На пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў абмяркоўвалі пытанне прафілактыкі пажараў. Адпаведная праца ў цэлым па вобласці прызнана здавальняючай. А досвед Шумілінскага раёна адзначаны як станоўчы. І ўсё таму, што тут эфектыўна дзейнічаюць назіральныя камісіі і іншыя суб'екты прафілактыкі. Вядома ж, аналагічная праца праводзіцца і ў іншых раёнах Віцебшчыны, і ў цэлым па краіне. Тады чаму вылучылі Шуміліншчыну?
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына НОВІКАВА сакрэт поспеху тлумачыць добра адладжаным узаемадзеяннем.
— Прафілактычная праца ў нас праводзіцца комплексна. Паверце, якімі б прафесіяналамі ні былі пажарныя, яны адны не дабіліся б поспехаў. З гэтым згодны і кіраўнікі пажарнага ведамства. Створаныя ў свой час назіральныя камісіі, калі іх працу арганізаваць правільна, вельмі дабра могуць займацца прафілактыкай. У нашым раёне такіх 9. Распрацаваны і агульны рэестр пазаштатных пажарных інспектараў раёна з канкрэтным замацаваннем іх за вуліцамі, населенымі пунктамі… У прафілактычнай працы разам з пажарнымі бяруць удзел супрацоўнікі міліцыі, сельскіх выканаўчых камітэтаў, устаноў аховы здароўя, адукацыі, энерганагляду, газавай службы. Працуюць і камісія па справах непаўналетніх, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама дэпутаты, старэйшыны, сацыяльныя работнікі, паштальёны… Такім чынам, назіральныя камісіі на справе даюць магчымасць аб'яднаць намаганні суб'ектаў прафілактыкі і грамадскасці ў вырашэнні праблемы бяспекі, — распавядае яна.
Штогод праводзіцца навучанне членаў назіральных камісій і пазаштатных пажарных інспектараў ва ўсіх сельсаветах Шумілінскага раёна. Кожнаму ўручаецца пакет дакументаў, якія рэгламентуюць правядзенне прафілактычнай работы ў жылым сектары. Усім пазаштатным пажарным інспектарам і членам назіральных камісій па заканчэнні навучання выдаюць адпаведныя пасведчанні.
Вядома, што пажарны апавяшчальнік з амаль што стапрацэнтнай верагоднасцю можа выратаваць жыццё людзей.
— Яшчэ ў пазамінулым годзе была завершана праца па ўстаноўцы апавяшчальнікаў шматдзетным і адзінокім грамадзянам, і больш за 1200 прыбораў устанавілі пенсіянерам, якія адзінока пражываюць, — расказаў начальнік Шумілінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй САСНОВІЧ.
Паводле яго слоў, толькі за першыя 10 месяцаў мінулага года быў даследаваны стан каля 7 тысяч дамоў і кватэр — гэта каля 94% ад усіх (у той час як у цэлым па вобласці даследавалі за той жа перыяд 63%). Матэрыялы прафілактычнай працы па выніках абследавання дэталёва аналізуюцца. І адказным асобам накіроўваецца адпаведная інфармацыя.
У раёне добра зарэкамендавала сябе і такая практыка: бланкі-прадпісанні, рэкамендацыі ўручаюцца грамадзяніну, які мае парушэнні правілаў пажарнай бяспекі. Складваюцца пратаколы даручэнняў па ліквідацыі выяўленых недахопаў пажарнай бяспекі з канкрэтнымі выканаўцамі і тэрмінамі. Адпраўляюцца лісты дзецям пенсіянераў, каб яны дапамаглі бацькам адрамантаваць печку, электрычную праводку, купіць апавяшчальнікі. У набыцці апошніх аказваюць дапамогу і арганізацыі, з якіх грамадзяне пайшлі на заслужаны адпачынак.
Вядома, што часта ва ўзнікненні пажараў вінаваты людзі, якія злоўжываюць спіртным. Такім спакойна піць не даюць. І словамі перавыхоўваюць, і штрафуюць. За аматарамі выпіць, якія маюць непаўналетніх дзяцей, замацоўваюць адказных.
— Наладзілі штодзённае ўзаемадзеянне нашых старэйшын з міліцыяй, пажарнай службай. Першыя паведамляюць пра тое, што ў нейкім доме зноў гулянка. Аматараў «расслабіцца» чакаюць розныя меры перавыхавання, у тым ліку кадзіраванне, накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый і іншыя, — кажа Ірына Новікава.
Аднак п'янства застаецца адной з асноўных прычын пажараў. Па віне нецвярозых асоб адбываецца штогод у сярэднім 30% і больш пажараў. Вельмі хочацца, каб захавалася тэндэнцыя мінулага года, калі гэты паказчык знізіўся да 13,6%.
— Эфектыўнасць працы па папярэджанні пажараў будзе заўважная толькі там, дзе разам працуюць усе, і ў тым выпадку, калі ёсць зразумелы для ўсіх механізм прафілактыкі і зацікаўленыя ў прафілактычнай рабоце кадры, — падкрэсліла напрыканцы нашай размовы старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Шумілінскі раён.
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».