Візіт у Беларусь першага намесніка прэм'ера Дзяржсавета КНР, члена Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК Чжан Гаалі, які адбыўся на мінулым тыдні, стаў добрай нагодай для рэвізіі характару і тэндэнцый развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Па якіх напрамках іх рух найбольш каштоўны для нас?
Несумненна, самым важным кампанентам развіцця беларуска-кітайскіх адносін з'яўляецца магчымасць для Беларусі разлічваць на палітычную падтрымку Кітая на міжнароднай арэне. Менавіта пра гэта гаварыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адзначаючы ў размове з высокім госцем, што «падтрымка Кітая — гэта фактар незалежнасці нашай дзяржавы». А словы беларускага Прэзідэнта пра тое, што «наш інтарэс заключаецца ў тым, што мы будзем мець магутную апору на такую гіганцкую дзяржаву, як Кітай, без якога сёння не вырашаецца ніводная праблема ў свеце», яшчэ дакладней характарызуюць сітуацыю.
Кітай змог нарасціць масу сваёй эканомікі да 15 працэнтаў ад сусветнай, стаў экспарцёрам нумар адзін у свеце, пастаянна мадэрнізуе войска (другое месца па выдатках на абарону — 139 мільярдаў долараў па выніках 2013 года), укладвае велізарныя грошы ў развіццё навукі і ўдасканаленне тэхналогій, становіцца ўсё больш высокатэхналагічнай дзяржавай.
Усё больш сур'ёзных эканамістаў праяўляюць цікавасць да юаня як да магчымай сусветнай валюты, якая прыйдзе на змену долару. Зыходзячы з гэтых фактараў, іншыя цэнтры прыняцця рашэнняў у свеце не могуць дазволіць сабе не лічыцца з меркаваннем Кітая па тым ці іншым пытанні. Улічваючы, што тэмпы развіцця эканомікі Кітая ў некалькі разоў вышэйшыя, чым ва ўсіх яго патэнцыйных канкурэнтаў, у далейшым ён будзе набываць усё больш важную ролю ў сусветным табелі аб рангах.
Другім найбольш значным аспектам у развіцці адносін з Кітаем для Беларусі з'яўляецца магчымасць мадэрнізацыі сваёй эканомікі за кошт цеснага супрацоўніцтва з вядучымі кітайскімі банкамі і карпарацыямі. Нягледзячы на ўжо існуючы вопыт, пакуль гэты аспект не апраўдаў усіх чаканняў. Несумненна, звязаныя крэдыты на мільярды долараў, выдадзеныя раней кітайскімі банкамі для беларускіх праектаў, сталі пазітыўным пачаткам, але Беларусь нашмат больш зацікаўлена ў прамых высокатэхналагічных інвестыцыях кітайскіх прадпрыемстваў на сваёй тэрыторыі, чым у нарошчванні крэдытнага партфеля запазычанняў.
Тут таксама ёсць пэўныя зрухі, але пакуль яны малыя. Першы сур'ёзны праект у гэтай сферы быў рэалізаваны «Мідэа Груп», а другі, які рэалізуецца карпарацыяй Geely, з'явіўся толькі праз пяць гадоў. Несумненна, гэта не адпавядае патэнцыялу Кітая. Таму вельмі важна, каб такое супрацоўніцтва стала маштабным у рамках Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.
Пэўны аптымізм у плане развіцця кітайскіх прамых інвестыцый на тэрыторыі Беларусі надаюць апошнія тэндэнцыі ў свеце. Па-першае, у святле санкцый супраць Расіі кітайска-расійскія адносіны значна ўмацаваліся і сапраўды выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства. А гэта азначае, што знікне насцярожанасць кітайскіх інвестараў на прыход у Беларусь у сувязі з тым, што гэта можа выклікаць незадаволенасць з боку найбольш важнага беларускага партнёра — Расійскай Федэрацыі. Наадварот, сёння Расія зацікаўлена ў максімальным развіцці супрацоўніцтва з Кітаем на прасторы еўразійскай інтэграцыі, у тым ліку ў рэалізацыі праекта адраджэння Вялікага шаўковага шляху, частка якога можа прайсці праз Беларусь.
Па-другое, у апошнія месяцы ў сувязі з украінскімі падзеямі Рэспубліка Беларусь стала ў самым пазітыўным святле вядомая ва ўсім свеце як краіна, якая ўсяляк спрыяе спыненню грамадзянскай вайны і пераходу да канструктыўных сцэнарыяў вырашэння ўнутраных праблем Украіны. Такі імідж дарагога каштуе, а міратворчы трэнд беларускай знешняй палітыкі цалкам адпавядае інтарэсам самога Кітая.
Па-трэцяе, важная роля Беларусі ва ўрэгуляванні рэгіянальнага крызісу прывяла да паляпшэння адносін з тымі краінамі, якія раней мелі да нашай краіны шмат неабгрунтаваных прэтэнзій. З пункту гледжання кітайскіх інвестараў, гэта важна, паколькі палепшыць магчымасці па збыце тавараў, што вырабляюцца на беларускай тэрыторыі, у тым ліку ўступленнем Беларусі ў СГА.
І па-чацвёртае, вясной наступнага года чакаецца візіт у Беларусь Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі Кітая Сі Цзіньпіна. Па кітайскай традыцыі, візіт такога ўзроўню неабходна будзе суправадзіць анонсамі сур'ёзных праектаў. А ўлічваючы, што дамоўленасць аб стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка была ў свой час дасягнута Беларуссю непасрэдна з лідарам КНР, варта чакаць сур'ёзнага ўкладу кітайскага боку ў гэты праект.
Калі ж казаць пра перспектывы развіцця эканамічных адносін з Кітаем у цэлым, то сур'ёзнымі сігналамі поўнай гатоўнасці КНР на развіццё поўнамаштабнага партнёрства, акрамя развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, могуць стаць яшчэ два: запуск прамых авіязносін Мінск — Пекін і адкрыццё філіялаў кітайскіх банкаў на тэрыторыі нашай краіны. Будзем спадзявацца, што неўзабаве мы зможам засведчыць і іх.
Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.