Вы тут

Адказ на цяжкія пытанні


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 10.01.14 г.
_____________________________________________________________

Легендарная «Кніжка пра смерць» шведскай пісьменніцы і мастачкі Пэрнілы Стальфэльт выйшла ў перакладзе на беларускую мову. Тэкст пера-
стварыў Казімер Сольц, у якасці выдаўца праекта выступіў Зміцер Колас.

Нехта з бацькоў адразу катэгарычна скажа, што ні ў якім разе такую кнігу не набудзе. Маўляў, мама і тата лепш, чым кніжкі, могуць паразумецца з дзецьмі ў становішчы, калі сям’я страціла кагосьці блізкага. Але ці не надта самаўпэўнена так лічыць? Смерць сваяка, знаёмага, кацяняці ці нават матылька можа выклікаць шмат пытанняў у малога. Што адбываецца пасля смерці? Што робіцца з чалавекам ці жывёлай, калі яны паміраюць? Як можна ўшанаваць чыюсьці памяць?

І калі вы цалкам упэўненыя, што здолееце лагічна і паслядоўна адказаць на ўвесь вада-
спад пытанняў, а галоўнае — не забыцца на гэтыя адказы і ўвесь час трымацца адной лініі сюжэта, то, натуральна, вам кніга Пэрнілы Стальфэльт зусім не патрэбная. Але калі вы схільныя прыслухоўвацца да меркавання прафесійнага педагога і не хочаце кожны раз прыдумваць новыя версіі, куды хто трапіў пасля смерці, то выданне, пра якое ідзе гаворка, безумоўна, дапаможа.

Гісторыя гэтага праекта распачалася ў 1999 годзе. Тады шведская дзіцячая пісьменніца, мастачка, педагог Пэрніла Стальфэльт па заказе Міністэрства адукацыі Швецыі напісала кнігу «Аднаго поля ягады» — пра тое, што ўсе людзі розныя, але роўныя ў правах і аднолькава вартыя павагі. У Швецыі гэтая кніга стала амаль вучэбным дапаможнікам па талерантнасці для пачатковых класаў, а на яе вокладцы нават друкавалася спрошчаная вытрымка з Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці.
У гэтым жа годзе выйшла і «Кніжка пра смерць», якая фактычна распачала серыю выданняў пра псіхалогію і фізіялогію людзей. Следам з’явіліся «Кніжка пра валасы», «Кніжка пра каханне», «Кніжка пра насілле», «Кніжка пра страшылкі»... Жаданне распавядаць пра не зусім дзіцячыя рэчы сама пісьменніца ў адным з інтэрв’ю патлумачыла так:

— Дзеці маюць здольнасць прымаць тое, што адбываецца ў жыцці. І нярэдка прыхо-
дзяць да высновы, што гэта жудасна цікава. Таму мне падаецца, што дарослым варта не супярэчыць цікаўнасці малога, а, наадварот, падтрымліваць яго інтарэс і адказваць на ўсе пытанні, нават калі тэма ў іх саміх выклікае супярэчлівыя і нават балючыя пачуцці… Дзіця нараджаецца ў свет, дзе ёсць усё: жорсткасць, радасць, журба, прыгожае і выродлівае, а таму было б дзіўна рабіць выгляд, што малы існуе па-за гэтым светам.

Але вернемся менавіта да «Кніжкі пра смерць», якая распавядае, што такое смерць і чаму людзі паміраюць. У ліку відавочных пераваг выдання —
мноства ілюстрацый, якія імітуюць дзіцячыя малюнкі, а таксама мова аповеду, простая, без складаных, незразумелых для дзіцяці разваг і слоў. Акрамя таго, моцны і культуралагічны грунт тэксту, падаюцца розныя пункты гледжання і неаднолькавыя адказы на адно і тое ж пытанне.

Яшчэ з часоў Астрыд Ліндгрэн шведскія пісьменнікі прытрымліваюцца меркавання, што з дзецьмі варта размаўляць на такія ж сур’ёзныя тэмы, што і з дарослымі, і абмяркоў-
ваць розныя аспекты жыцця. І «Кніжка пра смерць» — адзін з выдатных прыкладаў, як можна весці гаворку пра такія, бадай, самыя балючыя рэчы, як страта родных людзей. Ды змест
26 старонак кнігі нельга назваць адно сумным і трагічным. Ёсць тут і добрыя, цёплыя адказы для дзяцей. Да прыкладу, малыя даведаюцца, што пасля смерці дзядуля можа ператварыцца ў кветку ці дрэва, стаць птушкай, анёлам ці воблакам і працяг-
ваць жыць побач. А памяць пра памерлых можна ўшанаваць не толькі падчас візіту на могілкі, але і проста з’еўшы любімае марожанае бабулі, якая ўжо ў лепшым свеце.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.