Вы тут

Вярнуць храм да жыцця


Помнік архітэктуры ў вёсцы Забычанне аднаўляюць усім светам

Калі глядзіш на абразы 200-гадовай даўніны, адчуваеш міжвольнае трапятанне. Яны з тых самых касцюковіцкіх храмаў, якія ў 30-я гады мінулага стагоддзя рабаваліся і знішчаліся. Лікі некаторых святых перакрэслены. Нейкая гвалтоўная рука нават замалявала вочы Багародзіцы. Але знайшліся людзі, якія з рызыкай для сябе і сваіх родных захавалі іх для нашчадкаў.

Убачыла я тыя абразы на выстаўцы ў Касцюковіцкім краязнаўчым музеі. Настаяцель царквы святой Марыі-Магдаліны, протаіерэй Міхаіл сабраў іх тут разам, каб потым упрыгожыць імі Свята-Вазнясенскі храм у Забычанні.

І разны іканастас з Афона

Забычанскі храм лічыцца помнікам эклектычнай архітэктуры з элементамі псеўдарускага стылю і неаготыкі. Ён быў узведзены ў 1897 годзе, пасля таго як у драўлянай царкве ў гонар Святога Духа перастала хапаць месца. Будаваўся за кошт сродкаў тутэйшага памешчыка Аркадзя Астанкевіча і мясцовага насельніцтва.

— Пан запрасіў з Пецярбурга абрусеўшага нямецкага архітэктара Зімберга, які ўсе 4 гады, пакуль ішлі будаўнічыя работы, жыў у Забычанні, — удакладняе айцец Міхаіл. — Будынак і насамрэч атрымаўся ўнікальны. Сваімі какошнікамі ў купальнай частцы ён нагадвае Суздаль і Уладзімір, а ніжняй часткай — бастыёны Кенігсберга.

Распісаць храм унутры не паспелі: грымнула рэвалюцыя. Але іканастас быў, кажуць, рэдкай прыгажосці. Афонскія майстры пісалі абліччы святых на кіпарысавых дошках, якія потым пакрывалі тонкай разьбой. Рашоткі на вокны каваліся ў Пецярбургу і дастаўляліся ў Забычанне абозамі. Яны і цяпер радуюць вока. А вось абразы, на жаль, не захаваліся. Уцалеў толькі драўляны вынасны запрастольны крыж, пакрыты разьбой, які сёстры Федарыставы, пеўчыя храма, паспелі схаваць, калі знішчалі царкву. У 1990-я гады яны перадалі яго айцу Міхаілу. Цяпер крыж знаходзіцца ў іншым храме, але хутка вернецца на сваё месца.

Пакуль цяжка ацаніць былую прыгажосць храма. Унутры яго працуюць касцюковіцкія будаўнікі.

— Будынак вельмі запушчаны. Угнаенні, якія тут захоўваліся, значна яго пашкодзілі, — з веданнем справы кажа Антон Раманенка, які разам са сваімі напарнікамі тынкуе сцены. — А вось майстэрствам тых, хто будаваў гэты храм, нельга не захапіцца. У якасці гідраізаляцыі яны выкарыстоўвалі бярозавую кару. Ды і цэглу рабілі на сумленне: столькі часу прастаяць у занядбаным выглядзе і не разбурыцца!

Маладыя будаўнікі працуюць на нетыповым аб'екце з задавальненнем. Гэта табе не грамадзянская будоўля. Тут на кожным кроку вуглы, аркі — трэба пакарпець, каб потым не сорамна было за сваю працу.

На развітанне пытаюся ў будаўнікоў, ці не заўважалі яны часам тут нейкіх цудаў. Месца ўсё ж такі незвычайнае. Тыя толькі паціскаюць плячыма і ўсміхаюцца. Нічога асаблівага яны не заўважылі, калі толькі не лічыць цудам тую лёгкасць і супакаенне, якія ахопліваюць кожны раз, калі яны пачынаюць сваю справу. І незвычайным падалося ім тое, што ў гэтым закінутым будынку не знайшлося ніводнага павуціння.

Айцец Міхаіл аднаўляе ўжо чацвёрты храм.

11-19

Разбурыць царкву не дала старшыня калгаса

Пасля рэвалюцыі храм, хоць і з перапынкамі, але ж працаваў да 1932 года. Потым апошняга святара Віктара Барташэвіча рэпрэсіравалі разам з сям'ёй, а будынак аддалі калгасу. З храма скінулі крыжы і званы, а абразы і царкоўныя рэчы спалілі. У намоленае продкамі памяшканне пачалі сыпаць зерне. Падчас вайны пабудова значна пацярпела. Калі ішоў бой за вызваленне вёскі, на званіцы схаваліся 3 нямецкія снайперы. Выбіць іх было зусім не проста. У мірны час будынак працягвалі выкарыстоўваць як збожжасклад, а потым захоўвалі ўгнаенні. Апошнія 30 гадоў будынак стаяў наогул без даху, а на яго сценах выраслі нават бярозы.

Айцец Міхаіл лічыць, што, калі б не дапамога Касцюковіцкага райвыканкама, дэпутатаў, працоўных калектываў, аднавіць царкву было б немагчыма. Грошы, заробленыя падчас суботнікаў, пералічваліся на разліковы рахунак.

Валянціна Дадалева, якая ўзначаліла Забычанскі сельсавет у 2009 годзе, успамінае, што без жалю на тое, што засталося ад царквы, глядзець было нельга. Вакол велізарныя кусты, камяні, бярвёны. Каб выратаваць святыню, працавалі ўсёй вёскай. Дапамагалі школа, калгас, супрацоўнікі МНС. Вывозілі камяні, выкарчоўвалі карані, чысцілі дах. А школьнікі потым яшчэ і даследчую работу правялі. Апыталі ўсіх старажылаў, якія толькі нешта маглі сказаць пра храм.

11-20

Тое, што будынак наогул ацалеў, заслуга кіраўніка прыхода Зосі Бяляевай.

У савецкія гады ў раёне знеслі ўсе цагляныя храмы, акрамя гэтага. Зося Дзмітрыеўна, калі кіравала саўгасам «Забычанне», таксама атрымала загад ад райкама партыі прыбраць з вачэй далоў культавы будынак. Але яна не толькі яго не знесла, а яшчэ паклапацілася аб тым, каб пачысціць і зачыніць дзверы храма на замок.

— Я атрымала за гэта вымову, але сумленне маё засталося чыстым, — кажа жанчына. — Нават няверуючы чалавек разумее, што ў аснову любой справы пакладзены законы Божыя. Толькі яны вядуць да парадку.

Не засталася яна ўбаку і тады, калі было вырашана вяртаць храм да жыцця. За тое, каб яна ўзначаліла суполку, прагаласавалі ўсе яе землякі. Спачатку мала хто верыў, што храм магчыма аднавіць. Але цяпер не засталося ніводнага песіміста. Усе чакаюць, калі яго званы зноў радасна загучаць звонам. Аб тым, што гэтага не проста словы, сведчаць шчодрыя ахвяраванні жыхароў не самага багатага ў вобласці раёна. У трох скрынях, якія ўстаноўлены ў розных кропках Касцюковічаў, за апошні месяц на храм было сабрана 10 мільёнаў рублёў.

За 20 гадоў — 4 храмы

Царкоўнае жыццё ў раёне аднавілася ў пачатку 1990-х, калі сюды прыехаў працаваць святар Міхаіл. Богу ён служыць ужо 26 гадоў, прычым 23 з іх — на сваёй радзіме, у Касцюковіцкім раёне. Айцец Міхаіл ужо марыць аб тым, каб да 120-годдзя храма, якое будзе адзначацца ў 2017 годзе, упрыгожыць яго разным іканастасам, падобным на той, што быў тут да разбурэння, і зрабіць для абразоў разныя ківоты. Канешне, Афон і кіпарысавыя дошкі — гэта сёння недазваляльная раскоша. Але неабходная колькасць якаснай ліпы ўжо нарыхтавана і ёсць дамоўленасць з мясцовымі майстрамі, якія зробяць усё, што ў іх сілах. «Спадзяюся, што Бог дапаможа ўсім нам давесці добрую справу да канца, — кажа айцец Міхаіл. — І тады храм стане сапраўднай жамчужынай Касцюковіцкага краю».

Няўрымслівы бацюшка верыць, што знойдуцца ахвотныя дапамагчы раёну зрабіць немагчымае. Добраахвотныя ахвяраванні на аднаўленне Свята-Вазнясенскага храма прымаюцца на разліковы рахунак 3015000001628 філіяла №712 ААТ «Беларусбанк»,
код 561, УНП 700849256.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.