Вы тут

Хто дапаможа Івану Пятровічу?


Выйсцем з сітуацыі павінен стаць рынак сацыяльных паслуг

70-гадовы Іван Пятровіч кульгае з магазіна з торбачкай, у якой толькі паўбуханкі чорнага хлеба. «Шкада чалавека, — спагадліва кажуць суседзі. — І пенсіі хапала б, каб не... — І на секунду шматзначна замаўкаюць. — Дажыў да сівых валасоў, а грашыма распараджацца аніяк не можа, усю пенсію прапівае на працягу тыдня, а далей ужо як прыйдзецца... Прападае чалавек ні за што»... Людзі дапамагаюць старому неяк дацягнуць да наступнага месяца: хто дасць бульбы, хто — слоік салёных агуркоў. Так і цягнецца ўжо колькі часу. «Як не п'е — разумны, прыстойны чалавек, — кажуць жанчыны. — Але як толькі з'яўляюцца ў кішэні грошы — праз якую гадзіну ўжо валяецца пад плотам. Трэба, каб яго абслугоўваў сацработнік, браў частку яго пенсіі і купляў старому прадукты».

11-13

Але, як высветлілася, на дапамогу сацыяльнага работніка Івану Пятровічу разлічваць нельга: людзям, хворым на алкагалізм (як і псіхічна хворым), а таксама на актыўную форму туберкулёзу або СНІД, дзяржаўны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльных паслуг не аказвае.

Але ж гэтыя людзі жывуць сярод нас і таксама маюць патрэбу ў чалавечай, нашай з вамі дапамозе! Надзея на тое, што атрымаць сацыяльную дапамогу змогуць усе тыя, у каго ёсць такая патрэба, з'явілася тады, калі ў нашай краіне ў 2013 годзе прынялі новую рэдакцыю Закона «Аб сацыяльным абслугоўванні», у якой галоўнай навацыяй стала ўвядзенне дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Па сутнасці справы

Дапамогай састарэлым і інвалідам і іх сацыяльным абслугоўваннем у дамах-інтэрнатах раней, у часы Савецкага Саюза, займалася выключна дзяржава. Па гэтым прынцыпе да самага апошняга часу жыла і сучасная Беларусь. Аднак цяпер попыт на сацыяльныя паслугі ўстойліва расце.

Гэта звязана з павелічэннем сярэдняй працягласці жыцця, у выніку чаго ўсё больш становіцца адзінокіх і адзінока пражываючых старых. Сёння пенсіянерам з'яўляецца кожны чацвёрты жыхар у нашай краіне, у нас налічваецца больш за паўмільёна інвалідаў. Спецыялісты ўжо кажуць і аб так званым феномене падвойнага старэння, калі старэюць і самі інваліды, і людзі, якія ажыццяўляюць іх догляд (апекуны, бацькі). У выніку чаго яны ўжо не могуць даглядаць інвалідаў і самі маюць патрэбу ў дапамозе.

Дзяржаве становіцца ўсё цяжэй спраўляцца з узрослым попытам на сацдапамогу. Таму ў краіне наспела неабходнасць выхаду на новы ўзровень — сацыяльнага партнёрства паміж дзяржавай і некамерцыйнымі грамадскімі арганізацыямі, якое і рэалізуецца ў форме дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Калі коратка — аказаннем сацыяльных паслуг з 2013 года мае права займацца не толькі дзяржава, заказ на іх на конкурснай аснове пачалі атрымліваць і некамерцыйныя арганізацыі. Фінансаваць іх дзейнасць па аказанні сацыяльных паслуг будуць мясцовыя бюджэты. Каардынатарам выступае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яго спецыялісты сцвярджаюць, што ўсё гэта павінна прывесці да павелічэння спектру аказваемых сацыяльных паслуг і іх аб'ёму, узмацненню іх даступнасці, а таксама да паляпшэння якасці.

Дзяржаўны сацыяльны заказ дазволіць прыцягваць некамерцыйныя арганізацыі да аказання сацыяльных паслуг у тых населеных пунктах, дзе адсутнічаюць дзяржаўныя арганізацыі сацабслугоўвання і іх стварэнне эканамічна немэтазгодна.

Акрамя таго, спецыяльна навучаныя прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і валанцёры ў рамках дзяржсацзаказу будуць аказваць сацыяльныя паслугі псіхічна хворым людзям (як гэта ўжо робіцца ў Мінску), людзям, хворым на актыўную форму туберкулёзу або СНІД. А дзяржава будзе фінансава падтрымліваць такія арганізацыі. Такім чынам, як лічаць эксперты, у Беларусі сфарміруецца рынак сацыяльных паслуг.



І, спадзяёмся, Іван Пятровіч і ўсе іншыя людзі, якім так патрэбна дапамога, атрымаюць яе. Пакуль укараненне дзяржаўнага сацзаказу ідзе не так хутка, як хацелася б. У чым тут справа? Дзе адбываецца «прабуксоўка»? Рабіць высновы пакуль рана, бо закон, можна сказаць, толькі пачаў «абкатвацца». Але вельмі важна тое, што мясцовыя ўлады пачалі закладваць у бюджэт пэўныя графы выдаткаў. І знайшліся арганізацыі (перш-наперш гэта тычыцца Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа), якія пагадзіліся падзяліць з дзяржавай цяжар сацыяльных паслуг людзям.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.