Вы тут

Свята Трох Каралёў


У той час, калі ў праваслаўных каляды толькі пачынаюцца, у католікаў яны заканчваюцца Святам Трох Каралёў (зрэшты, калядкі працягваюць спяваць яшчэ амаль цэлы месяц — да Грамніц). Час ад 25 снежня да 6 студзеня — гэта час, які спатрэбіўся каралям (вешчунам), каб знайсці нованароджанае дзіцятка, а для нас таксама — пачатак чарговага адліку на зямным шляху, самы радасны час у годзе, час мар, спадзяванняў, планаў. Таксама ў гэты час мусіць адведаць усіх сваіх парафіян і ксёндз (гэтая місія таксама традыцыйна называецца «Каляда»). Дзіцятка Езус яшчэ мірна спіць у калысцы, не думаючы пра тыя выпрабаванні, якія яму наканаваны. Даўней кожны з 12 дзён ад Божага Нараджэння да Трох Каралёў супастаўлялі з адпаведным месяцам надыходзячага года, і па тым, якім ён быў — удалым або наадварот — гадалі, ці шчаслівым той месяц будзе.

Three wise men gathered to present gifts

Даўней напярэдадні свята ўсе дамы, пазначаныя крыжыкамі і імёнамі трох каралёў, абыходзілі калядоўшчыкі, апранутыя ў экзатычныя «ўсходнія» шаты, часам пазычаныя ў плябані. Адзін з «каралёў», калі строга прытрымлівацца звычаяў, мусіў чарніць сабе твар, бо, паводле па-
дання, адзін з вешчуноў быў чарнаскуры. Як і «звычайныя» калядоўшчыкі, «каралі» спявалі традыцыйныя калядкі, а ўзамен атрымлівалі ад добрых гаспадароў пачастунак.

Пярэдадзень Трох Каралёў прынята называць «Шчодры вечар». Традыцыйна ў гэты час католікі ва ўсім свеце пяклі рознае абрадавае печыва, найчасцей — пірагі, тарты. На сталах панавалі пераважна тыя самыя стравы, што і на Вігілію. У панскіх дварах, на ўспамін пра падарункі, прынесеныя каралямі Езусу, існаваў звычай абдорваць рознай дробяззю слугаў і чэлядзь.

Іншы «панскі» звычай на гэты дзень (сёння, бадай, даступны кожнаму) — пазычаная з Захаду гульня ў «мігдаловага караля». Той, хто знаходзіў у сваім кавалку святочнага торта запечаны міндаль, абвяшчаўся «каралём» кампаніі. Часам у пару да «караля» выбіралі і «каралеву», і потым гэтая пара выступала жартаўлівымі распарадчыкамі забаў, якія трывалі ўвесь карнавальны перыяд, г. зн. да Попельнай серады (Папяльца). Вядома, у тых, хто мог сабе гэтыя забавы дазволіць. Зрэшты, заходняе слова «карнавал» (ад лацінскага «бывай, мяса!») у нас амаль ніхто не ведаў; па-беларуску, як і па-польску, гэты перыяд, пачынаючы ад Трох Каралёў, называўся Запусты. А па Запустах надыходзіў Вялікі пост…

Рэцэпты святочных страў

6-13Часты кампанент страў на Божае Нараджэнне і Тры Каралі — міндаль («мігдалы»). Яго трэба ўжываць ачышчаным. Каб выдаліць знешнюю карычневую абалонку, трэба апусціць арэхі на 1 хвіліну ў кіпень. Ачышчанае ядро рэкамендуецца прамыць праточнай вадой і высушыць у духоўцы пры 50–70°C. Мігдалы ў шляхецкай кулінарыі Рэчы Паспалітай вядомы з ХVІ стагоддзя. З іх выраблялі ахаладжальны напой аршад, марцыпаны, мігдаловую поліўку, мігдаловы торт, поснае міндальнае «малако» (густы адвар-пюрэ з міндалём і цукрам) і іншае. Для паспалітага люду мігдалы былі амаль недаступнымі, адсюль прыказка «Думаць пра нябесныя мігдалы». У сімволіцы свята, магчыма, увасабляюць таямнічы ўсход, з якога прыбылі тры каралі.

Мігдаловая поліўка

Ачышчаны і высушаны здроблены міндаль варыць 10–15 хвілін у малацэ (на 1,5 л малака бярэцца 120 г міндалю), працадзіць і трохі пасаладзіць; падаваць поліўку цёплай з рысам, звараным у малацэ. Можна падаваць халоднай — тады звараны ў малацэ міндаль загушчаюць яечнымі жаўткамі.

Мігдаловы торт Трох Каралёў

Складнікі: 100 г масла, 100 г молатага міндалю, 3 жаўткі, 100 г цукру, у тры пальцы солі, 1 ст. лыжка крухмалу, 1 ст. лыжка гарэлкі, каньяку або рому (неабавязкова), 2 стандартныя пачкі «французскага» цеста (500 г), маргарын для шмаравання формы, 1 цэлы мігдал, 1 бялок.

Спосаб прыгатавання. Распусціць масла ў рондалі на вельмі слабым агні. Міндаль расцерці ў місе з жаўткамі, вадкім маслам, цукрам і соллю. Калі маса зробіцца аднароднай, дабавіць крухмал і гарэлку, перамяшаць. Пакінуць у лядоўні на 30 хвілін. Падзяліць «французскае» цеста на 2 паловы, кожную раскачаць. Адну палову выкласці на круглую форму (дыяметрам 26 см), крыху змазаную маргарынам, раскласці на ім жаўткова-мігдаловую масу, у сярэдзіну якой пакласці цэлы мігдал. Прыкрыць другой паловай цеста і змацаваць краі торта, трохі ўвільгатніўшы. Пакінуць на 20 хвілін. Намазаць верх торта бялком і ўставіць у духоўку, папярэдне разагрэтую да 210 °C, на 40 хвілін. Нарэзаць на кавалкі: той, хто адшукае ў сваім схаваны мігдал, — той абвяшчаецца «каралём» святочнага вечара.

«Французскае» (слоенае) цеста

Рабіць яго — вельмі працаёмкі працэс, таму сёння на Захадзе слоенае цеста пераважна гатуюць прамыслова і прадаюць замарожаным у стандартных пакунках. Але пры жаданні яго можна зрабіць самім:

Складнікі: 250 г мукі, 200 г масла, 2 яйкі, сок з паловы лімона.

Спосаб прыгатавання. Яйкі (можна толькі жаўткі) і лімонны сок патрэбны, каб не даваць маслу пранікаць у пласты цеста, тым самым расслойваючы яго. Напачатку належыць замясіць цеста з мукі, яек, лімоннага соку з дабаўленнем невялікай колькасці цеплаватай вады — падобна як на калдуны. Затым цеста раскочваецца на пасыпаным мукой стале, намазваецца крыху падтопленым маслам, складваецца напалам, зноў раскочваецца, зноў складваецца напалам і г. д. — аж пакуль не будзе выкарыстана ўсё масла. Качалку належыць прыціскаць лёгка і раўнамерна, захоўваць адзін кірунак раскочвання — ад сябе. Таксама нельга пераварочваць цеста, каб не пашкодзіць яго слоенай структуры.

Чытайце яшчэ:

Ламанцы і сліжыкі

Лазанкі

Марцін святы — згубіцель гагаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.