Беларускамоўны спартыўны фестываль пройдзе заўтра ў сталіцы
У вядомай беларускай плыўчыхі Аляксандры Герасімені лёгка атрымліваецца паляпшаць настрой. І не толькі сваім абаяннем, але і добрымі, прыемнымі ўчынкамі. Вось і зараз Аляксандра зноў прыемна ўразіла многіх. Справа ў тым, што заўтра ў сталіцы адбудзецца спартыўны фестываль «Мова Cup», удзельнікі якога павінны будуць на працягу спаборніцтваў размаўляць па-беларуску. Герасіменя стала адным з ініцыятараў гэтай акцыі.
— Я хадзіла ў рускамоўны дзіцячы садок, пасля вучылася ў рускамоўных класах, але з нашай мовай у мяне ніколі не ўзнікала пытанняў, — прызнаецца Аляксандра. — Так, у маім жыцці галоўнае месца займаў спорт. Для мяне было важна, што я магу прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне, імкнулася дасягнуць максімальных вынікаў. А цікавасць да беларускай мовы з'явілася ў мяне некалькі гадоў таму. Многія мае знаёмыя замежныя спартсмены прасілі, каб я ім нешта сказала на роднай мове. Спрабавала, аднак адчувала, што мову разумею добра, але не магу доўга камунікаваць. Менавіта таму я пачала актыўна чытаць беларускамоўныя кнігі, размаўляць. Дарэчы, у гутарках з замежнікамі я заўважыла, што нашу мову разумеюць украінцы, палякі, славенцы. Мовы падобнымі назваць не магу, але нешта агульнае ўсё роўна прысутнічае.
— А якія кнігі на беларускай мове прачыталі першымі?
— Спачатку мне далі прачытаць «Жураўліны крык» Васіля Быкава, а пасля падарылі асобную кнігу Быкава. Таксама ў мяне ёсць творы паэта Генадзя Бураўкіна. Дарэчы, менавіта ён і даў пачытаць кнігі Васіля Быкава.
— У многіх сваіх інтэрв'ю сваім беларускім кумірам вы называеце Кастуся Каліноўскага.
— Два гады таму я вучылася ў Злучаным Каралеўстве, і ў мяне было заданне напісаць нешта накшталт сачынення пра беларусаў, якіх ведалі ў свеце. Вось я і вырашыла напісаць пра Каліноўскага.
Між іншым, я чула аб тым, што ў многіх краінах маленькія дзеткі маюць сваіх героям. Яны ведаюць іх і вераць у іх. У нас падобных няма, і ў гэтым кірунку таксама можна зрабіць нешта карыснае.
— Цікава, а хто першым прапанаваў ідэю «Мова Cup»?
— Першыя ідэі з'явіліся, напэўна, паўгода таму. Знянацку гэта не адбылося. Мы шмат часу разам з журналістам Сяргеем Шчурко правялі ў разважаннях аб гэтым фестывалі, каб ён зацікавіў усіх, каб людзі ў ім былі патрыётамі. Гэта дабрачынная акцыя. Прыняць удзел можа кожны, хто хоча добра правесці свой вольны час. Мы нікога не прымушаем. Плануем, каб гэтая акцыя стала традыцыйнай.
— А каго асабіста хочаце ўбачыць сярод удзельнікаў?
— Будзе каманда з Міністэрства спорту і турызму — а гэта вельмі добрая навіна. Здаецца, гэта спартыўная структура, але раней яна не ўдзельнічала ў падобных мерапрыемствах.
— Калі ў інтэрнэце з'явіўся ваш здымак у майцы з элементамі вышыванкі, адразу пайшлі каментарыі: Саша, ты прыгажуня!»
— А майка мне таксама падабаецца. Таму цалкам магчыма, што, калі паеду за мяжу, буду ў ёй. Дарэчы, мы, спартсмены, заўжды носім адзенне з беларускай сімволікай. Таму для мяне гэта норма.
— Аляксандра, а чаго вы самі чакаеце ад дэбютнай «Мовы Cup»?
— Убачыць людзей, якія б ад удзелу атрымалі асалоду. Дзяцей, якія запішуцца ў спартыўныя школы. І, безумоўна, таксама хочацца, каб людзі падчас фестывалю імкнуліся як мага больш размаўляць па-беларуску.
Тарас ШЧЫРЫ
Спаборніцтвы адбудуцца ў спартыўным комплексе РЦАП (вуліца Каліноўскага, 111). У праграме — турнір па міні-футболе, стрытболе, плаванні, лёгкай атлетыцы (эстафета 4 па 400 метраў), бадмінтоне, гіравым спорце. Таксама можна будзе паспрабаваць свае магчымасці ў штурханні ядра, скачках у даўжыню, у кіданні мабільнікаў і ў забегах на 50 метраў з дзяўчатамі на плячах, пасапернічаць у сеансе адначасовай гульні з шахматыстамі нацыянальнай зборнай. Запісацца для ўдзелу можна будзе непасрэдна на месцы. Рэгістрацыя пачнецца ў 10:00.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.