Вы тут

Анатоль Рубінаў: «Гэты дакумент падпісваўся для людзей»


За Палатай прадстаўнікоў дагавор аб стварэнні ЕАЭС ратыфікаваў і Савет Рэспублікі. Сенатары адштурхоўваліся ад таго, што падпісанне дагавора дазволіць Беларусі, Расіі і Казахстану перайсці на прынцыпова новы ўзровень інтэграцыі, больш істотны і рознабаковы, чым у дзейным Мытным саюзе.

Як і ў ніжняй палаце парламента, дакладчыкам па законапраекце выступіў Сяргей РУМАС. Судакладчыкам — Уладзімір СЯНЬКО, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.

Сенатары задавалі пытанні дакладчыкам, цікавячыся тым, як адаб'ецца работа ЕАЭС на функцыянаванні розных сфер эканомікі нашай краіны. Напрыклад, аграрна-прамысловы комплекс будзе па-ранейшаму атрымліваць падтрымку з боку дзяржавы, а беларускія прадпрыемствы, якія вырабляюць лекавыя сродкі, змогуць паспяхова канкурыраваць з адпаведнымі кампаніямі з Расіі і Казахстана.

— Ратыфікацыя мае беспрэцэндэнтную значнасць, бо напрамую закранае працу ўсіх галін эканомікі рэспублікі,— заявіў Уладзімір Сянько. — Нездарма ў працы па падрыхтоўцы дагавора ўдзельнічала вялікая група экспертаў — каля 140 чалавек, якія прадстаўлялі амаль усе міністэрствы і ведамствы. Дагавор адкрывае для эканомікі краіны шырокія магчымасці развіцця і мадэрнізацыі. У той жа час мы ўсведамляем, што ўступленне ў ЕАЭС не прывядзе да аўтаматычнага росквіту дзяржавы. Гэта карпатлівая праца, мэта якой — максімальнае забеспячэнне інтарэсаў Беларусі. На прыкладзе такіх рэгіянальных аб'яднанняў, як МЕРКАСУР, АСЕАН, Еўрапейскі саюз, мы добра бачым, наколькі няпростым працэсам з'яўляецца эканамічная інтэграцыя дзяржаў.

Законапраект аб ратыфікацыі дагавора сенатары прынялі аднагалосна.

Анатоль РУБІНАЎ, старшыня Савета Рэспублікі, адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, прысвечаныя ратыфікацыі дагавора аб ЕАЭС.

— Ратыфікацыя дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў парламенце — надзвычай важнае, лёсавызначальнае рашэнне для Беларусі, — упэўнены Анатоль Рубінаў. — Гэты дакумент фактычна адкрывае новую старонку ў жыцці краіны.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» пра тое, як паўплывае ратыфікацыя Дагавора аб стварэнні ЕАЭС на жыццё простых грамадзян, Анатоль Рубінаў падкрэсліў, што гэты дакумент падпісваўся з мэтай палепшыць дабрабыт народа.

— У часы перабудовы быў такі фальшывы лозунг: калі кожны будзе багатым, то і краіна будзе багатай, — нагадаў кіраўнік верхняй палаты парламента. — Але гэта абсалютна няправільна. Дабрабыт чалавека залежыць ад патэнцыялу краіны. А апошні вызначаецца тым, наколькі развіта ў нас вытворчасць тавараў і паслуг, наколькі яны якасныя і як мы можам іх прадаць. Сёння ў свеце праблема вытворчасці больш не стаіць на першым месцы, галоўнае — барацьба за рынкі. Прадаць, выйсці на плацежаздольны рынак — гэта найважнейшая задача. Беларусь, як невялікую краіну, ніяк не можа задаволіць унутраны рынак. З гэтай прычыны экспартная арыентацыя для нас — невыпадковая, без яе мы не можам жыць. Таму новыя магчымасці, якія адкрывае падпісанне дагавора аб стварэнні ЕАЭС, дапамогуць краіне больш зарабіць, павысіць агульны эканамічны патэнцыял па краіне і, як вынік, павялічыць зарплаты для грамадзян.

Анатоль Рубінаў дадаў, што адкрыты рынак тавараў і паслуг пашырае магчымасці выбару для людзей.

— Таму гэты дагавор не для прадпрыемстваў і нейкіх суб'ектаў гаспадарання, а менавіта для людзей, — заявіў старшыня Савета Рэспублікі. — Стан эканомікі дзяржавы непасрэдна ўплывае на дабрабыт яе народа.

* * *

Таксама на ўчарашнім пасяджэнні Савета Рэспублікі сенатары ратыфікавалі пратакол аб унясенні змен у пагадненне аб узаемным забеспячэнні захаванасці сакрэтнай інфармацыі ў рамках АДКБ ад 18 чэрвеня 2014 года, а таксама пагадненне аб абароне сакрэтнай інфармацыі ў рамках СНД. Былі прыняты законапраекты «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны інфармацыі», «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь» і «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб зброі».

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.