Вы тут

«Культура — наш галоўны палітык»


Лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец.

23-27

— Мінулы Год гасціннасці быў шчодрым на падзеі, — расказаў нашай газеце Анатоль Анатольевіч. — Мы, напэўна, яшчэ не адышлі ад статусу культурнай сталіцы, ганаровае званне якой насілі пазалетась. Адбылося шмат канцэртаў, фестываляў, выстаў. Прыемна, што культура адыграла вялікую ролю ў эканамічным плане. Вельмі шмат інвестараў прыйшло менавіта таму, што Магілёў меў статус культурнай сталіцы.

— А якія планы на сёлетні Год моладзі?

— Будзем працягваць тыя акцыі, якія пачыналі летась. Пакуль яны праводзяцца ад выпадку да выпадку. На базе абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы мы ствараем маладзёжны цэнтр, куды кожны юнак ці дзяўчына зможа прыйсці са сваімі наватарскімі думкамі. Пры БРСМ створаны савет, які будзе спрыяць развіццю творчых пачаткаў нашых талентаў. Акцэнт таксама ставіцца на развіццё руху студэнцкіх атрадаў. Ужо ёсць каля 5 тысяч ахвотнікаў прыняць удзел. Ёсць задумка, што моладзь дапаможа якой-небудзь арганізацыі.

Наогул наступны год будзе насычаны на культурныя падзеі — гэта фэст «Александрыя збірае сяброў», тэатральны форум «М.@рт.кантакт», фестываль класічнай музыкі «Магутны Божа»; з лютага пачнуцца канцэрты «Залатога шлягера».

23-28

— На рэспубліканскім узроўні нядаўна разглядалася канцэпцыя правядзення купальскага фэсту ў Александрыі. Што чакаць цікавага?

— Асобых заўваг па нашай канцэпцыі не было. Акцэнт зноў-такі зроблены на моладзь. Збіраемся паказаць наш валанцёрскі рух, як ён працуе з іншымі краінамі. Запросім у госці расіян, украінцаў. Летась вялікі поспех мела пляцоўка ад праекта «Бард-рыбалка», яна будзе працаваць і сёлета. Больш цікавай стане выстава дасягненняў жывёлагадоўлі, арганізатарам якой з'яўляецца абласны Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Плануем зрабіць праграму выставы больш відовішчнай, арганізаваць гусіныя і парасячыя гонкі. Актыўны ўдзел прымуць навучальныя ўстановы, шырэй будзе прадстаўлена іх сувенірная прадукцыя. Будуць працаваць малая і вялікая музычныя пляцоўкі. Плануем паставіць мюзікл. Гэтым зараз займаецца тэлеканал АНТ. На другі дзень свята па традыцыі адбудзецца ўшанаванне перадавікоў сельскай гаспадаркі і канцэрт з удзелам «зорак» эстрады. Будуць працаваць падвор'і, рамеснікі і народныя майстры. Гандаль плануе пашырыць колькасць пасадачных месцаў у выязных кавярнях да 5 тысяч. Увесь фэст будзе прасякнуты тэмай Купалля. Гэта асноўны стрыжань, на якім ён трымаецца.

— Што б вы параілі наведаць на Магілёўшчыне замежным гасцям?

— Любы раённы цэнтр можа нешта паказаць, у кожным свая «разыначка». Для мяне, напрыклад, цікавы Мсціслаў, там шмат чаго можна паглядзець. Жамчужына Кіраўскага раёна — палацава-паркавы ансамбль Булгакаў у Жылічах. Спадзяюся, што да 2016 года там цалкам завершацца рамонтныя работы. У Крычаве можна наведаць палац князя Пацёмкіна. На Касцюкоўшчыне на высокім узроўні праводзіцца свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». У Краснаполлі працуе цікавы народны тэатр, якому летась споўнілася 100 гадоў. Ён пастаянны ўдзельнік фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча. Чэрыкаў — край крыніц, дзе захоўваюцца старадаўнія традыцыі і абрады. Асіповічы асацыююцца з паляваннем. У Клічава багатая гісторыя і таксама існуюць усе ўмовы для палявання. Там вельмі любяць адпачываць замежныя турысты. У Слаўгарадзе вядомая далёка за межамі краіны Блакітная крыніца. А які там ладзяць фестываль сыру! Наогул, калі ў раёне ёсць гаспадар, ён можа зрабіць яго прывабным для іншых. У нас добрая прырода, маляўнічыя мясціны. Калі прыязджаюць сябры з далёкага замежжа, мне не прыходзіцца ламаць галаву, што ім паказаць.

Я нядаўна быў на навуковай канферэнцыі ў Кіеве «Культура Еўрасаюза, фінансы і ўсходняе партнёрства». Калі рыхтаваўся да выступлення, мяне папярэдзілі, што аўдыторыя будзе складаная. Але чаго мне хвалявацца, калі нашы фестывалі, а іх у вобласці каля 100, на 60% наведваюць жыхары замежных краін. Культура сёння — самы вялікі палітык у зносінах і сяброўстве. Напрыклад, у апошнім нашым міжнародным фестывалі народнай творчасці «Вянок дружбы» ў Бабруйску прымалі ўдзел 15 краін. А прадстаўніца Вялікабрытаніі, якая прыехала на фестываль па кераміцы «Арт-Жыжаль», здзіўлялася, што дагэтуль нічога не ведала пра нашу краіну. Яна пакідала нас са словамі ўдзячнасці і надзеяй зноў вярнуцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.