Вы тут

Андрэй Кабякоў: строгі кантроль за цэнамі захаваецца


Але ён не будзе вечным

Аб гэтым прэм'ер-міністр заявіў днямі, даючы інтэрв'ю журналістам. Паводле яго слоў, кантроль за цэнамі — мера часовая і ўстаноўлена толькі на пераходны перыяд. «Рынак змяніўся, сітуацыя змянілася, магчымасці змяніліся, таму ўсім трэба падціснуцца», — сказаў прэм'ер-міністр. Гэта неабходна для таго, каб не было разбалансаванасці ў эканоміцы, растлумачыў ён.

20-19

Кіраўнік урада ўдакладніў: «Як толькі будзе сфарміравана разуменне і прыведзены ў адпаведнасць патрэбнасці з магчымасцямі, зразумела, ад такога строгага рэгулявання мы адмовімся».

Неабходнасць прыняцця гэтай меры Андрэй Кабякоў растлумачыў тым, што, калі адбылася пэўная карэкцыя курса, у многіх з'явілася спакуса пабегчы ўслед за гэтым і з цэнавымі прапанаваннямі. «Мы ні ў якім разе не павінны дапусціць цэнавую гонку, — падкрэсліў прэм'ер. — Таму мы будзем рэгуляваць, падказваць, накіроўваць, будзем гаварыць з суб'ектамі гаспадарання, арганізацыямі аб тым, каб не дапусціць цэнавай разбалансіроўкі».

Андрэй Кабякоў не выключае, што нехта можа панесці пэўныя страты ў існуючай сітуацыі. «Але Прэзідэнт прад'явіў канкрэтнае патрабаванне: мы не павінны губіць бізнес, бізнес павінен працаваць. Але калі пры гэтым бізнесу давядзецца, як кажуць, закасаць рукавы або распрануцца па пояс, недзе прывесці свае затраты ў адпаведнасць з магчымасцямі, то гэта неабходна рабіць», — адзначыў прэм'ер-міністр.

Пераход ад колькасных паказчыкаў да якасных

Цяпер рыхтуецца праграма дзейнасці ўрада на бягучы год. «Нейкіх асаблівых навацый у рамках гэтага дакумента не прадбачыцца. Упор будзе зроблены перш за ўсё на тое, каб ацэнка дзейнасці больш зводзілася ад колькасных да якасных паказчыкаў», — сказаў кіраўнік урада. Не менш важным павінна стаць і «прывядзенне сваіх патрэбнасцяў да нашых магчымасцяў».

Андрэй Кабякоў нагадаў, што пры падрыхтоўцы бюджэту на 2015 год у кіраўніка дзяржавы прайшоў шэраг нарад. Першапачаткова бюджэт разлічваўся зыходзячы з прагнозу цаны на нафту $100 за барэль, потым — $83. Цяпер цана на нафту крыху ніжэйшая за $50. «Натуральна, гэта патрабуе адэкватных мер рэагавання з нашага боку, таму ўрад падлічвае мадэль варыянтнага развіцця сітуацыі (і ўжо ёсць чарнавы варыянт), бо пакуль ніхто ў свеце не можа прадказаць, на якім узроўні спыніцца цана нафты, як у далейшым будуць развівацца эканамічныя падзеі ў нашых бліжэйшых партнёраў (Расіі, краінах СНД), у Еўрапейскім саюзе, дзе таксама не ўсё проста ў эканоміцы, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Гэта сведчыць аб тым, што мы павінны вельмі ўважліва паглядзець на свае бюджэтныя расходы».

Пры гэтым кіраўнік урада падкрэсліў: «Ні аб якім скарачэнні сацыяльных расходаў, выплат заработных плат і г.д. гаворкі не ідзе. Але тым не менш, ад таго, ад чаго можна адмовіцца, напэўна, давядзецца адмовіцца або вырашыць тую ці іншую праблему фінансавання крыху пазней». Галоўнае на гэты год — забяспечыць збалансаванае паступальнае развіццё беларускай эканомікі, рэзюмаваў прэм'ер-міністр.

Міністрам трэба станавіцца больш самастойнымі

«Многія кіраўнікі міністэрстваў зводзяць сваю работу да таго, каб атрымаць пабольш грошай з бюджэту і атрымаць ільготы для падведамных арганізацый, якія не прадугледжаны, — адзначыў прэм'ер. — А паколькі гэта нейкія выключныя выпадкі, то, зразумела, іх калегі (Мінфін, Мінэканомікі і інш.) пішуць заўвагі, яны супраць гэтага». Нярэдка для ўрэгулявання сітуацыі даводзіцца ўмяшацца ўраду.

Такога, адзначыў Андрэй Кабякоў, быць не павінна. «Надышоў час перастаць прасіць, — падкрэсліў ён. — І ў гэтым плане трэба навесці парадак раз і назаўсёды. Не трэба хадзіць ні за льготамі, ні за дадатковым бюджэтным фінансаваннем. Табе даверана галіна — займайся гэтым». Прычым вынік павінна адчуваць уся галіна, а не асобныя падведамныя арганізацыі, адзначыў прэм'ер. Цяпер урад праводзіць аналіз паўнамоцтваў міністраў. Андрэй Кабякоў адзначыў, што, калі ўзнікне неабходнасць, будуць зроблены адпаведныя нарматыўныя замацаванні. Пры гэтым прэм'ер упэўнены — як толькі міністр перастане прасіць, паўнамоцтвы міністра рэзка ўзрастуць.

Як паведамлялася, прадстаўляючы Андрэя Кабякова на пасадзе, кіраўнік дзяржавы сказаў аб новай ролі міністраў — аб тым, што яны павінны адказваць за давераныя ім галіны, а таксама, што віцэ-прэм'ерам або прэм'ер-міністру пара перастаць указваць міністрам, што трэба рабіць.

Дыверсіфікацыя экспарту — ключавое пытанне

Прэм'ер адзначыў, што сёння традыцыйныя рынкі, на якіх Беларусь умее і прывыкла працаваць (перш за ўсё гэта рынкі СНД, Расійскай Федэрацыі), адчуваюць пэўныя цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі, у тым ліку і беларускай. Гэта абумоўлена зніжэннем аб'ёмаў эканомікі, бюджэтных магчымасцяў, а таксама крэдытных магчымасцяў банкаўскіх сістэм.

«Таму галоўная задача, якую паставіў Прэзідэнт, — не страчваючы пазіцый на традыцыйных рынках, заняцца дыверсіфікацыяй экспарту, выйсці ў тыя рэгіёны і краіны, якія менш адчуваюць сённяшнія эканамічныя праблемы і ў якіх Беларусь у выніку існуючай структуры вытворчасці можа заняць свае нішы, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Перш за ўсё гэта датычыцца краін так званай далёкай дугі — нашых сярэднеазіяцкіх партнёраў, такіх як Кітай, В'етнам, Інданезія, Індыя, краін афрыканскага кантынента, Лацінскай Амерыкі».

У гэтых рэгіёнах, паводле слоў прэм'ера, ёсць патрэбнасць як у беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, так і ў прадукцыі машынабудавання. «Суадносіны цаны і якасці прымальныя. Але неабходна навучыцца працаваць з гэтымі краінамі, таму што ўсюды ёсць свае традыцыі, уваходы на гэтыя рынкі. І нам трэба знайсці гэтыя ўваходы з тым, каб прадаваць, сама меней, той аб'ём прадукцыі, які з-за аб'ектыўных прычын можа быць не запатрабаваны на нашых традыцыйных рынках», — адзначыў кіраўнік урада. Пры гэтым аптымальным, паводле яго слоў, было б усё ж захаваць аб'ёмы прысутнасці на традыцыйных рынках і дабавіць у краінах «далёкай дугі».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».