ЦЭСЛЕР


Словы пра мастака Валодзю Цэслера

Прозвішча і мянушкі

28-15

Валодзю Цэслера ўсе называюць Цэслер. Толькі Віця — адданы Цэслеру таварыш — кажа на Вову ўрачыстае «Цэзар!». У Віці атрымліваецца так вымавіць слова «Цэзар», што гэта не гучыць як сабачая мянушка. Іншыя нават не спрабуюць, бо не атрымаецца. Каб я быў такім самаахвярным таварышам, як даўгатвары Віця, я называў бы Вову Слуцкерам. Сам я з Койданава, мне б пасавала мянушка Кайданоўскі, але артыст з такім прозвішчам ужо ёсць. Шкада! Зрэшты, і не шкада, бо артыст выдатны. Вова Цэслер са Слуцка, але ўжо ёсць паэт Слуцкі. Двое Слуцкіх у культуры — гэта зашмат. Таму для Вовы я прыдумаў Слуцкера. Слуцкер, як і Цэзар, мянушкі інтымныя — для сваіх, для самых блізкіх. Для ўсіх астатніх ён проста Цэслер. Яго ведаюць менавіта так — мастак Цэслер.

Высокая жанчына Алена Лось

Ён любіць высокіх жанчын. Ён імі захапляецца. Ён стараецца іх развесяліць. Вова Цэслер расказваў анекдоты высокай доўгавалосай светласкурай Алене Лось, тая гучна смяялася на ўсю сваю двухпакаёўку. Цэслер пахіхікваў і расказваў адзін анекдот за другім... Я сябраваў з Аленай і яе братам, яны мяне і пазнаёмілі з Цэслерам — выдатным распавядальнікам смешных показак. Тады яшчэ не было показак ад Нікуліна, пагатоў не было ад Трахтэнберга і Кулінковіча. Тады быў час показак ад Цэслера. Дзе ён іх браў? З паветра! Яны віселі ў паветры эпохі саўдэпаўскага застою. Ён іх браў з застойнага паветра і артыстычна расказваў высокім жанчынам, яны смяяліся і любілі Цэслера за яго весялосць. Калі показкі надакучвалі, калі рабілася балюча смяяцца, Цэслер спяваў. У Алены Лось мы з Цэслерам спявалі «Купалінку». Мне падабалася спяваць з Цэслерам беларускія народныя песні пад гітару, у нас добра атрымлівалася. Можна ў Алены Лось спытаць.

Выдатнасць і факультэт

Вова Цэслер вельмі хацеў вучыцца на мастацкім факультэце і паступаў на графіку. Ён паступаў, а яго не прымалі. Ён паступаў і паступаў, а яго кожны раз нахабна завальвалі на іспытах. Тады Вова паступіў на мастацка-прамысловы факультэт. За час вучобы Вова паспеў стаць сапраўдным каралём свайго факультэта. Яго запаважалі, пра яго загаварылі, яму пачалі зайздросціць. Праўда, слава Вовы Цэслера не распаўсюджвалася на факультэт мастацкі і на факультэт тэатральны, дзе ён быў вядомы, але не славуты. На кожным факультэце хадзілі свае каралі.

Цукровыя вежы

У кавярні «Рамонак» мы збіраліся, каб выпіць віна, гарэлкі і, зразумела, кавы. Да маленечкага кубачка падавалі дзве цукровыя цаглінкі з лыжачкай. Звычайна нашы хіповыя хлопцы і дзяўчаты пілі каву без цукру. Калі нехта піў салодкую, дык і тым хапала аднаго цукровага кавалачка. За вечар на сталах збіралася шмат цукру. Вова Цэслер выбудоўваў з рафінаду цэлыя белыя вежы. У «Рамонку» нават з'явілася такая завядзёнка — здаваць цукар Цэслеру. Мы здавалі, а ён будаваў Вавілонскую вежу з салодкіх цаглінак. Хто і калі тую вежу разбурыў? Ніхто яе і не разбураў. Мы з «Рамонка» перайшлі ў Траецкае, дзе можна было заказваць каву без цукру. Калі нехта хацеў каву падсаладзіць, дык чэрпаў лыжачкай цукровы пясок. Рафінадныя вежы Цэслера назаўжды засталіся ў кавярні «Рамонак».

Леніна і кабінет

У нашым інстытуце быў маленечкі кабінет, дзе дазвалялася быць свабодным і дазвалялася выказваць свой погляд на сучаснае мастацтва. Гаспадыняй таго кабінеціка была Леніна Міронава — выкладчыца колеразнаўства. На яе занятках можна было захапляцца Малевічам і Вазарэлі, можна было слухаць лірыку ранняга Забалоцкага:

 Человек, как гусь, как рак,

Носом радостно трубя,

Покидая дна овраг,

Шел, бородку теребя.

Он размахивал хвостом,

Он притоптывал ногой

И кружился колесом,

Безволосый и нагой.

Можна было слухаць Шонберга. У яе кабінеціку мы ладзілі таемныя семінары, прысвечаныя фантастычным метамарфозам і казачным ператварэнням чалавека ў цмока ды цмока ў чалавека. Леніна са сваім чароўным шматколерным і вясёлкавым кабінетам была, як пазней казалі, культавай асобай. Усе ведалі, што Міронава піша кнігу. Мусіць, ніводную кнігу так не чакалі ў нашым інстытуце, як чакалі кнігу Леніны. Аздабленне яе было даручана аднаму з любімых вучняў Міронавай — Цэслеру. Ён пастараўся. Ён мусіў давесці ўсім беларускім графікам, што ён, Вова Цэслер, і ў кніжнай графіцы адзін з найлепшых. Давёў. Кніга Леніны Міронавай «Колера-

знаўства» атрымалася па ўсіх параметрах выдатнай. Яе куплялі, яе чыталі, перачытвалі і цытавалі. Дрэва, якое Цэслер намаляваў на супервокладцы «Колеразнаўства», было перамалявана на сцяну кавярні ў Траецкім прадмесці; пад тым дрэвам мінскія мастакі любілі выпіць і пагаварыць пра ўсё на свеце. Ну і пра Леніну з яе чароўным кабінецікам, вядома, не забывалі.

Асяродак і завадатар

Вакол Вовы Цэслера жыццё каліхуе, калі больш проста сказаць — кіпіць. Нехта да яго заходзіць, завальваецца, забягае, заскокае, залятае... Нейкая ад яго сыходзіць. Тэлефон звоніць. Камера здымае. Дыктафон піша. На пліце нешта варыцца, пражыцца, грэецца. Моцнае наліваецца ў чаркі. Слабейшае разліваецца ў шклянкі... Так з самай раніцы і да позняга вечара. Вова пасярод усяго гэтага кіпеню працуе. Ён працуе паўсюль і заўсёды. Для працы яму патрэбен навакольны вір падзей, і ў гэтым віры ён — завадатар.

«Гор-топ» каля кнігарні

Сямідзясятыя гады прайшлі ў Мінску пад знакам пацыфіка. Зразумела, далёка не для ўсіх мінчан яны прайшлі разам з хіпі, але цэнтравая моладзь была хіповай. Асноўныя месцы збору тутэйшага хіпар'я былі такімі: Грыц — цяпер сквер Янкі Купалы; Памыйка — цяпер там універсам «Цэнтральны»; кавярня «Акварыум»; рэстаран з прыбіральняй «МакДональдс» і бар пад ім; Алейка — цяпер тут скверыкі з лаўкамі на вуліцы Леніна з абодвух бакоў праспекта Незалежнасці, Ратуша — плошча Незалежнасці. Калі мае блізкія сябры былі заўсёднікамі Памыйкі і Алейкі, дык Вова Цэслер з «кумпаніяй» сядзеў на праспектнай лавачцы паміж «Цэнтральнай» кнігарняй і цукерачнай крамай «Ласунак». Лаўка, зразумела, не прызначалася для збору хіпі, яе паставілі на прыпынку для тралейбусна-аўтобусных пасажыраў, але штовечар на ёй спыняліся доўгавалосыя мастакі. Іх «кумпанію» называлі «Гор-топ». Яны любілі па ГОРадзе ТОПаць, і яны ТОПалі па ГОРадзе Мінску з гонарам і годнасцю і спыняліся каля кнігарні. Большасць гортопаўцаў вучылася на розных аддзяленнях прамысловага факультэта ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Пазней іх усіх назавуць дызайнерамі, а дызайн зробіцца модным заняткам. Большасць «гортопаўцаў» уступіць у новаствораны беларускі саюз дызайнераў і стане яго годнасцю і гонарам.

Смаката і дыеты

Мастакі не любяць есці ў майстэрні. Выпіць-закусіць — святое. А каб есці, а яшчэ і гатаваць? Не мастакоўскае. Есці трэба дома, а не на працы. Разумею, прымаю і падтрымліваю. У Цэслера ў гэтай справе ўсё роўна наадварот. Ён любіць гатаваць і есці ў майстэрні. Наогул, ён любіць есці і гатаваць. Калі скажу, што адны з самых смачных дранікаў, якія давялося пакаштаваць, насмажыў Вова Цэслер, можаце не паверыць. Ваша справа, але я такое сказаў і магу паўтарыць. Цэслер гатуе добра. Ён умее зрабіць смакату. Шмат хто запрашаў Цэслера на розныя ўрачыстасці ў якасці кухара. Брат мой запрашаў і не памыліўся. Цэслер аднойчы пытаўся ў мяне, што я ўчора еў. Пытаўся, як пыталася маці, калі я прыходзіў з дзіцячага садка: «Што ты, Валодзя, сёння еў?» Зазвычай людзі не памятаюць, што і як яны елі ўчора, пазаўчора і нават сёння. Цэслер пра гэта цудоўна ведае, таму і пытаўся. Толькі ён не ведаў, што ў дзіцячым садку мяне навучылі запамінаць спажытыя стравы. Выхавальніцы мае падчас вайны служылі ў разведцы, яны і навучылі фіксаваць увагу на ўсялякіх побытавых рознасцях. Таму я адказаў на кулінарнае пытанне і крыху расчараваў кухара Цэслера. Можа і дарэмна расчараваў... Трэба было сказаць, што не памятаю нічога, і праслухаць чарговую пахвалу харчаванню і дыеталогіі ад Уладзіміра Цэслера.

Cябры і весялосць

У маладосці Вова Цэслер жыў у сяброў. То ў аднаго, то ў другога, то ў трэцяга... Ён жыў у сяброў і збіраў грошы на майстэрню; а займеўшы майстэрню, адразу пачаў збіраць грошы на кватэру. Каб жыць у чужых людзей, трэба ўмець дагаджаць. Цэслер — вялікі майстар у справе дагаджаць і дагадзіць. Ён не толькі ўмее дагаджаць чалавеку — ён умее сябраваць. Калі Майк Навуменка спявае «У мяне мільён сяброў!», то гэта пра такіх, як Вова Цэслер. У Валодзі сяброў безліч. Ён збірае іх на дзень народзінаў у лесе, збірае на беразе Мінскага мора, збірае на вольным паветры; бо для рэстаранных і банкетных залаў іх у яго зашмат. З усіх сяброў самым вялікім сябрам Цэслера быў Войчанка. Бясспрэчна. У іх быў творчы тандэм. Чамусьці я больш сябраваў з Войчанкам. З ім я больш выпіў і больш прагаварыў пра творчасць, пра рэчы сур'ёзныя і глыбокія. З Цэслерам я больш правесяліўся і прасмяяўся, весялюся і цяпер...

Адам ГЛОБУС

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».