28 кастрычніка, серада

Вы тут

Свая сярод сваіх


Даўно вядома: тыя, каго выбіраюць старастамі вёсак, працуюць не за грошы

1-3

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч і стараста  Ніна Станевіч на пляцоўцы, дзе манціруюць станцыю абезжалезвання пітной вады.

Леанід Лахманенка

Дзве траціны стараст вёсак Маладзечанскага раёна — людзі пенсійнага ўзросту. І гэта станоўчы фактар, як лічыць старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Невяровіч. На яго погляд, з абавязкамі старасты больш паспяхова спраўляюцца людзі з вялікім жыццёвым досведам, значным працоўным стажам, працяглым удзелам у грамадскім жыцці і мясцовымі каранямі. Такім больш давяраюць, да іх больш прыслухоўваюцца, аўтарытэт гэтых стараст заснаваны на выдатным веданні «сваіх» людзей, іх традыцый, звычаяў. Ніна Аляксандраўна Станевіч цалкам адпавядае ўсім гэтым крытэрыям.

Жанчына з моцным характарам

Пра чалавека можна меркаваць і па тым, дзе і як ён жыве. Нездарма кажуць: пакажы свой дом, і я скажу, хто ты. Дом старасты вёскі Груздава ўяўляе сабой у пэўным сэнсе «адкрытую кнігу». Яе дом — гэта лепшы спосаб агітацыі за годнае і культурнае жыццё на роднай зямлі.

Гісторыя яго з'яўлення ўражвае таксама. Калі сям'я Станевіч выкупіла будынак ва ўласнасць, гэта была «каробка»: голыя сцены пад дахам і ўсё.

—У 54 гады я разам з дачкой і сынам, без мужа, які трагічна загінуў, распачала будоўлю. 6 гадоў мы крок за крокам даводзілі дом да ладу, адначасова ўзводзілі хлеў для жывёлы, лазню, гараж, добраўпарадкавалі тэрыторыю, — кажа Ніна Аляксандраўна. Дом атрымаўся прыгожым, утульным, камфортным, з гарадскімі выгодамі. У ім і прасторныя мэбляваныя пакоі, і камін, і газ, і гарачая вада, і каналізацыя. І ўсё гэта дасягнута ў асноўным высілкамі адной жанчыны з моцным характарам, якая ўмее правільна арганізаваць свой час і размеркаваць намаганні.

Дзякуючы гэтым вартасцям характару яна шмат чаго паспявае зрабіць для сябе і для іншых на грамадскай пасадзе старасты і дэпутата Палачанскага сельскага Савета, куды яе выбіраюць жыхары Груздава аж з 1961 года. Куды толькі яна ні вылучалася: член інфармацыйна-прапагандысцкай групы, грамадскай камісіі па жыллёвых пытаннях, камісіі па барацьбе з п'янствам і г. д. Як стараста і дэпутат, дабілася газіфікацыі вёскі, жыхары якой разумна выбралі Ніну Аляксандраўну старшынёй кааператыва «Груздава-газ». Па яе ініцыятыве на вясковых могілках усталявалі новую агароджу і кантэйнеры для смецця. Зроблена і шмат іншых карысных спраў для людзей.

 1-4

Ніна Станевіч дапамагае жыхарцы вёскі Алене Мішчанцы запоўніць дакументы.

«Танцаваць» ад печкі…

Увогуле Ніна Аляксандраўна шчыры і адкрыты чалавек, «савецкі» ў лепшым сэнсе гэтага слова. У калгас яна пайшла пасля 7 класаў. Так распарадзілася маці, сказала: «Настаўніцай ты не станеш, а каб кароў даіць, гэтага хопіць».

І ўсё ж пазней яна скончыла вячэрнюю школу, потым, калі на руках былі ўжо двое малых дзяцей, завочна вучылася ў сельскагаспадарчым інстытуце. Так яна стала аграномам. Пэўны перыяд працавала намеснікам старшыні гаспадаркі. Агульны стаж работы — 57 гадоў. Цікавая дэталь — пасля выхаду на пенсію працавала яшчэ 17 гадоў. Ды і сёння стараста — энергічная і рухавая, спагадлівая да чужых клопатаў і болю.

—Калі 40–50 гадоў таму ў вёсках было шмат вяселляў і хрэсьбінаў, то цяпер тут пенсійнае «царства» з вынікаючымі адсюль праблемамі. Усё больш людзей маюць патрэбу ў падтрымцы, у вырашэнні розных спраў — простых для маладых сем'яў, але складаных для сталых людзей, — кажа стараста. І прыводзіць прыклад. У хаце 82‑гадовай адзінокай жанчыны пачала моцна дыміць печка. Жанчына звярнулася да старасты па дапамогу, і Ніна Аляксандраўна знайшла ёй печніка (рэдкая ўжо на вёсцы прафесія). Дапамагае стараста з дастаўкай дроў і брыкету. Ці вось такое пытанне: «Недадалі пенсію. Што рабіць?». Або іншыя: «Ніна Аляксандраўна, чаму няма электрычнасці?» «Чаму не ідзе паштальёнка?» Вось і ў дзень нашага прыезду старэйшыне тэлефанавалі і пыталіся пра якасць вады. Яна адказвала: «У вёсцы будуецца станцыя па абезжалезванні вады, пацярпіце трохі, вада будзе больш якаснай».

Асобнае пытанне — прыватызацыя жылля, якая для старых людзей з'яўляецца не зусім зразумелым працэсам. І вось тут Ніна Аляксандраўна — вельмі каштоўная дарадчыца. Падкажа, куды звярнуцца, як правільна запоўніць паперы і г. д. Яна, дарэчы, не зусім згодна з цэнамі на аўкцыёнах па продажы свабодных участкаў зямлі. Скажам, навошта за гнілую хібару з зарослымі хмызняком «соткамі» браць з пакупніка шмат грошай? Чалавеку і так прыйдзецца моцна ўкласціся ў навядзенне парадку на закінутай сядзібе.

Ніна Аляксандраўна — вялікая прыхільніца правядзення святаў вёсак. Падчас падрыхтоўкі да іх, па яе словах, адбываецца згуртаванне людзей на выкананне карыснай агульнай справы, з'яўляецца магчымасць праявіць беларускую гасціннасць. Ну і, безумоўна, сама вёска прыгажэе. Без перабольшвання, прыкладам для іншых стала святкаванне 570‑годдзя Груздава.

Жыхарам Груздава ў пэўным сэнсе пашанцавала: у іх ёсць памяшканне для правядзення сустрэч. У гэтым будынку раней была бібліятэка, потым яе скарацілі. Цяжка сказаць, які лёс напаткаў бы будынак, каб не актыўныя дзеянні старасты. Яна звярнулася ў райсавет з просьбай знайсці рашэнне, якое дазваляла б вяскоўцам выкарыстоўваць дом для сваіх сходаў.

Як аптыміст па натуры, яна бачыць абнадзейлівыя прыкметы вясковага жыцця.

—Я падлічыла — на навагодняй «ёлцы» прысутнічалі 22 дзіцяці і падлеткі. Для 98 двароў неблагая статыстыка. Прыемна бачыць маладых маці з каляскамі, — гаворыць стараста.

1-5

Старасце ёсць пра што пагаварыць з кожным у вёсцы. Ніна Станевіч з маладой мамай Вольгай Бажко.

Без каровы двор пусты

Непакоіць Ніну Аляксандраўну і тое, што сёння пераважная большасць маладых сем'яў вяскоўцаў не трымаюць кароў, не здаюць малако. «Клопаты ж невялікія», — жартуе яна, — падаіла ды за плот вядро вынесла». Хоць праз хвіліну-другую ўжо на поўным сур'ёзе гаворыць аб тым, як гэта складана і адказна — даглядаць жывёлу. З сумам адзначае, што летась у вёсцы было 24 каровы, цяпер ужо 17. Сама Станевіч, нягледзячы на ўзрост, не хоча пакуль развітвацца з карміцелькай. Усё жыццё трымала не адну, а нават дзве каровы. Цяпер засталася адна. Яе будзе трымаць, пакуль здароўе дазволіць, бо без каровы двор нібы пусты.

Ніну Аляксандраўну суцяшае, што на тэрыторыі сельсавета ёсць у яе аднадумцы. Напрыклад, Зоя Міхайлаўна Сакалоўская, якая разам з мужам, ветурачом па прафесіі, трымаюць то 4, то 5 кароў! За апошнія дзесяць дзён на здачы прыкладна 800 літраў малака яны зарабілі больш за 3 мільёны рублёў. За месяц пры такіх аб'ёмах заробак можа скласці каля 10 мільёнаў. Чым не ўзор для маладых, якія хочуць сучасны дом з усімі выгодамі пабудаваць ці новую машыну набыць? Праўда, усё ж застаюцца нізкімі закупачныя цэны на малако, якое здае насельніцтва. Калі яго адвезці на продаж у Маладзечна, то можна ўдвая даражэй прадаць. Таму вяскоўцаў трэба матэрыяльна заахвочваць, каб трымалі жывёлу.

***

Нядаўна ў Груздава прыйшла прыемная навіна: па выніках конкурсу, які праходзіў па ініцыятыве Мінскага абласнога Савета дэпутатаў сярод сельскіх, пасялковых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў, органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання, стараста вёскі Груздава заняла 2‑е месца ў вобласці і ўзнагароджана дыпломам і грашовай прэміяй.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч:

—Са свайго боку, раённая ўлада імкнецца падтрымліваць стараст маральна і матэрыяльна. Не забываем пра іх пры падвядзенні вынікаў года сярод лепшых па прафесіі ў раёне (для іх ёсць спецыяльная намінацыя). Пераможца ўзнагароджваецца граматай і прэміяй — 10 базавых велічынь. Імёны лепшых заносяцца на раённую Дошку гонару. Там, дарэчы, змешчаны фотапартрэт лепшай старасты раёна 2013 года — Ніны Аляксандраўны Станевіч.

Сумесным рашэннем прэзідыума райсавета і райвыканкама прыняты захады па ўдасканаленні матэрыяльнага стымулявання працы стараст вёсак. Дакументам прадугледжваюцца выплаты за кожны квартал. Іх памер залежыць ад колькасці насельніцтва ў вёсцы. Калі ў ёй налічваецца да 50 двароў, то выплата складае 0,5 базавай велічыні. Да 100 двароў — 1 базавая велічыня. Звыш 150 двароў — 1,5 базавай велічыні. Невялікія грошы, але ж і яны не лішнія.

Маладзечанскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.