Вы тут

Калі сцены ўжо не дапамагаюць


Як тэрмінова пазбаўляцца ад пустуючых і старых хат у сельскай мясцовасці?

Аляксандр Матарас, начальнік абласной землеўпарадкавальнай службы, лічыць, што навядзенне парадку на зямлі — гэта стварэнне бяспечных умоў пражывання, якасць жыцця людзей і, вядома ж, пазітыўныя змены ў эканоміцы.

Толькі за чатыры з паловай гады на Гомельшчыне было знесена каля 20 тысяч старых хат. Нягледзячы на станоўчую дынаміку і пэўныя поспехі на фоне іншых рэгіёнаў рэспублікі, ёсць шмат момантаў, якія выклікаюць заклапочанасць. Бо 12 тысяч пустуючых дамоў яшчэ чакаюць вырашэння свайго далейшага лёсу.

Між тым афіцыйная статыстыка часам значна разыходзіцца з рэальнай сітуацыяй. Выезды спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы на месцы паказваюць, што фактычна безгаспадарчых дамоў значна больш. Напрыклад, па звестках Рудня-Марымонаўскага сельсавета Гомельскага раёна, на яго тэрыторыі няма ніводнай пустуючай і трухлявай хаты, аднак рэальна толькі ў трох вёсках іх выяўлена 12. Аналагічная сітуацыя паўсюдна.

1-6

Справа ў тым, што многія з такіх дамоў маюць гаспадара, які вельмі доўга думае, што рабіць са спадчыннай маёмасцю. Яна ж тым часам прыходзіць у запусценне. Як той казаў, і сам не гам, і другому не дам. Сельсаветы павінны працаваць з уласнікамі і схіляць іх або да прывядзення будынка і тэрыторыі ў належны стан, або да перадачы яго ў камунальную ўласнасць. Там, дзе старшыні сельвыканкамаў упарта нагадваюць уласнікам домаўладанняў аб іх абавязках, работа ідзе: з пачатку года на Гомельшчыне прыведзена ў парадак без зносу 1127 дамоў (лепшыя ў гэтым кірунку — Лельчыцкі, Нараўлянскі і Жыткавіцкі раёны).

Але нярэдкія выпадкі, калі кіраўнікі сельскай улады канстатуюць факт наяўнасці ўласнікаў, але сістэмнай працы з імі не праводзяць, займаюць пазіцыю чакання, адзначае Аляксандр Матарас.

— У выніку ў Брагінскім, Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім раёнах прыкладаў станоўчага ўплыву на ўласнікаў не знайшлося наогул. Асобныя райвыканкамы, парушаючы Указ № 100, перасталі ўключаць пустуючыя будынкі ў адпаведны рэгістр, што выключае права выканкама на зварот у суд.

Паколькі на месцах адсутнічае ініцыятыва па належным выкананні патрабаванняў, з боку кіраўніцтва вобласці сёлета да ўсіх раёнаў было даведзена заданне па зносе 5723 дамоў. Але яно можа быць не выканана, бо па выніках васьмі месяцаў знесена толькі 58%. Дарэчы, у сельсаветах кажуць, што праблема не ў выдаткаванні адпаведных фінансаў, а ў падрыхтоўцы патрэбных дакументаў. Праўда, што да грошай, якія выдзяляюцца непасрэдна на правядзенне зносу, — тут высветлілася дзіўная рэч. Аказваецца, у Мазырскім раёне такія работы па зносе можна выканаць за 3,5 млн рублёў, а ў Добрушскім — аж за 11,6. (Апошняя лічба выклікала сапраўднае абурэнне старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, які папрасіў тэрмінова разабрацца з існуючай сітуацыяй.)

Як выкарыстоўваць пустуючыя хаты, перададзеныя ў камунальную ўласнасць згодна з Указам № 100? Сельсавет можа прадаваць іх па спрошчанай працэдуры — без папярэдняй рэгістрацыі ў якасці аб'ектаў нерухомай маёмасці. Такім чынам, падказваюць спецыялісты землеўпарадкавальнай службы, можна было б хутка знайсці новых гаспадароў, асабліва для будынкаў у вёсках уздоўж Прыпяці. Ахвотнікаў мець дачу ў такім прывабным месцы знойдзецца дастаткова. Між іншым, вопыт у гэтым кірунку ёсць. У спісе сельвыканкамаў, якія прадаюць пустуючыя хаты, — Баршчоўскі і Азершчанскі Рэчыцкага раёна.

Не менш важнае і выкарыстанне земляў, якія вызваліліся пасля зносу, перадача іх у сельгасабарот. Спецыялісты абласной службы землеўпарадкавання падлічылі, што прыбыткі ад выкарыстання палеткаў пад сельгаскультуры можна атрымаць ужо ў першы год пасля зносу. І ўсё ж у большасці раёнаў сельскагаспадарчыя арганізацыі займаюць землі населеных пунктаў неахвотна, таму тут вельмі важная пазіцыя кіраўніцтва раёнаў, — падкрэслівае Аляксандр Матарас:

—Дзе гэта пазіцыя ёсць — там ёсць і вынік. Так адбываецца ў Рагачоўскім, Нараўлянскім, Мазырскім раёнах, дзе ўсе землі актыўна ўцягваюцца ў абарот. Там, дзе зямлю немагчыма ўцягнуць у сельскагаспадарчы абарот ці перадаць грамадзянам, відавочны варыянт — лесагаспадарчая вытворчасць. Калі ж ёсць неабходнасць пакідаць участкі ў землях агульнага карыстання, то неабходна ствараць на іх дзіцячыя пляцоўкі, паркі, малыя архітэктурныя формы і гэтак далей, прадухіляючы зарастанне і ператварэнне ў месцы для звалак смецця.

Уся адказнасць за работу з трухлявымі і пустуючымі хатамі ляжыць на старшынях сельвыканкамаў, якія павінны быць паўнамоцнымі гаспадарамі на сваёй тэрыторыі (гэта падкрэслівалася і падчас апошняга пасяджэння аблвыканкама). Павінна быць распрацавана сістэма, заснаваная на ўзаемадзеянні мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў усіх узроўняў і іх структурных падраздзяленняў, а таксама адпаведных суб'ектаў гаспадарання.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.