Вы тут

«Шчасце маё»


Калі шматдзетная сям'я Анжэлы і Валерыя Лысых з Брэста перамагла ў абласным конкурсе «Сям'я года», тры дні тэлефон не змаўкаў: віншавалі сябры, родныя, знаёмыя. Гэта іх першая агульнасямейная перамога. Раней у кожнага былі свае маленькія дасягненні, якія і складвалі шчасце гэтай сям'і.

2-16

Цікава, што кожны з сужэнцаў быў адзіным дзіцем у сваіх бацькоў. І як яны цяпер успамінаюць, заўсёды крыху зайздросцілі равеснікам, якія мелі братоў і сясцёр. Відаць, падсвядома кожны з іх яшчэ ў дзяцінстве хацеў жыць у вялікай сям'і. Так і сталася ў іх жыцці. Сёння Анжэла і Валерый выхоўваюць чацвярых дзяцей.

Дачка Ангеліна — галоўная ў сям'і па хатніх жывёлах. Таму дома жывуць сабака Лайда, якога падабралі на вуліцы, папугай Кеша і чарапашка. Адзінаццацігадовая дзяўчынка гатова ўсіх бяздомных катоў і сабак забраць да сябе. Яна пастаянна падкормлівае іх на вуліцы. Ангеліна марыць стаць ветэрынарам, і бацькі ў гэтым імкненні падтрымліваюць сваю дачку. Яшчэ яна іграе на піяніна, добра малюе. Сюжэты яе карцін таксама вельмі часта звязаны з жывёламі. Ангеліна, як старэйшая з сясцёр, вельмі сціплая і сур'ёзная дзяўчынка.

Брат Віталь па характары крыху падобны да сястры. Як сапраўдны спартсмен, ён не любіць лішніх слоў і тлуму. Ён чалавек мэтанакіраваны: некалькі гадоў паспяхова займаецца хакеем і для яго найлепшы падарунак — клюшка або канькі. Калі сын быў меншы, бацькі ездзілі з ім на ўсе турніры: у Чэхію, Славенію, Латвію. Цяпер 15-гадовы хлопец адпраўляецца на спаборніцтвы і зборы з камандай. Зараз Віталь рыхтуецца да чэмпіянату рэспублікі сярод юнакоў 1999 года нараджэння. Пастаянныя трэніроўкі, выезды — графік заняткаў і вучобы ў юнага хакеіста шчыльна распісаны.

Праўда, з мамай сын ездзіў у маі на чэмпіянат свету ў Мінск. Удалося паглядзець гульню Беларусь—Швейцарыя. Гэта былі незабыўныя ўражанні.

Вельмі заняты любімай справай яшчэ адзін член сям'і — васьмігадовая Аня. Дзяўчынка марыць стаць артысткай, пастаянна прападае на рэпетыцыях і занятках па вакале. Яна лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў — цэлая паліца ў шафе занятая Анінымі дыпломамі, кубкамі, іншымі ўзнагародамі. Дзяўчынка любіць быць у цэнтры ўвагі і свабодна адчувае сябе на сцэне.

За сястрычкай цягнецца і самая малодшая — пяцігадовая Каця. Агульная любіміца таксама добра спявае, яна пастаянная ўдзельніца самадзейнасці ў дзіцячым садку. Каця — сапраўдная непаседа. А нядаўна ў яе з'явілася сваё хобі: кожныя выхадныя бацькі возяць Кацю ў конна-спартыўную школу, дзе яна корміць яблычкам альбо цукрам любімага каня. Ужо зразумела, што пазней дзяўчынка будзе вучыцца верхавой яздзе.

Маці Анжэла Іванаўна ўзначальвае кааператыў у сваім доме, бацька Валерый Паўлавіч працуе на прадпрыемстве «Гефест-тэхніка». Вольнага часу ў бацькоў вялікай сям'і практычна не бывае. «Але гэта і ёсць маё шчасце», — гаворыць Анжэла Лысая.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?