Вы тут

Палонка, Руда-Яварская, Капці


На вашы пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ

Капылоў

Я даўно марыў даведацца гісторыю паходжання назваў вёсак, у якіх пажыў і папрацаваў за свае 83 гады. Я настаўнік матэматыкі, выкладаў у розных вясковых школах Беларусі. Цяпер, выйшаўшы на пенсію, стаў збіраць матэрыялы пра гэтыя вёскі.

Прашу надрукаваць у «Звяздзе» гістарычныя звесткі пра вёску Палонка былога Навамышанскага, а цяпер Баранавіцкага раёна. Дарэчы, у 2011 годзе пабачыла свет кніга пад назвай «Вёска Палонка і наваколле» накладам у 150 асобнікаў — яны хутка разышліся, таму праз год кніга пра вёсачку была перавыдадзеная.

У 1959–1965 гадах я працаваў у вёсцы Руда-Яварская (пра яе таксама планую выдаць кнігу) і Капці Дзятлаўскага раёна. Даведацца штосьці пра паходжанне іх назваў таксама было б вельмі цікава.

Газету «Звязда» я выпісваю даўно, і чытаю ўсе нумары. Таму буду чакаць адказу.

Аляксей ШЧАРБАЦЭВІЧ.

Наш чытач робіць надзвычай патрэбную і высакародную справу: стварае своеасаблівы летапіс беларускіх паселішчаў, з якімі ў розныя перыяды жыцця звязаў яго лёс. Упэўнены, што матэрыял, сабраны на мясцовасці, самы каштоўны і аб'ектыўны. Ён унясе значны ўклад у стварэнне гісторыка-культурнага зводу «Беларуская тапанімія». Кожная з названых у лісце вёсак мае сваю гісторыю, у кожнай назвы адметнае паходжанне.

Вёска Палонка. Сяло Палонка ў старабеларускіх пісьмовых помніках упершыню згадваецца ў пачатку XVІ стагоддзя як уладанне Сапегаў. Шмат гістарычных, часам лёсавызначальных, падзей звязана з гэтым месцам. Так, у 1506 годзе ў ваколіцах паселішча Палонка войскі на чале з гетманамі Міхаілам Глінскім і Станіславам Кішкам разграмілі татар. Пазней, падчас Трынаццацігадовай вайны (1654–1667), 28 чэрвеня 1660 года, на гэтым месцы адбылася вялікая бітва, у выніку якой аб'яднаныя сілы Рэчы Паспалітай пад камандаваннем гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага ўшчэнт разбілі маскоўскае войска на чале з ваяводамі Змеевым, Нашчокіным, Трубяцкім, Хаванскім і Шчарбатавым. Пры гэтым расійскія сілы пераўзыходзілі (46 тысяч) больш як у тры разы (15 тысяч) войска ВКЛ.

Важнай падзеяй у грамадскім духоўным жыцці вёскі было заснаванне ў 1680 годзе дамініканскага кляштара, які праіснаваў у Палонцы 150 гадоў, у пачатку XX стагоддзя тут была пабудавана драўляная царква. З 2‑й паловы XX стагоддзя Палонка стала своеасаблівым адукацыйным цэнтрам: у вёсцы дзейнічалі дзве яўрэйскія школы, а таксама царкоўна-прыходскія школы і папячыцельствы, а ў пачатку XX стагоддзя было адкрыта народнае вучылішча.

Не абмінулі вёску бокам рэвалюцыйныя і ваенныя падзеі XX стагоддзя. Такім чынам, гісторыя гэтай вёскі заслугоўвае таго, каб быць ушанаванай у кнізе. Спадзяюся, што новае выданне адкрые чытачам шматлікія невядомыя старонкі з жыцця легендарнага паселішча.

Назва вёскі Палонка паходзіць ад геаграфічнага тэрміна. У сучаснай беларускай мове палонкай называецца незамерзлы або расталы ўчастак ледзяной паверхні ракі або возера. Сустракаецца геаграфічны тэрмін палонка і ў народных гаворках беларусаў. Так, на паўночным усходзе і ўсходзе Беларусі палонкай называюць частку возера, дзе выходзяць падземныя воды. На тэрыторыі Цэнтральнага і Заходняга Палесся мясцовыя жыхары ўжываюць слова палонь для абазначэння чыстага, адкрытага месца без лесу і хмызняку, свабоднага для пашы або касьбы. Паказальна, што слова палоня сустракаецца ў большасці славянскіх моў: у польскай мове яно абазначае лужок у лесе; у чэшскай — раўніну; пласкагор'е; пляцоўку ў гарах; у славенскай — альпійскі луг, пашу, у сербскай і харвацкай — вялікую паляну ў лесе. Тапонім Палонка і аднакаранёвыя назвы Паланечка, Паланіца, Паланная, Палонск сустракаюцца на тэрыторыі Свіслацкага і Карэліцкага раёнаў Гродзенскай вобласці, у Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці і Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Аднайменныя назвы населеных пунктаў і мікрааб'ектаў шырока распаўсюджаны і за межамі Беларусі.

Вядомы географ В. Жучкевіч дапускаў сувязь назвы палонка з паняццем палон і выказваў гіпотэзу, што так маглі называцца паселішчы палонных татараў у XVІ стагоддзі. Аднак, на нашу думку, гэтую версію нельга лічыць праўдападобнай.

Вёска Руда-Яварская. На карце Беларусі паселішчы з назвай Руда сустракаюцца ў розных рэгіёнах краіны: Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці, Мёрскі раён Віцебскай вобласці, Навагрудскі, Слонімскі раёны Гродзенскай вобласці. На Гродзеншчыне азначаюцца тры састаўныя найменні, у склад якіх уваходзіць кампанент Руда: Ліпічанская Руда (Мастоўскі раён), Яварская Руда (Дзятлаўскі раён), Новая Руда (Гродзенскі раён). Амаль на ўсёй тэрыторыі нашай краіны засведчаны назвы дробных геаграфічных аб'ектаў, утвораныя ад слова руда. Рудой называецца паляна ў лесе (Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці), урочышча (Браслаўскі раён Віцебскай вобласці, Валожынскі раён Мінскай вобласці). Вельмі шмат аднакаранёвых найменняў адзначаецца ў розных раёнах краіны: Рудавінка (лес), Рудаель (сенажаць каля рэчкі), Рудая Лужа (паша), Рудзіца (балота), Рудзьма (сенажаць), Рудовіна (лес) і іншыя. Найбольш верагодна, што ўсе гэтыя найменні прама або ўскосна паказваюць на месцы, дзе залягае прыродная мінеральная сыравіна — руда. Рудой у мясцовых гаворках называюць таксама балотную ваду чырвона-белага колеру, якая з'яўляецца сведчаннем залежаў жалезнай руды. Назву Руда часам атрымлівалі і рэчкі, якія выцякалі з балот з «іржавай» вадой. Азначальны кампанент Яварская ўтвораны ад назвы паселішча Явар.

Копаць у некаторых беларускіх гаворках — гэта сажа, куродым. Верагодна, такую мянушку далі заснавальніку роду па асаблівасцях яго знешняга выгляду.

 

Вёска Капці. У аснову назвы вёскі пакладзена назва калектыву, дадзеная па мянушцы заснавальніка роду або першапасяленца. Паходзіць гэта найменне ад імя-мянушкі Копаць. Копаць у некаторых беларускіх гаворках — гэта сажа, куродым. Верагодна, такую мянушку далі заснавальніку роду па асаблівасцях яго знешняга выгляду. Прозвішча Копаць нярэдка сустракаецца ў сучаснай імена-
слоўнай сістэме беларусаў.

P. S. Шаноўныя чытачы! Вас цікавіць, што азначае назва горада, вёскі ці мястэчка, у якіх вы жывяце? А можа, той мясцовасці, адкуль вы родам? Вам хочацца ведаць, адкуль пайшлі найменні пэўных урочышчаў, лясоў, азёр, што размяшчаюцца ў вашай мясцовасці? Тады дасылайце свае лісты з пытаннямі на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага 10 а, газета «Звязда» або на электронную пошту іgumenskі@maіl.ru, з пазнакай «Ігуменскі тракт. Родныя тапонімы».

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Родныя тапонімы":

Дворышча

Анісімавічы і Дзераўная

Будынкі знікаюць - назвы застаюцца

Назвы прыдумаў Днепр

Я на Крынічнай. А дзе Радніковая?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.