Вы тут

Саша Варламаў: «Мода — унікальны спосаб уцёку ад рэальнага жыцця»


Вядомы дызайнер пра тое, як не паддацца «глянцу» і знайсці ўласны стыль

Яго імя — гэта брэнд, у яго асобе вызначальнымі з'яўляюцца прафесіяналізм і філасофскае стаўленне да жыцця. Ён вядомы дызайнер, да якога і сёння ідуць з заказамі. Аўтар шэрагу кніг пра моду, для якога яна з'яўляецца сапраўдным мастацтвам. З 2013 года Варламаў з'яўляецца прадстаўніком у Рэспубліцы Беларусь міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў «Пакаленне NEXT», дзе выступае з лекцыямі і ўваходзіць у склад журы. А не так даўно пачаў сваё жыццё яшчэ адзін яго праект — «Тэатр моды «Шафа». Як з'явілася новая пляцоўка для юных творцаў, хто дыктуе моду сёння і ці ёсць нешта вышэйшае за стыль, мы высветлілі падчас гутаркі з маэстра.

— Саша, раскажыце пра ўзнікненне праекта «Тэатр моды «Шафа»...

— Усё атрымліваецца само па сабе. Мабыць, ніколі не было такога, каб я галавой прабіваў сцяну. У нейкі момант з'яўляецца цікавая думка, калі яна вяртаецца зноў і зноў, то спачатку спрабую адмахнуцца, але ў выніку разумею: пакуль задуманае не здзейсню — яна не знікне. І вось варта толькі прыняць рашэнне, што будзеш гэтым займацца — і зоркі складваюцца, як трэба, і ўсё атрымліваецца само па сабе. А мне трэба толькі назіраць, каб не збіцца з дарогі, бо ў кожнага руху ёсць заўсёды мэта. Калі чалавек ідзе па вуліцы, то вельмі шмат спакус навокал — кіно, тэатр, крамы, кавярні, і можна ў любым месцы спыніцца і заняцца іншай справай. Але тады ёсць рызыка згубіць свой курс.

У выпадку з гэтым праектам я проста ведаю: ён патрэбен. Мне патрэбен для таго, каб жыць. Зарабляць гэтым я ніколі асабліва і не зарабляў, таму жыву дастаткова сціпла. Але ў жыцці было месца сітуацыям, калі людзі былі цікавымі, а сустрэчы патрэбнымі, не ў тым сэнсе, што даюць грошы, а калі з'яўляецца чалавек, з якім вам па дарозе. Так і Тэатр моды «Шафа» вырас.

Гэты праект пачаўся яшчэ ў 1981 годзе, калі быў Мінскі тэатр моды. Толькі адкрыўся Дом модаў нумар два. І ўсё гэта складвалася. Таму як бы ні было складана, калі не губляеш свой арыенцір, то дойдзеш да патрэбнага пункта. А не атрымліваецца — значыць, не тваё, чужое.

17-23

— Як набіраюць дзяцей у Тэатр моды? Чым яны займаюцца?

— У нас праходзяць заняткі па маляванні, модзе і мадэлінгу. Мода — гэта ўсё, звязанае са стварэннем таго, што будзе паказвацца на сцэне. Мадэлінг — дэманстрацыя створанага: тут і слова, і музыка, і харэаграфія, і рэжысура. На паказе заўсёды відаць, як паставіўся да раскрыцця ідэі аўтар, наколькі зразумеў яе. Таму што мода, як і іншы від мастацтва, можа раскрыць абсалютна любы сэнс, данесці любую думку, калі там не будзе проста капіравання, а будзе трансфармацыя, пераасэнсаванне. Прычым гэта магчыма зрабіць з дапамогай кішэнькі, вытачкі, сілуэта. Мастацтва гаворыць пра сутнасць любові, усё ў свеце створана і ствараецца для любові. А словы — наогул вельмі абмежаваны спосаб выказваць свае эмоцыі.

Дзеці прыходзяць да нас як дадому, дзе могуць займацца творчасцю. Ёсць малодшая і старэйшая групы. Мы працуем над адной вельмі цікавай тэмай — «Планета Пудзіла». Яна па сваім змесце ў нас фундаментальная, бо фарміруе ў дзяцей здольнасць ствараць сусветы, думкі ва ўмовах, дзе ўсё падпарадкоўваецца ідэі і духу. А наогул, калі няма духу — то няма нічога. Людзі, якія кажуць, што трэба жыць у матэрыяльным свеце і ставіць матэрыяльныя каштоўнасці на першае месца, ніколі не тварылі. На «Планеце Пудзіла» чалавек прывучае сябе да таго, што няма патрэбы нешта разбураць. Там дзеці самі прыдумляюць правілы, і галоўнае з іх — жыць.

— Не думалі пра тое, каб дзяліцца вопытам з дзецьмі і з іншых гарадоў?

— Калі нас паклічуць, то з задавальненнем паедзем. Мы гатовы дзяліцца вопытам і адкрыты для супрацоўніцтва. Адзінае, чаго не хацелася б — каб нас ператварылі ў праект дзеля галачкі ці статыстыкі.

— Вы з'яўляецеся аўтарам «Млына моды». Маглі б параўнаць тое, што было пры вас, і што маем сёння?

— Я аўтар таго «Млына моды», які існаваў дваццаць гадоў да 2011-га. Цяпер, на мой погляд, усё робіцца дзеля справаздачы. Калі б такое адбывалася пры мне, то не было б маладых дызайнераў, якіх мы ведаем. Цяперашні конкурс практычна не служыць маладым. Напрыклад, там патрабаванні — адзенне павінна быць pret-a-porte. А які вопыт у 18-гадовых, каб патрабаваць такое? Альбо іншая сітуацыя: я бачу на подыуме шэдэўры мастацтва ў дызайнера, і так — амаль цераз аднаго канкурсанта. Пытанне, як вызначыць лепшага? Тут не спорт, дзе трэба трапіць на фініш першым. І ці можна суб'ектыўныя ацэнкі журы выдаваць за аб'ектыўныя? Галоўнае журы ў модзе — гэта калі тваё адзенне носяць людзі на вуліцы, калі кліенты да цябе стаяць у чарзе на некалькі месяцаў наперад. Тут, як у музыцы: маеш поўную залу на канцэрце — і неабавязкова быць нейкім там лаўрэатам.

— А што вы думаеце пра дзіцячыя конкурсы прыгажосці?

— Я яшчэ магу зразумець конкурсы прыгажосці для дарослых, дзе дзяўчат ацэньваюць з пазіцыі прывабнасці. Бо на падсвядомасці прывабны вобраз вядзе да прадаўжэння роду. А па якім прынцыпе ацэньваюць дзяцей? Па прыгажосці чаго? У гэтым няма ніякага сэнсу. Так толькі нараджаецца мара нічога не рабіць і не вучыцца. І, праўда, навошта, калі ўсе табе апладзіруюць і ўсё само валіцца да ног? Альбо іншы прыклад: у шэсць гадоў дзіця выклікае проста замілаванне, а потым тая дзяўчынка расце, змяняюцца прапорцыі цела, і як тут успрымаць перамены, калі ў галаве закладзена, што ты ідэальная?

— Неяк вы напісалі «Мода па сваёй сутнасці — унікальны спосаб уцёку ад рэальнага жыцця»...

— Мода — яна ідэальная і духоўная. У якасці першапачатковага матэрыялу бярэцца тканіна, а ў выніку мы атрымліваем вобраз, які немагчыма «пралічыць». Мода з'яўляецца па сутнасці сваёй менавіта ідэяй, вобразам. Яна не мае ніякага дачынення да простага адзення, якое мы надзяваем, каб абараніць сваё цела.

— Глянцавыя часопісы могуць дыктаваць моду?

— Не, таму што такія часопісы рэкламуюць тавар, які трэба прадаць абывацелю без уласнай думкі. Глянцавыя часопісы фарміруюць пэўную прастору, напаўняюць яе незразумелымі словамі і прадметамі, а потым тыя, хто не ўпісваецца ў гэтую ідэальную карцінку, застаюцца быццам бы «за бортам».

— Тады дзе б параілі шукаць падказкі тым, хто яшчэ не вызначыўся з уяўленнямі пра ўласны стыль?

— У тэатры, кіно, у музыцы, у іншых відах мастацтва. І гэта не будзе капіраваннем, таму што, гледзячы на чыюсьці цудоўную працу, мы адкрываем для сябе прыгажосць, пачынаем глядзець на свет усё больш адкрыта.

— Як казала Како Шанель: «Мода праходзіць, а стыль застаецца»...

— Густ застаецца! І гэта не тое самае, што і стыль, а больш высокае паняцце. Калі ты можаш у адным вобразе спалучаць розныя стылі, то гэта і ёсць густ, які застаецца з табой.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».