Вы тут

Геалакацыя: знайдзі іншых. Але спачатку — сябе


 

Яго выступленне выклікала найбольшы розгалас падчас 42‑га з'езда Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Павел БАЦЫЛЕЎ, студэнт першага курса механіка-матэматычнага факультэта БДУ, — адзін з пераможцаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Хлопец распрацаваў дадатак для смартфонаў на платформе Androіd, які дазваляе знаходзіць сваіх сяброў на карце і кантактаваць з імі праз інтэрнэт. Што цікава, увесь інтэрфейс праграмы выкананы на беларускай мове.

29-13

29-13

 

—Я родам са Старых Дарог, вучыўся ў родным горадзе, у сярэдняй школе № 3. Гэта выдатная школа з вельмі добрымі настаўнікамі. Сям'я ў мяне звычайная, са сферай ІT ніхто не звязаны: маці служыць у войску, бацька працуе ў лясгасе. Ёсць малодшая сястра. Я моцна люблю сваю малую радзіму, калі толькі з'яўляецца магчымасць, адразу еду да бацькоў.

—Якія школьныя прадметы цябе цікавілі найбольш?

—Спачатку стараўся вучыцца «роўна» па ўсіх прадметах, а вось у старшай школе пачаў рабіць акцэнт на фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы. Бо вырашыў, што вышэйшую адукацыю атрымліваць буду па тэхнічнай спецыяльнасці. Праўда, тады яшчэ не ведаў, па якой канкрэтна. Прыкладна з 7 класа ўвесь вольны час аддаваў камп'ютару: спачатку проста гуляў, потым пачаў пісаць «моды» (удасканальванні і змяненні — Аўт.) для камп'ютарных гульняў: перамалёўваў тэкстуры, займаўся 3D-мадэляваннем. Стварыў некалькі фанацкіх сайтаў пра анлайн-гульні. Прыкладна ў 9–10 класах мяне зацікавілі мабільныя дадаткі, займаюся гэтым і зараз.

—Што цябе захапляе больш: непасрэдна праграміраванне ці, магчыма, дызайн, маркетынг?

—Насамрэч, я не вельмі люблю праграміраваць, у адрозненне ад многіх маіх знаёмых, што атрымліваюць задавальненне ад працэсу напісання кода. Я люблю дызайн (у свой час падпрацоўваў як дызайнер-фрылансер), маркетынг, SEO (аптымізацыя інтэрнэт-сайтаў для пошукавых сістэм накшталт Google або Яндэкс), SMO (аптымізацыя сайтаў для сацыяльных сетак). Шчыра кажучы, мяне цікавіць усё, што датычыцца ІT, я нават не ведаю, што ў большай ступені.

—Тваім першым мабільным дадаткам стаў «Хімія X10», з якім ты і перамог на конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Раскажы, як з'явілася задума гэтай праграмы?

—Аднойчы я рыхтаваўся да кантрольнай па хіміі, рашаў задачы, і раптам у галаве праскочыла думка: ці можна напісаць такі алгарытм, які будзе рашаць усе (ці амаль усе) разліковыя хімічныя задачы? Адразу ж палез у інтэрнэт, пачаў шукаць, ці існуе нешта падобнае, але нічога не знайшоў. Тады я і вырашыў, што трэба стварыць такі дадатак, прычым менавіта для смартфонаў. Прыйшлося, безумоўна, нешта давучваць, бо да гэтага пісаў толькі сайты. Адначасова і вучыў мову праграміравання, і пісаў код. Калі зрабіў дадатак, зразумеў, што адной функцыі рашэння задач будзе мала. Далучыў шэраг іншых, напрыклад, тлумачэнне вырашанай задачы.

—Наколькі я ведаю, дадатак карыстаецца поспехам. Якія ў цябе планы па яго развіцці?

—З гэтым праектам я з'ездзіў на Сусветны агляд-конкурс навуковых і інжынерных дасягненняў школьнікаў Іntel ІSEF у Лос-Анджэлес, узяў дыплом першай ступені на рэспубліканскай канферэнцыі па інфарматыцы, другой ступені — на BelSEF (беларускі аналаг Іntel ІSEF, які выконвае ролю рэгіянальнага адбору), трэцяй ступені — у Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе. Новая версія дадатку «Хімія X10» ужо амаль гатовая. У ёй пашыраны «функцыянал», вядзецца праца з перакладам на іншыя мовы.

—Паездка ў Лос-Анджэлес выдалася цікавай?

—Арганізацыя была на найвышэйшым узроўні, мы жылі ў гатэлі з відам на Галівуд. Кожны дзень для нас былі запланаваны нейкія мерапрыемствы, забавы. Здзівіла тое, што ў забудаваным цэнтры Галівуда вельмі спакойна. Прасцей кажучы, гэта добрае месца для адпачынку. Але сваім там сябе не адчуваеш.

—Як я зразумеў, праграміраванне цікавіла цябе яшчэ ў школе, але паступіў ты на механіка-матэматычны факультэт. Чаму такі выбар?

—Я займаюся менавіта вэб-распрацоўкай і свае дадаткі пішу па вэб-тэхналогіях, вось і вырашыў рухацца далей у тым жа напрамку. А мехмат БДУ ў гэтай сферы лідар, як мне падаецца. У нас вельмі моцныя выкладчыкі, вэб-праграміраванне было ўжо на першым тыдні навучання, шмат іншых важных прадметаў: праграміраванне на мове C++, інфармацыйныя тэхналогіі, уводзіны ў спецыяльнасць.

—Раскажы пра сваё супрацоўніцтва з БРСМ…

—Пасля конкурсу «100 ідэй для Беларусі» мяне заўважылі і прапанавалі працу ў Цэнтры інтэрнэт-праектаў арганізацыі. З мінулага лета я там працую: раблю дадаткі, сайты, рэкламныя ролікі, банеры, займаюся падтрымкай існуючых праектаў.

—Наколькі я зразумеў, у межах гэтай працы і быў створаны дадатак пад назвай «У саюз з сябрамі»?

—Так, яго задумай было выцягнуць моладзь з дамоў на вуліцу, замяніць віртуальныя зносіны рэальнымі. Дадатак дазваляе ўбачыць усіх карыстальнікаў з уключанай геалакцыяй у радыусе 300 метраў. Можна праглядзець іх анкеты, здымкі, якія імпартуюцца з сацыяльнай сеткі «ВКонтакте», напісаць ім паведамленне. Дарэчы, можна знайсці ўсіх сваіх сяброў на карце незалежна ад дыстанцыі да іх, нават калі яны ў Афрыцы.

На жаль, не атрымалася зрабіць яго зусім дасканалым, бо распрацоўвалі дадатак на працягу прыкладна двух з паловай месяцаў два чалавекі: я і студэнт першага курса мехмата Антон Філіповіч. Калі дадатак будзе запатрабаваны, мы выправім некаторыя недасканаласці згодна з пажаданнямі карыстальнікаў.

—А чаму выбраў для інтэрфейсу беларускую мову?

—Мова родная, а таму і дадатак становіцца ў пэўным сэнсе «родным», беларускім. У гэтым яго «фішка».

—Ці бачыш ты для сябе перспектывы ў Беларусі?

—Безумоўна. Калі ўсё ўпіраецца ў грошы, то тут таксама можна зарабіць. Я нядаўна размаўляў з Віктарам Навачадавым, дырэктарам беларускай кампаніі Game Stream. Ён паспяхова вядзе бізнес у Беларусі. World of Tanks — яскравы прыклад таго, што ўсё магчыма і ў нас.

—Якія ў цябе планы на найбліжэйшую будучыню?

—Спачатку трэба добра здаць сесію. Пасля займуся дапрацоўкай дадатку «Хімія X10», нарэшце арганізую нармальнае яго прасоўванне. Ну, а ў далёкай перспектыве я хачу заснаваць уласную ІT-кампанію, гэта мая мара.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».