Вы тут

Рэйтан. Перазагрузка


Беларускія мастакі вяртаюць з небыцця патрыёта Радзімы

Імя Тадэвуша Рэйтана, славутага шляхціца, які разам з паплечнікамі ў 1773 годзе чатыры дні зрываў «падзельны» сойм Рэчы Паспалітай, чулі многія. Але ведаюць пра яго не так шмат. Пры гэтым у суседняй Польшчы Рэйтана, што нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а не на беразе Віслы, паважаюць: называюць у яго гонар вуліцы, гатэлі і ліцэі. А што ў нас? Час ад часу пра яго пісалі нарысы, але маштабна ўвекавечваць памяць пра яго пачалі толькі некалькі гадоў таму, калі энтузіясты арганізавалі арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана...

«Тадэвуш на 500 працэнтаў беларус»

Са Зміцерам Юркевічам і Алесем Родзіным, мастакамі, заснавальнікамі арт-суполкі, я сустракаюся ў галерэі «Лабірынт», што ў Нацыянальнай бібліятэцы, напярэдадні вернісажу выставы «Тадэвуш RE: TURN», прысвечанай 275-й гадавіне з дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана. Экспазіцыя амаль зманціраваная, застаецца размясціць толькі некалькі работ, і Юркевіч, які прычоскай вельмі нагадвае беларускага шляхцюка, разам з Родзіным апантана расказваюць пра асобу Рэйтана і шляхі, якія прывялі іх да ўшанавання выбітнай асобы.

Як аказалася, усё пачалося два гады таму, калі яны даведаліся пра тое, што спрадвечная сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы, што на Ляхавіччыне, выстаўлена на продаж.

Адам Мальдзіс, прафесар, гісторык, пісьменнік:

— На маю думку, арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, якая зрабіла вельмі шмат для ўшанавання патрыёта, павінна стварыць фонд і выкупіць у дзяржавы маёнтак у Грушаўцы. Ініцыятыва для таго, каб узяць яе ў надзейныя рукі, ужо саспела. І на гэта я вельмі разлічваю.

— Мы насамрэч гэтаму здзівіліся. Бо сядзібу зараз можа набыць любы ахвотны і пасля зрабіць там казіно ці гасцініцу. Але гэтага дапусціць нельга. Трэба талакой, дзяржавай аднавіць сядзібу, стварыць мемарыяльны музей, які ў будучыні можа стаць буйным культурным цэнтрам, — разважае Зміцер Юркевіч. — Вось мы і распачалі працу. Падсумавалі ўсё здзейсненае нашымі папярэднікамі для вяртання Беларусі імя Рэйтана. Адзначылі, што зроблена было нямала, аднак гэта ўсё роўна кропля ў моры. Сістэмнасці не было. І гэта праца не аказвала значнага ўздзеяння. Тады мы і вырашылі стварыць арт-суполку. Спадар Алесь распачаў свой графічны шэраг «Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі», а я кінуўся ў бібліятэкі, беларускія і польскія архівы. Сойм з удзелам Рэйтана апісаны добра, а вось пра яго жыццё да і пасля гэтай знакавай падзеі фактычна нічога невядома. У выніку даследаванняў мы на два гады адсунулі дату нараджэння Рэйтана (з 1742 на 1740), пра што даведаліся з захаваных лістоў бацькі Тадэвуша. Вядзём перапіску з дзяржаўнымі ўстановамі, ладзім у Грушаўцы суботнікі і фестывалі. Даводзім усім, што ён наш, а не немец ці паляк, як пра яго паходжанне пісалі раней. Тадэвуш Рэйтан на 500 працэнтаў беларус! І быў беларусам у пятым пакаленні. Яго продкі служылі Вялікаму Княству Літоўскаму і абаранялі яго з самага пачатку ХVІІ стагоддзя.

[caption id="attachment_68203" align="alignnone" width="600"]20-21 Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін[/caption]

Карціна, якую многія не прымалі

Менавіта гэтая энергічнасць, нават ваяўнічасць да ворагаў Бацькаўшчыны дазволіла вядомаму мастаку Яну Матэйку стварыць карціну «Рэйтан» — самую вядомую і, на думку Алеся Родзіна, моцную выяву нашага героя. Тады на сойме Тадэвуш не пагадзіўся з планам падзелу Рэчы Паспалітай. У сваёй прамове Самуэль Корсак, член Найвышэйшай Літоўскай Рады, удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі, выкрыў паслоў-здраднікаў. Тыя паспяшаліся пакінуць залу, але Рэйтан упаў крыжам перад выхадам і закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!» Вось і парадокс: карціну, на якой ідэалізуецца асоба Тадэвуша Рэйтана, не прынялі многія палякі. Нават спрабавалі сарваць яе выставу ў Парыжы, але не атрымалася. Калі судзіць па залатым медалі, які атрымала карціна, французы яе ацанілі.

20-22

— Матэйка не проста стварыў твор, прысвечаны Рэйтану. Ён сабраў на гэтай карціне ўсіх здраднікаў Рэчы Паспалітай канца ХVІІІ ст. — распавядае Зміцер Юркевіч. — І найперш абураліся нашчадкі гэтых ворагаў. Маўляў, як гэты мастак, выхадзец з сялянскай сям'і, чэх па паходжанні, раптам адчуў сябе палякам і пачаў маляваць сцэны гісторыі? Але ён не спалохаўся, а наадварот пачаў кляйміць гэтых арыстакратаў.

На жаль, арыгінала гэтай карціны на выставе няма. Ён знаходзіцца ў Варшаве ў Каралеўскім замку. Затое ёсць выдатныя прыклады літаратуры пра Рэйтана з прыватных калекцый, фондаў бібліятэкі, творы мастакоў Рыгора Сітніцы, Міколы Купавы, Рыгора Батальёнка, Яўгена Шунейкі, Пятра і Алены Шарыпаў, рэпрадукцыі малюнкаў Францішка Смуглевіча... Але ўсё ж асноўную частку экспазіцыі займае графічны шэраг (амаль 60 прац) Алеся Родзіна. Сам аўтар удакладняе, што цыкл мае асветніцкі характар. На кожнай карціне адлюстравана пэўная падзея з жыцця Рэйтана, яго сям'і, аб чым напісана ў тэкставым суправаджэнні да твора. Але графічны цыкл Родзіна пакуль не завершаны. На думку сяброў арт-суполкі, у біяграфіі Рэйтана яшчэ хапае пытанняў, адказы на якія таксама трэба будзе адлюстраваць на палатне.

[caption id="attachment_68211" align="alignnone" width="600"]20-23 Партрэт Тадэвуша Рэйтана, выкананы польскім мастаком Уладыславам Барвіцкім.[/caption]

Сёння, напрыклад, ніхто з упэўненасцю не скажа, дзе ён пахаваны, як скончылася жыццё Тадэвуша. На думку Змітра Юркевіча, ён мог стаць ахвярай помсты ворагаў. Бясследна знік іх сямейных архіў. Аднак ужо з'явіліся сцежкі, па якіх можна дабрацца нават да сярэбранага кубка — адзінага артэфакта, які захаваўся пасля Тадэвуша Рэйтана. І калі ўлічваць той велізарны аб'ём працы, што за кароткі час выканаў дуэт мастакоў, здаецца, што і гэта ім па плячы.

[caption id="attachment_68202" align="alignnone" width="600"]20-20 Асноўную частку экспазіцыі займае графічны шэраг Алеся Родзіна[/caption]

 

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».