Вы тут

Эканамічны суверэнітэт захаваецца


На ўчарашнім пасяджэнні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ратыфікавалі Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэтаму папярэднічала грунтоўная праца над адпаведным законапраектам, абмеркаванне яго і вывучэнне перспектыў для нашай краіны ад удзелу ў гэтым міжнародным аб'яднанні. Дакладчыкам па законапраекце быў Сяргей РУМАС, член Прэзідыума Савета Міністраў і член Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад Рэспублікі Беларусь.

Ад выключэнняў і абмежаванняў ёсць шанц пазбавіцца раней за 2025 год

Па словах выступоўцы, эканоміка нашай краіны будзе адчуваць паступовы эфект ад стварэння ЕАЭС ва ўсіх сферах.

— Па сутнасці, не засталося ні адной галіны, інтарэсы якой не закранаў бы гэты дагавор, — заўважыў Сяргей Румас. — Па кожным кірунку ёсць «дарожная карта».

Планавалася, што на гарманізацыю заканадаўства адводзіцца 10 гадоў. Але, па інфармацыі дакладчыка, гэтая лічба азначае канечны тэрмін ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў. Сяргей Румас выказаў упэўненасць, што бакі адрэгулююць адпаведныя пытанні раней за 2025 год.

Прадстаўнікоў улады і звычайных грамадзян вельмі турбавалі наступствы для нашай дзяржавы ад падатковага манеўру ў Расіі. Але на днях гэтая праблема вырашылася. Прадстаўнікі Беларусі дабіліся з расійскім бокам дамоўленасцяў, якія цалкам нівеліруюць уплыў падатковага манеўру на нашу эканоміку.

— Бакі падпісалі праект змянення ў пратакол аб размеркаванні вывазных мытных пошлін, які прадугледжвае поўнае захаванне ў бюджэце Рэспублікі Беларусь усіх належных вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты, — падкрэсліў падчас размовы з журналістамі Сяргей Румас. — Усе варыянты разлікаў паказваюць, што Рэспубліка Беларусь атрымае ў 2015 годзе, акрамя тых 1,5 млрд, аб якіх была дамоўленасць пры падпісанні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, яшчэ не менш за мільярд долараў — гэта страты, якія маглі б узнікнуць пры правядзенні ў Расіі вялікага падатковага манеўру. Пратакол падпісваецца на адзін год, і мы разлічваем у наступным годзе вярнуцца да гэтага пытання.

Шостая эканоміка ў свеце

На пытанне, ці не страціць дзяржава эканамічнага суверэнітэту з уступленнем у гэту арганізацыю, дакладчык адказаў адмоўна.

— Такой рызыкі няма, — заявіў ён. — Мы павінны выкарыстоўваць тыя перавагі інтэграцыі, якія дае нам уступленне ў ЕАЭС. Нягледзячы на тое, што мы перадалі шэраг функцый на наднацыянальны ўзровень у калегію або ў савет Еўразійскай эканамічнай камісіі, у Рэспублікі Беларусь заўсёды ёсць механізм, які дазволіць адмяніць тое ці іншае рашэнне, якое будзе нявыгадна для яе. Хачу сказаць, што мы працуем у Еўразійскай эканамічнай камісіі ўжо больш за два гады, і Беларусь ні разу не скарысталася гэтым правам.

Мікалай САМАСЕЙКА, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах (якая і рыхтавала законапраект «Аб ратыфікацыі дагавора аб ЕАЭС»), выступаючы перад дэпутатамі, звярнуў увагу на тое, што Еўразійскі эканамічны саюз стане шостай эканомікай у свеце.

— Мы ўпэўнены, што ўступленне ў сілу дагавора аб ЕАЭС дасць новыя магчымасці для доўгатэрміновага росту эканомікі нашай краіны. Разам з тым, ва ўсіх нашых партнёраў павінна быць разуменне таго, што мы будуем эканамічны саюз, які не прадугледжвае бар'ераў, абмежаванняў, выключэнняў у сферы гандлю і аказання паслуг.

ЕАЭС павінен палепшыць жыццё кожнага грамадзяніна

Віталь БУСЬКО, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, каментуючы прыняцце законапраекта, падкрэсліў неабходнасць стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза.

— Мне пашчасціла быць удзельнікам станаўлення Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, і вось, нарэшце, сёння мы гаворым пра ратыфікацыю дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Відаць, ужо няма ніякіх сумненняў у тым, ці патрэбны гэты саюз. Ён проста неабходны ва ўмовах глабальнага свету. А такой гордай маленькай краіне, як Беларусь, вельмі складана выжыць адной. Калі мы сёння аб'ядноўваемся дзвюма краінамі, то атрымліваем саюз, у якім 170 мільёнаў чалавек насельніцтва, і маем вельмі магутны патэнцыял. Калі ЕАЭС пакажа сваю жыццяздольнасць і эфектыўнасць, то зможа зацікавіць і іншыя краіны. Вельмі шчыльна да гэтага падышла Арменія, ідуць перамовы з Кіргізіяй. Думаю, гэта не апошнія краіны, якія ўвойдуць у склад ЕАЭС. Але, паўтараю, для гэтага трэба паказаць яго эфектыўнасць. Апошняя ж будзе відавочнай, калі кожны з нас адчуе, што сапраўды саюз адбыўся, пачаў працаваць, палепшыў жыццё канкрэтнага чалавека.

* * *

На ўчарашнім пасяджэнні, акрамя ратыфікацыі дагавора аб ЕАЭС, дэпутаты разгледзелі яшчэ тры законапраекты. Гэта праект Закона «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвальнасці сельскагаспадарчых жывёл, ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці прадуктаў жывёльнага паходжання», змены і дапаўненні ў Закон «Аб гарантаваным кампенсаванні банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб» і ў Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь. Таксама было прынята пастанаўленне Палаты прадстаўнікоў аб правядзенні парламенцкіх слуханняў на тэму «Дзяржаўна-прыватнае партнёрства: міжнародны вопыт і перспектывы для Рэспублікі Беларусь».

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?