Вы тут

Алег ДВІГАЛЕЎ: «Наша задача — забяспечыць бясхмарнае неба, абараніць паветраныя межы»


Новы навучальны год пачаўся ва Узброеных Сілах Беларусі. Традыцыйна ў першы зімні дзень у злучэннях і воінскіх часцях прайшлі ўрачыстыя пастраенні і мітынгі. А напярэдадні падвялі вынікі мінулага года, агучылі планы на будучы, які аб'яўлены годам сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.

20-14

Падчас асабістай сустрэчы з журналістамі камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Алег ДВІГАЛЕЎ расказаў пра асноўныя дасягненні мінулага года ў гэтым відзе Узброеных Сіл, абазначыў некаторыя напрамкі і перспектывы развіцця, запэўніў у бяспецы паветраных рубяжоў краіны. Пра гэта і іншае — з першых вуснаў.

Аб праверцы чэмпіянатам і парадзе паветраных эшалонаў

«Мінулы вучэбны год мы правялі на высокім узроўні. Увесь асабовы склад Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны праявіў высокую арганізаванасць і мэтанакіраванасць, паказаў разуменне таго, што менавіта ад нас залежыць, наколькі чыстым будзе наша неба, наколькі ўпэўнена будуць жыць нашы грамадзяне.

Пачынаючы з лютага, мы падвяргаліся праверцы па плане кіраўніка дзяржавы — і на абодвух этапах паказалі добрыя вынікі. Вядома, былі і недахопы. Затое мы бачым, над чым яшчэ трэба працаваць, на што звярнуць асаблівую ўвагу.

Сёлета мы адказвалі за бяспеку пры правядзенні чэмпіянату свету па хакеі. У першую чаргу, гэта тычылася паветранай прасторы. Пастаўленыя задачы выконвалі разам з экіпажамі Расійскай Федэрацыі. У канцы 2013 года было арганізавана сумеснае баявое дзяжурства на аэрадроме Баранавічы, і авіяцыйны складнік дзвюх краін, а ў цэлым Саюзнай дзяржавы, рабіў усё дзеля таго, каб мерапрыемства прайшло спакойна, а народ атрымліваў асалоду ад спартыўных вынікаў.

Актыўна бралі ўдзел і ў парадзе, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паказ авіяцыйнай тэхнікі прайшоў з удзелам расійскіх паветраных эшалонаў. У выніку была прадэманстравана высокая зладжанасць экіпажаў. У ходзе падрыхтоўкі да парада мы нечаму вучыліся ў нашых калег, а яны, у сваю чаргу, дзяліліся вопытам пры выкананні палётаў, што мела станоўчыя вынікі ў цэлым для падрыхтоўкі нашых войскаў.

Вялікі аб'ём задач выкананы сіламі зенітных ракетных войскаў. Гэты год як ніколі выніковы менавіта для гэтага роду войскаў. Практычна былі ажыццёўлены баявыя стрэльбы на расійскіх палігонах Ашулук і Тэлемба, на нашым палігоне Даманава. Упершыню на тэрыторыі Беларусі трэцяя батарэя зенітнага ракетнага комплексу «Тор» выканала баявыя пускі, і ўсе чатыры машыны, выведзеныя на палігон, паказалі добрыя вынікі. Традыцыйна на стрэльбах былі задзейнічаны і разлікі, створаныя з курсантаў Ваеннай акадэміі Беларусі. Можна смела казаць, што выпускнікі наступнага года ўжо амаль падрыхтаваны».

Пра парушэнні паветранай прасторы, праверку тэхнікі і ўзбраення

«Нельга не сказаць і пра радыётэхнічныя войскі — тых, каго называюць вачамі і вушамі Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Мы, магчыма, не бачым практычных вынікаў. Дзесьці ў лесе або на горцы стаіць комплекс, круціцца антэна, і многія не разумеюць, для чаго ўсё патрэбна. У гэты час разлікі радыётэхнічных войскаў нясуць баявое дзяжурства. Кожны дзень каля 400 чалавек назірае за тым, каб паветраная прастора краіны не была парушана. Аднак некаторыя ўмяшанні,  ўсё ж такі ўзнікаюць. Мы адзначалі, у тым ліку ў цесным узаемадзеянні з нашымі пагранічнікамі, парушэнні дзяржаўнай мяжы. Назіралася і парушэнне парадку выкарыстання паветранай прасторы ўнутры тэрыторыі. Звязаны яны з тым, што сёння паветраныя апараты даступныя для нашых грамадзян, у якіх узнікае жаданне падняцца ў неба, і гэта нармальна. Аднак некаторыя забываюць, што, як і на дарогах, ёсць правілы руху ў паветранай прасторы. Іх трэба выконваць.

Мы ажыццявілі задачу, пастаўленую міністрам абароны, па праверцы тэхнікі і ўзбраення. У Савецкім Саюзе распрацоўваліся такія ўзоры ўзбраення, якія і цяпер рэалізуюць і забяспечваюць выкананне задач. І тыя прыклады, якія мы назіраем у нашага паўднёвага суседа, паказваюць, што неабходна вельмі беражліва ставіцца да ўтрымання тэхнікі і ўзбраення. Праверка, якая праводзілася падчас навучальнага года (а мы праверылі больш чым 7 тысяч узораў тэхнікі і ўзбраення), дае магчымасць з упэўненасцю сказаць, што часці і падраздзяленні Ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны могуць якасна выканаць пастаўленыя задачы ў поўным аб'ёме. Няспраўнай тэхнікі засталося менш чым 5%. У цэлым, шэраг мерапрыемстваў дазволіў нам прыйсці да добрага стану баявой гатоўнасці».

Пра сумесныя баявыя дзяжурствы і закупку новай зброі

«У снежні разам з расійскімі калегамі мы будзем адзначаць год сумеснага баявога дзяжурства на аэрадроме Баранавічы. Гэта тое мерапрыемства ў межах узаемадзеяння, якое рэалізуецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Штомесячна тут адбываюцца ратацыі авіяцыйнай тэхнікі, і расійскія лётчыкі разам з нашымі нясуць баявое дзяжурства. Сёлета экіпажамі Беларусі і Расіі было выканана больш чым 400 сумесных вылетаў. Нашы калегі таксама дапамагалі нам падчас чэмпіянату свету па хакеі.

Сёння на аэрадроме ў Баранавічах нясуць баявое дзяжурства 4 самалёты Су-27. І пакуль нам гэтага дастаткова. У практычную рэалізацыю ўжо ўвайшоў дагавор аб пастаўцы ў рэспубліку чатырох вучэбна-баявых самалётаў Як-130. Ужо ў студзені мы адпраўляем у Расійскую Федэрацыю лётчыкаў і тэхнікаў для навучання. Пасля іх падрыхтоўкі мы атрымаем самалёты і ажыццявім пералёт на аэрадром Ліда, пасля чаго будзем асвойваць тэхніку на тэрыторыі нашай краіны.

У радыётэхнічныя войскі працягваецца закупка новых станцый выяўлення малавышынных цэляў «Раса». Таксама плануецца пастаўка некалькіх комплексаў «Усход» і «Радар», якія распрацоўваюцца на беларускіх прадпрыемствах. Акрамя таго, мы ідзём па шляху мадэрнізацыі. Новы ўзор каштуе вялікіх грошай, таму мадэрнізацыя і капітальны рамонт вырашае гэтую праблему».

Пра сённяшніх лётчыкаў і «Авіядартс»

«Паколькі Беларуская ваенная акруга раней была адной з перадавых, сюды пастаўляліся самыя новыя ўзоры ваеннай тэхнікі і ўзбраення. У спадчыну ад Савецкага Саюза мы атрымалі якасную і надзейную авіяцыйную тэхніку. Аднак магчымасці ўжо незалежнай Беларусі былі абмежаваны яе ўтрыманнем.

Сёння нам неабходна рыхтаваць 10—15 лётчыкаў на год. Штогод Ваенная акадэмія выпускае такую колькасць маладых афіцэраў, якія ўжо прайшлі шматузроўневую падрыхтоўку і маюць налёт каля 200 гадзін. Аднак гэтага недастаткова для атрымання імі 3 класа: летась мы ўскладнілі падрыхтоўку класных спецыялістаў, павялічыўшы налёт.

Упершыню беларускія лётчыкі (са 116-й штурмавой авіябазы) сёлета ўдзельнічалі ў конкурсе лётнай вывучкі «Авіядартс», які праводзіцца ў Расіі. Я там прысутнічаў і нават стаў выпадковым сведкам, як расійскі лётчык тлумачыў нашаму вайскоўцу, якім чынам весці разведку ў пэўным раёне, з якой хуткасцю туды ўвайсці, на якой вышыні планаваць палёт, каб выявіць цэлі. Было вельмі прыемна назіраць, што паміж лётнымі саставамі ёсць давер адзін да аднаго, нават нягледзячы на тое, што яны сапернікі. Пачуццё калектыву, паняцце воінскага братэрства забяспечылі добрае выкананне задач нашымі экіпажамі і годнае другое месца».

20-15

Тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Пра будучыя вучэнні і святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі

«2014/2015 навучальны год, напэўна, не будзе лёгкім для Узброеных Сіл. Чакаецца шэраг мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Перш за ўсё, гэта сумесныя вучэнні з Расійскай Федэрацыяй «Шчыт Саюза  — 2015», якія пройдуць на тэрыторыі Расіі. Таксама разлікі Ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны возьмуць удзел у вучэннях аб'яднанай сістэмы СНД «Баявая Садружнасць — 2015». Асаблівасць гэтых вучэнняў, якія праходзяць раз на два гады, — у тым, што мы адсвяткуем 20-годдзе аб'яднанай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Таму будзем павінны пацвердзіць, як неаднойчы рабілі, што аб'яднаная сістэма супрацьпаветранай абароны мае самыя высокія вынікі ў арганізацыі ўзаемадзеяння на постсавецкай прасторы.

Таксама мы рыхтуемся да правядзення вучэнняў з нашымі злучэннямі і воінскімі часцямі, у тым ліку паказальных. Задача — навучыць асабовы склад. Не сакрэт, што пастаянна адбываецца абнаўленне, прыходзяць маладыя афіцэры. І ад таго, наколькі якасна мы іх падрыхтуем на пачатковым этапе, залежыць далейшае выкананне задач гэтымі афіцэрамі.

Мы будзем прымаць удзел і ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У Міністэрстве абароны яны запланаваны не толькі на 9 мая 2015 года, а і ў тыя дні, якія будуць папярэднічаць гэтай падзеі. Натуральна, што мы рыхтуемся і да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І, як заўсёды, наша задача — забяспечыць бясхмарнае неба, абараніць паветраныя межы.

І сёння насельніцтва Беларусі можа быць упэўнена ў тым, што Узброеныя Сілы годна забяспечваюць бяспеку, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы. Мы рэгулярна праводзім аналіз тых падзей, якія адбываюцца ў нашых паўднёвых суседзяў. І тая праверка тэхнікі і ўзбраення, якая пачалася да канфлікту ва Украіне, дазваляе з упэўненасцю сказаць, што калі спатрэбіцца, то задача будзе выканана. Мы ў любы момант гатовыя даць адпор усім неразумным, хто паспрабуе дэстабілізаваць становішча ў краіне».

Вераніка КАНЮТА.

Фота з архіва
Міністэрства абароны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?