Вы тут

Форум прафесіяналаў


Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца адкрыццё ІІІ з'езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў СНД. Для ўдзелу ў з'ездзе ў Мінск з'ехаліся педагогі, выхавальнікі дашкольных устаноў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і выдавецтваў, якія працуюць у сферы адукацыі і навукі, метадысты, прадстаўнікі міждзяржаўных і міжурадавых арганізацый краін Садружнасці, парламентарыі, палітыкі, відныя дзеячы навукі, адукацыі і культуры. У цэнтры ўвагі дэлегатаў з'езда акажуцца праблемы якасці агульнай сярэдняй адукацыі і падрыхтоўкі педагагічных кадраў, эфектыўныя адукацыйныя тэхналогіі і нацыянальныя сістэмы ацэньвання, пытанні прафесіянальнай кампетэнтнасці педагогаў і менеджменту ў адукацыі, сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітальнае слова ўдзельнікам з'езда.

«Правядзенне такіх форумаў ужо стала добрай традыцыяй і сведчаннем высокага статусу вашай прафесіі ў грамадстве, прызнання выключнай ролі настаўніка ў выхаванні падрастаючага пакалення, — падкрэсліваецца ў прывітанні. — У нашы дні менавіта веды дапамагаюць маладому чалавеку знайсці дастойнае месца ў жыцці і прадуктыўна працаваць на карысць сваёй сям'і і роднай краіны. Таму такая вялікая ўвага надаецца вашаму прафесійнаму майстэрству, уменню зацікавіць і захапіць вучняў, прымяняць самыя сучасныя метадычныя прыёмы і ўласныя распрацоўкі».

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з'езд прадаставіць яго ўдзельнікам магчымасць для абмену вопытам і свежымі ідэямі, а яго вынікі дадуць новы імпульс развіццю плённага супрацоўніцтва педагогаў краін Садружнасці.

Простых
законапраектаў не будзе

Чарговая парламенцкая сесія будзе дастаткова напружанай: ужо зараз на разглядзе знаходзіцца каля 60 пытанняў. Гэта адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА падчас пасяджэння Савета ніжняй палаты беларускага парламента.

Ён нагадаў, што многія з тых праектаў законаў, якія запланаваны на восеньскую сесію, дастаткова няпростыя. Парламентарыі працавалі разам з урадам, экспертамі. Асобныя законапраекты праходзілі шырокае грамадскае абмеркаванне. Па некаторых законах прасілі парады ў Прэзідэнта.

— Важнай падзеяй стала сустрэча членаў Палаты прадстаўнікоў з Прэзідэнтам, на якой былі вызначаны прыярытэтныя кірункі працы парламента, — заўважыў Уладзімір Андрэйчанка. — Натуральна, што ў цэнтры ўвагі Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі ў бліжэйшы час стане законапраект «Аб бюджэце на 2015 год». Прэзідэнт прасіў вельмі ўважліва падысці да гэтага пытання і звяртаць увагу не толькі на расходы, але і на крыніцы папаўнення даходаў. Траціць трэба на самае неабходнае, на тое, што заўтра прынясе аддачу.

Як падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў, важным дакументам стане і дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

— Яшчэ сёння застаецца шэраг пытанняў, якія патрабуецца сур'ёзна разгледзець, перш чым прыступіць да ратыфікацыі. Але думаю, што ў бліжэйшы час мы павінны іх ратыфікаваць.

Простых законапраектаў, па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, на гэтай сесіі не будзе. У планах — разгледзець законапраекты аб каштоўных паперах, аб энергазберажэнні, аб узмацненні мер адказнасці за выраб наркатычных сродкаў, прыняць змены і дапаўненні ў Крымінальны і Лясны кодэксы... На гэтай жа сесіі пройдуць парламенцкія слуханні аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве.

Аляксандр ГРЫЦКЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, удакладніў, што 35 законапраектаў ужо цалкам гатовы да разгляду на восеньскай сесіі і ўключаны ў яе парадак. З іх плануецца разгледзець 13 праектаў закона ў першым чытанні, 9 — у другім, 12 з'яўляюцца ратыфікацыямі міжнародных пагадненняў. Па словах Аляксандра Грыцкевіча, традыцыйна ў парадак уключаюцца кадравыя пытанні.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».