Вы тут

Энергія цяпла


Налета аб'ём цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў плануюць павялічыць на 30%

Жыллёвы фонд Беларусі старэе і патрабуе капрамонту і цеплавой мадэрнізацыі. Толькі падобныя мерапрыемствы дапамогуць знізіць удзельнае спажыванне цеплавой энергіі ў жылых і адміністрацыйных будынках. З прычыны таго, што сусветныя цэны на паліўна-энергетычныя рэсурсы працягваюць павялічвацца, мэтанакіраваныя крокі па энергазберажэнні становяцца ўсё больш актуальнымі і выходзяць на першы план.

21-31

Аб сённяшнім становішчы спраў у жыллёвым сектары і перспектывах на будучыню ішла размова на V Міжнароднай канферэнцыі па энергазберажэнні, якая была праведзена падчас XІX Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму ў Мінску.

Па энергаэфектыўнасці будынкаў распрацуюць тэхнічны рэгламент

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка ўпэўнены, што і надалей працягваць зводзіць энергаэфектыўнасць у галіне будаўніцтва будынкаў толькі да цеплавога супраціўлення загараджальных канструкцый досыць прымітыўна.

Напрыклад, у краінах ЕС пры будаўніцтве аб'ектаў спецыялісты выкарыстоўваюць комплексныя сістэмы ацэнкі будынкаў, ацэньваюць паказчыкі энергаэфектыўнасці ў сукупнасці.

Менавіта таму і было прынята рашэнне аб распрацоўцы асобнага тэхнічнага рэгламенту па энергаэфектыўнасці будынкаў. «Цяпер адна з арганізацый Мінбудархітэктуры ўжо прыступіла да гэтай работы», — сказаў Віктар Назаранка.

70% жылля «з'ядае» цяпло па максімуме

Як адзначыў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Трубіла, жыллёвы фонд краіны сёння налічвае больш за 1,5 млн жылых дамоў агульнай плошчай 244 млн квадратных метраў, у тым ліку каля 80 тысяч шматкватэрных жылых дамоў агульнай плошчай 140 млн «квадратаў». Больш за палову з іх маюць шматкватэрнае панэльнае выкананне, калі «хрушчоўкі» масава будаваліся пераважна яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Цяпер 89,5% жылога фонду краіны прыватызавана.

Аб'ёмы ўдзельнага спажывання цеплавой энергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне жылымі дамамі і адміністрацыйнымі будынкамі, уведзенымі ў эксплуатацыю да 1994 года (гэта каля 70% ад усяго аб'ёму жылфонду), складаюць ад 160 да 200 кВт/г на квадратны метр у год, а па асобных дамах — звыш 250 кВт/г на кв. м у год.

У дамах, пабудаваных з 1995 года па 2009 год, сярэдняе ўдзельнае спажыванне цеплавой энергіі складае да 160 кВт/г на кв. м у год. Пачынаючы з 2010 года, у краіне пачалося будаўніцтва так званых энергаэфектыўных дамоў. Цяпер у нас пабудавана прыкладна 1,6 млн квадратных метраў энергаэфектыўнага жылля з удзельным спажываннем цёплай энергіі менш за 90 кВт/г на кв. м у год. Спецыялісты падлічылі, што ў краіне эксплуатуецца менш 9% жылля, якое лічыцца энергаэфектыўным. Гэта новыя дамы і жылыя будынкі пасля мадэрнізацыі і капрамонту.

Значнае зніжэнне выдаткаў энергіі можа быць забяспечана за кошт рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў, сярод якіх аптымізацыя сістэм цеплазабеспячэння, выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, індывідуальны ўлік цепласпажывання і ўжыванне сістэм рэкуперацыі цяпла.

Капітальны рамонт вырашыць праблему толькі на трэць

У цэлым на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне ў жылых і грамадскіх будынках штогод выдаткоўваецца каля 40% ад агульнага аб'ёму вырабленай у краіне цеплавой энергіі, паведаміў намеснік міністра.

Поспехі пачнуцца ў нас толькі тады, калі на ўсіх этапах будзе ажыццяўляцца дакладны ўлік цеплавой энергіі.

Генадзь Трубіла падкрэсліў, што пытанне эканоміі энергіі павінна вырашацца эканамічна апраўданым спосабам. Адным з найбольш даступных і эфектыўных шляхоў эканоміі энергіі, якія існуюць у жыллёвым фондзе, з'яўляецца скарачэнне страт цяпла праз загараджальныя канструкцыі будынкаў — так званая цеплавая мадэрнізацыя.

Работы па цеплавой мадэрнізацыі пачалі выконвацца ў нас з 2003 года. З 2006 па 2014 год такая мадэрнізацыя жылых дамоў праведзена ў аб'ёме каля 7 млн квадратных метраў агульнай плошчы. На капітальны рамонт і цеплавую мадэрнізацыю штогод накіроўваецца прыкладна 2 трлн рублёў з бюджэтнай сферы і каля 700 млрд рублёў ад унясення платы насельніцтвам за капітальны рамонт.

Стратэгія па капітальным рамонце і цеплавой мадэрнізацыі жыллёвага фонду на 2011-2015 гады прадугледжвае цеплавую мадэрнізацыю не менш за 30% ад агульнага аб'ёму ўводу жылых дамоў пасля капітальнага рамонту. Гэта дарагое мерапрыемства, таму цеплавая мадэрнізацыя і не заўсёды праводзіцца пры капрамонце. Але яна досыць эфектыўная. Так, пасля правядзення цеплавой мадэрнізацыі сярэдняе спажыванне цеплавой энергіі зніжаецца да 80 кВт/г на кв. м у год. Таму распрацоўшчыкі падобнай стратэгіі плануюць павялічыць у 2015 годзе ўвод жылых дамоў пасля цеплавой мадэрнізацыі у параўнанні з гэтым годам у 1,3 раза і давесці гадавы план да 1,5 млн квадратных метраў жылля.

Цяпер пры правядзенні капрамонту ў старым жылфондзе выконваюцца наступныя віды работ: капрамонт і мадэрнізацыя знешніх і ўнутраных інжынерных сетак дома, капрамонт электраабсталявання, добраўпарадкаванне, унутраныя работы, рамонт даху з уцяпленнем і цеплавая мадэрнізацыя. Кошт капрамонту квадратнага метра жылля пасля выканання ўсяго комплексу работ («хрушчоўка», 80 кватэр, 4 пад'езды, 5 паверхаў) складае крыху больш за 1 млн рублёў.

Як яшчэ можа быць зніжана цепласпажыванне?

Першае і, мабыць, самае важнае мерапрыемства ў комплексе — гэта ўцяпленне абалонкі будынка (утылізацыя цяпла вентыляцыйных выкідаў, цяпла сцёкавых вод, выкарыстанне энергіі аднаўляльных крыніц, аптымізацыя сістэм цеплазабеспячэння, кватэрнага ўліку цепласпажывання). Складаных тэрмінаў у спецыялістаў шмат. Аднак рэальныя вынікі бываюць далёка не па ўсіх гэтых пазіцыях.

Спецыялісты адзначаюць, што поспехі ў гэтай сферы пачнуцца ў нас толькі тады, калі на ўсіх этапах будзе ажыццяўляцца дакладны ўлік цеплавой энергіі. Пэўныя вынікі тут ужо ёсць. Сёння на 99% праведзена аснашчэнне шматкватэрных жылых дамоў групавымі прыборамі ўліку цяпла. Пасля чаго эканомія пачалася.

А вось з індывідуальным улікам усё крыху складаней. Зараз арганізацыя пакватэрнага ўліку цяпла з'яўляецца абавязковай нормай пры новым будаўніцтве жылых дамоў. Цяпер такімі персанальнымі прыборамі абсталяваны ў краіне 1800 жылых дамоў агульнай плошчай у 15 млн квадратных метраў. Жыхары каля 55 тысяч кватэр аплачваюць падачу цяпла згодна з паказчыкамі персанальных прыбораў. Генадзь Трубіла лічыць, што істотна павялічыць гэтыя лічбы сёння даволі складана, бо паставіць пакватэрныя лічыльнікі цяпла магчыма толькі ў новых дамах.

Сэканоміць цяпло дапамагае і прымяненне вентыляцыйнай сістэмы з рэкуперацыяй цяпла. Аднак у старым жылфондзе зрабіць такія сістэмы немагчыма. Не дазваляюць тэхнічныя магчымасці, калі толькі гаворка, вядома, не ідзе аб поўнай рэканструкцыі жылых дамоў. А на гэта ў нас проста грошай не хопіць.

Сяргей КУРКАЧ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».