Вы тут

Экс-дармаеду — 10 мільёнаў!


На Віцебшчыне ведаюць, як перавыхоўваць

Няма сумненняў у тым, што з дармаедамі, якія афіцыйна не працуюць, асабліва цырымоніцца не будуць. Калі ты не інвалід — працуй! Калі працуеш падпольна, легалізуйся і плаці падаткі. А як жа яшчэ? Нікому і нічога не павінен, буду піць і гуляць — за кошт сваякоў ці яшчэ нейкім чынам? Пры гэтым дайце мне бясплатную медыцыну, ахоўвайце мяне ад зладзеяў і іншае? Не, так справы не пойдуць!

Вядома, будзе зроблены акцэнт на тое, каб такія «асабліва адораныя» грамадзяне па добрай волі пажадалі працаваць. А як іх зацікавіць?

На Віцебшчыне ўжо выпрацавана «методыка», якая можа быць прыменена ў дачыненні да дармаедаў. Улада, у прыватнасці, мае добры вопыт перавыхавання бацькоў, якія павінны кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей. Такіх нядобрасумленных мам і татаў у свой час таксама называлі гультаямі. На жаль, не ўсе з іх «змянілі тытул». Але тыя, хто зразумелі, што даражэй за дзяцей няма нічога на свеце, пажадалі кардынальна змяніць лад жыцця, не шкадуюць. Некаторым можна нават пазайздросціць.

— Усе абавязаныя асобы, якія, згодна з патрабаваннямі прэзідэнцкага Дэкрэта №18, павінны кампенсаваць дзяржаве выдаткі, працуюць. А ўсяго з пачатку рэалізацыі адпаведнага дэкрэта, прынятага восенню 2006 года, уладкавалі на працу больш за 7,1 тысячы чалавек. Сёлета — 420. Сёння 35% з ліку абавязаных павінны ў месяц кампенсаваць 1,5-2 мільёны рублёў, 15% — звыш 3 мільёнаў... Большасць зарабляе штомесяц 2-2,5 мільёна. Пры гэтым ёсць прыклады, калі ў разы больш, — расказвае «Звяздзе» Ірына МАТВЕЕВА, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.

Пачуўшы пра заробак 10 мільёнаў рублёў у месяц, падумаў, што адказная асоба памылілася. А дзе так плацяць і за што?

Аказваецца, чалавек столькі зарабіў нават не сёлета, а летась. Ён збіраў садавіну для патрэб перапрацоўчага прадпрыемства, куды яго ўладкавалі.

— Ёсць нямала прыкладаў, калі на Віцебшчыне стымулююць абавязаных асоб змяніць лад жыцця. Напрыклад, на адным прыватным прадпрыемстве практыкуюцца індывідуальныя захады матэрыяльнага стымулявання — за высокія дасягненні ў працы. Там аказваецца і грашовая дапамога — у сувязі з чарговай датай заснавання фірмы, таксама ўручаюць падарункі да дзяржаўных святаў. Сярэдні заробак — 5 мільёнаў рублёў за месяц. У Наваполацкім прадпрыемстве, якое аказвае камунальныя паслугі насельніцтву, працуюць пяць абавязаных чалавек. Іх дзецям перадаюцца навагоднія падарункі, збіраюць канцылярскія прылады перад школай. Абавязаныя прайшлі прафесійнае навучанне без адрыву ад вытворчасці... І як вынік — яны аднаўляюцца ў бацькоўскіх правах, — працягвае мая суразмоўца.

Дык толькі працуй і завязвай з віном і гарэлкай?

— На жаль, у Віцебску мала абавязаных людзей, якія хочуць ісці на больш аплатную працу. Напрыклад, зарабляюць каля 1,8 мільёна рублёў, а пры нармальным стаўленні да працы зарплата склала б 3 мільёны. Прыкладна палова асоб павінны кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дваіх і больш дзяцей. А ўсяго ў Віцебску 613 абавязаных, і прыкладна 70% з іх — адзінокія мамы ва ўзросце да 35 гадоў, — расказвае Уладзімір ШЛОМА, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама.

— Працоўныя калектывы адыгрываюць важную ролю ў павышэнні адказнасці абавязаных асоб, фарміраванні здаровага ладу жыцця, павінны спрыяць аднаўленню ў бацькоўскіх правах. Уладкаваныя на прадпрыемствы і арганізацыі павінны адчуваць, што няма іншага выйсця, акрамя як добрасумленна працаваць. І абавязаныя павінны зразумець, што ў любым выпадку будуць кампенсаваць грошы за выхаванне сваіх дзяцей, — канстатаваў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама.

Прагульшчыкаў прымушаюць адпрацоўваць, тых, хто ўжо не можа жыць без гарэлкі, адпраўляюць у ЛПП, уцекачоў шукаюць. Добрых прыкладаў, калі бацькоў аднаўляюць у правах на выхаванне дзяцей, штогод становіцца ўсё больш.

Вопыт арганізацыі працы з гультаямі і дармаедамі на Віцебшчыне і Беларусі ў цэлым вывучаецца ў Расіі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».