Вы тут

Быць ліцвінам: 5 доказаў


Якія народы могуць лічыць сваім Адама Міцкевіча?

У спрэчках пра тое, якой нацыі належыць паэт Адам Міцкевіч, ужо зламана нямала дзід. Літоўцы, татары, яўрэі спакойна залічваюць яго да сваіх творцаў. А ў палякаў дык увогуле кніга з паэмай «Пан Тадэвуш» ёсць амаль у кожным доме, як Біблія. Давялося мне неяк пры размове сказаць знаёмым палякам, што Адам Міцкевіч насамрэч з'яўляецца беларускім паэтам, — у адказ яны паглядзелі на мяне так, што зрабілася нават няёмка (у іх вачах выразна чыталася крыўда). Таму ў гэтым няпростым пытанні мне захацелася расставіць усе кропкі над «і». Я звярнулася да Мікалая Гайбы — вядомага даследчыка, дырэктара дома-музея Адама Міцкевіча, што ў Навагрудку, і пачула яго думку адносна нацыянальнасці паэта. Каб пры наступнай сустрэчы з замежнікамі мець не толькі ўласны (патрыятычны) пункт гледжання, але і тэзісы ў яго доказ.

Мікалай Гайба адзначае, што ў 1998 годзе, калі святкавалася 200‑годдзе з дня нараджэння Адама Міцкевіча, прыйшлі да пагаднення, што гэтага творцу могуць лічыць сваім усе народы, што пражывалі ў межах Рэчы Паспалітай часоў паэта.

Маюць права літоўцы на свайго Адама Міцкевіча, акцэнтуючы ўвагу на тым, што ён пісаў у творах «Літва, мая Айчына». Да таго ж вучыўся паэт у Віленскім універсітэце, пэўны час працаваў у Каўнасе. У паэме «Гражына» стаіць падзагаловак «Літоўская аповесць», на што таксама звяртаюць асаблівую ўвагу нашы суседзі. Аднак апісваюцца ў творы падзеі барацьбы з нямецкімі рыцарамі ў Навагрудку і пад ім.

У пяці гарадах Украіны стаяць помнікі Адаму Міцкевічу. Апошні з іх быў пастаўлены ў Адэсе ў 1994 годзе. Львоў, Івана-Франкоўск, Трускавец — тая частка, якая калісьці ўваходзіла ў склад Польшчы і таксама прызнала заслугі гэтага творцы.

Яўрэі запісваюць паэта ў «сваякі», мяркуючы, што яго карані па матчынай лініі бяруць пачатак з гэтай нацыі, адзначае Гайба.

І татары лічаць Міцкевіча сваім! Робяць яны гэта на той падставе, што яму ўдалося надзвычай удала напісаць «Крымскія санеты» — усе мусульманскія паняцці, традыцыі там апісаны вельмі дасканала.

Бясспрэчна, што для польскай культуры паэт зрабіў надзвычай шмат, істотна паўплываў на літаратуру нашых суседзяў. Ён зрабіў для польскай мовы тое ж, што Пушкін — для рускай. Творы абодвух класікаў чытаюцца лёгка, у іх адчуваецца подых рамантызму. Менавіта таму так шануюць палякі паэта Адама Міцкевіча. У тагачасным грамадстве для напісання твораў па-польску былі ўсе магчымасці: польская мова была дзяржаўнай. Але ж і наша мова яму, ураджэнцу маёнтка пад Навагрудкам, была не чужая.

Разам з Мікалаем Гайбам мы пастараліся сфармуляваць тыя тэзісы, якія сведчаць на карысць прыналежнасці Міцкевіча беларускай культуры і нават яе першаснасці перад іншымі.

1.Ліцвін ва ўсведамленні паэта — мясцовы чалавек.

Славутая паэма Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» пачынаецца такімі словамі:

Літва! Ты, як здароўе ў нас,

мая Айчына!..

Што варта ты, ацэніць той

належным чынам,

Хто цябе ўтраціў.

У гэтых радках паэт звяртаецца да той Літвы, якая ахоплівала заходнюю частку Беларусі, Віленшчыну ў XІX стагоддзі. Менавіта да гэтай зямлі ён звяртаецца як да сваёй Радзімы. Мікалай Гайба ўдакладняе:

—Міцкевіч заўсёды пісаў пра сябе як ліцвіна. І калі, напрыклад, у 1839 годзе яму прапанавалі працу ў каралеўскім універсітэце ў Парыжы, то ён пісаў у лісце да брата так: «Мне шкада перастаць быць ліцвінам і не па душы ператварацца ў француза». Хаця ў больш абагульненых кантэкстах ён часам ужываў словы «нам, палякам». Для параўнання, у XX стагоддзі на Захадзе ўсіх савецкіх людзей называлі «рускімі» — зразумела, гэта ўмоўная назва, бо так маглі сказаць на ўкраінца, беларуса, казаха… Краіна, у якой жыў Міцкевіч, называлася Рэч Паспалітая, аднак нацыянальная саматоеснасць у кожнага была рознай. Міцкевіч адносіў сябе да ліцвінаў, і пацверджанняў таму было шмат. На пачатку XІX стагоддзя было іншае ўсведамленне: ліцвіна ўспрымалі не як літоўца, а як грамадзяніна былога Вялікага Княства Літоўскага. Ва ўспамінах Міцкевіча, у яго лекцыях у французскім каледжы гучала: «Гэта вялікая краіна, якая займала тэрыторыю паміж Балтыйскім морам, Бугам і Дняпром, але даўно страціла агульную назву».

2.У большасці твораў апісваецца Навагрудчына.

Асабліва часта ў творах паэта фігуруе Навагрудскі замак. У паэме «Гражына. Літоўская аповесць» напісана:

Ля Навагрудка

на ўздымленых горах

Замак у месяца

срэбным зіхценні,

Вал здзірванелы

схаваўшы сурова,

Падалі ў роў зламаныя цені.

Замак заснуў, ні агню і ні дыху.

Толькі на вежах маўклівая варта

Воклічам цішу палохае ўпарта.

Далей апісваюцца колішнія падзеі барацьбы з крыжакамі, якія адбываліся на гэтых землях.

Шмат гаворыцца пра малую радзіму і ў адным з першых яго твораў — паэме «Бульба»:

Навагрудскі край,

мой родны дом…

Куды бы ні закінуў лёс

жыццёвы,

Забыць я не магу твае палі,

дубровы.

Нас вабіць невядомы край чужы:

Цікава паглядзець,

але нязручна жыць…

У баладзе пра возера Свіцязь таксама ў цэнтры падзей — мясцовая славутасць.

Мікалай Гайба дадае, што нават быўшы ў Парыжы, паэт напісаў: «Калі я думаю пра Радзіму, я думаю толькі пра некалькі людзей і мясцін, у якія я хацеў бы вярнуцца», — у гэтым кантэксце маецца на ўвазе Навагрудчына.

6-14

Помнік паэту ля дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

3.Выкарыстоўваў мясцовую фактуру.

У сваёй творчасці Міцкевіч абапіраўся на мясцовую фактуру: гісторыю, фальклор, паданні. Нядаўна ў Польшчы выйшла манаграфія, у якой даследаваўся абрад «Дзяды»: якім ён быў у творы паэта, якім захаваўся ў сучаснай Беларусі і якім — у Польшчы. Высветлілася, што паэма «Дзяды» сапраўды заснавана на мясцовым, навагрудскім абрадзе, у якім змяшана хрысціянства і паганства, а не на рэлігійным каталіцкім каноне.

Міцкевіч ні разу не быў ні ў Кракаве, ні ў Варшаве, таму не мог бы апісаць тыя тэрыторыі.

Што датычыцца «Крымскіх санетаў», то настолькі ўдалымі яны атрымаліся дзякуючы таму, што ў Навагрудку была мячэць. У паўсядзённасці паэт мог часта кантактаваць з рэлігіёзным татарскім насельніцтвам. Дарэчы, дзейнічае мячэць і сёння, аднак была перабудавана.

4.Беларускасць Міцкевіча.

Меркавання адносна пераважнай беларускасці ў творах Міцкевіча прытрымліваецца і даследчык Адам Кіркор. У кнізе «Маляўнічая Расія» (1882 год, 3‑ці том) ён адзначаў: «Адам Міцкевіч па выхаванні, па першых працах сваіх належыць Літве, якая ва ўспамінах усяго яго жыцця, ва ўсіх яго творах зліваецца з Беларуссю».

5.Народжаны, ахрышчаны, дзіцячыя гады правёў у Навагрудку.

Паэт нарадзіўся ў засценку Завоссе Навагрудскага павета. Быў ахрышчаны ў навагрудскім касцёле. Дом яго бацькоў знаходзіўся ў гэтым горадзе (захаваўся і сёння), дзе паэт правёў сваё дзяцінства (больш падрабязна «Звязда» пісала пра гэта 29 ліпеня 2014 года).

Такім чынам, у асяроддзі Адама Міцкевіча панавала польская мова, таму паэт карыстаўся менавіта ёю. Але сваёй радзімай ён лічыў Навагрудчыну. Менавіта славутасці гэтай зямлі (Навагрудскі замак, возера Свіцязь), яе гісторыю (змаганне з нямецкімі рыцарамі), яе традыцыі (Дзяды, татарскія звычаі) ён апісвае ў сваіх творах. А сябе ён называе ліцвінам — нашчадкам краіны пад назвай Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

У той час як іншыя народы з задавальненнем запісваюць у свае шэрагі нашых творцаў і грамадскіх дзеячаў, збіраючы звесткі, якія яднаюць іх з чужой зямлёй, ці не пара і нам абудзіцца ад сну і «замацаваць» за сабой нашых ураджэнцаў, людзей, якіх натхніла і ўзгадавала гэтая зямля?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Навагрудскі раён.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.