Вы тут

Цітаўка - літаратурная рака майго маленства


DSC_1534

Спярша — невялікі гістарычны экскурс. Назва маёй роднай вёскі Зацітава Слабада носіць адмеціны сацыяльна-палітычнай лексікі, калі так можна сказаць. Вось паслухайце, што некалі напісала ў мясцовай пухавіцкай "раёнцы" краязнаўца Т. Важнік — у артыкуле "У назве — жыццё шаноўных продкаў": "Адзін дзівак вандроўнік вырашыў даведацца, дзе пачынаецца наша Цітаўка. Ішоў і ехаў уздоўж рачулкі, якая вілася і выпроствалася ля Зарэчча да Блоні, Дайнавы ды Навасёлак, каля Бору ды Падвілля. Чым далей кіраваў чалавек супраць цячэння ракі, тым вузейшай яна станавілася. І дайшоў ён да ручая, які пачынаўся каля пасёлка Доўгі непадалёку ад Цітвы. Цітва (раней старыя жыхары называлі вёску Ціцьва) — па імені Ціта, багатага ў акрузе чалавека. Відаць, і рачулку, якая працякала тут, назвалі ў гонар гаспадара — Цітаўкай. А несла рэчка свае воды ў Свіслач — і заканчвалася там, за ўладаннямі Ціта ля Зацітавай Слабады...".

DSC_1537

У чымсьці я падобны да таго легендарнага вандроўніка, які шукаў вытокі Цітаўкі... Бо я нарадзіўся і доўгі час пражыў у вёсачцы Зацітава Слабада. Паселішча ў асноўным раскінула свой доўгі шнурочак па беразе Свіслачы. Але ж пачынаецца на Цітаўцы, паблізу Цітаўкі. І ўжо рэчку сваю ў розныя гады я спасцігаў супраць цячэння, адмерваў кіламетры, па дарожжы свае ад упадзення ў Свіслач, у зваротны бок... Хадзіў берагам Цітаўкі ў рознае надвор'е, у розныя часіны года. Хаджу і цяпер. Канешне, нашмат радзей. Ды і берагі зараслі. Месцамі дык і не прайсці паўз ваду, трэба шукаць абыходныя сцежкі, выходзіць да вясковых дарог, а пасля ізноўку вяртацца да свайго прырэчнага маршруту.

DSC_1566

Добра ведаючы стан Цітаўкі, адсочваючы ўсе навіны, цікавосткі ў яе звычайным жыцці, хачу звярнуць увагу на тое, што гэтая невялікая рака мае свае мастацкія, літаратурныя памяткі. Некаторы літаратурна-краязнаўчы, мастацка-краязнаўчы партрэт Цітаўкі я і хачу намаляваць, захаваць для наступнікаў пэўныя факты з біяграфіі ракі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, на працягу апошніх ста га доў. Хачу згадаць пісьменнікаў, мастакоў, якія апявалі, апісвалі Цітаўку, так ці іначай сваім талентам спрычыніліся да маёй роднай ракі.

DSC_1567

У пісьменніка і таленавітага рыбака (пра гэта часта згадвалі і згадваюць многія яго сябры) Кастуся Кірэенкі ёсць такі твор — рыбацкая паэма "Вандроўнае шчасце". Гэта — выключна эмацыйная, вельмі паэтызаваная празаічная кніга пра паходы літаратара па рыбацкую ўдачу. Вось што можна прачытаць на адной са старонак: "... зачуўшы што-небудзь нядобрае, свіслацкая рыба знаходзіла выратаванне ў прытоках Свіслачы. У раёне Пухавіч, вышэй і ніжэй па цячэнні, такія яе прытокі — Волма, Цітаўка, Балачанка, Талька. Спакойна плыніліся іх чыстыя воды: то высяцца над імі ў бестрывожнай задуме векавыя дубровы, то цягнуцца шырокія, з лугамі і пашамі поймы, а то палі каласамі шэпчуцца над самай вадою. Хто пабываў на гэтых рэках у часы, калі іх хараство, прывабнасць нікім яшчэ не былі згвалчаны, той згодзіцца са мною, што меў сапраўднае шчасце — і душою зліцца з лернай непаўторнасцю чароўных з'яў прыроды, і задаволіць няўтольную рыбацкую прагу да ўсё новых адкрыццяў і прыгод".

DSC_1570

Калі зазірнуць у "Блакітную кнігу Беларусі", то можна даведацца, што даўжыня Цітаўкі — 33 кіламетры. А пачынаецца рака за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Русаковічы. Пойма месцамі зусім адсутнічае. А ў ніжнім цячэнні досыць вузкая. Рэчышча — ад 10 да 20 метраў. Ад вытоку да вёскі Загай (а гэта прыблізна паўтара дзясятка кіламетраў) каналізаванае...

DSC_1572

І як ні дзіўна, такая малая рачулка была і застаецца жыццёва важнай артэрыяй для мастакоў, паэтаў, для ўсіх творцаў, хто аднойчы разгледзеў яе нешырокую стужачку, насыціўся прыбярэжнымі краявідамі. Вось у імёнах і закладзена своеасаблівая "гісторыя" такога любавання, такога шчырага замілавання...

DSC_1578

У розныя гады берагі Цітаўкі, саму раку замалёўвалі Аркадзь Астаповіч, Леанід Гоманаў, Віктар Высочын, Аляксандр Пашкевіч...

Самы яркі сярод мастакоў летапісец Цітаўкі — графік і жывапісец Аркадзь Астаповіч (1896-1941). У сярэдзіне 1922 года ён пасля дэмабілізацыі з войска прыехаў на радзіму бацькі ў вёску Навасёлкі. Уладкаваўся на працу настаўнікам матэматыкі, чарчэння і малявання ў мясцовую сямігадовую школу. Вёска стала ціхай гаванню пасля гадоў вайны і пакут. Лірычныя вясковыя пейзажы сталі сапраўдным "на васёлкаўскім рэнесансам" у лёсе мастака. "Ля ракі" (1923), "Чаплі" (1926), "Бяскрыл" (1926) — і сёння гэтыя работы ўяўляюцца прасторай цеплыні, шчодрай дабрыні. Нагадваюць пра навасёлкаўскі цітаўскі адрас. Блукаеш ля ракі ў Навасёлках надвячоркам — і бачыш увачавідкі колеры Аркадзя Астаповіча. Шкада, што мала гадоў жыцця было адведзена гэтаму яркаму таленту. Загінуў Аркадзь на пачатку Вялікай Айчыннай...

DSC_1579

У Мар'інай Горцы зусім непадалёку ад Цітаўкі (калі быць дакладным — на вуліцы Ленінскай) доўгі час месцілася друкарня і рэдакцыя пухавіцкай "раёнкі". У розныя гады тут працавалі паэты Алесь Пісарык, Алесь Цвях, Алесь Усеня, Вольга Савасцюк, Мечыслаў Шаховіч. У кожнага з іх у творчым багажы можна знайсці радкі, вершы пра любімую рачулку. А быў час, што на старонках раённай газеты "Пухавіцкія навіны" выходзіла экалагічная, прыродазнаўчая старонка "Цітаўка".

DSC_1586

З Мар'інай Горкі па вуліцы Чапаева мы выйдзем на Зарэчча, бліжэй да Блоні. На саменькім беразе Цітаўкі ў Блоні месціцца раённы краязнаўчы музей. У сядзібным будынку, які некалі належаў пану Анатолю Восіпавічу Бонч Асмалоўскаму. Пану, які "па сумяшчальніцтве" займаўся рэвалюцыйнымі справамі і дзесяцігоддзі свайго жыцця аддаў набліжэнню крушэння царызму. Напрыканцы ХІХ — у пачатку ХХ стагоддзя на сядзібу Бонч-Асмалоўскіх зазіралі пісьменнікі Рыгор Мачтэт, Леапольд Сулержыцкі, украінская паэтэса Леся Украінка. А вядомы рускі празаік Яўген Чырыкаў па матэрыялах падзей, што адбываліся ў Блоні, на беразе Цітаўкі, напісаў аповесць "Мяцежнікі".

DSC_1588

Да гэтых цікавостак можна дадаць сустрэчы з блонскай Цітаўкай паэтаў і празаікаў Рыгора Барадуліна, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова, Анатоля Вярцінскага, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Ягоўдзіка, Віктара Хурсіка, Леаніда Дранько-Майсюка... Усе яны гасцявалі ў сядзібным доме музеі, пакінулі аб гэтым свае запісы ў кнізе наведвальнікаў. І ўсе яны любаваліся хараством Цітаўкі.

DSC_1592

З Блоні па рэчцы якраз добра ісці, можна нават на невялікай лодцы праплыць да ўпадзення яе ў Свіслач. І разам з такім падарожжам адкрыць яшчэ два паселішчы — Маркаўшчызну і старажытнае мястэчка Пухавічы. Тут працаваў настаўнікам дзіцячы пісьменнік Алесь Пальчэўскі. Пісаў тут свае апавяданні, а яшчэ арганізаваў у вёсцы драматычны гурток. У Пухавіцкай школе ў даваенныя гады вучыўся дзіцячы пісьменнік, перакладчык Уладзімір Ляўданскі. А ў 1970-я — паэтэса Вольга Савасцюк. І ім, як і Алесю Пальчэўскаму, Цітаўка — не чужая рака. А празаік і паэт, сатырычны пісьменнік Іван Падбярэжскі, які і нарадзіўся ў Пухавічах, і ў школе вучыўся, і большую частку жыцця пражыў у мястэчку, пра вёску, ваколіцы, пра Цітаўку напісаў раман — "Закляты востраў". А ў "Развітальнай паэме" пра родныя мясціны літаратар стварыў такі мастацкі партрэт паселішча: "У міжрэччы Цітаўкі і Свіслачы,/ Праўда, Цітаўка — зусім малая рэчка,/ Свой узрост стагоддзямі лічачы,/ Разляглося слыннае мястэчка".

DSC_1593

...Узгадваючы ўсе гэтыя імёны, ізноў на выхадныя дні выпраўляюся да Цітаўкі. Яе рачная гладзь адбіваецца перада мною самымі прыгожымі колерамі, нават калі сустрэчы мае з рачулкай дзяцінства толькі віртуальныя. Што ўжо казаць пра жывыя стасункі з ракой!..

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Наталлі АСМОЛЫ

DSC_1592 DSC_1595 DSC_1596 DSC_1597 DSC_1599 DSC_1600 DSC_1604 DSC_1608

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».