Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Валерый ГАЙДУКЕВІЧ:
— Адна з самых галоўных нормаў дэкрэта датычыцца аператыўнага ўключэння ў спісы наркатычных сродкаў новых рэчываў: цяпер гэтая працэдура займае каля месяца, а з 1 студзеня для яе спатрэбіцца некалькі дзён. Гэта неабходна, бо сёння мы не паспяваем за наркадзялкамі — яны дзейнічаюць больш хутка. Другая навацыя — больш жорсткая адказнасць асоб, якія распаўсюджваюць наркотыкі няпоўнагадовым. Павялічваюць тэрміны пазбаўлення волі і для тых, хто вырабляе наркатычныя сродкі, выкарыстоўваючы лабараторнае абсталяванне. Гэтыя меры вельмі запатрабаваныя, бо цяпер вельмі шмат моладзі ахоплена гэтай заразай. Дэкрэт дазваляе прымяніць такія захады аператыўна, пазней яны ўвойдуць у закон.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ:
— Я рады, што асабіста далучыўся да прасоўвання некалькіх нормаў, якія ўвайшлі ў дэкрэт. Адна з іх датычыцца ўзаемадзеяння трох ведамстваў — МУС, Міністэрства аховы здароўя і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз — дзеля максімальна хуткага ўключэння ў спіс забароненых рэчываў новых знойдзеных наркатычных сродкаў. Гэты механізм — вельмі эфектыўная мера па супрацьдзеянні распаўсюджванню наркотыкаў. Цяпер дзяржаўным органам спатрэбіцца не больш за 2 дні, каб паставіць гэтае рэчыва па-за законам.
Не менш важнае пакаранне за прадастаўленне свайго жылля для вырабу наркотыкаў. Дастаткова будзе знайсці прыкметы таго, што ў памяшканні вырабляліся наркотыкі, каб чалавек панёс сур'ёзнае пакаранне.
Дэкрэт паскарае тэмп заканадаўчай работы. У яго ўвайшлі напрацоўкі, якія былі падрыхтаваны ў рабочых групах у парламенце. Значныя дапаўненні адбыліся пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі. Адпаведны законапраект разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў ужо на працягу года. Некаторыя сур'ёзныя прапановы паступілі гэтай вясной, але ў вясновую сесію мы не паспелі вынесці дакумент на першае чытанне. У міжсесійны перыяд мы дапрацавалі дакумент да такой ступені, каб яго можна было разглядаць у двух чытаннях. Аднак і на гэты раз мы не разгледзелі яго. Таму дэкрэт — гэта мера хуткага прыняцця ўжо падрыхтаваных антынаркатычных нормаў.
Дэкрэт будзе халодным душам для тых, хто абыходзіць заканадаўства, каб зарабіць на здароўі і жыцці іншых людзей. А таксама для тых, хто гатовы 5-6 гадоў адсядзець, а потым працягваць сваю чорную справу. Цяпер распаўсюджвальнікі ў выпадку чыёйсьці смерці ад спажывання наркотыкаў могуць быць пазбаўлены волі тэрмінам да 25 гадоў.
Але самае галоўнае — мы павінны стварыць такія ўмовы, каб малады чалавек і не думаў пра наркотыкі. Каб яму было што губляць, каб ён не хацеў гэтага губляць. Наркотыкі спажываюць людзі, якія нікому не патрэбны, якія не маюць магчымасці сябе праявіць. Іх знаходзяць маркетолагі, якія прапаноўваюць запоўніць душэўную пустату хімічным задавальненнем.
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў Дзмітрый ШАЎЦОЎ:
— Як дэпутат, урач і грамадзянін я толькі «за» ўзмацненне адказнасці ў справе барацьбы з распаўсюджваннем і захоўваннем наркотыкаў. Мы бачым, што забароненыя рэчывы вельмі актыўна ўкараняюцца ў маладзёжным асяроддзі, у тым ліку ў школах. Размова пры гэтым ідзе пра вельмі сур'ёзныя, незваротныя наступствы. Нават аднаразовае спажыванне курыльных сумесяў аказвае вельмі моцны негатыўны ўплыў на здароўе, а часам наогул аднімае жыццё. Вельмі і вельмі жорстка трэба рэагаваць на ўцягванне няпоўнагадовых у распаўсюджванне наркатычных рэчываў, на іх захаванне і выраб.
Валяр'ян ШКЛЕННІК, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Святлана БАРЫСЕНКА.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».