Вы тут

Максім Лужанін: Сэнс літаратуры — найчысцейшая ў свеце праўда


Набліжалася 80-годдзе Максіма Лужаніна. Я вырашыў узяць у пісьменніка інтэрв'ю для газеты, у якой я тады працаваў. Гутарка, аднак, выйшла далёка за межы традыцыйнага інтэрв'ю. У газеце я змог надрукаваць недзе адну пятую з таго, што было запісана. Астатняе засталося ў рукапісе.


Нядаўна, перабіраючы свой архіў, я наткнуўся на гэты рукапіс. Прачытаў. Думкі, ацэнкі, развагі класіка беларускай літаратуры падаліся мне цікавымі для сённяшняга чытача.

Гэтак яно рабілася

— Пара вашага літаратурнага станаўлення прыйшлася на пачатак 1920-х гадоў. У той час у беларускую літаратуру на хвалі рэвалюцыйнага абнаўлення, нацыянальнага адраджэння прыйшла цэлая плеяда яркіх, таленавітых асоб. Напэўна, з многімі з іх вы былі знаёмыя. Магчыма, яны рабілі нейкі ўплыў на вашу творчасць...

— Мне, безумоўна, пашанцавала. З самага пачатку лёс звёў мяне з найцікавейшымі, цудоўнымі людзьмі. У Беларускім педагагічным тэхнікуме, куды я паступіў летам 1924 года, студыяй «Маладняка» кіраваў вядомы празаік Міхась Зарэцкі. На нашыя заняткі ён нярэдка запрашаў сваіх таварышаў, старэйшых і маладзейшых. Жывыя, непасрэдныя гутаркі з імі, канешне ж, не маглі не зрабіць свайго дабратворнага ўплыву на студыйцаў-пачаткоўцаў.

Рукапіс маёй першай паэтычнай кніжкі чытаў і блаславіў у друк Цішка Гартны. Пашчаслівілася мне таксама мець зносіны з Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Змітраком Бядулем. Я ўжо не кажу пра сустрэчы з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Кожная такая сустрэча давала штуршок наперад, прыклад іх літаратурнага майстэрства абавязваў нас да сур'ёзнай, патрабавальнай працы, а крытычныя заўвагі і практычныя парады вымушалі задумвацца аб высокай пісьменніцкай місіі.

— Вы ўпамянулі студыю «Маладняка». Трапіць туды лічылася за вялікі гонар. Чаму ж вы, пабыўшы ў гэтым аб'яднанні недзе з год, выйшлі адтуль?

— Уласна кажучы, я выходзіў з «Маладняка» не таму, што зрабілася там цесна і душна. На мой тагачасны літаратурны рост у арганізацыі хапала і паветра і прасторы. Мяне (ды, відаць, не памылюся, калі скажу — і маіх сяброў) прыцягвалі да выйшаўшых раней таварышаў іх літаратурныя магчымасці. Каля гэтых людзей, думалася нам, малодшым, прасторней будзе ў хадзе, больш магчымасцяў для навукі, калі не літаральнай, дык праз творы. Ім жа, старэйшым, хто паспеў сфарміравацца як літаратар, было ўжо добра відаць, што літаратура перарастае «адзежыну» арганізацыйных формаў. Неўзабаве гэта стала зразумела больш шырока. Пасля ўтварэння намі «Узвышша» з таго ж «Маладняка» выйшла яшчэ група, каб аб'яднацца ў «Полымя».

Што дало мне асабіста новае літаратурнае асяроддзе? Перш за ўсё гэта быў крок у паглыбленне, паляпшэнне літаратурнай работы. Хоць напісаў я ў тыя гады даволі шмат зялёнага, аб чым цяпер не дужа хочацца прызнавацца, затое навучыўся разумець: літаратура не любіць напалавіну прыкладзеных рук, не да астатку раскрытае душы.

Пасля заканчэння педтэхнікума я паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта. І здарылася так, што ва ўніверсітэце мы зноў сабраліся разам на адным курсе: Трус, Глебка, Дарожны, я і наш былы студыйны настаўнік Зарэцкі. На старшых курсах было таксама даволі шмат літаратараў. Аднак не ўсе з іх здолелі па-сапраўднаму стаць членамі новага студэнцкага калектыву. Пачаліся непаразуменні, неразумныя выбрыкі супраць пісьменнікаў у студэнцкім друку.

Тады наогул літаратура ўваходзіла ў пару бурных дыспутаў, зацяжных дыскусій, жорсткіх узаемных атак адной літаратурнай арганізацыі на другую. Таму большасць з нас вучылася кепскавата, а я з-за недаравальнай легкадумнасці навучання не закончыў і быў вымушаны пасля доўга сляпіць вочы, давучвацца саматугам.

— Аляксандр Амвросьевіч, вы былі не толькі сведкам такой глабальнай з'явы, як калектывізацыя, але і яе непасрэдным удзельнікам. Якім чынам гэта адбылося?

— Вельмі проста. З мэтаю вывучэння жыцця я самастойна здзейсніў некалькі падарожжаў у новы дзень рэспублікі. Назапасілася багата матэрыялу, вочы сталі больш шырока і поўна глядзець навокал. Найбольш уразіла паездка па Палессі на пачатку 1930 года. Менавіта там мясцовыя кіраўнікі папрасілі мяне паўдзельнічаць у арганізацыі калгасаў каля Мазыра, у Юравіцкім і Тураўскім раёнах. Пасля гэтага ў мяне засталося некалькі тоўстых блакнотаў...

Мы, упаўнаважаныя, праводзілі бяссонныя ночы ў школах і хатах-чытальнях, агітуючы людзей запісвацца ў калгас. Але на ўсе нашы ўгаворы адказам было глухое маўчанне. Ажылі бандыцкія стрэлы, узнікалі пажары, варожыя рукі раскідвалі здабытыя за мяжой лістоўкі...

У вёсцы Азераны ўспыхнуў масавы бунт. На яго ўціхаміранне прыслалі вайскоўцаў. Аднак разгневаныя сяляне заляпілі каменданта гразёю, вайсковых закідалі камянямі, а работнікаў сельсавета загналі на дах.. Скончылася тым, што бабы пайшлі да абагуленай жывёлы, сякерамі разбілі замкнёныя дзверы і разагналі кароў і коней. Толькі на наступны дзень, калі на дапамогу вайскоўцам прыехала міліцыя, удалося навесці парадак.

У другой вёсцы міліцыя прыехала забіраць для высылкі на поўнач заможныя сем'і. Дык сын дзяка ўскочыў на званіцу і давай званіць. Пачалі збягацца бабы. (Чамусьці ўсюды закапёршчыкамі хваляванняў былі жанчыны. Мужчыны ж стаялі ўбаку, нервова пакурвалі самакруткі і назіралі.) Калі бралі дзяка, яго адстойвалі з каламі. Моцная бойка была. Выхапілі тры сям'і.

У Юравіцкім раёне паўстанні ўспыхнулі адразу ў чатырох вёсках. Раён практычна апынуўся на ваенным становішчы. З вялікім намаганнем створаныя ўвечары калгасы раніцай рассыпаліся. На сходах крычалі: «Мясцовай улады не прызнаем! Давай Чарвякова!», «Далоў калгас! Даеш Польшчу!» Зрывалі чырвоныя сцягі і вывешвалі белыя. Пасылалі хадакоў у сталіцу. Іх вярталі: адных з Мазыра, другіх — з Мінска. І адпраўлялі на вывазку лесу.

Я многа чаго не разумеў, шмат у чым вагаўся. Але ўсё, што бачыў і чуў, запісваў сумленна. І ў мяне паступова складвалася агульнае ўражанне. Вельмі прыкрае ўражанне. Было відаць, што мясцовыя ўлады з работай па калектывізацыі не спраўляюцца. Старшыня сельсавета не ведае, на каго можна абаперціся. Не ведае, колькі разабрана (самавольна!) насення. Колькі чалавек у групе беднаты. Актывісты запалоханыя і не праяўляюць ніякай ініцыятывы. Пастановы пра высяленне надзвычай шаблонныя, мала канкрэтных фактаў, усё агульныя фразы. І людзі часта не разумеюць, за што іх раскулачваюць. Таму работа фактычна спынілася. Калі пачыналі прыставаць з угаворамі ісці ў калгас, людзі даставалі з-за пазухі газету з артыкулам Сталіна і трэслі ёю: «Мы таксама граматныя. Вось пачытайце!»

Але і там, дзе калгас сяк-так скалацілі, ніякай работы не вялося — ні падрыхтоўкі да перавыбараў, ні пасеўкампаніі, ні збору попелу. Мёртва. Старшыня малаграматны і сам не ведае, хто ў яго ў праўленні. Не ўмее чытаць па-беларуску. Моладзь не ведае, чым заняцца. Радыё- і кінаперасоўкі не працуюць. Бібліятэка бедная: пяцьдзясят беларускіх кніжак, пяць газет («Звязда», «Правда», «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Бязбожнік»), два часопісы («Шляхі калектывізацыі» і «Изба-читальня»).

Крыху лепшай аказалася сітуацыя ў Тураўскім раёне. Тут, дзякуючы неблагой рабоце актыву сярод насельніцтва, ні паўстанняў, ні бунтаў фактычна не было. І ўжо ў 1930 г. на Тураўшчыне змаглі арганізаваць 29 калгасаў. Асабліва мяне здзівіў рост мясцовай партячэйкі. Амаль адначасова падалі заяву на ўступленне ў партыю 20 чалавек. Памятаю, пытаюся ў аднаго жыхара, Навума Палубца: «Чаму ўступаеш?». А ён адказвае: «Кіпучы мамэнт. Хачу памагаць партыйцам».

Але і тут не абыходзілася без вострых сутычак, шматлікіх непаразуменняў. На сходзе, здаецца, у вёсцы Тонеж, мяне засыпалі пытаннямі: «А што будзе, калі цэлая вёска не пойдзе ў калгас?», «Якія правы будуць тым, хто запішацца ў калгас?» І нават такое: «Хто вам даў гэтае права так людзей мучыць?» Да глыбокай ночы я цярпліва тлумачыў людзям, што да чаго, і ў канцы сходу пачуў прыемнае для сябе: «От каб гэтак адразу казалі, чаго б мы тады супраціўляліся? А то: не пойдзеш у калгас — не будзе табе тут месца! Гэны самы начальнік міліцыі, што сёння так мякка гаворыць, дык да яго ні прыступу не было. Запісвайся — і ўся справа...»

Але тады, я павінен вам шчыра прызнацца, усе гэтыя дзеянні мясцовых улад у мяне, як упаўнаважанага, не выклікалі не толькі пратэсту, а нават сумненняў у правільнасці курсу на суцэльную і паскораную калектывізацыю. Занадта моцнай была вера ў неабходнасць рэвалюцыйнай перабудовы грамадства.

Ноччу пастукалі ў дзверы...

— Убачанае і пачутае нейкім чынам паўплывала на вашу творчасць?

— Канешне, уплывала. Але не толькі гэты мой вопыт упаўнаважанага. У тыя гады я шмат ездзіў па Беларусі. І з маладнякоўскімі, і з «белапаўскімі» брыгадамі аб'ездзіў усе нашы гарады, пабываў на буйнейшых заводах і будоўлях. І ў меру сваіх здольнасцяў адгукаўся на ўбачанае — вершамі, паэмамі, апавяданнямі. Творы мае друкаваліся ў часопісах і газетах, выходзілі асобнымі кнігамі.

Разам з тым павінен сказаць, што быў уплыў і іншага характару. Хоць творчая моладзь і сябравала, нягледзячы на розную арганізацыйную прыналежнасць, былі аднак аматары пагрэць рукі на раздзіманні варожасці. Атмасфера была напружаная і нервовая. Узаемныя крыўды, недаверлівасць, абвінавачванні, часта праўдзівыя, але абавязкова перабольшаныя — з зярняці да снежнай лавіны.

У 1930 годзе прайшлі першыя арышты беларускіх вучоных, пісьменнікаў, былых дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху. Пагроза расправы навісла над Янкам Купалам і Якубам Коласам. Смяротны ўдар быў нанесены згуртаванню «Узвышша» і яго органу — часопісу пад той жа назвай. Былі арыштаваны многія ўзвышаўцы, а само згуртаванне і часопіс неў-забаве закрыты...

Супраць амаль усіх узвышаўцаў, у тым ліку і супраць мяне, прад'яўляліся самыя неверагодныя палітычныя абвінавачванні. Бяда ў тым, што я сам і мая літаратурная раўня не ўмелі пісаць дакладна і выразна. Гэта давала магчымасць адвольнага тлумачэння твораў, дарэмных прычэпак, а то і проста махлярскага перакручвання.

— Як жа вы маглі працаваць у такой атмасферы?

— А мне і не далі працаваць. Усе мае далейшыя творчыя планы былі неўзабаве парушаны. Золкай сакавіцкай ноччу 1933 г. мне даволі настойліва пастукалі ў дзверы. Літаратурную працу давялося прыпыніць якраз тады, калі я пачаў станавіцца на ногі. А пра тое, што перажыў у турме і ў высылцы, прабачце, не хачу расказваць...

— Што ж памагло выстаяць, выжыць?

— Вы ведаеце, можа, гэта прагучыць трохі напышліва, але я скажу цвёрда: вера. Вера ў нашы ідэалы, у лепшую будучыню, у тое, што ракавая памылка ў дачыненні да мяне будзе ў рэшце рэшт выпраўлена і справядлівасць пераможа. Аб гэтым я нават верш напісаў: «Вось так я верыў... Можа, слепа, / ды гэтым дні трымаў свае / і з пайкай лагернага хлеба, / а часцяком і без яе...»

А яшчэ ў гэты цяжкі час мяне вельмі моцна падтрымала мая жонка, вядомая сёння паэтэса Яўгенія Пфляўбаўм. Яна, ахвяраваўшы ўсім, не пакінула мяне ў бядзе, прабыла ўсе тры гады разам са мною ў высылцы. Колькі жыць буду, буду ёй удзячны за гэта.

— Скажыце, калі ласка, а як нарадзіўся ваш псеўданім — Максім Лужанін?

— Тады, у дваццатыя гады, калі я пачынаў пісаць, было вельмі модна і нават прэстыжна выбіраць сабе прыгожыя, паэтычныя псеўданімы. Міхась Чарот, Алесь Дудар, Сяргей Ракіта, Цішка Гартны... Ну вось захацелася і мне замест праставатага Каратай выбраць прозвішча больш прывабнае, мілагучнае. Стаў думаць. Зямля наша беларуская багатая на лугі і лугавіны. А там буяе шмат рознага квету і красак. Гэтакая ж і наша мова — шматколерная і шматфарбная. Таму я і Лужанін. Што ж да імя Максім, то гэта ў гонар Максіма Багдановіча. Я хацеў, каб гэтае імя заўсёды было маім паэтычным эталонам.

У сузор'і талентаў

— Аляксандр Амвросьевіч, на вашым жыццёвым шляху сустракалася шмат яркіх, таленавітых асоб. Хто з іх і чым вам запомніўся найбольш?

— У гэтым сэнсе мне вельмі пашанцавала. Паступіўшы ў 1924 годзе ў Мінскі педагагічны тэхнікум, я апынуўся ў гушчы літаратурнага, а крыху пазней і грамадска-палітычнага жыцця. Каб расказаць пра ўсіх, з кім сустракаўся, сябраваў, вёў гарачыя, задзірыстыя дыскусіі, у каго вучыўся жыццю і творчасці, нам з вамі не хопіць і цэлага дня. Таму, відаць, я спынюся толькі на тых асобах, хто зрабіў на мяне лёсавызначальны ўплыў.

Найперш — пра Янку Купалу. Першы раз я ўбачыў яго ў нас, на адным з тэхнікумаўскіх вечароў. Сіламі студэнцкага гуртка ладзілі «літаратурны суд над Лабановічам як грамадскім дзеячам». Колас сядзеў у пярэднім радзе, сур'ёзны, нават крыху суровы. Поруч з ім быў чалавек, які трымаўся іначай. Ён штосьці гаварыў Коласу на вуха, пасміхаўся і часам нават пляскаў у далоні, калі «пракурору» ці «абаронцу» ўдавалася заблытаць каго-небудзь са сведак. Седзячы збоку, я не мог добра разгледзець аблічча гэтага чалавека, але міжволі чамусьці сачыў болей за ім, чым за тым, што адбывалася на сцэне. І не адзін я рабіў гэта: многія позіркі і галовы былі скіраваны ў бок незнаёмага. Раптам ён павярнуўся назад, і я пазнаў: Купала!

Але ў той вечар ні пабыць побач з любімым паэтам, ні тым больш пагаварыць з ім не ўдалося. Пасля «суда» Купала і Колас выйшлі з клуба разам і накіраваліся ўніз па вуліцы да рэчкі.

Аднак я не губляў надзеі, што яшчэ ўбачу Купалу. І такі выпадак неўзабаве надарыўся. Аднаго разу маладыя літаратары, седзячы ў Доме пісьменніка на Савецкай вуліцы, дзяліліся ўражаннямі аб нядаўнім літаратурным вечары, дзе выступаў і народны пясняр. Мікола Нікановіч, наш весялун і перасмешнік, даволі ўдала імітаваў Купалава чытанне. Тым часам нячутна адчыніліся дзверы, і голас, вельмі падобны да таго, які мы слухалі, перапыніў імітатара:

— А нішто сабе выходзіць, ліханька!

У пакой зайшоў Купала. Збянтэжаны, Мікола густа пачырванеў і хацеў уцякаць. Але Купала затрымаў яго і, каб зняць узніклую няёмкасць, павёў усіх нас у буфет. Вось дзе мы ўжо нагаварыліся!

Ведаеце, Купала ўвогуле быў стрыманы на выяўленне пачуццяў, раскрываўся перад суразмоўнікам не часта і ненадоўга. Гаварыў мала і скупа, ажыўленую размову падтрымліваў хіба што ў коле прыемных яму людзей, калі быў у асабліва добрым настроі.

Гэта не значыць, што ён шукаў адзіноты. Купала любіў бываць сярод людзей, і людзі шанавалі і ўмелі цаніць яго прысутнасць. Паэтычная моладзь таго часу гарнулася да Купалы, дзверы яго гасціннага дома не паспявалі зачыняцца за шматлікімі наведвальнікамі. Ён ведаў у твар усіх, каму ўдалося напісаць дзясятак прыстойных радкоў.

— Вы былі добра знаёмыя, нават, здаецца, трохі сябравалі з Кузьмой Чорным.

— Ну, сябравалі — гэта, можа, і гучна сказана. Але адносіны паміж намі сапраўды былі вельмі цёплыя, шчырыя, таварыскія. Першы раз я ўбачыў Кузьму Чорнага на пачатку зімы 1925 года. У рэдакцыі «Звязды» было чытанне новых твораў. Сабралася шмат прысутных — маладых літаратараў, студэнтаў універсітэта, супрацоўнікаў рэдакцыі.

Кузьма Чорны сядзеў на крэсле паміж двума сталамі, спінаю да акна. Па першых апавяданнях, так ці іначай звязаных з ваеннай тэмай, і па псеўданіме, пісьменнік уяўляўся мне высокім, шыракаплечым здаравяком, з гучным голасам, у скураной куртцы. І якое ж было маё расчараванне, калі я ўбачыў ціхага бялявага чалавека ў «міншвееўскім» мышастым бобрыку. Маладое, занадта белае, нібы крыху хваравітае аблічча з рэзка акрэсленай губою і раздвоеным падбародкам. Прыцягваў увагу толькі цудоўны высокі лоб, які надаваў твару выраз задумення, глыбокага роздуму.

Чытаць Кузьму Чорнаму давялося апошнім, калі аўдыторыя ўжо стамілася. Таму чытаў ён спяшаючыся, не зусім выразна, без усякіх намаганняў падкрэсліць, падаць эфектны момант. Ці то з-за гэтай абегласці вымаўлення, ці з-за адсутнасці розных модных на той час літаратурных штукарстваў апавяданне не зрабіла ўражання на прысутных. Затое заўвагі, справядлівыя і несправядлівыя, пасыпаліся як з меха. На здзіўленне, Чорны нікому не пярэчыў. Ён згарнуў рукапіс і, прамовіўшы нешта накшталт «трэба раздумацца», пачаў апранацца...

Года праз паўтара на адным з падобных літаратурных сходаў мне ўжо давялося чытаць самому. У адным з прачытаных вершаў былі радкі, дзе гаварылася, што я чую пад нагою кожны камень і нават шуршанне пяску. Гэтыя словы не прэтэндавалі ні на якія абагульненні і былі выкліканы выключна катастрафічным станам маіх студэнцкіх чаравікаў. Аднак Чорнаму штосьці ў іх спадабалася. Ён пасадзіў мяне поруч і нязвыкла доўга гаварыў пра паэзію, пра вучобу. Потым запытаўся:

— А ты не хворы?

Я сумеўся.

— А чаму ты як ідзеш, дык нагамі соваеш?

Праклятыя чаравікі! Я сапраўды баяўся падымаць ногі, каб не паказаць пратоптаных да дзірак падэшваў.

Чорны зірнуў на мяне і пра ўсё здагадаўся.

— Заходзь да мяне ў «Вёску». І вершаў захапі, каб да жніва падышлі. Па-мойму, добра робіш, што прасцей пісаць стараешся. А чаравікі — купіш...

Ад таго часу пры сустрэчы ён, трымаючы маю руку ў сваёй, крыху адступаўся, уважна аглядаў мой абутак, круціў галавою, і мы дружна рагаталі.

«Перасолы» і «недасолы»

— Як цікава было б яшчэ паслухаць ад вас аповеды пра іншых вашых сяброў-калег — маладнякоўцаў Паўлюка Труса, Алеся Дудара, Сяргея Дарожнага, «узвышэнцаў» Адама Бабарэку, Уладзіміра Дубоўку, Язэпа Пушчу, Андрэя Мрыя... А сёння не магу не запытацца пра Уладзіміра Караткевіча. Ведаю, што вы блаславілі ў друк яго самы значны і, можа, самы пакутны твор — раман «Каласы пад сярпом тваім», напісаўшы для выдавецтва небывала вялікую рэцэнзію з мноствам крытычных заўваг, пасля якіх аўтар, нібыта, вельмі на вас пакрыўдзіўся.

— Не, усё было трохі не так. Аднойчы ў выдавецтве мне паказалі некалькі пухлых папак, патлумачыўшы, што гэта рукапіс рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман ужо друкаваўся ў часопісе «Полымя», але ў вельмі скарочаным і адрэдагаваным варыянце. А гэта — рукапіс у яго першасным выглядзе, як ён сышоў з пісьменніцкага варштата. І цяпер выдавецкія работнікі не ведаюць, што з ім рабіць. Я выказаў жаданне твор пачытаць і напісаць рэцэнзію. Выдаўцы абрадаваліся і блаславілі. Перацягаўшы папкі ў машыну, я завёз іх на дачу і засеў за чытанне.

Канешне ж, у рамане вялізных памераў, якіх у нас яшчэ не было, малады аўтар не з усім управіўся даць рады. Недзе не дапільнаваў добрага густу, недзе не ўлічыў асаблівасцяў часу. Аднак недакладнасці і невыразнасці, перасолы і недасолы, пра якія давялося чуць у рэдакцыі «Полымя», не бачыліся мне неадольнымі. Бо было галоўнае: твор жыў і жыццё ў яго ўдыхнута сапраўдным талентам. Аўтар адгарнуў немалую скібіну, стварыў шырокую панараму гераічных і трагічных падзей напярэдадні паўстання 1863 года. Захаплялі шматлікія эпізоды, дзе дыхалі, дзейнічалі, гаравалі і радаваліся жывыя людзі, кожны са сваім абліччам і клопатам, ствараючы атмасферу праўды, якую не падменіш і якую называюць мастацкаю.

Пра ўсё гэта я і сказаў у сваёй рэцэнзіі, зрабіўшы, аднак, і значную колькасць не заўсёды далікатных заўваг. Пры гэтым агаварыў, што гэта, хутчэй, і не заўвагі, а засмучэнні прыдзірлівага чытача, што вось тут аўтар мог сказаць лепей і чамусьці не сказаў, тут, замест таго каб ісці проста, даў вярсту кругу, там — натхнёна ляпіў вобраз і раптам — недакладным словам, непрадуманым учынкам перасаладзіў ці перагарчыў яго, а там — лінуў фарбы, калі трэба было ледзь даткнуцца пэндзлем.

І падагуліў свае заўвагі так: час, які адлучае аўтара ад напісання рамана, дае магчымасці для цвярозай развагі і дзеянняў у дачыненні напісанага ім з любоўю, талентам і дасведчанасцю.

— І што Караткевіч?

— Успрыняў даволі спакойна. Нават сказаў: «Ну вы крыху падсаладзілі, каб у выдавецтве не чапляліся...»

— Але гэта яшчэ не ўсё, — сказаў я тады. — Найбольш клёку — у «птушках» на кожнай старонцы. Доўга пісаць трэба.

— А вы не пішыце. Сядзем, перагартаем рукапіс. Што адразу папраўлю, а тое-сёе потым, падумаўшы.

Так і зрабілі. Некалькі дзён мы з Валодзем працавалі не разгінаючыся з ранку да вечара. Значную частку заўваг знялі, астатнія, больш сур'ёзныя, ён забраў дадому — падумаць.

Якое ж было маё расчараванне, калі праз пэўны час папкі зноў трапілі ў мае рукі і я ўбачыў, што Валодзя адно толькі ахайненька павыціраў сляды алоўка на пазначаных намі старонках — вось і ўся работа. Не буду ўтойваць, стала гаркавата.

І тады я першапачатковы варыянт рэцэнзіі стаў дапаўняць усімі іншымі сваімі засмучэннямі і пажаданнямі. Атрымалася і сапраўды мнагавата — 75 старонак машынапісу. Калі рэцэнзія была скончана, Валодзя прыехаў да мяне, пачытаў, прызнаўся, што вярнуў рукапіс «з гарачых вачэй», не спадзеючыся на выхад кнігі пасля любых пераробак.

— А як цяпер? — папытаўся я.

— Цяпер спадзяюся.

І сам завёз рукапіс у выдавецтва.

— У кожнага пісьменніка, як вядома, свая манера пісання, свае няпісаныя правілы і звычкі. А як працаваў Караткевіч?

— Як працаваў? Поначы і хутка. З папяросай і шклянкай чорнай кавы, за ноч не адной. Ніводнага разу я не бачыў, каб ён пісаў, абкладзены стосамі кніжак. Здавалася, што ён і не звяртаўся да кніг і дакументаў, здабываючы ўсё патрэбнае з глыбіні бяздоннай сваёй памяці.

Аднойчы я меў магчымасць непасрэдна назіраць, як Валодзя працуе. Рэдакцыя «Полымя» папрасіла ў яго напісаць пра мяне артыкул. Валодзя прыехаў у наш дачны пасёлак з самага рання. Размаўляючы пра ўсё на свеце, пра яго і пра мяне, пра нашых сваякоў, смуткі і ўпадабанні, мы прабавілі дзень і заўтрашнюю раніцу. Валодзя не разлучаўся з блакнотам, час ад часу нешта натуючы. На адыходзе папрасіў пачытаць што-небудзь з новага. Я выбраў урыўкі з паэмы «Так нараджаўся новы свет». Валодзя хутка запісваў асобныя строфы. Узяць перапісаныя на машынцы раздзелы адмовіўся, сказаў, што запісаў дакладна.

І праўда, чытаючы ў часопісе яго артыкул, цытаты, запісаныя, здавалася б, похапкам, нідзе не былі перайначаны, нават неабавязковыя, інтанацыйныя знакі прыпынку стаялі на сваім месцы. Хуткасць чытання і запісвання ў яго была наўздзіўная, можна сказаць, маланкавая. Як і здольнасць запамінаць.

Марыў дабрацца да маёй бібліятэкі, асабліва да некаторых гістарычных і літаратурных рарытэтаў. А часта мы проста абменьваліся дэтэктывамі, звычайна на польскай мове. Адну кніжку, вельмі ўпадабаную, нават збіраліся разам перакласці. Перашкодзіла хвароба, з якой ён надоўга злёг у бальніцу.

Апошні раз ён пазваніў мне па тэлефоне недзе ў сярэдзіне дня. Я ўзрадаваўся. Спадзяваўся, што за тэлефонным званком прыйдзе і сам, і паплыве ў нас, як звычайна, шырокая размова са спасылкамі на вялікія цені папярэднікаў, пачую пераказы смешных і трагічных здарэнняў, а ведаў і помніў Валодзя болей чым можна ўявіць, быў чалавекам розуму сапраўды энцыклапедычнага.

Аж трубка расчаравала.

— Еду на Прыпяць, — чамусьці ўздыхнуў Валодзя.

На ўгаворы, што ён яшчэ не акрыяў пасля хваробы, што ў падарожжы тым невядома дзе будзеш начаваць, што трапіцца з'есці, гаварыў адно:

— Паеду. Са мною добрыя хлопцы. А можа, гэта апошні раз.

Так і напрарочыў сабе. Больш мы не ўбачыліся, не перакінуліся словам.

— Значную частку свайго жыцця вы правялі побач з Якубам Коласам, працуючы ў яго літаратурным сакратаром. Што дало вам гэтае супрацоўніцтва як пісьменніку і як чалавеку?

— Вельмі многае. Хачу сказаць, што Колас жыве ўва мне адразу ў некалькіх іпастасях. Па-першае, як настаўнік — у прамым, літаральным сэнсе гэтага слова. У педтэхнікуме я вучыўся ў яго методыцы выкладання роднай мовы. Па-другое, як літаратурны настаўнік. У тыя гады, калі мне давялося пачынаць свой шлях у літаратуру, буйных паэтычных твораў, акрамя коласавых, яшчэ не было. І я многаму вучыўся ў Коласа. Пазней, калі я ўжо стаў працаваць з ім, гэтая вучоба набыла форму жывых непасрэдных гутарак. Ён вельмі строга ставіўся да маёй творчасці. Не пакідаў без увагі ніводнага нядбайнага слова, недакладнага выразу... Аднойчы, не паказаўшы рукапіс Коласу, я надрукаваў частку свайго твора ў часопісе. Ён шчыра пакрыўдзіўся. Мае апраўданні, што я пасаромеўся яго турбаваць, адымаць час, ён не прыняў. «А ты ж слухаеш тое, што я табе чытаю?» Пасля гэтага любы свой рукапіс на першую чытку я нёс Коласу, і ён заўсёды рабіў самыя дакладныя заўвагі, даваў самыя слушныя парады.

І трэцяя іпастась — чыста чалавечая. Колас па натуры быў чалавек увогуле даволі стрыманы, да размоў з мала знаёмымі людзьмі не вялікі ахвотнік. Але калі некаму давяраў, то ўжо раскрываў душу насцеж.

Не адразу сышоўся з ім і я. Колас доўга да мяне прыглядваўся, не раз і не два выпрабоўваў мяне ў розных абставінах. Знаёмства пачалося з сумеснай паездкі ў Маскву. Яшчэ па дарозе, у купэ, разгаварыліся. Колас многа і добра расказваў пра сябе, пра работу на Піншчыне, пра судовы працэс і турэмным зняволенні, пра тое, як стваралася «Новая зямля». А калі прыехалі і пасяліліся ў гасцініцы, Колас нечакана прапанаваў перайсці да яго ў нумар: «Удвух будзе весялей...»

З гэтага часу Колас як бы замяніў мне бацьку. Колькі ў нас было з ім шчырых, адкрытых, сардэчных размоў! Многае я выслухаў, многае запісаў. Кніга «Колас расказвае пра сябе» складаецца якраз з гэтых запісаў.

Гутарку вёў Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Духоўнасць, маральнасць — першасныя

Адзін з герояў Зіновія Прыгодзіча, яго суразмоўца па кнізе дыялогаў «Постаці», сказаў: «Духоўнасць, маральнасць — аснова прафесіяналізму...» Чытаючы кнігі вядомага ў краіне публіцыста, празаіка, паэта, журналіста, які аддаў частку свайго жыцця і «Звяздзе», і газеце «СБ. Беларусь сегодня» (быў у «Советской Белоруссии» галоўным рэдактарам), пераконваешся, што Зіновій Кірылавіч — шукальнік у людзях якраз найперш духоўнасці, маральнасці. За знешняй някідкасцю мастацкіх вобразаў і сімвалаў, якія дапамагаюць пісьменніку рабіць яго тэксты прыцягальнымі, хаваецца цеплыня, шчодрасць думак, рэльефнасць дабрыні і спагады, без якіх і свет не цікавы нават самымі каляровымі сваімі праявамі.

Яшчэ ў 1974 годзе пабачыла свет першая кніга Зіновія Прыгодзіча — «Добры дзень, сад!» З тае пары вырас сапраўдны сад кніг таленавітага і надзвычай цікавага творцы. Мне асабіста імпаніруе актыўная работа літаратара над дыялогамі, гутаркамі, інтэрв'ю. Надрукаваныя ў «Полымі» (а часам — і ў «Звяздзе»), яны паказваюць выбар пісьменніка, яго жаданне праз цікавых асоб стварыць партрэт часу, партрэт нашай Айчыны на пэўным адрэзку гістарычнага, грамадскага развіцця. Валерый Анісенка, Леанід Захлеўны, Георгій Паплаўскі, Янка Сіпакоў, Анатоль Сульянаў, Адам Мальдзіс, Іван Міско, Марыя Захарэвіч, Міхась Дрынеўскі... Кожны з суразмоўцаў пісьменніка цікавы і сваёй творчай біяграфіяй, і сваімі думкамі. Але ж цікава выбудаваны і дыялогі з імі. У гэтым — заслуга Зіновія Прыгодзіча. Невыпадкова газетныя і часопісныя публікацыі пасля становяцца кнігамі.

Дыялогі, гутаркі вылучаюць пісьменніка як тонкага знаўцу чалавечай псіхалогіі, далікатнага ў стасунках з суразмоўцамі журналіста. Выбраўшы правільную інтанацыю і ў зборы матэрыялу, і ў выкладанні яго чытачу, Зіновій Прыгодзіч заваяваў давер... А гэта таксама вельмі важна, гэта ў значнай ступені ўплывае на адкрытасць, шчырасць, узаемныя сімпатыі.

... У апошні час да чытача прыйшлі і публікацыі Зіновія Прыгодзіча, прысвечаныя яго вандроўкам па-за межамі Беларусі. І ў гэтых дакументальна-мастацкіх тэкстах пісьменнік выступае шукальнікам лепшых рыс чалавецтва, літаратарам, які і ў расповедзе пра іншыя народы і краіны сцвярджае ідэалы гуманістычнага развіцця грамадства.

Мікола Берлеж

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.