Вы тут

Пад школьным дахам: простыя правілы бяспекі


«Мама, у нас Іван на Сцёпку з сякерай напаў, прабіў руку цвіком, у яго кроў пайшла і прыйшлося ў медпункт ісці!» З такой навіной нядаўна прыйшла мая дачка са школы. На самой справе хлопчык у кабінеце гісторыі вырваў са сцяны муляж сякеры і для смеху напаў на свайго сябра, але не заўважыў, што вырваў «зброю» з цвіком і выпадкова параніў аднакласніка.

Дзіцячыя траўмы з'яўляюцца «адметнай рысай» не толькі нашай школы. Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Фрунзенскага раёна Мінска Аркадзь ХАРЫТОНЕНКАЎ вылучыў тры асноўныя непрыемнасці, з якімі могуць сутыкнуцца школьнікі ў пачатку вучэбнага года: траўмы, тэлефоны і «спайсы».

2-35

«Палёты» па школе і дысцыпліна

— Пасля доўгіх летніх канікул у дзяцей часта ўзнікаюць праблемы з дысцыплінай, — расказвае Аркадзь Васільевіч. — На пераменах яны носяцца па калідорах, лесвіцах і класах, забываючы аб тым, што ўсё ж знаходзяцца ў закрытым памяшканні і ў іх абмежаваная прастора. Вынікам такіх «палётаў» па школе нярэдка з'яўляюцца траўмы, з якімі вучні пападаюць у бальніцы.

Па кожнай дзіцячай траўме праводзяць праверку. Калі траўма была нанесена іншым дзіцем, то абавязкова высвятляюць, як гэта здарылася — наўмысна ці па неасцярожнасці.

— Часцей за ўсё гэта няшчасныя выпадкі, — гаворыць Аркадзь Харытоненкаў. — Напрыклад, нехта ляпнуў дзіця па плячы, а тое, не гледзячы, адмахнулася ад удару і папала па законах жанру не таму, хто яго ляпнуў, а зусім іншаму, у нос. Вынік — пацярпелага вязуць на «хуткай» са зламаным носам у бальніцу.

А вось наўмысныя прычыненні лёгкіх цялесных пашкоджанняў звычайна цягнуць за сабой адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць. Калі вучань не дасягнуў чатырнаццаці гадоў, то за адміністрацыйнае правапарушэнне пратакол складаецца на яго бацькоў. У іншым выпадку пратакол таксама састаўляецца на бацькоў, але дадаткова выносіцца пастанаўленне аб адмове распачынання крымінальнай справы на непаўналетняга. Бацькі ж пацярпелага могуць звярнуцца ў суд і патрабаваць кампенсацыі матэрыяльнага і маральнага ўрону.

— Але калі дзіця на працягу года больш за два разы здзейсніла адміністрацыйныя ці крымінальныя правапарушэнні, то мы можам хадайнічаць у судзе аб накіраванні такога школьніка ў спецшколу, — тлумачыць спецыяліст. — У маёй практыцы быў выпадак, калі лёс аднаго падлетка вырашаўся якраз у дзень яго нараджэння. Малады чалавек да апошняга спадзяваўся, што суддзя ізноў яму даруе. Калі суд зачытаў прыгавор — накіраваць хлопца ў спецшколу, то ён расплакаўся. Некаторыя падлеткі думаюць, што за тое, што ён штурхне з лесвіцы свайго аднакласніка, нічога не будзе. Аднак адказваць за свае дзеянні ўсё ж прыходзіцца. Гэты малы вярнуўся са спецшколы зусім іншым. Ён здолеў наладзіць адносіны са сваёй маці, якія доўгі час былі невыноснымі з-за яго выхадак. Маці падчас разлукі таксама многае зразумела, і нават перагледзела свае погляды на выхаванне сына.

Хто вінаваты?

Мабільны тэлефон цягне за сабой своеасаблівы шлейф праблем і для дзяцей, і для бацькоў, і для настаўнікаў, лічыць Аркадзь Харытоненкаў. Самае дзіўнае, што найбольш распаўсюджаную непрыемнасць, звязаную з гаджэтам, правакуюць самі бацькі, якія вырашаюць набыць дарагі тэлефон сыну ці дачцэ. Менавіта дарагія мабільнікі часцей за ўсё і знікаюць! Прычынай гэтай з'явы ў 70% выпадкаў з'яўляецца няўважлівасць саміх малалетніх гаспадароў. Малыя адным сваім нязграбным рухам губляюць большую частку зарплаты бацькоў: то ранец забылі закрыць, то кішэні неглыбокія... Дадайце да гэтага яшчэ і неразуменне дзяцей і падлеткаў каштоўнасці такіх рэчаў.

— Прыходзіць да нас нядаўна жанчына, і заяўляе, што ў яе дзіцяці прапаў тэлефон, — кажа Аркадзь Васільевіч. — Гляджу на малога, а ён у руках іншы тэлефон круціць. Маці паспела ўжо набыць яму новы гаджэт за чатыры з паловай мільёны. На пытанне, навошта малому такі тэлефон, яна здзіўлена паглядзела на мяне і спытала: «А чаму маё дзіця павінна быць горш за іншых?».

Дарослыя, якія займаюць такую пазіцыю, могуць прыцягнуць да свайго дзіцяці ўвагу сапраўдных злачынцаў. Нярэдка дарагія тэлефоны правакуюць дзяцей з менш забяспечаных сем'яў. Звычайна гэта здараецца ў тых класах, дзе малое з-за адсутнасці «крутога мабільніка» становіцца ізгоем.

Іншыя падлеткі ідуць на хітрасць і падман дзеля жаданай «цацкі». Так, напрыклад, адзін хлопчык распавёў маці, што ў яго нейкі незнаёмы хлопец адабраў тэлефон. Маці, натуральна, звярнулася з заявай у міліцыю. Сталі шукаць. Але нешта не сыходзілася ў расказе: пагутарылі з пацярпелым хлопчыкам яшчэ раз, без бацькоў. І тады малы прызнаўся, што сам свой тэлефон разбіў і выкінуў у сметнік. Растлумачыў свой учынак тым, што хацеў новы тэлефон — з выхадам у інтэрнэт і гульнямі. Ён разважаў так: калі тэлефон згубіць, то бацькі яму новы не купяць. А вось калі «адабралі», то ён ужо быццам бы і не вінаваты. Усё добра разлічыў. Бацькі сапраўды яшчэ да высвятлення гэтых абставін набылі новы тэлефон — той, што ён хацеў.

Некаторыя падлеткі думаюць: «За тое, што я штурхну з лесвіцы свайго аднакласніка, мне нічога не будзе». Аднак адказваць за свае дзеянні ўсё ж прыходзіцца.

Яшчэ адна праблема, звязаная з дарагімі мабільнікамі, — магчымасць дзяцей выйсці праз тэлефон у інтэрнэт. У школе дзіця «цацкаецца» ў гульні ці ўвогуле перапісваецца «ў кантакце» з суседам па парце. І здаецца, што гэта зусім бяскрыўдны занятак, але пасля такіх школьных «размоў» міліцыі часам прыходзіцца разбірацца ў тым, хто каго пакрыўдзіў. Напрыклад, падлетак нядобра адгукнуўся аб прычосцы сваёй аднакласніцы «УКантакце». Яе «бойфрэнд», прачытаўшы водгук, палічыў гэта абразай і моцна пабіў хлопца. Сучасныя мабільнікі — гэта ўжо не проста сродак сувязі, а сапраўдны камп'ютар, — гаворыць Аркадзь Васільевіч. — Давяраючы дзіцяці такую рэч, бацькі нярэдка губляюць кантроль над сваімі дзецьмі. Аднойчы зніклае дзіця мы знайшлі ў кватэры яго «наваспечаных» сяброў, пра якіх бацькі нічога не ведалі. Аказалася, што ён пасябраваў з хлопцамі праз інтэрнэт яшчэ ў школе. А потым, сустрэўшыся разам, дзеці згубіліся ў часе, далучыўшыся да сеткавай гульні. Такіх сітуацый бацькам можна пазбегнуць, калі яны навучацца кантраляваць перапіску сваіх дзяцей. Няхай перапісваюцца, але толькі дома пад наглядам дарослых. Такім чынам бацькі зберагуць сябе ад нервовых узрушэнняў, а нявопытных малых ад бяды.

«Спайс»

«Спайс» — небяспечны для жыцця наркатычны сродак. Ужыванне яго падлеткамі распаўсюджана таму, што ён адносна недарагі і лёгкадаступны. Падлеткі па прычыне свайго ўзросту імкнуцца «паспрабаваць у жыцці ўсё». Асабліва тады, калі гэта «ўсё» ім прапаноўваюць іх старэйшыя «сябры». Супрацоўнікі школы адразу імкнуцца паведаміць у інспекцыю пра вучняў, якіх яны падазраюць ва ўжыванні гэтага наркотыку.Такім чынам настаўнікі стараюцца зберагчы падлеткаў ад непапраўных памылак. Інспектары праводзяць праверку, і калі высвятляецца, што дзіця ўжывае гэты наркотык, то адразу пачынаюць шукаць, хто прадаў ці даў яго малому.

— Кожны тыдзень інспектары па справах непаўналетніх наведваюць школы раёна, каб расказаць і паказаць спецыяльна створаны фільм на гэтую тэму і папярэдзіць падлеткаў аб небяспецы «спайсаў», — расказвае Аркадзь Васільевіч. — У пачатку сеанса дзеці хіхікаюць, асабліва калі ў фільме бачаць падлетка, які распранаецца і крычыць. Аднак, калі пачынаеш тлумачыць, што гэта кадры смерці іх аднагодкі, ім становіцца не да смеху. Пад уздзеяннем «спайсу» ў таго хлопца адключыўся ўчастак мозга, які адказвае за дыханне. З-за гэтага яму здавалася, што ён не можа дыхаць. Хлопец распрануўся і выскачыў на вуліцу праз акно. Гэта была вельмі пакутлівая смерць для падлетка.

Складанасцю з'яўляецца тое, што наркатычная залежнасць, якая ўзнікае ад ужывання «спайсу» фактычна не лечыцца. Калі звычайнага наркамана можна забраць у стацыянар і ачысціць яму кроў ад наркотыкаў, то залежных ад «спайсаў» так «пачысціць» немагчыма, бо траўміраваны мозг ужо нельга паскрэбці...

— Летась падлетак, нагледзеўшыся фільмаў пра наркабаронаў, вырашыў падзарабіць прадаючы наркатычныя рэчы не толькі сваім аднагодкам, але і дарослым, — расказвае начальнік інспекцыі. — Прадаў наркотык аднаму наркаману і, задаволены, што трошкі «падзарабіў» пайшоў пасядзець на лавачцы са сваімі равеснікамі. А пакупнік, ужо пад уздзеяннем наркотыку, вырашыў, што падлетак яго падмануў, бо не адчуў той эйфарыі, якую чакаў. Вярнуўся да хлопца і... забіў яго нажом... Маці падазравала, што яе сын-падлетак ужывае наркотыкі, але спадзявалася, што дзіця «перарасце», і па дапамогу не звярталася...

Таму, калі бацькі заўважылі, што іх дзіця стала агрэсіўным, у доме пачалі прападаць грошы і іншыя каштоўныя рэчы ці дзіця хаця б раз прыйшло дадому ў незразумелай эйфарыі, то лепш адразу звярнуцца па дапамогу. Калі з падлеткам правесці своечасовыя прафілактычныя гутаркі, растлумачыць, чаму курэнне «спайсу» небяспечна для жыцця і псіхічнага здароўя, то дзіця яшчэ магчыма выратаваць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.