Вы тут

Даследаваць — не хлусіць


З набліжэннем даты прэзідэнцкіх выбараў партыі, разнастайныя грамадскія арганізацыі і рухі, што большы час знаходзяцца ў стане «зімовай спячкі», актывізуюцца, пачынаюць праводзіць пасяджэнні і нарады, ладзяць акцыі ды праз СМІ спрабуюць прыцягнуць увагу патэнцыйных выбаршчыкаў да сваёй дзейнасці.

Шэрая сфера: сацыялогія ці паліттэхналогія?

На жаль, не заўжды гэткая актывізацыя спрыяе развіццю палітычнай культуры нашай краіны, павышэнню эфектыўнасці функцыянавання грамадскіх інстытутаў ды стварэнню правілаў добрасумленнай канкурэнцыі. Вельмі часта ўдзельнікі палітычнага працэсу, у тым ліку тыя, што маюць рэгістрацыю па-за межамі нашай краіны, «укідваюць» у беларускую інфармацыйную прастору досыць сумніўную інфармацыю дзеля ўласнага піяру, ачарнення канкурэнтаў або з яўна правакацыйнымі мэтамі ў інтарэсах канкурэнтаў беларускай дзяржавы.

Адной з традыцыйных шэрых сфер айчыннага палітычнага працэсу з'яўляюцца так званыя «незалежныя сацыялагічныя даследаванні», што выкарыстоўваюцца рознымі сіламі з мэтамі дэзынфармацыі насельніцтва і маніпуляцыі грамадскай думкай. Укідваючы праз папулярныя інтэрнэт-рэсурсы тыя ці іншыя «звесткі», «рэйтынгі» альбо «вынікі апытанняў», паліттэхнолагі жадаюць накіроўваць грамадскую думку ў патрэбнае для сябе рэчышча, ствараючы ў шараговых грамадзян штучную ілюзію ўсеагульнага ўхвалення або асуджэння таго ці іншага грамадскага лідара, дзяржаўнага службоўца ці непасрэдна крокаў ураду ў знешняй альбо ўнутранай палітыцы.

Што кажа закон?

Трэба адзначыць, што сфера сацыялогіі, як галіна, непасрэдна звязаная з нацыянальнай бяспекай краіны, падрабязна рэгламентуецца і рэгулюецца айчынным заканадаўствам. Згодна з Пастановай Савета Міністраў ад 31 мая 2002 года № 707, усе структуры, зацікаўленыя ў правядзенні сацыялагічных апытанняў, што датычацца сацыяльна-палітычнай сітуацыі, мусяць праходзіць адпаведную акрэдытацыю ў Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук. Такім чынам, дзейнасць арганізацый, што не маюць такой акрэдытацыі, з'яўляецца незаконнай, а ў чэрвені 2012 года Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведныя папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс, дапоўніўшы яго артыкулам, што прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу для фізічных і юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць даследаванні і публікацыю вынікаў апытанняў грамадскай думкі без неабходнай акрэдытацыі.

Зразумела, што такія захады былі выкліканы перш за ўсё неабходнасцю дзяржаўнага кантролю такой важнай дзейнасці, як сацыялагічныя даследаванні, што, безумоўна, патрабуе адпаведнай кваліфікацыі і прафесіяналізму ад выканаўцаў і арганізатараў сацыялагічных цэнтраў. У такіх умовах дзяржаўны экзамен на адпаведнасць уласных магчымасцяў заяўленай сферы дзейнасці вытрымалі толькі сапраўды моцныя структуры, што валодаюць яснымі крыніцамі фінансавання і маюць кваліфікаваны штат супрацоўнікаў. Напрыклад, падобным чынам былі акрэдытаваны Інстытут сацыялогіі НАН, Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта, а таксама шэраг прыватных устаноў з недзяржаўным фінансаваннем.

Хто не прайшоў тэст на «чыстыя рукі»?

Іншыя арганізацыі вымушаны былі прыпыніць легальную дзейнасць і, думаецца, што праблема была не столькі ў тым, што нестае падрыхтаваных сацыёлагаў (адпаведныя кафедры беларускіх ВНУ выпускаюць дастаткова спецыялістаў), колькі ў тым, што згодна з Пастановай Саўміна, «юрыдычная асоба, што праводзіць апытанні, мусіць падаць пісьмовую інфармацыю пра заказчыкаў і крыніцы фінансавання даследавання».

Менавіта гэтае патрабаванне чыстай бухгалтэрыі, а таксама абнародавання інфармацыі пра заказчыкаў змусіла шэраг сацыялагічных «лабараторый» і «інстытутаў» пакінуць межы прававога поля і разгарнуць інфармацыйную кампанію аб тым, што «ў Беларусі забараняюць сацыялогію». Відавочна, што інфармацыя аб заказчыках і сродках фінансавання (асабліва калі гэта замежныя структуры і замежныя грошы) пэўным чынам паўплывала б на давер насельніцтва да розных сацыялагічных звестак і моцна знізіла б эфект «даследаванняў» як тэхналогіі маніпуляцыі грамадскай думкай. Таму арганізатарамі і спонсарамі «незалежных цэнтраў» было знойдзена якаснае, на іх думку, выйсце: абыходзячы беларускае заканадаўства, некаторыя сацыялагічныя арганізацыі былі зарэгістраваны за мяжой і нібыта адтуль праводзяць сваю дзейнасць па вывучэнні грамадскіх працэсаў на Беларусі ў «падпольных умовах».

Ці вартыя даверу замежныя «незалежныя інстытуты»?

Сімптаматычна, што публікацыя вынікаў «падпольных даследаванняў» аб зніжэнні/павышэнні рэйтынгаў беларускіх палітыкаў, стаўленні жыхароў рэспублікі да знешнепалітычных ініцыятыў кіраўніцтва і дзеянняў глабальных геапалітычных гульцоў дзіўным чынам супадае са зменамі сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне, пачаткам выбарчых кампаній, значнымі падзеямі міжнароднай палітыкі. Застаецца толькі зайздросціць таму, наколькі аператыўна працуе «сетка апытання» гэтых «незалежных інстытутаў» і наколькі якасна сфарміравана так званая «рэпрэзентатыўная выбарка», што дазваляе ахапіць даследаваннем усе слаі насельніцтва.

Між тым аўтарытэтная ў сацыялагічных навуковых колах асоба, дырэктар ІАЦ пры Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксей Дзербін, лічыць, што «правядзенне рэспубліканскага апытання — вельмі складаны працэс, які патрабуе вялікай колькасці інтэрв'юераў па ўсёй краіне, а значыць, арганізаваць яго з-за мяжы практычна немагчыма».

Такая сітуацыя ў сукупнасці з тым фактам, што з 2012 года адпаведны артыкул КААП аб адказнасці за правядзенне сацыялагічных апытанняў без адпаведнай акрэдытацыі амаль не прымяняўся, прымушае сумнявацца не толькі ў дакладнасці вынікаў і якасці даследаванняў, а агулам у тым, што іх правядзенне на тэрыторыі нашай краіны мае месца быць.

Выглядае дзіўна, што ў досыць спакойнай і законапаслухмянай Беларусі, дзе эфектыўна працуе праваахоўны апарат, незарэгістраванымі замежнымі арганізацыямі ў парушэнне дзейнага заканадаўства сістэматычна праводзяцца масавыя апытанні грамадзян па розных аспектах сацыяльна-палітычнай праблематыкі. Гэта яшчэ пры ўсім тым, што, акрамя людской масы, патрэбна адпаведная інфраструктура: спецыялізаванае памяшканне, апаратура відэагуказапісу і г.д.

Думаецца, што звесткі тых «апытанняў» малююцца проста на каленцы ў офісах замежных фондаў ці ў рэстарацыях суседніх сталіц, а ў інфармацыйную прастору нашага грамадства трапляюць у якасці абсалютна асэнсаванай «дэзы» з загадзя прадуманымі мэтамі дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнага становішча, падрыву міжнароднага даверу, распаўсюджання інтрыг і плётак сярод супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату.

Як захаваць свядомасць?

Збольшага апалітычнае беларускае грамадства доўгі час аберагалася дзяржавай ад уздзеяння падобных «чорных» паліттэхналогій, але з развіццём інтэрнэту распаўсюджанне дэструктыўнай інфармацыі стала больш магчымым. Наіўнаму ў пытаннях палітыкі звычайнаму грамадзяніну трэба навучыцца выбіраць адпаведны інфармацыйны прадукт, нібы на спажывецкім рынку, давяраючы толькі тым звесткам, што маюць адпаведныя закону адзнакі якасці, інакш можна проста надоўга атруціць хлуснёй уласную свядомасць і апынуцца ў выдуманай карціне свету, сфарміраванай прафесійнымі палітычнымі маніпулятарамі.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».