Вы тут

І «стылёвыя» дзеткі чытаюць «Вясёлку»!..


  Наш сённяшні суразмоўца на тэму дзіцячай медыйнай прасторы — вядомы дзіцячы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір ЛІПСКІ. Два часопісы зараз выходзяць пад яго кіраўніцтвам — «Вясёлка» і «Буся». Што характэрна, адным з іх ён кіруе ўжо больш за тры дзесяцігоддзі. — Уладзімір Сцяпанавіч, «Вясёлка» — гэта... 3-27 — Гэта — вясёлка ва ўсіх сваіх колерах, у шматабсяжных уплывах на юных чытачоў — дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, часопіс, з якім і ў чытанні, і ў выхаванні можна смела рабіць першыя крокі. А значыць — варта чытаць яго не толькі дзецям, але і дарослым. — Але ж вы не педагагічнае выданне, якое можна параіць маладым бацькам... — І педагагічнае, калі бацькі жадаюць выхоўваць дзіця ў любові да роднага, айчыннага, у любові да сваёй дзяржавы, калі таты і мамы дбаюць пра засваенне дзецьмі роднага слова. Паглядзіце, як днямі выразна сказаў Прэзідэнт пра патрэбу пашырэння вывучэння беларускай мовы. Дык вазьміце ў рукі «Вясёлку» — і разам з дзецьмі раз на тыдзень ці раз на месяц пагартайце часопіс з мэтай засваення родных слоў, родных мастацкіх вобразаў. Мы друкуем лепшае, што нараджаецца ў прасторы дзіцячай літаратуры... — Часопіс не вельмі вялікі памерам... — А ён і не павінен быць такім. Для рэалізацыі задач, падкрэслівання лепшага дастаткова трох улікова-выдавецкіх аркушаў. І паперу выбіраем высокай якасці. Каб у чытачоў не знікала ўражанне эстэтычнай асалоды. — У «Вясёлкі» невялікі рэдакцыйны склад. Але ведаю, што шмат сіл аддаяце арганізацыйнай рабоце... — «Вясёлкаўцы» стараюцца не мінаць ніводзін з раёнаў краіны. А як жа іначай? Трэба заўжды пісьменнікам, журналістам, якія працуюць з дзецьмі, бачыць непасрэдна сваю аўдыторыю. Толькі сёлета пабывалі ў дзясятках сельскіх раёнаў краіны!.. Конкурсы, спаборніцтвы, якія мы арганізоўваем, ведаюць у сотнях школ і сотнях дзіцячых садкоў: «Лепшы сябар «Вясёлкі», «Люблю Беларусь», «Самая дарагая рэч у тваёй сям'і», «Вясёлка» запрашае ў Цырк», «Жывая класіка», «Стылёвыя дзеткі», «Казачны горад разам з «Вясёлкай»... З года ў год «Вясёлка» ладзіць завочнае падарожжа па нашай краіне, знаёміць з вядомымі людзьмі розных прафесій. Дзецям — пра гэта ведаем з вялікай пошты рэдакцыі — падабаюцца рубрыкі «Наша спадчына», «Школа «Вясёлкі», «Хвіліны-весялінкі», «Спеўнік «Вясёлкі» і іншыя. Мы арганізоўваем экскурсіі па Мінску. Дзеці наведваюць музей «Вясёлкі», знаёмяцца з работай рэдакцыі часопіса. Гэта ўражліва, калі малеча прыходзіць у дарослую рэдакцыю, знаёміцца з пісьменнікамі, бачыць нашу журналісцкую лабараторыю. Тым самым мы развіваем у дзяцей творчы складнік мыслення, падаём новую для іх інфармацыю. Ну хіба ж мы не педагогі? Тут нам добра дапамагае памяць пра Васіля Вітку, які доўгі час працаваў у «Вясёлцы» і які, акрамя сваіх дзіцячых кніг, напісаў сапраўдныя мастацкія падручнікі па педагогіцы, завострана публіцыстычна выказаў свае погляды на выхаванне дзетак. — Калі не памыляюся, у вас ёсць і прэмія яго імя? — Так, штогод мы ўручаем імянную прэмію імя Васіля Віткі — імя заснавальніка і першага галоўнага рэдактара «Вясёлкі», лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча культуры рэспублікі. Штогод у маі на радзіме Васіля Віткі ў Слуцкім раёне адбываецца ўшанаванне нашых лаўрэатаў падчас «Тыдня Віткаўскіх чытанняў». Адным з педагагічных, выхаваўчых клопатаў мы бачым сваю задачу па асвятленні ролі традыцый у аб'яднанні грамадства. Размова і пра народныя святы, звычаі, якія хлопчыкі і дзяўчынкі павінны ведаць з маленства. «Вясёлка» паказвае каляндарны цыкл жыцця беларусаў. Гэта праяўляецца ў публікацыі здымкаў дзяцей у традыцыйных касцюмах у музеі народнай архітэктуры і побыту пасёлка Азярцо, у расповедзе пра асноўныя сезонныя святы — Сёмуху, Юр'я, Вербніцу, Купалле і інш. Народныя традыцыі, песні шырока выкарыстоўваюцца ў рэкламнай справе, бо яны ўвабралі мудрасць продкаў, ёмістыя і пазнавальныя, аб'ядноўваюць сваёй аўтэнтычнасцю, заўсёды арыгінальныя. На працягу апошніх трох гадоў супрацоўнікі рэдакцыі часопіса «Вясёлка» рыхтуюць і выдаюць спецыяльны нумар для дзяцей беларусаў у Расіі і для сваіх чытачоў аб дружбе двух народаў, аб Саюзнай дзяржаве, якая выбудоўваецца для іх. — У апошні час «Вясёлка» актыўна занялася кнігавыдавецкай дзейнасцю. Наколькі гэтая справа ўкладваецца ў вашы медыйныя, інфармацыйныя задачы? — У нас друкуюцца аўтары розных пакаленняў — ад народных пісьменнікаў да тых, хто толькі пачынае свой творчы шлях. Не абыходзіць увагай рэдакцыя і таленавітых дзяцей: іх вершы, казкі, апавяданні, малюнкі аздабляюць і ўзбагачаюць часопіс. За гэты час «Вясёлка» стварыла цэлую бібліятэку — змястоўных, цікавых, з густам аформленых лепшымі мастакамі кніг. Рэдакцыя паспрыяла выхаду ў свет кніжак «Урокі цікавых сустрэч», «Нам засталася спадчына» — дапаможнікаў у правядзенні ўрокаў па вывучэнні спадчыны, гісторыі нашай Радзімы. Працягам выдавецкай дзейнасці часопіса стаў праект з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне» — «Бібліятэка часопіса «Вясёлка». Плёнам сумеснай працы сталі кнігі розных жанраў: «У свеце дабрыні» (выбраныя творы вядомай дзіцячай пісьменніцы Эдзі Агняцвет), «Сакрэты колераў «Вясёлкі» Уладзіміра Ліпскага, «Кот жыве без турбот» (укладальнік Анатоль Зэкаў), вершы літоўскага дзіцячага пісьменніка Вітаўтаса Бараўскаса «Зіхаціць на небе сонца», «Таямніцы дзеда Усёведа». Творы, якія ўключаны ў кнігі серыі, прайшлі сапраўднае выпрабаванне часам: усе яны былі надрукаваны ў часопісе «Вясёлка» ў розныя гады, але сустрэліся толькі на старонках пазначаных кніг. У бібліятэцы «Вясёлкі» плануецца выдаць сто кніг! Супрацоўнікі нашага выдання заўсёды клапоцяцца аб тым, як зацікавіць дзяцей высокай, сапраўднай, класічнай літаратурай, што з'яўляецца крыніцай духоўнасці, маральнасці. З гэтай мэтай праводзім акцыю «Чытаем разам, чытаем па-беларуску!». І тут нашы кнігі як ніколі да месца. А наш музей «Вясёлкі»... За двухгадовы перыяд працы на экскурсіі ў сваім любімым часопісе пабывалі 5000 вучняў пачатковых класаў са школ рэспублікі. На працягу 2013 года «Вясёлку» наведалі больш за 2,5 тыс. чалавек. Быў створаны філіял музея, які таксама гасцінна прымае вучняў Маскоўскага раёна Мінска ў дзіцячай бібліятэцы імя В. Віткі. Каб сустрэчы і выступленні былі больш яскравымі і запамінальнымі, рэдакцыя распрацавала рэкламную прадукцыю, якая ўручаецца ў якасці прызоў і сувеніраў. Напрыклад, сертыфікаты на бясплатнае наведванне музея, падпісныя купоны, лістоўкі, закладкі з вокладкамі часопіса, дыпломы, падзякі, календары, «Вясёлікі» — вясёлкаўскія грошы, наклейкі, расклады, распрацаваныя спецыяльна для дзяцей беларускамоўныя карты Беларусі, стылізаваныя сцяжкі. Гэта ўсё падабаецца нашаму юнаму чытачу і павышае цікавасць да часопіса. — І ўсё ж галоўнае ў працы і часопіса, і газеты — яго змест... — Галоўнае, каб з часопісам было ўтульна і юнаму, і даросламу чытачу. Для тых, хто яшчэ не гартаў «Вясёлку», скажу... Выданне складаецца з пазнавальных рубрык і прыгодніцкіх апавяданняў, з казак і вершаў. Часопіс вучыць любіць свой край, родную мову і гісторыю. Настаўнікі могуць выкарыстоўваць нашы матэрыялы пад рубрыкамі «Наша спадчына», «Школка «Вясёлкі», «Тэатр Васі Вясёлкіна», «Слоўнік «Вясёлкі», «Спеўнік «Вясёлкі», «Каласавічок», «Хвілінкі-весялінкі», «Зрабі сам». Супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі Ірына Буторына падрыхтавала кнігу «Дапаможнік для выхавальнікаў і настаўнікаў па матэрыялах часопіса «Вясёлка», распрацаваны 50 самых розных пазнавальных урокаў. — А чым кіраваліся, дадаючы да сваіх «вясёлкаўскіх» абсягаў яшчэ і «Бусю»... — У 2013 годзе ў нас з'явілася новае выданне для самых маленькіх чытачоў — беларускамоўны часопіс «Чытанка-маляванка для дашкольнікаў «Буся». Нашы бусяняты чытаюць цікавыя казкі, апавяданні, загадкі, лічылкі, крыжаванкі, коміксы, якія дапамагаюць ім развівацца творча, гарманічна. Часопіс — добры памочнік у вывучэнні беларускай мовы, выхаванні і развіцці. Ёсць надзея і вера, што наша калектыўная нянька стане запатрабаванай у дзіцячых садках і ў сем'ях, дзе ёсць малеча. — Сёння гавораць пра тое, што і зусім малыя дзеці сыходзяць у прастору айфонаў, айпэдаў і электронны інфармацыйны прадукт займае ўсю свядомасць... Ці не застаёмся мы з адно толькі друкаванай, папяровай перадачай інфармацыі ва ўчарашнім дні? — Сайт vеsеlkа.bу з'явіўся ў сеціве ў 2011 годзе. Функцыянуе круглы год, уключае дадатковыя сэрвісы: апытанні, відэакантэнт, фотагалерэі, анекдоты, магчымасць каментаваць змешчаныя матэрыялы і тым самым камунікаваць з рэдакцыяй. Усе матэрыялы сайта падзелены па рубрыках, каб госцю было лягчэй арыентавацца. Для лепшай пошукавай аптымізацыі рэсурс уключае ў сябе матэрыялы на рускай мове, тэматычныя тэгі і тэгі аlt, прапісаныя па-лацінску пад кожным малюнкам да тэкстаў. Ідзе пастаянны пошук партнёраў і абмен банерамі і ссылкамі з іншымі інтэрнэт-рэсурсамі. Самыя папулярныя рубрыкі на сайце — «Вершы», «Апавяданні» і «Казкі». Мэтавая аўдыторыя праекта — школьнікі, а таксама бацькі, зацікаўленыя ў культурным развіцці сваіх дзяцей. Але аналіз паказаў, што 72% гасцей сайта — наведвальнікі ва ўзросце 24-35 гадоў (бацькі, і гэта добра!). Толькі 5% наведвальнікаў малодшыя за 18 гадоў. Папулярызацыя сайта часопіса здзяйсняецца таксама ў сацыяльных сетках: «Yоutubе», «Twіttеr», «Одноклассники» і «ВКонтакте». Сёння гэта самая цікавая форма камунікацыі з аўдыторыяй. У сацыяльных сетках аператыўна і максімальна эфектыўна даносіцца да чытачоў інфармацыя пра новыя праекты рэдакцыі. У давяральнай форме, з выкарыстаннем методыкі «Роўны вучыць роўнага», фарміруюцца адпаведнае стаўленне падпісчыкаў да часопіса і яго супрацоўнікаў. Самыя прадуктыўныя сацыяльныя сеткі «Вясёлкі» — «Twіttеr» і «Вконтакте». — Вашай інтэрнэт-актыўнасці таксама можна пазайдросціць... — Галоўнае — змест, каб мысленне дзіцяці мела разумны характар. І ў друкаванай папяровай версіі, і ў электроннай патрэбны адны і тыя ж падыходы — яркія сімвалы і вобразы, сапраўдныя мастацкія і высакаякасныя публіцыстычныя творы. Тады можна будзе смела гаварыць пра выкананне галоўных задач дзіцячых масмедыя. Гутарыў Павел Альсовы.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?