Вы тут

Пра Васіля Быкава і нас


Як ставімся да спадчыны народнага пісьменніка Беларусі і былога жыхара Гродна?

Традыцыйныя, ужо дзявятыя Гарадзенскія чытанні ў абласной навуковай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага сёлета былі прысвечаны 90-годдзю Васіля Быкава. Не толькі сусветна вядомага пісьменніка, але і чалавека, які, прыехаўшы ў горад, дзе ў яго «не было ніводнай знаёмай душы», пражыў тут 31 год. І потым называў гэты горад «родным, благаслаўлёным», які «гэтак грунтоўна прычыніўся да майго чалавечага лёсу».

У фондах галоўнай бібліятэкі Гродзеншчыны, паводле інфармацыі дырэктара Лідзіі МАЛЬЦАВАЙ, захоўваюцца не толькі творы Васіля Быкава на беларускай, рускай і англійскай мовах, але і больш за паўтары тысячы артыкулаў пра яго ў айчыннай і замежнай прэсе. Мяркуецца, што гэта дапоўніцца новымі «штрыхамі» з матэрыялаў сёлетніх Гарадзенскіх чытанняў, якія будуць выдадзены асобным зборнікам. Вось толькі некаторыя думкі, прапановы, успаміны.

2-380

Грамадскі музей патрабуе падтрымкі

Святлана КУЛЬ-СЯЛЬВЕРСТАВА, доктар гістарычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

—У грамадскім музеі Васіля Быкава ў Гродне, які быў створаны энтузіястамі і размяшчаецца ў адным невялікім пакоі, захоўваецца шмат вельмі цікавых і важных прадметаў. Гэта і асабістыя рэчы пісьменніка, перададзеныя яго сваякамі, і дакументы (у тым ліку замежны пашпарт Быкава — па адзнаках у ім можна прасачыць, дзе і калі ён быў у паездках за мяжой), і фотаздымкі, і перапіска — у прыватнасці, лісты ад людзей з розных куткоў былога СССР, якія звярталіся да Васіля Уладзіміравіча, каб ён дапамог сваім аўтарытэтам вырашыць тыя ці іншыя праблемы. Акрамя таго, каштоўнымі самі па сабе з'яўляюцца падарункі (у прыватнасці, кнігі з аўтографамі), што пакінулі ў музеі наведвальнікі, сярод якіх вядомыя асобы. Там ёсць каля 6–7 тысяч музейных прадметаў. Дакладна сказаць пакуль цяжка, бо патрабуецца іх апісанне, пашпартызацыя. Мы распачалі са студэнтамі працаваць у гэтым кірунку, і яны былі ў захапленні ад дакранання да асобы Васіля Быкава. Аднак толькі гэтых намаганняў недастаткова: грамадскаму музею патрэбна дапамога. Каб ён перарос у вялікую ўстанову, дзе ўсё робіцца на сучасным узроўні музейнай справы.

«Быкаўскі» турыстычны патэнцыял

Віталь КАРНЯЛЮК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

—Турыстыка — гэта з'ява масавай культуры. Зараз многія людзі паўсюль вандруюць. І адзін з галоўных матываў вандровак — убачыць штосьці новае, каб перахапіла подых ад знаёмства з мясцінамі, дзе рабілася нешта культурнае, сакральнае, нейкім чынам «ухапіць», як гэта стваралася. Гэта заўсёды прываблівае. Быкаў тут стаіць у адным шэрагу з Шэкспірам, Аляксандрам Дзюма. І калі людзі едуць у Англію ці Францыю, каб пазнаёміцца з мясцінамі, дзе тварыў той ці іншы вялікі пісьменнік, то павінны прыехаць і ў Гродна, дзе на працягу 31 года ствараліся шэдэўры не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры. Менавіта праз Быкава Гродна мае велізарны патэнцыял, роўны з нашымі замкамі, які можа прывабліваць турыстаў.

Калі казаць пра музеефікацыю жыцця Васіля Быкава, то гэта павінен быць дом-музей — на мой погляд, у будынку на вуліцы Парыжскай камуны. На сённяшні час мы маем фенаменальную магчымасць звярнуцца да яго сваякоў, якія жылі там разам з Васілём Уладзіміравічам, бачылі, якога колеру былі шпалеры, сцены, як былі расстаўлены крэслы. Тым больш што ў грамадскім музеі пісьменніка ёсць шмат аўтэнтычных рэчаў, дзеля якіх варта прыехаць менавіта ў Гродна.

2-37

Прыклады, на якіх нам можна павучыцца, ёсць. У 2010 годзе адзначалася 200‑годдзе з дня нараджэння Фрэдэрыка Шапэна. І таго, хто тады трапіў у Варшаву, ахоплівала адчуванне яго паўсюднай прысутнасці — Шапэн гучаў літаральна ўсюды. Такая была атмасфера.

90‑я ўгодкі Васіля Быкава для Гродна, для беларускай турыстыкі «праскочылі» міма — гэтая дата засталася практычна незаўважанай. Не было адчування, што гэта горад Быкава. Першыя, невялічкія крокі робяцца, але гэта тая сітуацыя, калі ініцыятывы асобнай турфірмы недастаткова — патрэбны супольныя намаганні дзяржаўных органаў і турбізнесу, усіх зацікаўленых. Упэўнены, што да 95‑х угодкаў Васіля Быкава мы гэта зробім.

Новая эпоха ў выкладанні беларускай літаратуры

Алена РУЦКАЯ, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы:

—Я пазнаёмілася з Васілём Быкавым у 1971 годзе, мяне прадставіла яму Данута Бічэль-Загнетава. Тады я яшчэ не ведала, што амаль 40 гадоў буду расказваць пра яго сваім вучням і студэнтам.

У чым унікальнасць вывучэння творчасці Быкава ў школе? У тым, як ён прыйшоў у школьную праграму. Калі большасць пісьменнікаў прыходзілі, так бы мовіць, «адміністрацыйна», зверху, то Быкаў — па ініцыятыве настаўнікаў. Знаёмства з яго творчасцю пачалося пасля выхаду ў свет фільмаў «Трэцяя ракета» і «Альпійская балада». І, безумоўна, не ўсе, але многія настаўнікі без усялякіх інструкцый сталі ўключаць у пазакласныя чытанні аповеды пра творы Васіля Быкава. А ўжо потым яны ўваходзілі ў праграму сучаснай беларускай прозы пра вайну.

З уваходам Быкава ў школьную праграму пачынаецца быццам новая эпоха выкладання беларускай літаратуры. Ранейшымі метадамі — я табе патлумачыў, а ты мне пераказаў, што я патлумачыў — вывучаць творы Васіля Быкава было ўжо нельга. Дзеці пачалі думаць, задаваць пытанні. Менавіта з Быкавым у школу прыйшоў новы тып урокаў — дыскусійны. Калі сапраўды вучань атрымаў магчымасць разважаць, спрачацца, выказваць сваё бачанне. І тым самым пачала павышацца цікавасць да беларускай літаратуры. Прыход Быкава ў школу даў штуршок для творчасці як вучняў, так і настаўнікаў. Бо настаўнікі пачалі шукаць нейкія цікавыя формы і метады выкладання яго мастацкіх тэкстаў.

Зараз, напрыклад, дзеці з задавальненнем чытаюць аповесць «Пакахай мяне, салдацік». Твор выклікае ў іх столькі спрэчак, думак, разваг — і гэта з'яўляецца ўдзячным матэрыялам для літаратурнага выхавання.

Праўда, на творы Васіля Быкава ў школьных праграмах, пачынаючы з 5‑га і па 11‑ы клас, адведзена ўсяго 11 урокаў. Гэтага вельмі мала, каб спасцігнуць такую глыбінную творчасць.

Вясковы хлопец з шляхецкай натурай

Вітольд ІВАНОЎСКІ, краязнаўца, былы ўласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці:

—На сённяшніх чытаннях быццам рэнтгенам прасвечваецца літаратурная творчасць Васіля Быкава. Але, пэўна, яшчэ больш цікава, што гэта быў за чалавек. Мы не былі сябрамі, але па тых уражаннях, што ў мяне склаліся ад сустрэч з Васілём Уладзіміравічам, магу сказаць: гэта быў вельмі культурны чалавек. Не чуў, каб ён нейкае благое слова пра кагосьці сказаў, голас павысіў. Гэта быў інтэлігент. Не магу нават зразумець, адкуль у чалавека, які выйшаў з вёскі, была шляхецкая натура ў самым лепшым разуменні гэтага слова.

Быкаў мала гаварыў, але быў чалавекам з гумарам — любіў анекдоты расказваць, маляваў карыкатуры на свайго сябра Аляксея Карпюка. Ды і нечаканую вынаходлівасць праяўляў. Прыгадваю такі эпізод. У двухпавярховым будынку на вуліцы Паліграфістаў, каля якога сёння гродзенцы праходзяць па дарозе на Цэнтральны рынак, размяшчалася рэдакцыя «Гродзенскай праўды». На першым паверсе, у аддзеле савецкай работы быў рабочы стол Быкава. Калі я туды заходзіў, то Васіль Уладзіміравіч заўсёды альбо нешта пісаў, альбо маляваў. І калі пачыналіся нейкія размовы, то ён браў запалку і ўстаўляў у… тэлефонны дыск, быццам бы лінія занятая.

Васіль Быкаў вельмі ўважліва ставіўся да маладых аўтараў, якія праяўлялі здольнасць да літаратуры. Аднак былі графаманы, якія прыходзілі да Васіля Уладзіміравіча, каб пасадзейнічаў выхаду ў свет іх «твора». Ён па сваёй натуры, мусіць, не мог прама сказаць, што ў іх нічога не атрымаецца. Выслухоўваў, мучыўся… А потым яго быццам бы выклікалі да рэдактара, а на самай справе Быкаў ішоў у фоталабараторыю да Віктара Косціна. І знаходзіўся там, пакуль аўтар «твора» не пакідаў рэдакцыю. І такім чынам чарговы «шэдэўр» не з'яўляўся ў друку.

Нас вучаць не поспехі, а няўдачы

Ірына ШАТЫРОНАК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:

—Апошнім часам мне даводзіцца пісаць шмат матэрыялаў на розныя літаратурныя тэмы. Больш за ўсё хвалюе тэма прафесіяналізму, адказнасці за пісьменніцкае слова. Усе адказы на свае пытанні я знайшла ў незавершанай аўтабіяграфіі Васіля Быкава з «Гарадзенскага архіва», дзе ідзе гаворка пра першыя спробы пяра, эстэтычныя і літаратурныя прынцыпы. Для яго асабістай пазіцыі характэрна ўменне разважаць пра свае творчыя недахопы, пра тое, на што трэба асабліва звяртаць увагу маладым літаратарам. Не поспех, а менавіта творчыя недахопы і няўдачы могуць стаць добрымі «настаўнікамі». Хочацца нагадаць пачаткоўцам у літаратуры: чытайце аўтабіяграфіі нашых класікаў, вучыцеся ў іх, як трэба ставіцца да сваіх першых памылак і выпраўляць іх.

Сёння, калі пачынаеш рабіць заўвагі наконт формы і зместу твораў, то малады аўтар, як правіла, крыўдзіцца, балюча рэагуе на крытыку… Ці не азначае гэта, што талент пісьменніка і яго рэакцыя на крытыку знаходзяцца ў прамой залежнасці? Чым больш багаты і шчодры талент — тым больш мяккая і адэкватная рэакцыя на крытычныя заўвагі. І наадварот: чым слабейшыя здольнасці пачаткоўца, тым больш хваравітае ў яго стаўленне да крытыкі. Думаю, маладым аўтарам трэба перш за ўсё пачынаць з самакрытыкі, не баяцца, калі пісьменнікі старэйшага пакалення будуць строгімі і прынцыповымі да іх творчасці. Вучыцеся гэтаму ў Васіля Быкава.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?