Вы тут

Лілія Ананіч: адказнасць за сваё слова павінен несці кожны журналіст


Як Міністэрства інфармацыі збіраецца навесці парадак у інтэрнэце? Якой павінна быць газета, каб чытач штодзень упускаў яе ў свой дом? Якія змены ў бліжэйшы час чакаюць тэлегледачоў і радыёслухачоў? Пра гэта і не толькі наша размова з Ліліяй Станіславаўнай. 20-32 — Пачнём, калі дазволіце, з самага хвалюючага. У новы год інфармацыйнае поле ўвайшло з сур'ёзнымі пераменамі. Гэта ў першую чаргу звязана з тым, што з 1 студзеня ўступілі ў сілу папраўкі ў Закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Лілія Станіславаўна, раскажыце, калі ласка, падрабязней пра галоўныя навацыі.

— Дзеянне закона аб СМІ цяпер распаўсюджваецца ў тым ліку і на інтэрнэт-рэсурсы (за выключэннем патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі). Гэта, бадай, самая галоўная навацыя. У прыватнасці, з уступленнем змен і дапаўненняў у сілу, інтэрнэт павінен прытрымлівацца тых жа прынцыпаў, што і друкаваныя СМІ, радыё і тэлебачанне: дакладнасць, законнасць, павага правоў і свабод чалавека, разнастайнасць думак, выкананне нормаў прафесійнай этыкі журналіста і агульнапрынятых нормаў маралі. Калі будзе выяўлена парушэнне закона, Міністэрства інфармацыі мае права вынесці папярэджанне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу і абавязаць яго выдаліць супрацьпраўны матэрыял. За два і больш пісьмовыя папярэджанні на працягу года прадугледжваецца абмежаванне доступу да гэтага рэсурсу. Міністэрства інфармацыі таксама мае права абмяжоўваць доступ да сайтаў, калі яны будуць размяшчаць інфармацыю з заклікамі да звяржэння канстытуцыйнага ладу, экстрэмісцкай дзейнасці, якая прапагандуе вайну, распальванне сацыяльнай варожасці, парнаграфію, культ гвалту і жорсткасці, гандаль наркотыкамі і іншую інфармацыю, распаўсюджванне якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі.

— У апошнія гады шмат гаворыцца, у тым ліку і на медыя-форумах розных узроўняў, пра безадказнасць у блогах, сацыяльных сетках і на іншых віртуальных пляцоўках. Але ж наколькі рэальна на практыцы пасля ўступлення ў сілу паправак у закон навесці парадак у інтэрнэце? — Пры распрацоўцы законапраекта, а працэс гэты доўжыўся даволі працяглы перыяд (яшчэ у 2008 годзе законам аб СМІ прадугледжвалася, што парадак рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ будзе зацверджаны Саветам Міністраў), дэталёва вывучаўся замежны вопыт рэгулявання распаўсюджвання інфармацыі праз інтэрнэт. І заходнія краіны, і краіны-суседзі, і краіны паўднёва-ўсходняга азіяцкага рэгіёна заканадаўча прадугледжваюць адказнасць за распаўсюджванне праз сеціва інфармацыі дэструктыўнага кшталту. У прыватнасці, у Вялікабрытаніі за парушэнне журналісцкай этыкі ў інтэрнэце ўстаноўлены штрафныя санкцыі да аднаго мільёна фунтаў стэрлінгаў. У Германіі закон аб інтэрнэт-СМІ змяшчае ключавыя нормы, якія рэгулююць пытанні адказнасці ўладальнікаў сайтаў за супрацьзаконны кантэнт. Францыя яшчэ ў 2000 годзе прыняла закон аб абавязковай рэгістрацыі ўладальнікаў ўсіх вэб-сайтаў і аб крымінальнай адказнасці правайдараў за прадастаўленне хостынгу ў абыход заканадаўства. У Кітаі сайты, якія змяшчаюць забароненую інфармацыю, блакуюцца без якіх-небудзь папярэджанняў і апавяшчэнняў. А ў жніўні мінулага года ў Расіі ўступіў у сілу так званы закон аб блогерах. Ён тычыцца ўладальнікаў інтэрнэт-старонак, якія штодня наведваюць больш за тры тысячы чалавек. Такія блогеры абавязаны правяраць дакладнасць інфармацыі, якую размяшчаюць, не распаўсюджваць звесткі аб прыватным жыцці і экстрэмісцкія матэрыялы. За парушэнне пагражае штраф да 500 тысяч рублёў. Як бачыце, кожная краіна ў той ці іншай ступені заканадаўча рэгулюе глабальнае сеціва. Гэта дазваляе забяспечыць абарону ад дэструктыўных праяў у інтэрнэт-прасторы. Лічу, што і ў Беларусі людзі, якія распаўсюджваюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку і блогеры, павінны адказваць за свае словы. Асабліва сёння, калі інтэрнэт стаў у тым ліку інструментам інфармацыйных войнаў, актыўна выкарыстоўваецца ў крымінальных мэтах, дзяржава павінна мець дзейсны ўплыў на інтэрнэт-рэсурсы. Шчыра прызнацца, вельмі дзіўна чытаць на старонках пэўных выданняў пра «зачыстку» інтэрнэту. На мой погляд, мы ўсе павінны быць зацікаўлены ў сцвярджэнні аб'ектыўнасці ў інтэрнэце, нераспаўсюджванні інфармацыі, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам. Дарэчы, змены ў інтэрнэт-заканадаўстве знайшлі станоўчы водгук у грамадстве. У міністэрства звяртаюцца грамадзяне, якія падтрымліваюць крокі дзяржавы ў гэтым кірунку. Прычым прыводзяцца канкрэтныя факты, на якія неабходна звяртаць увагу. Кожны такі зварот уважліва разглядаецца. І справа тут не ў абмежаванні свабоды слова, а ў недапушчальнасці злоўжывання такой свабодай. Дарэчы, у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам 14 студзеня загадам міністра інфармацыі абмежаваны доступ да пяці інтэрнэт-рэсурсаў, якія выкарыстоўваліся для прапаганды і гандлю наркотыкамі. І міністэрства забяспечыць дзейсны кантроль за інтэрнэт-рэсурсамі.

— Колькі папярэджанняў у адрас сродкаў масавай інфармацыі вынесена міністэрствам за мінулы год?

— Парадку 40, прычым большасць з іх не цягне за сабой сур'ёзных наступстваў. Толькі некаторыя з іх звязаны са з'яўленнем у СМІ недакладнай інфармацыі. Разам з тым у Міністэрства інфармацыі паступала вельмі шмат лістоў, зваротаў ад грамадзян, арганізацый, органаў дзяржкіравання, якія сведчаць пра тое, што ў інтэрнэце часта размяшчаецца недакладная інфармацыя, якая зневажае гонар і годнасць. Мамы, у сваю чаргу, занепакоены тым, што дзеці знаходзяць там непатрэбныя для іх узросту матэрыялы ў адкрытым доступе. І ўсе гэтыя гады мы вымушаны былі адказваць: інтэрнэт не з'яўляецца сродкам масавай інфармацыі. З прыняццем паправак у закон сітуацыя зменена карэнным чынам. Усе гэтыя факты разглядаем, адсочваем, даём прынцыповую ацэнку ў рамках сваіх паўнамоцтваў і далей будзем працягваць гэта рабіць. Нельга дапусціць, каб адны інтэрнэт-карыстальнікі абражалі іншых і заставаліся пры гэтым беспакаранымі. Разам з тым, што датычыцца СМІ, ёсць выпадкі, калі рашэнні міністэрства абскарджваюцца ў судовым парадку. І гэта нармальны прававы працэс. З 40 папярэджанняў, вынесеных за мінулы год, толькі па адным цяпер ідзе судовы разгляд. Каб не ўплываць на ход разбору, не хацелася б агучваць падрабязнасці, чым, дарэчы, актыўна карыстаюцца нашы апаненты. Магчыма, паўтаруся, але праз СМІ павінна распаўсюджвацца дакладная інфармацыя. Тым больш па значных для грамадства тэмах. Журналіст, рэдакцыя валодаюць дастатковымі магчымасцямі, каб праверыць інфармацыю. Менавіта гэтага патрабуе закон аб СМІ. А ў асобных выпадках было б варта змяшчаць інфармацыю з першакрыніц.

— А цяпер хацелася б перайсці да іншай тэмы — пагаварыць пра медыяхолдынгі. Ці можна ўжо сёння назваць плюсы і мінусы, а таксама эканамічны эфект ад іх дзейнасці?

— Плюсы аб'яднання нацыянальных СМІ сёння відавочныя. У прыватнасці, мы бачым, што газеты набылі новы твар, перасталі дубляваць адна адну, размяшчаць на сваіх старонках адны і тыя ж фотаздымкі, навіны. «Рэспубліка» ў большай ступені стала ўрадавым веснікам, «Сельская газета» цяпер піша не толькі пра сельскую гаспадарку, але і на іншыя тэмы, якія хвалююць вяскоўца. Яшчэ ў пошуку свайго творчага аблічча, як мне здаецца, «Знамя юности». «Народная газета» ператварылася ў буйны і цікавы штотыднёвік, «СБ. Беларусь сегодня» па-ранейшаму ўпэўнена трымае планку галоўнай грамадска-палітычнай газеты краіны. На базе Выдавецкага дома «Звязда», у сваю чаргу, створаны не толькі цэнтр перыядычнага друку культуралагічнай накіраванасці, але і выдаецца шмат кніг на беларускай мове. Цікавым мне здаецца досвед «Звязды», газеты з багатымі традыцыямі, якая, адзіная ў рэспубліцы, выпускае дадатак «Союз Евразия». Гэта, на мой погляд, запатрабаваны на перспектыву інфармацыйны праект. Безумоўна, з пашырэннем эканамічных узаемаадносін у межах Еўразійскага эканамічнага саюза цікавасць да гэтай тэматыкі будзе павялічвацца. Калі ж казаць пра эканамічны эфект, то газета «Звязда» выйшла на самаакупнасць, холдынг «СБ. Беларусь сегодня» не карыстаўся дзяржаўнымі датацыямі.

— Газеты саступаюць у аператыўнасці тэлеканалам, радыё, інтэрнэт-выданням. Якія крокі варта зрабіць, каб захаваць наклады друкаваных СМІ?

— Сапраўды, у эпоху інтэрнэту для друкаваных СМІ наступіла пара пераасэнсаваць эфектыўнасць сваёй дзейнасці. За чытача трэба змагацца. Вядома ж, галоўнае ў гэтай творчай барацьбе — змястоўны кантэнт выданняў. Газета, як і часопіс, — гэта прадукт, які чытач кожны дзень добраахвотна ўпускае ў свой дом. І, паверце, яго нельга падмануць. Калі чалавек адзін раз купіў вашу газету (ці падпісаўся) і яму не камфортна з тым інфармацыйным прадуктам, які вы прапануеце, то другі раз ён выбера нешта іншае. Важна, вядома, каб інфармацыя была прыгожа пададзена, але толькі добрай вёрсткі і дызайну недастаткова. Газета павінна, у першую чаргу, прыцягваць альбо сваёй тэмай, альбо глыбінёй падачы, аналітыкай, якая мусіць прысутнічаць на старонках друкаванага выдання. Тэлебачанне, радыё, газета, у адрозненне ад, як правіла, безаблічнага і паспешлівага інтэрнэту, заўсёды аўтарскія. Чаму мы калісьці глядзелі «Клуб падарожнікаў»? Таму што не ўяўлялі яго без Юрыя Сянкевіча. Любілі радыёпастаноўкі, таму што там гучалі галасы тых, каго хацелася слухаць. Чакаем свежы нумар «СБ. Беларусь сегодня» ці «Звязды», бо ведаем, што рана ці позна там з'явіцца артыкул журналіста, думка якога для нас не абыякавая. Поспех, як мне здаецца, у большай адраснасці працы рэдакцыі, якая павінна быць жывым арганізмам, пастаянна працаваць над сваім тварам, адчуваць, што трэба чытачам. Тады і інфармацыйны прадукт, які яна стварае, будзе жывым, цёплым і запатрабаваным.

— Наконт падпіскі існуюць розныя меркаванні. Некаторыя лічаць, што гэта архаізм, ад якога прыйшоў час адмовіцца... Хацелася б даведацца вашу пазіцыю.

— Падпіска — гэта сусветная практыка распаўсюджвання перыёдыкі. Лічу, што не варта прыспешваць час і адмаўляцца ад яе. Тыя формы і метады, якія мы паспяхова ўжывалі ў мінулым, павінны захоўвацца, нягледзячы на новыя тэхналогіі. Больш за тое, новыя тэхналогіі трэба ўкараняць і ў саму працэдуру падпіскі. Напрыклад, мы завяршылі распрацоўку інтэрнэт-партала БелСМІ.bу, які перадалі медыяхолдынгу «СБ. Беларусь сегодня». Спадзяёмся, што ўжо да канца лютага маштабна прадставім новы праект. Фактычна гэта будзе вялікая электронная пляцоўка, якая прапануе не толькі доступ да ўсіх нацыянальных СМІ, але і цэлы комплекс сучасных паслуг для карыстальніка. Можна будзе афармляць падпіску па інтэрнэце, мець зносіны з аўтарамі, якія зарэгіструюць сябе там як блогеры. Сёння любы СМІ, зарэгістраваны ў друкаваным выглядзе, не можа разлічваць на поспех, калі не мае інтэрнэт-версіі. Сайт у інтэрнэце патрэбен для таго, каб больш цесна падтрымліваць сувязь з падпісчыкамі. Менавіта там чытач даведаецца, што заўтра будзе ў газеце, прачытае нейкую «гарачую» навіну. У той жа час толькі ў газеце ён зможа прачытаць цікавы каментар, аналітычны артыкул. Каб захаваць падпіску, трэба ўмела вар'іраваць друкаванай і інтэрнэт-версіямі.

— Магчыма, будучыня за мультымедыйнымі выданнямі, якія не толькі маюць старонку ў інтэрнэце, але і пашыраюць свой фармат да тэле- і радыёэфіру? 20-41 — Я не думаю, што кожная газета павінна мець сваё радыё і тэлебачанне. Развівацца ў гэтым кірунку могуць, на мой погляд, такія буйныя кампаніі, як «СБ. Беларусь сегодня», Выдавецкі дом «Звязда». Дапусцім, холдынг «СБ. Беларусь сегодня» цяпер з'яўляецца ўладальнікам «Альфа радыё». У нас вельмі традыцыйна аднолькавы эфір FM-станцый. А вось чагосьці такога незвычайнага, з добрым каментаром, суразмоўцам, не хапае. Менавіта таму, думаю, з нашай задумкі можа атрымацца вельмі цікавы інфармацыйны радыё-праект. Сёння няма перашкод, каб развіваць мультымедыйныя рэсурсы, але, пагадзіцеся, стварыць мала, трэба якасна працаваць і быць запатрабаваным. А стварыць толькі дзеля таго, каб стварыць, — я супраць такога падыходу. Навошта марнаваць грошы?

— На форуме маладых журналістаў прагучала прапанова, каб Міністэрства інфармацыі прызначала галоўных рэдактараў раённых газет. Маўляў, тады яны не так моцна будуць залежаць ад старшыняў райвыканкамаў, змогуць больш свабодна друкаваць крытычныя матэрыялы... Што вы пра гэта думаеце?

— Прызначаць рэдактараў павінен працадаўца. У той жа час лічу карысным узгадненне прызначэння і вызвалення галоўных рэдактараў Міністэрствам інфармацыі. Гэта трэба зрабіць не столькі для большай свабоды рэдактараў, а для таго, каб кожны кіраўнік СМІ ў большай ступені разумеў сваю адказнасць за агульны інфармацыйны поспех. Кадравы рэестр дазволіць максімальна ўлічваць творчы патэнцыял рэдакцый. Мы лепш зможам бачыць, як растуць нашы кадры, спрыяць таму, каб у рэдакцыях не было застою. Можа, таго, хто прапрацаваў 10 гадоў у Гродна, трэба ў Брэст накіраваць, ці наадварот. Узгадненне таксама садзейнічала б больш дэталёваму разгляду прычын, якія прыводзяць да звальнення галоўных рэдактараў. Але на самой справе я пераканана, што праблемы, якую вы агучылі, няма. За гэтым, я лічу, проста хаваюцца нядобрасумленныя рэдактары. Прывядзіце мне хоць адзін прыклад, калі журналіст падрыхтаваў аб'ектыўны крытычны матэрыял, а яму старшыня райвыканкама не дазволіў яго надрукаваць. Той, хто напісаў якасны тэкст, ніколі ад яго не адмовіцца. Не гэта з'яўляецца перашкодай для таго, каб раёнкі былі цікавымі, якаснымі і запатрабаванымі.

— Кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве. Але, як вы ўжо адзначылі, менавіта ад журналісцкага калектыву залежыць, будуць чытаць яго прадукт або аддадуць перавагу іншаму СМІ. Якая роля тут адводзіцца галоўнаму рэдактару? І якія кадры вам, як міністру, хацелася б бачыць у рэдакцыйных калектывах?

— У кіраўніка СМІ, як і ў яго працаўнікоў, павінны «гарэць» вочы. Калектыў павінен быць у пошуку, пастаянным руху. Калі ў журналіста, роўна як і ў кіраўніка, знікае жаданне прыўнесці нешта цікавае на старонкі газеты, на тэлеканал, у радыёэфір, то пачынаецца застой. Таму люблю людзей, якім у сутках не хапае 25-й гадзіны. Мне здаецца, у журналістыцы гэта адзін з самых галоўных складнікаў поспеху. Усё астатняе — адказнасць, прыстойнасць — гэта само сабой зразумела.

— Лілія Станіславаўна, пагадзіцеся, поспех у любой справе ў вялікай ступені залежыць ад правільна расстаўленых прыярытэтаў. Якія першачарговыя задачы ставяцца перад галіной на 2015 год? І якой вам, як Міністру інфармацыі, бачыцца бліжэйшая перспектыва ў развіцці СМІ?

— Летась мы ўважліва вывучылі пытанні, звязаныя з развіццём рэгіянальнага радыёвяшчання ў рэспубліцы, правялі маштабную нараду з гэтай нагоды. Правадное радыё, што хаваць, стала архаічным. Разам з тым вельмі важна на шляху пераходу да новых тэхналогій не страціць радыйнае інфармацыйнае поле. Таму пастаўлена задача на працягу першага квартала распрацаваць рэспубліканскую комплексную праграму развіцця радыёвяшчання ў рэспубліцы да 2020 года. Трэба вызначыцца, як у кожным рэгіёне будзе развівацца рэгіянальнае радыё. І тут варта ўлічыць цікавы досвед працы Мінскай і Гродзенскай абласцей. 2015 год будзе знакавым і для развіцця тэлебачання. Да другога паўгоддзя практычна цалкам краіна пяройдзе з аналагавага вяшчання на лічбавае. Гэта зусім новыя магчымасці, у першую чаргу, для рэгіянальных тэлеканалаў. 2015 год — год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у нашай краіне ён аб'яўлены яшчэ і Годам моладзі. У сувязі з гэтым чарговы раз хочацца звярнуцца да журналістаў. Тэма патрыятызму не павінна абмяжоўвацца толькі падрыхтоўкай публікацый да пэўных дат; гэта, на мой погляд, стрыжнёвая тэма для кожнага СМІ. Бо місія нацыянальнай журналістыкі — садзейнічаць развіццю сваёй краіны, свайго народа. Інфармацыйныя войны працягваюць бушаваць каля нашых межаў. І вельмі няпроста, назіраючы за падзеямі, якія адбываюцца ў суседзяў, заставацца аб'ектыўнымі; не руйнаваць, а працаваць на стварэнне. На шчасце, большасць нацыянальных медыя ўсведамляюць сваю адказнасць за лёс Айчыны. І гэта не проста высокія словы. Беларусь была і застаецца краінай дыялогу, міру і ўзаемаразумення.

Надзея ДРЫЛА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.