Вы тут

Міхаіл ЗІМЯНІН: "Заўсёды стараўся сумленна служыць Радзіме"


Гісторыя з біяграфіяй

Пачынаючы рубрыку з такой назвай, мы мяркуем расказваць у ёй пра людзей, якія пакінулі значны след у жыцці нашай краіны, чый лёс непарыўна звязаны з Беларуссю, чыя біяграфія — гэта частка гісторыі нашай зямлі. Першым героем новай рубрыкі будзе Міхаіл Зімянін, вядомы партыйны дзеяч, які займаў кіруючыя дзяржаўныя пасады з канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя да сярэдзіны 80-х. Пра той складаны і неадназначны час, пра ролю асобы ў лёсе і развіцці велізарнай краіны і невялікай саюзнай рэспублікі — ва ўспамінах Уладзіміра Зімяніна, сына Міхаіла Васільевіча.

6-19

Бацька мой, Зімянін Міхаіл Васільевіч, нарадзіўся 21 лістапада (8 лістапада па старым стылі) 1914 года ў беларускай вёсачцы Земцы, што непадалёк ад Віцебска. Лёс яго склаўся так, што давялося яму быць не толькі сведкам, але і ўдзельнікам важных падзей айчыннай гісторыі. Падобна да аднагодкаў, якія выстаялі ў смяротнай сутычцы з фашызмам, якія вынеслі на сваіх плячах усе нягоды пасляваеннага аднаўлення краіны, якіх справядліва назвалі «пакаленнем пераможцаў», бацька пазбягаў гаварыць пра складаныя перыяды свайго жыцця. Толькі на зыходзе дзён ён знайшоў у сабе сілы распавесці блізкім пра тое, што доўгія гады трымаў у памяці...

Ад памочніка машыніста да кіраўніка рэспубліканскага камсамола

Зімяніну было 13 гадоў, калі пасля смерці бацькі старэйшы брат Валодзя прывёў яго ў паравозарамонтнае дэпо: трэба было карміць сям'ю. Неўзабаве працавіты і шустры падлетак авалодаў рамяством памочніка машыніста.

Дзякуючы прыроднай кемлівасці і неспатольнай празе ведаў, Міхаіл да прызыву ў Чырвоную Армію паспеў папрацаваць сельскім настаўнікам і раённым газетчыкам. Па ўспамінах яго палкавога сябра Кірыла Мазурава, Зімянін, «жывы і кампанейскі, добры, роўны ў зносінах з таварышамі, хоць і востры на язык... вылучаўся сваёй эрудыцыяй (вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце на аддзяленні гісторыі) і хутка заваёўваў аўтарытэт у таварышаў і камандавання».

У 1938 годзе партыйную арганізацыю Беларусі, якая перажывала паласу жорсткіх масавых чыстак, узначаліў сталінскі вылучэнец Панцеляймон Кандрацьевіч Панамарэнка. Азнаёміўшыся са спісам рэпрэсаваных і людзей, якія падлягалі арышту, новы кіраўнік рэспублікі неадкладна накіраваў Сталіну дакладную запіску. Панамарэнку ўдалося даказаць неабгрунтаванасць і шкоднасць рэпрэсій у Беларусі. Асабліва падзейнічаў на Сталіна той факт, што народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас былі таксама ўнесены ў спісы ворагаў народа. Сталін загадаў спыніць пераслед кіруючага складу і творчай інтэлігенцыі Беларусі. Па яго ўказанні класікі беларускай літаратуры Купала і Колас былі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна.

У пошуках перспектыўных кадраў Панамарэнка шмат ездзіў па рэспубліцы. На адной з нарад у Магілёве яго ўвагу прыцягнуў бойкі чорнавалосы хлопец, які аказаўся важаком мясцовых камсамольцаў. Яны разгаварыліся, і Панамарэнку здзівіла начытанасць камсамольскага сакратара, да таго ж яшчэ і студэнта Магілёўскага педагагічнага інстытута. У 1940 годзе Панамарэнка прызначыў Міхаіла Зімяніна на пасаду першага сакратара рэспубліканскага камсамола.

28-гадовы палкоўнік

Пачатак вайны застаў Зімяніна ў Беластоку. З часцяміі 3-й, 4-й і 10-й армій Заходняга і Цэнтральнага франтоў, якія прыкрывалі Беларусь, ён прайшоў цяжкі шлях, з баямі адыходзячы да Баранавіч і Мінска. Ужо ў канцы чэрвеня 1941 года ён у ліку іншых беларускіх кіраўнікоў прыступіў да стварэння ў тыле немцаў падполля і фарміравання з мясцовага насельніцтва партызанскіх атрадаў, якія ўзмацняліся салдатамі і камандзірамі, што выходзілі з акружэння.

У жніўні 1941-га на ўскраіне Гомеля Міхаіл Васільевіч апошні раз убачыўся з родным братам Валодзем. Брат цудам вырваўся з акружэння пасля баёў у Заходняй Беларусі, дзе ён у складзе электратэхнічнай роты ўзводзіў умацаванні на новай мяжы. Моцна абняліся Зімяніны на развітанне. Уладзіміра Зімяніна, радавога-кулямётчыка, накіравалі пад Кіеў, дзе ён у кровапралітных баях склаў галаву і быў пахаваны ў безыменнай салдацкай магіле.

У пачатку кастрычніка 1941 года Панамарэнка з Зімяніным былі камандзіраваны на Бранскі фронт. На працягу двух тыдняў яны спрабавалі забяспечыць арганізаваны адыход нашых войскаў, ледзь не знішчаных танкамі Гудэрыяна.

Пасля Бранскага фронту член Ваеннага савета 3-й Ударнай арміі Панамарэнка адправіў старшага батальённага камісара Міхаіла Зімяніна ў раён Ржэва і Вялікіх Лук, дзе ішлі доўгія кровапралітныя бітвы, «для выканання спецыяльнага задання па зборы звестак аб праціўніку і па пытаннях сувязі з партызанскімі атрадамі». Тут, у балотах і лясах, ствараліся так званыя вокны, праз якія наладжвалася сувязь з беларускімі партызанамі, дастаўляліся боепрыпасы, іншы вайсковы рыштунак, прадукты харчавання, медыкаменты.

Восенню 1942 года выдавецтва ЦК ВЛКСМ «Маладая гвардыя» выпусціла 30-тысячным накладам брашуру «Моладзь Беларусі змагаецца», якую і сёння нельга чытаць без хвалявання: «Спалены многія гарады і вёскі Беларусі, закатаваны многія тысячы яе верных сыноў і дачок, зганьблены нашы маці, сёстры і дзеці, але беларускі народ не скарыўся ворагу і ніколі не будзе рабом». З болем і гневам апавядаецца пра жахлівыя злачынствы гітлераўскіх акупантаў, аўтар прыводзіць запамінальныя прыклады масавага гераізму юных народных мсціўцаў, «што пагарджалі смерцю ў імя перамогі, поўныя нястрымнай нянавісці да ворага». «Бей жа яго мацней, будзь да яго яшчэ бязлітасней, слаўная беларуская моладзь!» — заклікаў кіраўнік камсамола Беларусі.

Толькі за першыя месяцы 1943 года 28-гадовы палкоўнік, найбліжэйшы паплечнік кіраўніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнкі Міхаіл Зімянін пабываў у атрадах Мінскай, Палескай, Гомельскай, Пінскай абласцей. За працу ў Мінскай-Палескай партызанскай зоне ён быў удастоены вышэйшай узнагароды краіны — ордэна Леніна.

«Чалавек рухомы, незвычайна энергічны, мэтанакіраваны, ён усіх заражаў сваім энтузіязмам, — успамінаў актыўны ўдзельнік партызанскага руху Эдуард Баляслававіч Нордман. — Яго прывабнасць, шырокі палітычны кругагляд, талент арганізатара, смеласць і вытрымка ў складаных абставінах дапамаглі яму заваяваць павагу сярод партызанаў».

За спінай у Сталіна

Як вядома, Цэнтральны штаб партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны толькі 30 мая 1942 года. Па рашэнні І.В. Сталіна штаб узначаліў Панцеляймон Панамарэнка.

Годам пазней Сталін меў намер перавесці Панамарэнку в Украіну замест М.С. Хрушчова, якому атрымалася захаваць сваю пасаду толькі дзякуючы энергічнаму заступніцтву Берыі, Малянкова і Булганіна. «Заступнікі» не без падстаў разглядалі Панамарэнку як палітычнага праціўніка, больш небяспечнага для іх, чым праставаты, як ім уяўлялася, Мікіта Сяргеевіч.

Саперніцтва паміж Панамарэнкам і Хрушчовым пачалося ў 1939 годзе, калі, пасля завяршэння ваеннай кампаніі ў Польшчы, беларускі кіраўнік здолеў адстаяць перад Сталіным свой варыянт заходняй часткі беларуска-ўкраінскай мяжы. Хрушчова ж правадыр высмеяў за прад'яўленую ў якасці доваду, па выразе Сталіна, «пятлюраўскую карту», згодна з якой шэраг раёнаў Беларусі, у тым ліку горад Брэст, большая частка Белавежскай пушчы адыходзілі Украіне. Жорсткія спрэчкі Хрушчова і Панамарэнкі не заціхалі і ў ваенныя гады. Як правіла, Сталін прымаў бок Панамарэнкі.

Аднойчы, выслухаўшы довады разгарачаных чарговай спрэчкай Мікіты Сяргеевіча і Панцеляймона Кандратавіча, правадыр з усмешкай сказаў на заканчэнне: «Вось калі б да энергіі Хрушчова ды галаву Панамарэнкі!». Лёгка ўявіць, што пры гэтым адчуваў самаўлюбёны Хрушчоў...

У гутарках з бацькам — ужо пасля яго выхаду на пенсію — я распытваў яго пра Сталіна. Да канца сваіх дзён Міхаіл Васільевіч лічыў яго выдатным кіраўніком партыі і дзяржавы, прызнаваў яго беспярэчны аўтарытэт як аднаго з лідараў міжнароднага камуністычнага руху.

Бацька ўпершыню сустрэўся з правадыром на Другой сесіі Вярхоўнага Савета СССР у сакавіку 1946 года, калі яго абралі дэпутатам ад Маладзечанскай вобласці. Калі ён убачыў Сталіна, то ўразіўся таму, наколькі Сталін у жыцці не быў падобны да сваіх шматлікіх партрэтаў. Перад бацькам паўстаў стомлены чалавек з зямлістага колеру тварам, абсыпаным дробнымі воспінамі. Рэдкія сівыя валасы акуратна зачасаны назад. Худыя маршчыністыя рукі з тонкімі нервовымі пальцамі...

На наступных сесіях Вярхоўнага Савета СССР бацьку, у сілу невядомага яму парадку, усаджвалі ў левай частцы прэзідыума непасрэдна за спінай Сталіна. Міхаіл Васільевіч быў далёкі ад таго, каб тлумачыць такое рассаджванне асаблівым стаўленнем да яго правадыра. У той жа час ён добра разумеў, што выпадковых людзей блізка да Сталіна не падпускалі. Сам Сталін не ўтойваў сваіх асаблівых сімпатый да беларусаў і часта называў іх «добрым народам».

Так і не давялося Міхаілу Зімяніну даведацца аб дакладной запісцы ўсемагутнага сталінскага кадравіка Г.М. Малянкова, накіраванай правадыру ў красавіку 1947 года па выніках гутаркі з кандыдатам на пасаду сакратара ЦК Беларусі. Тады Зімянін узначаліў Міністэрства асветы рэспублікі.

Пры сустрэчы з Зімяніным Малянкоў усміхнуўся і ўсклікнуў: «Які ж вы маленькі!».

На здзіўленне Маленкова Зімянін жарту не прыняў: «Вы памыліліся адрасам. Пашукайце сабе ростам вышэйшага». Крута павярнуўся і накіраваўся да дзвярэй.

«Пачакайце, не гарачыцеся. Мы ж абодва разумеем, што гэта не галоўнае», — міралюбна сказаў Маленкоў. Зімянін яму відавочна спадабаўся.

Застаўся задаволены Георгій Максімільянавіч і вынікамі гутаркі. Адказы Зімяніна былі па-вайсковаму кароткімі і выразнымі. Ацаніўшы яго шчырасць і адкрытасць, Маленкоў у той жа час адзначыў уласцівыя Зімяніну гарачнасць і рэзкасць, пра што і далажыў Сталіну.

«Ты асабіста адказваеш за свайго Машэрава»

Рашэннем Палітбюро ЦК ВКП(б) у красавіку 1947 года М.В. Зімянін быў зацверджаны сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі. Парадаваўся высокаму прызначэнню Зімяніна яго старэйшы таварыш і настаўнік Панцеляймон Кандрацьевіч Панамарэнка, які па праве лічыў Міхася, як называлі Зімяніна з партызанскіх часоў беларусы, сваім выхаванцам.

Летам 1948 года ў сувязі з прызначэннем на пасаду сакратара ЦК Панамарэнка пераехаў у Маскву, але сувязяў з Зімяніным не перарываў. «Я цалкам спадзяваўся на яго парады і рэкамендацыі, — распавядаў бацька. — Ён быў чалавекам дзівоснай сумленнасці і рэдкай адказнасці. Ведаючы, што я цалкам паглынуты праверкай кадравага складу партыйных і дзяржаўных органаў рэспублікі, Панамарэнка наказваў мне: «Глядзі, Міша, не губі людзей!».

У 1943 годзе Міхаіл Зімянін падтрымаў кандыдатуру 25-гадовага камісара партызанскай брыгады Пятра Машэрава, які быў вылучаны на пасаду першага сакратара Вілейскага падпольнага абкама камсамола. Праз паўгода Беларускі штаб партызанскага руху сумесна з ЦК камсамола прадставіў Машэрава да звання Героя Савецкага Саюза.

«Пасля рашэння аб высокай узнагародзе, — распавядаў бацька, — мы атрымалі паведамленне контрразведкі пра тое, што Машэраў быў у палоне ў немцаў. Я неадкладна звярнуўся да Панамарэнкі. Той адразу мяне спытаў: «Будзем абараняць яго? Бо Міша, я, як і ты, у вочы яго не бачыў». Я спаслаўся на меркаванне вельмі надзейных людзей, якія высока ацэньвалі Машэрава як партызанскага камандзіра і адгукаліся пра яго, як пра добрага і вернага сябра. Дадаткова праверылі і высветлілі, што сваю бяду Машэраў не ўтойваў. Я сказаў Панамарэнку, што яго слова будзе ва ўсёй гэтай гісторыі вырашальным. «Добра, — пагадзіўся Панамарэнка, — але май на ўвазе, ты асабіста адказваеш за свайго Машэрава».

Праз некаторы час чэкісты далажылі нам, што справа Машэрава закрытая. Тады ж найвышэйшай інстанцыяй было прынята рашэнне не вяртацца больш да гэтай справы».

У 1947 годзе Пётр Машэраў узначаліў рэспубліканскі камсамол, з 1959 года займаў пасады сакратара, другога сакратара, а з сакавіка 1965 года да трагічнай гібелі ў 1980 годзе з'яўляўся першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі.

Яшчэ пры жыцці беларускага кіраўніка пытанне аб яго знаходжанні ў нямецкім палоне нечакана паставіў перад Зімяніным Ю.У. Андропаў. Выклаўшы ўсё, што ён ведаў пра ліхтугі Машэрава, Міхаіл Васільевіч жорстка нагадаў пра рашэнне найвышэйшай інстанцыі. Андропаў моўчкі кіўнуў на развітанне. У Зімяніна на душы доўга захоўваўся непрыемны асадак ад гэтай гутаркі: нібы яго хацелі ўцягнуць у нейкія нядобрыя справы.

Машэраў так ніколі і не даведаўся пра гэтую размову, хоць пры нячастых сустрэчах з ім бацьку часам здавалася, што Пятра Міронавіча нешта турбавала. Аднак нават у сяброўскіх гутарках сам-насам той не дазваляў сабе лішніх размоў пра мінулае.

Час кардынальных перамен

У кастрычніку 1952 года разам з іншымі членамі беларускай дэлегацыі на ХІХ з'ездзе КПСС Зімянін быў афіцыйна прадстаўлены Сталіну. Менавіта тады бацька звярнуў увагу на сталінскую манеру размаўляць з людзьмі. Сталін меў звычай гутарыць, апусціўшы галаву, толькі зрэдку кідаючы на суразмоўцу востры прыжмураны позірк. Бацька сцвярджаў, што такая манера Сталіна тлумачылася проста: яго вочы прыкметна касілі... Гаварыў правадыр выразна, мерна, але ціха, як бы сабе ў вусы, і таму ад слухачоў патрабавалася асаблівая ўвага, каб не прапусціць ніводнага слова. Ні на з'ездзе, ні на наступным пленуме Цэнтральнага Камітэта, падчас якога адбылася знакамітая двухгадзінная прамова Сталіна, якая стала яго своеасаблівым палітычным завяшчаннем, бацька не заўважыў нават падабенства ўсмешкі на сталінскім твары...

Упершыню абраны членам ЦК КПСС, Зімянін нават уявіць не мог, што адразу пасля заканчэння з'езда пачнецца тайная падрыхтоўка да грунтоўнага рэфармавання дзяржаўных структур.

На ХІХ з'ездзе партыі ў кастрычніку 1952 года Панамарэнку ўвялі ў склад Прэзідыума ЦК КПСС, пашыранага па ўказанні Сталіна да 25 чалавек. Застаючыся адным з вядучых сакратароў Цэнтральнага Камітэта, адказным за пытанні дзяржаўнага планавання, фінансаў, гандлю і транспарту, Панамарэнка таксама займаў пасаду міністра нарыхтовак СССР. Гэтай працы таксама надавалася асаблівае значэнне з прычыны неабходнасці рацыянальнага захавання і размеркавання прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Спрактыкаваная ў крамлёўскіх інтрыгах «старая гвардыя» (а яе пазіцыі пасля з'езду значна аслабелі — Сталін аддаліў Молатава, Мікаяна і Варашылава), насцярожана сачыла за ўзмацненнем пазіцый сталінскіх вылучэнцаў — Мікалая Міхайлава, Вячаслава Малышава, Міхаіла Пярвухіна, Максіма Сабурава і Панцеляймона Панамарэнкі, які працягваў карыстацца асаблівай прыхільнасцю правадыра. Характэрна, што цяпер, відавочна па волі Сталіна, у кіруючых органах партыі значную колькасць складалі так званыя «гаспадарчыя работнікі» і прадстаўнікі навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі. Дзве трэці Прэзідыума — людзі з вышэйшай адукацыяй, у тым ліку тры дактары навук, чаго ніколі не было за ўсю гісторыю партыі.

 

стараўся сумленна
Радзіме»

У снежні 1952 года І.В. Сталін распарадзіўся азнаёміць членаў Прэзідыума ЦК КПСС з праектам дакумента аб прызначэнні Панамарэнкі на ключавы дзяржаўны пост, які сам Сталін займаў з мая 1941 года, правадыр канчаткова вызначыў свайго пераемніка.

Да пачатку 1953 года праект гэтага дакумента быў завізіраваны ўсімі членамі Прэзідыума ЦК КПСС, за выключэннем Берыі, Хрушчова, Малянкова і Булгарына.

Бацька не ведаў пра існаванне падобнага праекта, але казаў мне, што адчуваў набліжэнне істотных змен і ў партыі, і ў краіне. Сярод звязаных у нядаўнім мінулым камсамольскай працай бацькавых сяброў напаўголасу абмяркоўваліся магчымыя намеры Сталіна «грунтоўна ператрэсці» партыйную наменклатуру, адхіліць яе ад улады, гэта значыць пазбавіць ЦК КПСС магчымасці кіраваць дзяржавай, скасаваўшы сам апарат. Пагаворвалі таксама і пра тое, што роля пазбаўленых кіраўніцкай улады камуністаў будзе зведзена да ідэалагічнай і кадравай працы на месцах.

Сёння апублікавана шмат сведчанняў, якія пацвярджаюць рашучасць Сталіна перадаць усю паўнату ўлады ў краіне Савету міністраў СССР, які павінен быў узначаліць Панамарэнка. Сталін збіраўся зноў паставіць пытанне аб сваёй адстаўцы з пасады кіраўніка ўрада, які ён падымаў на кастрычніцкім Пленуме ЦК, спасылаючыся на сваю старасць і хваробы.

Вядома таксама, што гэты дакумент і іншыя сталінскія планы збіраліся абмеркаваць 3 сакавіка 1953 года на пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, а ў дзясятых чыслах сакавіка ўжо на пленуме ЦК КПСС прыняць адпаведныя рашэнні. Гэта пацвярджае былы Старшыня Вярхоўнага Савета СССР А.І. Лук'янаў, які ў адным з інтэрв'ю заявіў, што яму даводзілася чуць пра гэты дакумент ад «давераных людзей».

Раптоўная хвароба Сталіна і яго смерць 5 сакавіка 1953 года выклікалі ўсплёск барацьбы за ўладу.

Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка быў вызвалены ад абавязкаў сакратара ЦК КПСС, пераведзены з членаў Прэзідыума ЦК у кандыдаты і прызначаны кіраўніком Міністэрства культуры СССР — установы, якая ўпершыню стваралася ў нашай краіне.

Такім чынам, праект сталінскай запіскі быў адхілены тымі, у чые рукі перайшла ўлада. З прыходам да кіраўніцтва партыі Хрушчова гэты дакумент знік.

Непрыязнае стаўленне да Панамарэнкі помслівы Хрушчоў неўзабаве распаўсюдзіць на таварышаў па службе і сяброў Панцеляймона Кандратавіча. У хрушчоўскі «чорны спіс» будзе занесены і Міхаіл Васільевіч Зімянін. Бацька не сцвярджаў, але і не адмаўляў таго, што, у адпаведнасці са сталінскімі планамі аб вылучэнні нацыянальных кадраў на кіруючыя пасады, перш за ўсё ў Беларусі і ва Украіне, ён павінен быў заняць пасаду першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі. Мяркуючы па ўсім, ён прысутнічаў на згаданым пасяджэнні Пленума ЦК, Савета міністраў Прэзідыума Вярхоўнага Савета ўвечары 5 сакавіка, удзельнікі якога прынялі пастанову «аб размеркаванні абавязкаў паміж членамі ЦК КПСС».

Змена ўлады пасля смерці правадыра праводзілася ў спешцы. На першыя ролі рваліся ўжо Хрушчоў, Малянкоў і Берыя. Нягледзячы на ўсё яшчэ высокі аўтарытэт Сталіна, яго апошнія рашэнні былі адменены.

14 сакавіка адбыўся Пленум ЦК. Звесткі аб ім практычна адсутнічаюць нават у даследчай літаратуры. Думаецца, на ім былі прыняты важныя кадравыя рашэнні, у тым ліку і па кандыдатуры Зімяніна.

У красавіку яго выклікалі ў Маскву. Пасля гутаркі з міністрам замежных спраў Вячаславам Молатавым і рашэння Прэзідыума ЦК КПСС Зімянін перайшоў на працу ў цэнтральны апарат МЗС БССР.

Яго не пакідала адчуванне нявызначанасці. У 627-м нумары гасцініцы «Масква» ён правёў некалькі цяжкіх тыдняў. Нарэшце, вечарам 15 чэрвеня ён быў выкліканы да першага намесніка Старшыні Савета міністраў, міністра ўнутраных спраў Лаўрэнція Берыі.

Берыя спытаў Зімяніна, як ён трапіў у МЗС, і калі той пачаў адказваць, рашуча сказаў: «Рашэнне, прынятае ў дачыненні да вас, няправільнае, больш за тое, памылковае!».

Даклад на роднай мове

Бацьку азнаёмілі з запіскай Берыі ў Прэзідыум ЦК КПСС ад 8 чэрвеня 1953 года з прапановай вылучыць на пасаду першага сакратара ЦК Кампартыі рэспублікі «т. Зімяніна М.В. — беларуса па нацыянальнасці, былога другога сакратара ЦК КП Беларусі, нядаўна пераведзенага на працу ў Міністэрства замежных спраў СССР у якасці начальніка аддзела».

25 чэрвеня 1953 г. у Мінску М.В. Зімянін выступіў перад удзельнікамі Пленума ЦК Кампартыі Беларусі. Упершыню за ўсю гісторыю сваіх пленумаў і з'ездаў беларускія камуністы са здзіўленнем слухалі дырэктыўны даклад на роднай мове.

У выніку двухдзённых спрэчак усе палажэнні асноўнага даклада атрымалі аднадушную падтрымку, а кадравая рэкамендацыя ЦК КПСС, якая азначала замену рускага М.С. Патолічава беларусам М.В. Зімяніным на пасадзе Першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, гэтак жа дружна ўхвалена.

Вечарам 26 чэрвеня Зімяніну патэлефанаваў Г.М. Малянкоў. Пацікавіўшыся, як праходзіць пленум, ён раптам спытаў: «А можа быць, пакінуць Патолічава ў Беларусі? Не чапаць яго? Што вы думаеце?»

— Раз ёсць у вас такая прапанова, спрачацца не буду, — проста адказаў Зімянін і нечакана для сябе дадаў: — Самі ведаеце, я сюды не рваўся.

Пра далейшыя падзеі Міхаіл Васільевіч распавядаў наступнае:

«Вяртаюся ў залу пасяджэнняў, выходжу на трыбуну: «Таварышы! Тэлефанавалі з Масквы...»

Мне і няўцям было ведаць, што ў гэты дзень — 26 чэрвеня — арыштавалі Берыю. Пра гэта Хрушчоў ужо паведаміў Патолічаву, а той, натуральна, нікому ні слова. Не ведаючы ўсёй падаплёкі, працягваю: «У Маскве ёсць меркаванне: з улікам ходу Пленума пакінуць таварыша Патолічава на пасадзе першага сакратара. Давайце вырашым».

Да гэтага абмеркаванне ішло дастаткова ажыўлена: гучалі выступленні і з крытыкай, і з добрымі словамі. Цяпер жа вынікі дэбатаў былі фактычна прадвызначаны. Прагаласавалі, натуральна, за тое, каб «прасіць Прэзідыум ЦК КПСС перагледзець пастанову ЦК КПСС ад 12 чэрвеня г.г. у дачыненні да тав. Патолічава Мікалая Сямёнавіча і пакінуць яго першым сакратаром ЦК КПБ».

Абвясцілі перапынак. Я патэлефанаваў Малянкову. «Добра, — сказаў той. — Пазней мы вас праінфармуем аб нашым рашэнні».

Далажыў удзельнікам аб тым, што Крэмль даў «дабро» і перадаў старшынства на Пленуме Патолічаву, а той адразу на трыбуну — выступаць: «Таварышы, ЦК падтрымлівае наша рашэнне! У ЦК таксама ёсць меркаванне аб прызначэнні таварыша Зімяніна Старшынёй Савета Міністраў БССР. Няма пярэчанняў? Няма!»

Позна ўвечары заходжу да Патолічава. Павіншаваў яго, а потым пытаюся: «Калі ласка, скажыце, размаўлялі вы з Хрушчовым? Што азначаюць падобныя павароты?»

— А хіба ты не ведаеш? Берыя арыштаваны. У гэтым усё пытанне!

— Мікалай Сямёнавіч, будзем лічыць нашу размову скончанай. Зычу вам поспехаў, а сам, з вашага дазволу, заўтра еду ў Маскву. Спадзяюся, што тут я з Вамі больш не сустрэнуся.

У сакратарыяце Хрушчова папрасіў мяне прыняць. Праз тры дні ён мяне прыняў: «Гэта яшчэ што такое? Чаму тут з'явіўся?»

— Так ужо атрымалася. Не складваецца...

— Вы вельмі легкадумна ставіцеся да рашэнняў ЦК: то туды, то сюды!

— Мікіта Сяргеевіч, а вы мяне пыталіся, калі накіроўвалі туды, а потым адмянялі сваё рашэнне? Пацікавіліся, ці згодны я працаваць старшынёй Саўміна Беларусі? Прашу далажыць Цэнтральнаму Камітэту аб маёй просьбе: дазволіць мне вярнуцца ў Маскву.

Праз два дні выклікалі на пасяджэнне Прэзідыума ЦК — Малянкоў, Хрушчоў, Молатаў, Варашылаў ...

— Таварыш Зімянін, мы лічым што вы сумленна выканалі рашэнне ЦК па Беларусі, — сказаў В.М. Молатаў. — Да вас прэтэнзій няма. І ўсё ж такі, чаму вы хочаце адтуль з'ехаць?

Я пастараўся не ўдавацца ў падрабязнасці.

— Ці бачыце, таварыш Молатаў, абставіны складваюцца так, што мы з Патолічавым будзем нагадваць двух мядзведзяў у адной бярлозе. Прашу пазбавіць мяне ад гэтага.

— А вы, уласна, чаго хочаце? — прагучала пасля кароткай паўзы пытанне.

— Тут прысутнічае Вячаслаў Міхайлавіч... Калі не будзе пярэчанняў, хацеў бы працаваць у МЗС.

Нечакана мяне падтрымаў Мікіта Хрушчоў.

— А сапраўды... Вячаслаў Міхайлавіч, як вы глядзіце на гэтую прапанову?

— Калі ласка, хоць заўтра, — адказаў Молатаў. — Ён для нашай кампаніі падыходзіць. Хай вяртаецца».

Молатаў падтрымаў Зімяніна, згадаўшы яго як «добрага таварыша» на ліпеньскім Пленуме ЦК КПСС, удзельнікі якога на працягу шасці дзён асуджалі «злачынныя антыпартыйныя і антыдзяржаўныя дзеянні Берыі і яго паслугачоў».

А да такіх паслугачоў мог быць прылічаны і Міхаіл Зімянін. Мікіта Хрушчоў у сваіх «Успамінах», выдадзеных упершыню на Захадзе ў пачатку 1970-х гадоў, запэўніваў, што лінія на вылучэнне нацыянальных кадраў у кіраўніцтве саюзных рэспублік «заўсёды была ў наяўнасці ў партыі. Але ён (Берыя. — У.З.) паставіў гэтае пытанне пад рэзкім вуглом антырускай накіраванасці ў гадаванні, вылучэнні і падборы кадраў. Ён хацеў з'яднаць нацыяналаў і аб'яднаць іх супраць рускіх. Заўсёды ўсе ворагі Камуністычнай партыі разлічвалі на міжнацыянальную барацьбу, і Берыя таксама пачаў з гэтага...»

Смяротна небяспечнае выпрабаванне выпала тады на долю Міхаіла Васільевіча Зімяніна. Трапіў ён, сам таго не жадаючы, у жорны бязлітаснай вялікай палітыкі. Але выстаяў, не паступіўшыся ні гонарам, ні годнасцю і, як пакажуць усе наступныя пражытыя ім гады, захаваў сваё добрае імя.

Тое, што адбылося з ім у пяцьдзясят трэцім, ён шмат у чым тлумачыў нянавісцю Хрушчова да Панамарэнкі і яго асяроддзя.

А вось да Молатава бацька захаваў удзячна-паважлівае стаўленне. Улетку 1956-га, калі Молатава здымалі з пасады міністра замежных спраў, Зімяніна як загадчыка аддзела і члена Калегіі МЗС выклікалі на пасяджэнне маскоўскага партыйнага актыву з разлікам на тое, што ён выступіць з асуджэннем палітычных памылак свайго былога кіраўніка. Міхаіл Васільевіч абмежаваўся крытыкай пазіцыі Молатава па югаслаўскім пытанні.

Выступленне Міхаіла Зімяніна выклікала раздражненне ў кіраўніка маскоўскай партыйнай арганізацыі Кацярыны Аляксееўны Фурцавай: «Маглі б і больш сказаць!».

Ні сну, ні спакою

У жыцці Міхаіла Васільевіча Зімяніна наступіў «дыпламатычны перыяд». Ён вярнуўся ў 4-ы Еўрапейскі аддзел, кіраўніцтва якім пасля яго ад'езду ў Мінск было даручана Юрыю Андропаву.

Яны ведалі адзін аднаго з даваеннай пары. Абодва працавалі ў камсамоле, узначальвалі маладзёжныя арганізацыі Беларусі і Карэла-Фінскай ССР. У вайну сустракаліся ў Маскве ў Цэнтральным штабе партызанскага руху. Да 1953 года былі ў вышэйшым партыйным кіраўніцтве сваіх рэспублік. Амаль адначасова «пагарэльцамі», як жартаваў Міхаіл Васільевіч, прыйшлі да Молатава ў МЗС. Зімяніну даводзілася чуць пра тое, што Андропаву, ці не адзінаму з кіраўнікоў Карэліі, цудам удалося пазбегнуць арышту ў сувязі з «ленінградскай справай». Ацэньваючы далікатнасць Юрыя Уладзіміравіча, які не распытваў пра мінскую паездку, Зімянін таксама пазбягаў пытанняў аб карэльскім перыядзе жыцця Андропава. Хоць у яго выклікала здзіўленне адсутнасць баявых узнагарод у чалавека быццам бы з партызанскім мінулым, які неяк прагаварыўся, што займаўся падрыхтоўкай і закідваннем дыверсійных груп за лінію фронту.

Праз шмат гадоў сакратара ЦК КПСС Міхаіла Васільевіча Зімяніна непрыемна здзівіць жорсткая пазіцыя Генеральнага сакратара Юрыя Андропава пры абмеркаванні на адной з нарад у Цэнтральным Камітэце пытання аб рукапісе кнігі Панамарэнкі «Усенародная барацьба ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 1941-1944 гг.». Рэзка запярэчыўшы супраць яе апублікавання, Андропаў спасылаўся на меркаванне спецыялістаў па дыверсійнай справе. Да іх ён неназойліва прылічыў і сябе. Маўляў, у кнізе апісаны метады і прыёмы партызанскай барацьбы, якімі могуць скарыстацца сучасныя тэрарысты. Зімяніну ж, які ўважліва прачытаў рукапіс, бачылася больш важкая прычына пярэчанняў Генеральнага: на яго старонках ні разу не згадвалася імя Андропава.

З вялікай цяжкасцю Міхаілу Васільевічу ўдалося дамагчыся выдання працы Панамарэнкі абмежаваным накладам з грыфам «Для службовага карыстання». Ён паспеў уручыць кнігу аўтару, і гэта палепшыла апошнія дні жыцця Панцеляймона Кандратавіча.

А тады, у верасні 1953 года, перадаючы справы Зімяніну, Андропаў не таіў палёгкі: «Міша, гэта не аддзел, а вар'яцкі дом. Ні сну, ні спакою!»

Працавалі ў МЗС памногу і падоўгу, нярэдка заканчваючы далёка за поўнач. Аператыўны аддзел, да кіраўніцтва якім прыступіў Міхаіл Зімянін, займаўся праблемамі адносін Савецкага Саюза з васьмю сацыялістычнымі еўрапейскімі краінамі і Грэцыяй.

Змены ва ўнутрыпалітычным жыцці Савецкай краіны пасля смерці І.В. Сталіна непазбежна цягнулі за сабой пэўны перагляд знешнепалітычнага курсу. Савецкія дыпламаты ўпарта шукалі развязкі канфліктных сітуацый, народжаных «халоднай вайной», у адносінах з капіталістычнымі краінамі, удзельнічалі ў распрацоўцы новай знешнепалітычнай стратэгіі, якая ў сярэдзіне 1950-х гадоў праявіцца ў «прынцыпах мірнага суіснавання». Не менш напружана і карпатліва вялася праца па наладжванні палітычнага, эканамічнага, ваеннага супрацоўніцтва з тымі еўрапейскімі і азіяцкімі дзяржавамі, у якіх перамаглі народна-дэмакратычныя рэвалюцыі. З умацаваннем ваеннага механізму Варшаўскага Дагавора і ўдасканаленнем Савета эканамічнай узаемадапамогі фармавалася новае геапалітычнае ўтварэнне — сусветная сацыялістычная сістэма.

Зімянін ведаў, што Андропава вырашана накіраваць саветнікам у пасольства СССР у Венгрыі з прыцэлам на больш высокую пасаду. Шкада было расставацца. Напружаная, практычна без выхадных, праца ў аддзеле зблізіла іх. Яны разумелі адзін аднаго з паўслова. Разумны, выхаваны, вонкава заўсёды добразычлівы — такім запомніўся Міхаілу Васільевічу Юрый Уладзіміравіч.

Андропаў з'ехаў у Венгрыю саветнікам і ўжо праз год узначаліў савецкае пасольства ў Будапешце.

(Заканчэнне чытайце тут:)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.