Вы тут

Смартфон супраць ведаў?


Вяртаючыся з працы дадому, выпадкова сустрэў на трамвайным прыпынку сваю школьную настаўніцу. І размова паступова зайшла пра школьнікаў і сучасныя гаджаты. “Цяжкавата цяпер стала… – уздыхае настаўніца. – Даводзіцца адбіраць на час урока мабільныя тэлефоны. І толькі тады большасць вучняў пачынае штосьці слухаць…”

У мае школьныя часы “прасунутыя” тэлефоны (з не вельмі якаснай, але ўсё ж камерай і магчымасцю доступу ў Сеціва) з’явіліся ў шырокім карыстанні толькі пад канец базавага навучання. Стрымальным фактарам былі грошы: “наварочаны” па тагачасных мерках тэлефон ад Nokia ці SonyEricsson каштаваў больш за сярэднюю зарплату, ды і тарыфы на мабільны інтэрнэт, які тады толькі зараджаўся, былі ў параўнанні з цяперашнім часам сапраўды грабежніцкія. Але школьныя хітруны ўжо тады паставілі выкарыстанне, як кажуць, “на паток”. І гэта пры даволі сціплых магчымасцях тых апаратаў! На ўроках матэматыкі карысталіся інжынерным калькулятарам – вядома ж, употай. На кантрольных работах па фізіцы, хіміі ды алгебры перасылалі адно аднаму фотаздымкі з правільнымі варыянтамі рашэння (пры належнай “кваліфікацыі” гэта можна зрабіць за пару дзясяткаў секунд). На перапынках рыхтавался не да ўрокаў, а гулялі ў папулярны мабільны футбол.

Але гэта быў ужо дзясяты-адзінаццаты клас. Час, калі кожны для сябе вырашае, куды ён будзе паступаць пасля таго, як дырэктар школы ва ўрачыстых абставінах уручыць яму атэстат. У часы ж маленства, калі закладваецца асноўны фундамент будучых ведаў і якое прыйшлося на рубеж тысячагоддзяў, мабільны тэлефон выглядаў як сапраўдная экзотыка. Зараз жа танны смартфон з усімі сучаснымі “наваротамі” можна купіць нават менш чым за тыднёвы заробак.

І цяпер жа “прасунутыя” дзеці пайшлі яшчэ далей. Знаёмы васьмікласнік ганарыцца тым, што ён спісвае з сеціва тэксты на пераказах і дыктантах, робячы пры гэтым наўмысна адну-дзве памылкі, каб настаўніца нічога не заўважыла. Але аднойчы бацькі забыліся пакласці яму грошы на рахунак – і атрымаў шкаляр свае заслужаныя чатыры балы…

…На працу я штодня іду праз двары. На маім шляху ляжыць адна з даволі прэстыжных сталічных школ. І бачу, як дзеці ідуць на заняткі, пры гэтым літаральна ўтаропіўшыся ў экраны смартфонаў. Здавалася б, ну на што трэця- або чацвёртакласніку патрэбны сучасны смартфон? Патэлефанаваць маці ці бацьку хопіць і звычайнай “званілкі” (а я ўдосталь у свой час карыстаўся тэлефонам-аўтаматам). Але ж не апошнюю, калі не галоўную, ролю адыгрывае даніна модзе. У кампаніі іншых аднакласнікаў дзіця з танным тэлефонам будзе выглядаць гэтакім “жабраком”. А да чаго гэта прывядзе – зразумела…

Тое ж можна сказаць і пра планшэты. Аднак іх можна выкарыстаць са значна большай карысцю. У іх абарону можа служыць большая інтэрактыўнасць, ды і яны самі з’яўляюцца часта нагляднымі дапаможнікамі. Напрыклад, не такой вострай становіцца патрэбнасць у традыцыйных гістарычных атласах – у інтэрнэце ўжо даўно сустракаюцца карты, якія паказваюць змяненні межаў дзяржаў, ваенныя аперацыі… А цяпер параўнайце гэта з класічным атласам, дзе зачастую трэба маляваць у такой сітуацыі ўжо некалькі карт. Не кажучы ўжо пра магчымасць за лічаныя секунды адшукаць па ключавым слове ў нават таўшчэзным падручніку патрэбную інфармацыю. І адпадае патрэбнасць у гартанні старонак, што ў 500-старонкавым фаліянце можа расцягнуцца даволі надоўга.

Яшчэ адзін немалаважны аргумент – вага. Усё-такі не трэба цягаць з сабой у заплечніку цяжкія кнігі. Асабліва гэта можна адчуць на сваіх плячах, калі ў дзень у раскладзе стаяць пяць-шэсць урокаў.

Але ж працяглае карыстанне вадкакрысталічным экранам планшэта можа негатыўна адбіцца на зроку. Для незагартаваных дзіцячых вачэй гэты ўдар можа стаць вельмі адчувальным. Канешне, ніхто не забараняе карыстацца электроннымі кнігамі кшталту E-lnk (электроннай паперы). Рэклама нас запэўнівае, што экраны, зробленыя па гэтай тэхналогіі, для вачэй як быццам бяспечныя. Нават калі гэта і так, то вы дзе-небудзь бачылі каляровыя экраны E-lnk? Мне іх у крамах сустракаць пакуль што не даводзілася…

Так што свае плюсы і мінусы ёсць як у карыстанні традыцыйнымі папяровымі падручнікамі, так і электроннымі дапаможнікамі. Аднак як жа іх максімальна сумясціць? І не трэба забывацца на адну асаблівасць: калі ў дзіцяці ўжо сфарміраваўся рэфлекс хапаць у любую вольную хвілінку свой планшэт\смартфон і праседжваць доўгі час за гульнямі, то гэты варыянт інтэграцыі сучаснай тэхнікі ў навучальны працэс заведама пройгрышны…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».