Вы тут

«Цяпер найперш кніга шукае свайго чытача»


Ці сябруе моладзь з беларускай літаратурай? Якія творы найбольш запатрабаваныя студэнтамі? І што трэба рабіць, каб лекцыі былі цікавыя і запамінальныя? Пра гэта карэспандэнт «Чырвонкі» пагутарыў з Аксанай БЯЗЛЕПКІНАЙ, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, літаратуразнаўцам і крытыкам.

29-5

29-5

 

«У 16 гадоў Мележа зразумеюць не ўсе»

— Нехта Быкава, Караткевіча, наогул усю класіку прачытаў яшчэ ў школе, а таму ва ўніверсітэце толькі часткова яе перачытвае. А хтосьці толькі пасля школы пачынае для сябе адкрываць мастацкую літаратуру, што, дарэчы, абмяжоўвае выкладчыкаў, калі тыя хочуць даваць больш новага. Ёсць творы, якія, на маю думку, рана чытаць у 15-16-гадовым узросце. Неяк я ў чарговы раз перачытвала перад заняткамі «Людзі на балоце» Мележа і дзеля цікавасці адзначала ў рамане сцікерамі «какетліва-любоўныя» сцэны. А пасля закрыла кнігу і ўбачыла, што яна літаральна ўся ў закладках. І цяпер на практычных занятках, прысвечаных вясковай прозе, да якіх студэнты чытаюць Івана Мележа, Вячаслава Адамчыка, Міхася Стральцова і Андрэя Федарэнку, мы гаворым не толькі пра саму вёску, але і пра патрыярхальны лад жыцця, пра ролі мужчын і жанчын і пра змены ў гэтых ролях.

Я выкладаю літаратуру ўжо восем гадоў. Студэнты за гэты час сапраўды змяніліся. З першымі ў мяне былі вострыя дыскусіі «не на жыццё, а на смерць». Да таго ж у нас была маленькая розніца ва ўзросце і мяне інакш успрымалі. Цяпер мне не хапае тых спрэчак. Пасля я заўважыла, што прыйшло пакаленне, для якога нацыянальнае пытанне не з'яўлялася чымсьці істотным. Сёння нацыяльная самаідэнтыфікацыя зноў робіцца моднай. Было ў мяне і пакаленне хіпстараў-эрудытаў, якім можна было задаць на семінар вялікую колькасць аб'ёмных твораў, а яны ўсё прачытвалі, чым стваралі для мяне спакусу дадаваць і дадаваць новыя тэксты ў хатняе заданне.

Стаўленне да гістарычнай мастацкай літаратуры стала іншым, і калі цікавасць да рамантычнай прозы яшчэ тлумачыцца ўзростам, то разбірацца ў нюансах гістарычных падзей студэнтам менш цікава: тое, што было для чытача адкрыццём у 1980-1990-я гады, цяпер моладзі здаецца пераказам падручнікаў. У той жа час я прапаноўваю для чытання тэксты, якія паказваюць разнастайнасць сучаснай літаратуры, напрыклад, Алены Брава (ад «Каменданцкі час для ластавак» да «Рай даўно перанаселены»), творы фантастаў, творы для дзяцей («Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» Алеся Бадака), каб студэнты ведалі, што і якасная сучасная дзіцячая літаратура ў нас існуе. У першыя гады маёй працы студэнты кепска ставіліся да твораў маладых пісьменнікаў, што мне здавалася несправядлівым, і на наступны год я зноў прапаноўвала іх для чытання. Мая ўпартасць была ўзнагароджана толькі праз некалькі гадоў, калі вучыцца прыйшло пакаленне, пра якое пісалі аўтары.

29-11

29-11

 

Што цяпер чытае моладзь?

— Студэнтаў вабяць творы, што больш рэкламуюцца. Ці тыя, якія адпавядаюць іх асабістым інтарэсам. Адзін мой студэнт-вернік зацята патрабаваў, каб я звярнула ўвагу на кнігу Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая». Сёння я згадваю гэты тэкст, каб з ім пазнаёміліся тыя, каго цікавіць адпаведная праблематыка.

Насамрэч, прайшлі тыя часы, калі людзі шукалі літаратуру. Цяпер надышоў час, калі аўтары павінны шукаць чытача і змагацца за яго. У такіх сітуацыях перамагаюць тыя пісьменнікі, якія маюць доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Лепш за ўсё, калі літаратар паралельна працуе журналістам, бо яго імя пастаянна перад вачамі ў чытачоў. А яшчэ мне вельмі прыемна бачыць постары з рэкламай кніг у кнігарнях. Таксама падабаецца, што робіць праект «Lіtara-A». У яго рамках моладзь запісвае на відэа чытанне вершаў беларускіх паэтаў.

«Творы студэнтам дасылаю па электроннай пошце»

— Калі раней задавала студэнтам хатнія заданні, магла пачуць ад іх на семінары, што яны не знайшлі твор. І ў нечым я іх разумела. Многія кнігі сучасных аўтараў, пачынаючы з 1990-х гадоў, друкаваліся накладам у 100-500 асобнікаў. Вядома, іх можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы, але 100 чалавек з курса па тры кнігі ў бібліятэку не паедуць. А цяпер творы і інструкцыю да семінараў я дасылаю студэнтам у электронным выглядзе — і больш ніхто не кажа, што не знайшоў тэкст. Студэнты «забіваюць» твор у тэлефон ці «чыталку», запісваюць на планшэт, каб мець магчымасць чытаць у любую вольную хвіліну. Пры гэтым я цалкам усведамляю рызыкі лічбавага чытання. Псіхолагі ўжо даказалі: калі чалавек чытае папяровую кнігу, ён адчувае яе аб'ём фізічна, а калі чытае ў «электронцы», губляе эфект маштабу і запамінае тэкст кавалкамі, роўнымі велічыні экрана. Але гэта лепей, чым не чытаць наогул.

Мне важна, каб быў прачытаны тэкст, каб у студэнтаў было сваё стаўленне да яго. Хай нават памылковае. Я заўжды падкрэсліваю, што на занятках ацэньваю «прачытанасць» тэкстаў, актыўнасць студэнтаў, але ніколі не ацэньваю «правільнасць» успрымання. У мяне выклікае здзіўленне, калі нехта, каб дагадзіць ці каб мець гарантыю добрай адзнакі, са словамі «на маю думку» пачынае пераказваць змест майго навуковага артыкула, які я даслала студэнтам як дадатковы матэрыял для заняткаў.

Мяне спачатку нервавалі студэнты, якія сядалі за апошнія сталы, не слухалі, шумелі і думалі, што схаваліся і іх не бачна... Радуюся, калі студэнты задаюць мне складаныя пытанні, калі прачыталі ўсе творы і вылузваюцца са штаноў дзеля таго, каб выказаць свой пункт гледжання. Яшчэ люблю імправізаваць на лекцыях перад удзячнай аўдыторыяй. У такую хвіліну я магу сказаць тое, пра што раней не ведала, пра што нават не думала. Нядаўна са мной здарыўся яшчэ адзін прыемны выпадак. На лекцыю прыйшлі дзве нямецкія аспіранткі і селі ў самы «гушчар» беларускіх студэнтаў, якія не здагадваліся пра «замежную прысутнасць». Можаце сабе ўявіць: 95 чалавек у аўдыторыі без мікрафона. Апавядаючы пра чарговага паэта, я ўключыла запіс песні на яго словы — і ўся аўдыторыя раптам пачала падпяваць. Мілым было здзіўленне немак. У іх на вачах наўпрост руйнаваліся стэрэатыпы пра беларускіх студэнтаў. Наогул моладзь, якая нязмушана спявае на лекцыі, — гэта вельмі прыгожа. І я адчула вялікую ўдзячнасць да сваіх студэнтаў.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?