Вы тут

Галава, якая… размаўляла


У Полацкім дзяржаўным універсітэце не проста ганарацца тым, што менавіта ён — фактычна першая вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, а працягваюць слаўныя традыцыі… Як вядома, менавіта ў Полацку яшчэ ў XVІ стагоддзі быў заснаваны езуіцкі калегіум, якому пазней быў нададзены статус акадэміі. Дарэчы, і цяпер можна ўбачыць ядро, якое ў 1812 годзе трапіла ва ўніверсітэцкую сцяну. Калісьці тое ядро, смех смехам, палівалі каньяком і не толькі. Чаму? І хто са славутых людзей працаваў ва ўніверсітэце? Хто вучыцца цяпер у сценах былога калегіума? Пра гэта вы прачытаеце ніжэй.

Пра «нецвярозае» ядро…

Універсітэцкі комплекс знаходзіцца за вытанчанай каванай агароджай. У двары копіі палотнаў вядомых мастакоў эпохі Адраджэння, стары калодзеж, які аднавілі. Невялікую экскурсію для мяне правяла Кацярына Курылёнак, метадыст па выхаваўчай рабоце ўніверсітэта.

—Будынкі, якія вы бачыце, узвялі ў XVІІІ стагоддзі. Вось старадаўні калодзеж глыбінёй 28 метраў. Убачыце, усярэдзіну можна спусціцца па скобах. Меркавалася, што па іх можна было спусціцца да ўзроўню вады і трапіць у падземны ход. Але падчас археалагічных даследаванняў (дарэчы, праведзеных нашымі выкладчыкамі і студэнтамі) той ход не знайшлі. Рэпрадукцыі твораў на сценах — мастакоў, якія або вучыліся тут, як Хруцкі, або чые карціны тут захоўваліся: Рэмбранта, Леанарда да Вінчы і іншых, — расказвае спадарыня Курылёнак, былая студэнтка гэтай ВНУ.

Ёсць ва ўніверсітэце і аўтэнтычныя прыступкі лесвіцы, па якіх хадзіла імператрыца Кацярына Вялікая. Яна, дарэчы, асабіста падтрымлівала навуковую і выкладчыцкую дзейнасць знакамітага Габрыэля Грубера. Ён не выпадкова выкладаў у езуіцкай акадэміі, бо быў генералам Таварыства Ісуса — езуітаў. А таксама мовазнаўцам, філосафам, матэматыкам, медыкам. У 1797 годзе ён пазнаёміўся з імператарам Паўлам, калі той наведваў Полацк. Грубер лячыў Паўла і яго жонку. Менавіта пры Груберы калегіум стаў буйным тэхнічным цэнтрам.

—Ён адкрыў музей, карцінную галерэю, стварыў першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі архітэктурны факультэт. Дэвізам факультэта ў перакладзе з латыні сталі словы: «Карысць, трываласць і прыгажосць». Вынаходкі яго здзіўлялі сучаснікаў. Самая вядомая — гаворачая галава. Праўда, зайздроснікі гаварылі, што ўнутры драўлянай галавы сядзеў адукаваны езуіт, які рычагамі кіраваў вачыма і губамі. І з яго вуснаў людзі атрымлівалі адказы на самыя розныя пытанні… Нядаўна на фасадзе будынка замацавалі мемарыяльную дошку ў гонар Грубера, — працягвае расказ мой экскурсавод.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Мемарыяльная дошка ў гонар Грубера.

У экспазіцыі касцюмаў «шкаляроў» (тых, хто навучаўся ў розныя часы), сярод іншых — і кадэцкая форма. У 1835 годзе на базе акадэміі дзейнічаў кадэцкі корпус. На яго гербе арол, які трымае ў лапах ядро. Апошняе можна ўбачыць і цяпер, праўда, не на сцяне навучальнага корпуса, а на будынку непадалёк, дзе знаходзіцца полацкая карцінная галерэя.

—Ядро трапіла ў сцяну, калі горад абстрэльвалі французы. Кадэты штогод ладзілі незвычайную цырымонію: будучыя кавалерысты ядро аблівалі ромам, пяхота — гарэлкай, а маёр (стараста групы. — Аўт.) — каньяком, — расказвае экскурсавод.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Адноўлены калодзеж.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 Экспазіцыя, прысвечаная гісторыі ўніверсітэцкага касцюма.

 І «Дэбют першакурсніка»

У ПДУ самы малады факультэт — інфармацыйных тэхналогій, які знаходзіцца ў сценах былога калегіума. Цікава, што проста ў кабінеце дэкана частка аўтэнтычнай кладкі сцяны, зробленай тры стагоддзі таму.

—Напэўна, трэба міма нашага будынка ісці і кланяцца нябёсам, што ён захаваўся і будучыя вялікія вучоныя тут вучыліся, — кажа дэкан інфармацыйных тэхналогій Сцяпан ЯХІЛЕЎСКІ. — Добра, што і ў наш час студэнты ходзяць на заняткі з вялікім задавальненнем. Паверце, не дзеля дыплома, а каб атрымаць годную працу. Ва ўсім свеце не хапае спецыялістаў у сферы высокіх тэхналогій. У вядомых кампаній сёння дэфіцыт кадраў. І яны з'яўляюцца нашымі партнёрамі: запрашаюць студэнтаў на практыку, даюць ім канкрэтныя заданні, тэсціруюць і выбіраюць патрэбных… Мы сярод іншага рыхтуем і спецыялістаў для рэзідэнтаў беларускага Парка высокіх тэхналогій.

Студэнт у любы час можа звярнуцца да свайго выкладчыка, загадчыка кафедры, дэкана. Апякуюць першакурснікаў студэнты старэйшых курсаў. У Еўропе перанялі адпаведны досвед: у Германіі і Швецыі. І паверце, усе студэнты хочуць быць куратарамі. Нават чарга ёсць! Праводзіцца і «Дэбют першакурсніка» — своеасаблівая справаздача навічкоў, якія нядаўна вучацца ў нашай ВНУ. Ужо праз пару месяцаў вучобы яны прадстаўляюць літаратурнае эсэ, удзельнічаюць у гульні «Што? Дзе? Калі?», КВЗ, конкурсе канцэртных праграм.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота аўтара.

Полацк — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».