, таму калолі і складвалі іх дробнымі партыямі.

Пры заказе шмат залежыць ад надвор'я, бо бывае так, што прадпрымальнікі ЯШЧЭ дровы не возяць, а праз нейкі час — УЖО не возяць. Напрыклад, хутка пацяплела і цяжкая тэхніка ўжо не можа прайсці па лясных дарогах. Ці прадпрымальнік ужо асвоіў атрыманую дзялянку — і ўсё, чакай да наступнага сезона... Сёлета дровы заказалі аж у Магілёўскай вобласці (у наш Чэрвеньскі раён). Але якія? «Царскія»: дзве таўшчэзныя бярозы, дзве елкі, а астатняе — вольха! Дровы з вольхі жару даюць не нашмат менш, чым з бярозы, але ачышчаюць комін ад сажы, асабліва пасля смалістых дроў. І калоліся яны таксама «па-царску». Пакуль не ўвайшоў у рытм, з асцярогай браў сукаватыя цуркі. Але паспрабаваў раскалоць адну, другую — «ішлі», як і не сукаватыя! Тады ўжо браў з кучы без разбору.

Паднімаеш з пераваротам цурку на плячо, прыўздымаешся на дыбачкі— і з усяе сілы апускаеш абух сякеры з «нанізанай» цуркай на калодку. Бух! Расколатыя палавінкі з трэскам разлятаюцца ў бакі. Дзынь, наўздагон ім кажа сякера.

27-1

У нас з братам розныя спосабы калоць дровы. Ён аддае перавагу калуну, я — сякеры, г.зн. у яго цурка нязменна застаецца на калодцы, я ж кідаю яе праз плячо аб тую самую калодку (хаця, калі трэба, і я калун у рукі бяру). Нейкім навамодным сякерам не вельмі давяраю. Можа, праўда, дарэмна, але што ёсць, тое ёсць. Няхай сабе прадаўцы на тваіх вачах скачуць па доўгім тапарышчы, дэманструючы яго гнуткасць і трываласць. Як па мне, дык такімі сякерамі, як у амерыканскіх фільмах, калоць толькі калібраваныя кароткія цуркі на дровы для каміна. Для печы дровы патрэбны даўжэйшыя, а самі цуркі, як казаў, бываюць не толькі без сукоў. Некалькі гадоў таму на рынку набыў сабе сякеру, якой вельмі задаволены. Год выпуску — 1951-ы, значыць, зрабілі яе яшчэ пры жыцці Сталіна. І зрабілі сумленна! Прадаўцы казалі, што гэта лішкі ваеннай маёмасці яшчэ з савецкіх часоў.

..Колем, складваем дровы з ранку да вечара, а потым збіраем, мыем, рэжам яблыкі на двары — літаральна пад святлом вулічнага ліхтара. Хрусцяць і пырскаюцца сокам на рукі і твар ужо не цуркі,
а плады.

27-2

Якая б стома ні брала (а мышцы ў першы дзень працы вой як пачынаюць балець, на што брат нязменна гаворыць: «Баляць, значыць, растуць!»), раскалоць хаця б колькі цурак — святая справа. А як інакш?! Гэта як разабраць свінню і не пакаштаваць свежыны... Сякеру — на колькі часу ў вядро ці бочку з вадой: гэта ж не цяслярскі інструмент, доўгі час быў без працы, трэба, каб тапарышча крыху разбухла. Ставіш загадзя падрыхтаваную свежавыразаную калодку, выбіраеш першую цурку. Замах, удар! Невялікая цурка разлятаецца папалам адразу. А бывае, што ледзь падымеш каторую... Удар! З-пад сякеры выступае сок ад свежай драўніны. Значыць, дастаткова кінуць яе праз сябе хаця б адзін раз — абавязкова расколецца. Паднімаеш з пераваротам цурку на плячо, прыўздымаешся на дыбачкі — і з усяе сілы апускаеш абух сякеры з «нанізанай» цуркай на калодку. Бух! Расколатыя палавінкі з трэскам разлятаюцца ў бакі. Дзынь, наўздагон ім кажа сякера. Падымаеш адну з палавін цуркі, зноў ставіш на калодку. Замах, удар — «разлёт нармальны»...

Пасля працяглага рыку бензапілы, калі яна змаўкае, адчуваеш, наколькі ты аглух. Потны, прапахлы выхлапнымі газамі ад яе, увесь у пілаванні садзішся ненадоўга перадыхнуць. У паветры востра пахне свежым дрэвам. Цуркі вольхі, парэзаныя першымі, на зрэзах на сонцы ўжо набылі жаўтавата-чырванаватую афарбоўку. Апошнія, парэзаныя толькі што, бялеюць побач... Пакуль сядзіш і курыш, кот напачатку сам залазіць табе на калені, а потым перабіраецца на карак і выцягваецца там, раз-пораз паводзячы носам у бок запаленай цыгарэты ў руцэ, калі падносіш яе да вуснаў. Колькі гадоў таму ён самастойна выканаў гэты трук з карасканнем на шыю і з таго часу нязменна паўтарае яго, як толькі мы пачынаем пілаваць і калоць дровы. Магчыма, яму таксама падабаецца гэтае спалучэнне пахаў у паветры: поту, гары, свежага пілавіння? І водару яблыкаў, якія — ты чуеш, як толькі пакрысе аднаўляецца слых — глуха падаюць за дровамі і на дровы з дрэва.

Вось гэтыя яблыкі і ёсць крыніца згаданага ў самым пачатку хвалявання. Ураджай здараецца раз на два гады — якраз тады, калі даводзіцца нарыхтоўваць дровы. А часу ж нестае, бо шчыраваць выпадае толькі па выхадных. Тут бы з гэтым клопатам справіцца: дровы ж трэба потым скласці, убіты агарод пераараць, іншыя восеньскія работы зрабіць. Але ж і яблыкаў шкада! Сок з іх атрымліваецца кісла-салодкі, вельмі смачны. Таму ўжо каторы раз у нас такая завядзёнка: колем, складваем дровы з ранку да вечара, а потым збіраем, мыем, рэжам яблыкі на двары — літаральна пад святлом вулічнага ліхтара. Хрусцяць і пырскаюцца сокам на рукі і твар ужо не цуркі, а плады. Праца манатонная, таму часам пачышчаныя скрылькі яблыка ляцяць не ў тую ёмістасць... Сок ціснем часам да поўначы. І добра, калі ўсяму працэсу надвор'е спрыяе. Бо калі непагадзь і мыеш яблыкі ў вадзе з калонкі, рукі заходзяцца ад холаду і дзервянеюць за хвіліны. Але потым нічога, сцюдзёная вада здаецца нават цёплай: толькі паспявай, мый. Супынішся на хвіліну, каб спіну выпрастаць, і пачуеш над галавой цяжкія ўзмахі крылаў. Гэта, відаць, каршун вяртаецца з боку ракі ў лес, трымаючы ў кіпцюрах здабычу. У паветры пахне спаленым бульбянікам...

Памыўшы ногі абавязкова халоднай вадой і пераапрануўшыся ў сухое і чыстае, ідзеш да стала, да позняй вячэры. Нязграбнымі рукамі згортваеш гарачы бульбяны блін (не дранік!) і мачаеш яго ў патэльню з яечняй на сале, выбіраючы «вочкі» з янтарнага колеру тлушчам, перамешаным з густой смятанай. Відэльцам падчэпліваеш кавалачак смажанкі... І хмялееш яшчэ да заслужанай чаркі. Ад цяпла дома, ад смакаты ў роце, ад стомы ўсіх мышцаў. Сон прыходзіць імгненна.

...А з ранку — зноў сякеры ў рукі. І так усе выхадныя, пакуль не прыбраныя апошнія палена і яблык. Такой восень потым усю зіму і помніцца: з пахам свежай драўніны і свежавыціснутага яблычнага соку...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.