Вы тут

Каралева за маніторам


Беларускія інтэрнэтчыкі выберуць самую прыгожую дзяўчыну

У трэці раз у нашай краіне пройдзе анлайн-конкурс прыгажосці «Міс Байнэт», да ўдзелу ў якім арганізатары запрашаюць усіх ахвотных дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі. З галоўных патрабаванняў — толькі два: узрост большы за 18 гадоў і наяўнасць беларускага грамадзянства, ну а адметная знешнасць і ўпэўненасць ва ўласных сілах, відаць, павінна быць апрыёры.

Як падкрэсліваюць арганізатары, сваёй задачай яны лічаць не столькі выбар і ўшанаванне самых прыгожых беларусак, колькі наогул прапаганду сучаснага эталону прыгажосці сярод моладзі. У палажэнні прапісана, што прэтэндэнткі на віртуальную карону і матэрыяльны галоўны прыз конкурсу мусяць быць не толькі прывабнымі, але і «актыўнымі, адукаванымі, духоўна развітымі, рознабаковымі асобамі, арыентаванымі на поспех у прафесійнай дзейнасці і асабістым жыцці», а таксама на здаровы лад жыцця.

«Упершыню конкурс будзе праходзіць у гадавым фармаце, што дазволіць узяць удзел у адборачных турах як мага большай колькасці дзяўчат», — адзначае менеджар праекта Людміла Палаўнёва.

Першай «Міс Байнэт» у 2011 годзе стала палачанка Марыя, якой у якасці галоўнага прыза дастаўся тур у Венецыю.

23-19

З 20 студзеня адкрыты прыём заявак ад удзельніц, аднак само галасаванне пачнецца толькі 1 сакавіка і будзе адбывацца паэтапна: за тых дзяўчат, хто зарэгіструецца ў сістэме пасля 25 чысла бягучага месяца, прагаласаваць можна будзе цягам усяго наступнага. З 10 лідараў інтэрактыўным галасаваннем карыстальнікі выберуць «Міс месяца», якая будзе адзначана памятным падарункам ад арганізатараў і зможа працягнуць далейшую барацьбу за самы галоўны тытул. Рэгістравацца ў якасці ўдзельніцы можна будзе хоць кожны месяц, але ў фінале залічаць максімальныя балы толькі за адзін з іх. Прычым падтрымаць сваіх фаварытак беларускія інтэрнэт-карыстальнікі могуць не толькі на афіцыйным сайце конкурсу mіssbynet.by, але і на іншых вядучых інфармацыйных і забаўляльных парталах, а таксама праз СМС-паведамленні. Па выніках 9 месяцаў 20 кандыдатак, якія набяруць найбольшую колькасць балаў, трапяць у фінал «Міс Байнэт».

Тая з удзельніц, хто набярэ найбольшую колькасць балаў у інтэрнэт-галасаванні (а «накруціць» галасы, папярэджваюць арганізатары конкурсу, тут не атрымаецца — за гэтым будуць пільна сачыць вопытныя праграмісты) і заваюе сімпатыю пераважнай колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў і суддзяў у фінале, будзе абвешчана пераможцай, а ўладальніцы тытулаў «1-я Віцэ-міс» і «2-я Віцэ-міс», а таксама «Міс глядацкіх сімпатый» атрымаюць каштоўныя падарункі. Праўда, што за галоўны і дадатковыя прызы дастануцца дзяўчатам, пакуль трымаецца ў сакрэце.

Вікторыя ЗАХАРАВА

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.