...Кава астыла. Яна ўжо не магла ні ўзбадзёрыць, ні сагрэць. Але Ігару было ўсё роўна. Сёння ён даведаўся, што хворы. Цяпер ён, Ігарок, як ласкава называе яго маці, ВІЧ-пазітыўны. Ён ніколі не думаў, што такая праблема закране яго — студэнта-выдатніка, мастака-пачаткоўца, сына заслужаных урачоў. Ведаў, ведаў жа пра ўсе магчымыя наступствы бязладнага жыцця! І ўсё роўна...
Блакітнавокая русалка
Напэўна, гэта тая загадкавая дзяўчына, з якой ён пазнаёміўся ў клубе. Лілія, здаецца, так яе звалі. Худзенькая, мабыць, трохі бледная, з ямачкамі на шчоках, з вялікімі блакітнымі вачыма і доўгімі, як у русалкі, валасамі. Невялікія сінякі на руках, як ад уколаў, Ігар заўважыў толькі пасля знаёмства. Тады і закраліся першыя падазрэнні. Але хлопец упарта гнаў ад сябе дрэнныя думкі... Навошта?.. Як яна магла?.. А, можа, не ведала?.. Гэтыя пытанні не давалі Ігару спакою... Пакой раптам стаў невыносна цесным і душным. Трэба на вуліцу — бегчы, бегчы з гэтага дома, дзе на часопісным століку ляжыць даведка з бальніцы з гэтым «чужым» дыягназам.
На вуліцы холадна, ідзе дробны дождж. Але хлопец нічога не заўважае. Як цяпер жыць далей? Адчай, страх за сваю будучыню, на-
дзея на цуд, што дыягназ акажацца страшным сном — усё гэта адначасова круцілася ў яго галаве... Дождж стаў мацнейшым. Схамянуўшыся, Ігар зразумеў, што знаходзіцца каля дома сваіх бацькоў. Тут ён быў шчаслівы — маленькае бесклапотнае дзіця. Вось пад тым старым дрэвам яны з бацькам і хлопцамі з двара ладзілі будан. З таго акна на пятым паверсе маці клікала іх усіх дадому на гарбату з яе фірменнымі піражкамі. Ніякіх хваляванняў, перажыванняў, цяжкасцяў — усё было так лёгка і зразумела...
На свежым паветры думкі пачалі пакрысе праясняцца. Вецер нібы знёс трывогу на сваіх нябачных крылах. «Жыццё на гэтым не скончылася», — пераконваў у думках сам сябе хлопец. Трэба змагацца, змагацца за сваю будучыню, шчасце, сям'ю. ВІЧ — не прысуд. Жывуць жа з ім людзі, і ён, Ігар, зможа. Ён яшчэ будзе шчаслівы.
...У кішэні зазваніў тэлефон. Гэта маці: яна з акна ўбачыла сына, які нерашуча таптаўся ля пад'езда. «Ігарок, ты чаго там мерзнеш? Падымайся хутчэй, у нас сёння твае любімыя піражкі», — пачуўся ў трубцы знаёмы голас. Ігар зайшоў у знаёмы пад'езд. Сёння яго чакала, мабыць, самая цяжкая ў жыцці размова...
Няўмольная
праўда жыцця...
Колькі можна пражыць з ВІЧ? Мабыць, гэта першае пытанне, якое задае сабе чалавек, пачуўшы дыягназ «ВІЧ-інфекцыя». І адказаць на яго можна адной фразай: «Ніхто не ведае». Часам называюцца «тэрміны» жыцця з ВІЧ 15, 10, 5 гадоў. Многае залежыць ад ладу жыцця, які вядзе чалавек, яго індывідуальных асаблівасцяў арганізма, эфектыўнасці лячэння і іншых фактараў.
Па звестках аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, з 1987 года па 1 лістапада 2014 года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 17 102 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ — 13 208. Кожны год выяўляецца каля 1000 новых выпадкаў. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра моладзь ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў.
Кінуць выклік абставінам
Пра сітуацыю ў нашым горадзе і стаўленне грамадства да гэтай тэмы мы гутарым з фельчарам-эпідэміёлагам Наваполацкага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталляй Пірог.
— Зразумела, што не ўсе прымаюць гэты дыягназ, таму ВІЧ-пазітыўным часам нялёгка, ім, вядома ж, неабходная псіхалагічная дапамога і падтрымка. Людзі, у якіх выяўлена ВІЧ-інфекцыя, часта замыкаюцца ў сабе і ні з кім не хочуць мець зносін, акрамя хіба медработніка і блізкіх сваякоў. Напрыклад, у Мінску, Віцебску і іншых гарадах ёсць групы ўзаемадапамогі, якія наведваюць інфіцыраваныя. На такія сустрэчы людзі прыходзяць з агульнай праблемай, агульнымі размовамі. Са слоў ВІЧ-пазітыўных людзей, ім гэта вельмі дапамагае ў жыцці, калі яны маюць стасункі, калі бачаць, як іншыя пераадольваюць цяжкасці. У яго атрымалася — значыць, і ў мяне атрымаецца. І чалавеку ўжо прасцей адаптавацца да ВІЧ-статусу.
— Якая першая рэакцыя людзей, якія даведаліся пра свой ВІЧ-статус?
— Спачатку чалавек адчувае шок, не верыць вынікам абследавання: «Такога не магло здарыцца са мной, гэта не мае аналізы». Здараецца, інфекцыя выяўляецца выпадкова. Напрыклад, малады хлопец хацеў стаць донарам. Ён быў упэўнены, што здаровы, што ў яго ўсё ў парадку, але аналіз крыві паказаў, што ён ВІЧ-пазітыўны. Але ёсць людзі, якія самі чымсьці занепакоеныя і таму свядома прыходзяць на абследаванне.
— Як трэба паводзіць сябе сваякам у дачыненні да ВІЧ-пазітыўнага?
— Вядома, бывае па-рознаму, але ў асноўным сваякі ставяцца з разуменнем, падтрымліваюць. Іх галоўная задача — захаваць здаровы псіхалагічны клімат у сям'і. У нас створана ініцыятыўная група для дапамогі людзям, якія сутыкнуліся з ВІЧ-інфекцыяй. Яе мэта — дапамагчы людзям навучыцца жыць з хваробай, сфарміраваць у іх прыхільнасць да лячэння, а сваякоў навучыць аказанню базавай медыцынскай і сацыяльнай дапамогі дома.
— Што трэба рабіць для таго, каб ВІЧ-пазітыўныя людзі адчувалі сябе камфортна ў грамадстве?
— У нас доўгі час ішла прапаганда, што ВІЧ — чума ХХ стагоддзя. З-за гэтага склаўся стэрэатып, што ВІЧ-інфекцыя — гэта ледзь не канец свету. Трэба мяняць стаўленне да людзей, якія жывуць з гэтым статусам. Прымаць ВІЧ, як любое іншае захворванне. Ні ў якім разе нельга падвяргаць ВІЧ-пазітыўных дыскрымінацыі.
— Наталля Мікалаеўна, ці можа чалавек з ВІЧ-інфекцыяй жыць паўнавартасным жыццём?
— Пра гэта можна пачытаць на інтэрактыўным сайце www.аіds.bу. У краіне некалькі чалавек адкрылі свой ВІЧ-статус, яны пішуць пра тое, колькі гадоў жывуць з ВІЧ-інфекцыяй, як жывуць. Гэтыя людзі вядуць звычайны лад жыцця, працуюць, займаюцца грамадскай дзейнасцю, ствараюць сем'і, нараджаюць дзяцей.
— У свеце каля 35 мільёнаў чалавек жыве з ВІЧ. І палова з іх — жанчыны. Мацярынства і ВІЧ — сумяшчальныя?
— Сёння жанчыны з ВІЧ-статусам нараджаюць, і калі будучая маці выконвае ўсе правілы лячэння і прафілактыкі, то дзеці нараджаюцца неінфіцыраванымі. Каля двух гадоў дзяцей назіраюць, праводзяць спецыяльныя абследаванні. Па адмоўных выніках апошніх можна смела гаварыць, што ўсё абышлося.
Не бойцеся жыць!
Напрыканцы хачу сказаць: не бойцеся мець стасункі з ВІЧ-пазітыўнымі людзьмі. Іх дыягназ не азначае, што ўсе яны вядуць амаральны лад жыцця. Проста так здарылася. І гэта можа адбыцца з кожным. Бо для ВІЧ не мае значэння ваш пол, узрост або сацыяльны статус. Перад тварам бяды ўсе роўныя.
Арына КАГАЛЁНАК.
* «Чырвоная стужка» ўзнікла як афіцыйны міжнародны знак барацьбы са СНІДам, гэта абавязковы атрыбут адпаведных акцый.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.