28 кастрычніка, серада

Вы тут

Справы рэальныя і «папяровыя»


Якой павінна быць пазіцыя дзяржаўных органаў і грамадскасці па прафілактыцы надзвычайных сітуацый?

Пра гэта ішла гаворка на сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

А ў кастрычніку пытанне аб выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» будзе разгледжана на пасяджэннях прэзідыумаў гарадскога, раённых і сельскіх Саветаў. Усе работы па рамонце печаў, электраправодкі і ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў павінны быць завершаны да надыходу ацяпляльнага перыяду — 15 кастрычніка.

Мерапрыемстваў хапае. А вынік?

Узровень бяспекі грамадзян адлюстроўвае ў цэлым ўзровень развіцця краіны і грамадства. У канчатковым выніку гэта адзін з асноўных паказчыкаў эфектыўнасці работы ўлады на месцах. У плане рэалізацыі Дырэктывы № 1 зроблена нямала. Нядаўна гэтыя пытанні былі дэталёва разгледжаны на пасяджэнні аблвыканкама. Там прааналізавалі сітуацыю, ацанілі работу кадраў, распрацавалі план дзеянняў па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны. Чаму гэтую тэму вынеслі на сесію абласнога Савета?

—Справа ў тым, што нягледзячы на агульнае невялікае скарачэнне колькасці пажараў і загінулых людзей, сітуацыя ў шэрагу раёнаў застаецца складанай, — кажа старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар ЖУК. — А наперадзе асенне-зімовы перыяд, калі верагоднасць узнікнення пажараў узрастае. Таму трэба выпрацаваць эфектыўныя меры па забеспячэнні бяспекі людзей — найперш пажылога ўзросту, адзінокіх, інвалідаў, сем'яў шматдзетных і тых, дзе ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца дзеці. Аглядныя камісіі, дэпутаты ўсіх узроўняў павінны актывізаваць сваю дзейнасць у гэтым кірунку.

— Асаблівай увагі патрабуе якасць прафілактычнай работы, — адзначыў першы намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Валерый РУДОЛЬФ. — Быццам і складаюцца планы мерапрыемстваў, але часта яны застаюцца толькі на паперы. Напрыклад, на тэрыторыі Дзітвянскага сельсавета Лідскага раёна нядаўна загінулі адначасова два чалавекі. Яны злоўжывалі спіртнымі напоямі, аднак на пасяджэнні савета грамадскага пункта правапарадку іх паводзіны не разглядалі, гэты дом аглядная камісія не наведвала. Увогуле на тэрыторыі сельсавета была праверана толькі чвэрць ад усіх домаўладанняў. У склад агляднай камісіі, дарэчы, не былі ўключаны работнікі энерганагляду і газавай службы.

Хоць ёсць і вопыт дзейснай работы па прафілактыцы пажараў, папярэджанні гібелі і траўматызму людзей. У Бераставіцкім раёне, напрыклад, алгарытм узаемадзеяння паміж адказнымі службамі па гэтых пытаннях адпрацоўвалі ў форме дзелавой гульні — з сітуацыйнымі задачамі і практычнымі метадамі іх вырашэння. Як вынік, колькасць пажараў значна скарацілася.

Альбо ўзяць той жа сельскі сход. Нельга абмяжоўвацца гутаркай з групай вяскоўцаў каля крамы «для галачкі», выдаючы гэта за «сход», лічыць Валерый Рудольф і прыводзіць у прыклад той жа Бераставіцкі раён — аграгарадок «Пагранічны». Напярэдадні сельскага сходу аглядная камісія абследавала ўсе домаўладанні, дзе пражываюць людзі з так званай «групы рызыкі». Усе парушэнні фіксаваліся не толькі пратакольна, але і на відэакамеру. І ўжо на сходзе па іх прымаліся канкрэтныя рашэнні — гэта рабілася сумесна прадстаўнікамі раённых службаў і грамадскасці.

Пра карысны вопыт работы расказаў і старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр БАРАНОЎСКІ. На Дзятлаўшчыне паказчык колькасці пажараў значна ніжэйшы ў параўнанні з сярэднеабласным. Лепшыя населеныя пункты, жылыя дамы, аглядныя камісіі, згодна з рашэннем мясцовых уладаў, узнагароджваюцца прэміямі. Пры гэтым, у прыватнасці, 30% грошай накіроўваецца на заахвочванне членаў аглядных камісій, а астатняе — на фінансаванне супрацьпажарных мерапрыемстваў у населеных пунктах. Матэрыяльна стымулюецца і работа старастаў.

За 8 месяцаў гэтага года ў вобласці адбылося 525 пажараў, загінулі 48 чалавек (за той жа перыяд летась — адпаведна 558 і 49). У дзевяці раёнах пажараў стала больш, у шасці — павялічылася колькасць ахвяр агню. Галоўныя прычыны трагедый на працягу ўжо многіх гадоў — знаходжанне людзей у нецвярозым стане, неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Акрамя таго, дамы гараць з‑за няспраўнасці печаў і электраправодкі.

 

—Практыка паказвае, што там, дзе старасты ўнікаюць у праблемы вяскоўцаў, становішча больш спакойнае і стабільнае. Калі недзе сітуацыя пагаршаецца, менавіта ад стараст ідзе адпаведная інфармацыя работнікам нашай і іншых службаў, — кажа Валерый Рудольф.

На дзяржаву спадзявайся, але…

Сёння, паводле інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алега РАХУНКА, у сацыяльна небяспечным становішчы ў вобласці знаходзяцца 2686 дзяцей з 1526 сем'яў. Абследаваны ўмовы пражывання ўсіх дзяцей. Выяўлена 57 выпадкаў няспраўнасці печаў, 28 — электраправодкі, 56 — аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА). У 91 сям'і апавяшчальнікі наогул адсутнічаюць, прычым у 28 домаўладаннях — з прычыны адмовы бацькоў ад устаноўкі гэтых прыбораў з вывадам сігналу на знешнюю святлогукавую прыладу. У народзе такіх грамадзян называюць «чырвоны нос», што ўказвае на пэўную катэгорыю людзей.

Але як жа тады быць з бяспекай дзяцей?

—Бацькі ў такіх сем'ях абавязаны выконваць мерапрыемствы індывідуальнага плана па ахове правоў непаўналетніх, у тым ліку гэта датычыцца і ўстаноўкі апавяшчальнікаў з вывадам сігналу на знешнюю святлогукавую прыладу. Адмаўляюцца ад іх усталявання? Дык яны ж не маюць права адмаўляцца. Адмова азначае прызнанне, што дзіцяці нельга жыць у гэтай сям'і. І менавіта такой пазіцыі павінны прытрымлівацца ўсе дзяржаўныя службы, — падкрэсліў Валерый Рудольф.

Толькі за 8 месяцаў гэтага года на тэрыторыі Гродзенскай вобласці дзякуючы спрацоўцы АПА выратаваны жыцці 15 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей.

Акрамя таго, больш актыўна павінна ўкараняцца новая форма сацыяльнага абслугоўвання — дамы самастойнага сумеснага пражывання. Роданачальнікам тут стаў у 2011 годзе Смаргонскі раён, потым гэтая ідэя была падтрымана ў Дзятлаўскім, Лідскім, Іўеўскім, Воранаўскім, Слонімскім раёнах. Сёлета такія дамы (дзе забяспечваюцца зручныя і бяспечныя ўмовы пражывання пажылых людзей пры значна меншых фінансавых затратах у параўнанні з іншымі сацыяльнымі ўстановамі) павінны быць уведзены ў эксплуатацыю і ў шэрагу іншых раёнаў.

Дарэчы, на прыкладзе Гродзеншчыны пытанне аб заканадаўчым статусе дамоў самастойнага сумеснага пражывання цяпер разглядаецца на ўзроўні рэспублікі.

Каментарый у тэму

Віктар МАРОЗАЎ, пракурор Гродзенскай вобласці:

—Пакуль персанальна не пачнём указваць на дрэнную работу тым ці іншым службовым асобам, будзем мець «увогуле». А так нельга. Трэба, каб кожны адказваў за выкананне сваіх абавязкаў, у тым ліку і дэпутаты. Як так: у населеным пункце загінулі людзі на пажары, а дэпутат па гэтай акрузе ні разу ў тую вёску не выехаў, не прайшоўся па дамах, дзе жывуць старыя, і не пацікавіўся праблемамі сваіх выбаршчыкаў?.. Ці працуюць там пажарныя апавяшчальнікі? А можа, печку трэба адрамантаваць?

Анатоль ЗІМНАВОДА, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама:

—Мы вывучылі сітуацыю з апавяшчальнікамі і бачым, што значная іх частка штогод устанаўліваецца… адным і тым жа людзям. Або апавяшчальнік знялі і выкінулі, або ён зламаўся — ідзе паўторная ўстаноўка. За перыяд дзеяння гэтай праграмы паўторна ўсталявана каля 1300 АПА — гэта больш за 80 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. На жаль, даступнасць сацыяльнай дапамогі адсунула абавязак грамадзян клапаціцца пра ўласныя домаўладанні на другі план — гэта перакладзена на дзяржаўныя органы. Таму ўсе суб'екты прафілактыкі павінны больш жорстка прымяняць меры, у тым ліку адміністрацыйнага ўздзеяння, да людзей, якія ігнаруюць нормы бяспекі. Выканкамам трэба вызначыць дакладны парадак і крыніцы фінансавання ўстаноўкі апавяшчальнікаў. За кошт уласных сродкаў грамадзян — для пажылых людзей, якія маюць працаздольных дзяцей. А для адзінокіх, на мой погляд, — з улікам памеру пенсіі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.