Вы тут

Каму — сямейны адпачынак, а каму — паляўнічы запал


Дзе схавацца ад гарадскога тлуму, не ад'язджаючы 

У межах рэспубліканскага конкурсу Белаграпрамбанка на лепшую аграэкасядзібу года «Звязда» працягвае вандраваць па беларускіх вёсках у пошуках самага лепшага месца для адпачынку. Гэтым разам далёка ад сталіцы ад'язджаць не прыйшлося — мы наведалі дзве сядзібы ў Маладзечанскім і Мінскім раёнах.

Замежнікі ацанілі!

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Каб знайсці сядзібу «Карыцька», трэба праехаць ад Маладзечна 1,5 кіламетра і спыніцца ў вёсцы Насілава. Драўляны двухпавярховы дом з мудрагелістай формы дахам пазнаць лёгка. Каб пабудаваць яго, гаспадары ўзялі крэдыт у банку як маладая сям'я. У доме газавае ацяпленне, на першым паверсе — цёплая падлога. Адначасова камфортна пачувацца тут могуць шэсць чалавек, хаця пры жаданні можна размясціць і дзесяцярых. На ганку нас сустракае маладая гаспадыня Алеся Карыцька, якая першым чынам вядзе паглядзець на адноўленую лазню. Але яе аповед перарывае гук пілавальнага станка. «Гэта муж працуе», — тлумачыць яна. Пазней прызнаецца: ён усё ўмее рабіць сваімі рукамі. Сам пабудаваў дом, цэлымі днямі цяслярыць і нешта майструе. Апошнім часам захапіўся кавальствам: набывае кавадлы і хоча паказваць турыстам майстар-класы. Жонка яго падтрымлівае, ды і сама яна тая яшчэ рукадзельніца: паказала нам некалькі сваіх работ (дэкаратыўныя капялюшыкі, млын) у тэхніцы газетнага пляцення; займаецца і пляценнем з бісеру. Некалі Алеся і турыстаў далучала да свайго майстэрства, і арганізоўвала на сядзібе выставы — нават тэлебачанне мясцовае прыязджала. Праўда, цяпер за гаспадарчымі клопатамі часу для творчасці не застаецца.
У планах — распрацоўка роварнага маршруту: у ваколіцах ёсць прыгожае возера, царква. Адсюль блізка
да Маладзечна, а яшчэ — да толькі- толькі адкрытай пасля рэстаўрацыі рэзідэнцыі Агінскіх у Залессі.

Сям'я Карыцькаў выкупіла суседні ўчастак, дзе гаспадар майструе дзіцячую і спартыўную пляцоўкі. Ёсць тут і пладовы сад. Куплялі і туі, але суседзі іх хуценька «прысабечвалі».
— Такія рэчы, безумоўна, засмучаюць, — прызнаецца Алеся Карыцька. — Але калі мы за гэту справу ўзяліся, трэба ісці да канца.
Сапраўды, журыцца цяпер не час: сядзіба «Карыцька» ўдзельнічае ў конкурсе ў намінацыі «Лепшы старт», а значыць, зрабіць яшчэ трэба нямала. У планах — распрацоўка роварнага маршруту: у ваколіцах ёсць прыгожае возера, царква. Адсюль блізка да Маладзечна, а яшчэ — да толькі-толькі адкрытай пасля рэстаўрацыі рэзідэнцыі Агінскіх у Залессі. Так што патэнцыял у сядзібы добры: амаль за два гады існавання яе наведалі ўжо госці з Расіі, Лівана, Ірландыі, Англіі, Германіі. Летась агулам тут пабывала больш за 260 чалавек.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Хто хоча паспаць на вуллях?

— У нас музей сур'ёзны цяпер ёсць, — сустракае нас на сядзібе «Прылессе» паляўнічы, рыбалоў і пчаляр Сяргей Рукшта. Да яго ў госці «Звязда» ўжо наведвалася летась, падчас мінулага конкурсу. Таму нам было асабліва цікава, што ж новага з'явілася на сядзібе за год. Дарэчы, сёлета сядзіба спадара Рукшты заяўлена ў дзвюх намінацыях: «Стыль і гармонія» і «Этнакомплекс».
Варта адзначыць, што месца для адпачынку тут сапраўды зручнае: усяго пяць кіламетраў ад Мінска па Магілёўскай шашы — і вы быццам бы ўжо нават не побач з тлумнай сталіцай, а на ўлонні прыроды. Асабліва гэтае пачуццё ўзмацняецца, калі гаспадар паказвае сваіх гадаванцаў: трусоў, курэй, фазанаў і перапёлак. Аднак і ўсе выгоды цывілізацыі тут ёсць. Маёнтак Сяргея Рукшты складаецца з двух дамоў, прычым першы з іх гаспадару сядзібы дастаўся ў спадчыну ад бацькі і перажыў мадэрнізацыю. Пасля выраслі новы гасцявы дом, лазня, гаспадарчыя пабудовы... Цяпер спадар Сяргей плануе пабудаваць асобны будынак для музея. Праўда, ён будзе драўляны, а не выкладзены з каменю, як іншыя сядзібныя дамы. Дарэчы, каменне гэтае гаспадар сам звозіў з ваколіц, калі працаваў на трактары. Між тым музей абяцае быць цікавым. Апроч ужо бачаных намі шматлікіх прадметаў побыту беларусаў пачатку мінулага стагоддзя, гаспадар абзавёўся новымі экспанатамі па рыбалоўнай тэматыцы. Пакуль што пад паветкай свайго часу чакаюць човен, шматлікія рыбацкія прылады, у тым ліку і старажытныя. Геаграфія іх таксама шырокая — ад Капыльшчыны да Турэччыны.
Апроч магчымасці палюбавацца на шматлікія чучалы дзікіх звяроў і птушак, здабытых спадаром Сяргеем і не толькі, можна і самому паўдзельнічаць у паляванні.

Калі казаць пра рарытэты і трафеі, немагчыма абмінуць паляўнічую тэматыку, такую дарагую для гаспадара сядзібы. Бо апроч магчымасці палюбавацца на шматлікія чучалы дзікіх звяроў і птушак (сярод якіх — глушэц, сава, алень, казуля, дзік, бабёр, андатра і нават зубр), здабытых спадаром Сяргеем і не толькі, можна і самому паўдзельнічаць у паляванні. Аднак гаспадары «Прылесся» рыхтуюцца здзіўляць турыстаў усё новымі цікавінкамі. Так, неўзабаве адбудзецца закальцоўка новага маршруту ад сядзібы да рыбнай гаспадаркі «Волма» і Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі. А яшчэ гаспадар-бортнік думае над рэалізацыяй новай паслугі — сну на пчаліных вуллях.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
— Такая тэрапія ўжо атрымала распаўсюджанне ў некаторых краінах. Вібрацыя, якая ўтвараецца ад пчалінага гудзення, а таксама пахі пчаліных прадуктаў дабратворна ўплываюць на чалавека, — тлумачыць жонка Сяргея Галіна, медработнік.
І хоць ідэя «пчолатэрапіі» яшчэ толькі ў распрацоўцы, уласным мёдам гаспадары сядзібы ўжо частуюць гасцей, так што адпачынак у «Прылессі» мае ўсе шанцы стаць салодкім.
Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.