Вы тут

Інсульт немагчыма прадбачыць?


Інсульты часцей здараюцца ў пажылых — большасць сардэчна-сасудзістых захворванняў звязана з пасталеннем арганізма. Ужо з 50 гадоў чалавек уваходзіць у групу рызыкі, нагадвае намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 3‑й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Ларыса ДЗЯНІСАВА.

20-12

Больш за ўсё сасуды галаўнога мозга пакутуюць пры атэрасклерозе, артэрыяльнай гіпертэнзіі і цукровым дыябеце, тым больш пры іх спалучэнні. Так аднойчы здараецца інсульт, або сасудзісты мазгавы ўдар, які развіваецца ў выніку пагаршэння кровазабеспячэння галаўнога мозга. Гэта вострае парушэнне суправаджаецца раптоўным расстройствам мазгавых функцый.

Вядома, што нервовыя клеткі мозга «кіруюць» усімі функцыямі арганізма: рухамі рук, ног, маўленнем, абменам рэчываў, дыханнем і кровазваротам, аналізуюць зрокавую, слыхавую інфармацыю і іншыя сігналы, якія паступаюць ад органаў пачуццяў. Пры гэтым кожная з палавін мозга забяспечвае і кантралюе функцыянаванне процілеглай паловы цела. Таму пашкоджанне адной паловы мозга праяўляецца паталагічнымі зменамі на супрацьлеглым баку цела (інсульт злева прыводзіць да расстройства функцый правай паловы цела, і наадварот).

Парушацца могуць тонус мышцаў, зрок, слых, нюх, маўленне, глытанне і г. д. Суправаджацца гэта можа і парушэннем прытомнасці, галаўным болем, млоснасцю, ванітамі. Калі ўсё гэта назіраецца на працягу менш чым 24 гадзіны, а пасля поўнасцю знікае, то гэта — транзіторная ішэмічная атака. Парушэнне мазгавога кровазвароту ў такім выпадку заканчваецца аднаўленнем парушаных функцый.

Прадбачыць інсульт немагчыма. Як і прыпыніць за паўгадзіны да наступлення. Усё адбываецца вельмі хутка. Нават калі ў чалавека сардэчная арытмія, то сказаць, калі адбудзецца інсульт, немагчыма — можа быць, праз месяц, а можа, і ніколі.

Што можна і трэба рабіць, дык гэта змагацца з фактарамі рызыкі. Вось яны:

курэнне і іншае ўжыванне тытуню, няправільнае харчаванне, адсутнасць фізічнай актыўнасці, гіпертэнзія (павышаны крывяны ціск), цукровы дыябет, павышаны халестэрын крыві (гіперліпідэмія). Парушэнне рытму сэрца — мерцальная арытмія можа спрыяць развіццю тромбаў, якія могуць адлятаць у галаўны мозг. Нельга скідваць з рахунку і спадчынны фактар.

Бывае такім

Ішэмічны інсульт («інфаркт мозга») звязаны са спыненнем або значным змяншэннем кровазабеспячэння ўчастка мозга. Звязана гэта часцей за ўсё з атэрасклератычнымі бляшкамі ў артэрыях, што забяспечваюць мозг крывёй. Бывае, у гэтыя артэрыі трапляе тромб, які сфарміраваўся ў поласцях сэрца ў хворых з сардэчнымі парокамі. Часцей ішэмічны інсульт развіваецца ў 50–69 гадоў. У мужчын часцей, чым у жанчын.

Гемарагічны інсульт — гэта кровазліццё ў галаўным мозгу на фоне артэрыяльнай гіпертэнзіі. Зрэдку такое кровазліццё назіраецца ў людзей 39–49 гадоў, звычайна — у тых, каму 50–69. Да 60 гадоў захваральнасць у мужчын і жанчын аднолькавая, а пасля 60 гадоў гемарагічныя інсульты часцей развіваюцца ў жанчын. Прычынай становіцца разрыў анеўрызмы сасудаў мозга (праз гіпертанічную хваробу, атэрасклероз артэрый галаўнога мозга, траўмы).

Як западозрыць?

 Раптоўная слабасць рук ці ног

 Змены на твары (крывая ўсмешка, страта ці пагаршэнне зроку), парушэнне маўлення

Сімптомы недастатковасці мазгавога кровазвароту (яны павышаюць рызыку развіцця інсульту):

 больш частыя і моцныя галаўныя болі на працягу некалькіх месяцаў ці гадоў

 галавакружэнні, шум у галаве

 зніжэнне памяці, зніжэнне працаздольнасці, заўважнае навакольным.

Галоўнае правіла пры падазрэнні на інсульт — хуткая шпіталізацыя. Першы тыдзень пасля інсульту з'яўляецца крытычным. У гэты час вельмі важна стымуляваць увесь жыццёвы патэнцыял і накіраваць яго на рэабілітацыю.

Абследаванне

Для распазнавання парушэнняў мазгавога кровазвароту выкарыстоўваюцца камп'ютарная і магнітарэзанансная тамаграфіі. Для высвятлення прычын ішэмічнага інсульту прымяняюць ультрагукавыя метады даследавання — дуплекснае сканіраванне сасудаў шыі і доплераграфія цэрэбральных артэрый.

Аднаўленне

У адных людзей пасля перанесенага захворвання адбываецца амаль поўнае ці нават поўнае аднаўленне ўсіх функцый, у той час як нехта перажывае значныя цяжкасці нават праз год. Маштаб і глыбіня пашкоджання будуць іграць тут вызначальную ролю. Аднак калі чалавек не загінуў у першыя гадзіны пасля інсульту і перажыў востры перыяд, гэта ўжо сведчыць пра магчымасць аднаўлення парушаных функцый.

Прэпаратаў, якія б аднаўлялі страчаную функцыю мозга, яшчэ не прыдумалі. «Сасудзістыя» і «метабалічныя» лекі на аднаўленне ніяк не ўплываюць. Рэабілітацыя заключаецца ў розных відах трэніровак, зняцці мышачнага спазму і інш. Урэшце, і якаснае лячэнне, і рэгулярнае выкананне складзенай праграмы рэабілітацыі, а таксама падтрымка членаў сям'і могуць палепшыць агульны вынік.

Што есці хвораму?

У ежы павінна быць дастаткова вітамінаў і мінералаў. Пры дэфіцыце прызначаюцца полівітамінныя прэпараты.

Ляжачым хворым праз іх схільнасць да запораў вельмі карысная гародніна, асабліва буракі, а таксама сухафрукты, кісламалочныя прадукты.

Пры гіпертанічнай хваробе ў рацыён неабходна ўключаць прадукты, багатыя на калій (курага, разынкі, інжыр, капуста, бульба), магній (кашы з грэцкай і аўсянай круп). Неабходна абмяжоўваць соль, салодкае, тлустае, вэнджанае, вострае. Не ўжываць моцныя чай і каву, алкаголь.

Памятайце пра каштоўныя прадукты: яблыкі, лімоны, бананы, апельсіны, грэйпфруты, чырвоны вінаград, салодкі перац, слівы, клубніцы, бабы, квяцістую капусту, моркву, спаржу, бульбу, часнок, цыбулю, цёмны шакалад.

Пра стрэс

Сам па сабе ён не з'яўляецца прычынай інсульту. Аднак стрэс — гэта рэакцыя арганізма на моцны раздражняльнік, у выніку чаго ў кроў выкідваецца адрэналін, які павышае артэрыяльны ціск. А высокі ціск — ужо фактар рызыкі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».