Вы тут

Творцы ад навукі


Радасць адкрыцця не параўнаеш ні з чым.

Унікальная магчымасць — апынуцца на сцэне праслаўленага Купалаўскага тэатра — выпала ўдзельнікам злёту маладых навукоўцаў і выкладчыкаў «Будучыня пачынаецца сёння». Як было трапна заўважана, артысты і навукоўцы ў многім падобныя: і першых, і другіх мы называем творцамі, а вынікі іх працы — творамі. Такім чынам тэатральная сцэна паспяхова аб'яднала творчыя памкненні прадстаўнікоў навукі і мастацтва.

Арганізатарамі матывацыйна-іміджававай акцыі выступілі Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі разам з галіновым міністэрствам. Новая традыцыя — збірацца разам напярэдадні Дня беларускай навукі — была распачата ў 2011 годзе. Такім чынам, гэта мерапрыемства праводзіцца ўжо ў пяты раз, але тых, хто можа прэтэндаваць на ўзнагароджанне за сваю навуковую дзейнасць, менш не становіцца. Наадварот, колькасць маладых людзей, апантаных навукай, толькі расце. Сцэна была амаль цалкам запоўнена студэнтамі, якія сталі «стыпендыятамі» галіновага прафсаюза.

29-14

29-14

 

—Мы заўсёды падтрымлівалі і будзем далей падтрымліваць маладых людзей, якія робяць у навуцы першыя крокі, — запэўніў старшыня ЦК прафсаюза Аляксандр БОЙКА. — Як і іх навуковых кіраўнікоў, выкладчыкаў, што працуюць з пакаленнем будучых навукоўцаў. Спецыяльныя выплаты галіновага прафсаюза мы прысуджаем моладзі, якая мае высокія дасягненні ў вучэбнай, навуковай, прафсаюзнай і грамадскай дзейнасці. Хоць добра разумеем, што спалучаць навуку з актыўнай грамадскай дзейнасцю — задача не з лёгкіх.

На сустрэчу з маладымі навукоўцамі прыйшоў і міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ, які прызнаўся, што яму цікава пагутарыць з будучымі дактарамі навук, акадэмікамі, кіраўнікамі ўніверсітэтаў і акадэмічных інстытутаў.

Міністр упэўнены, што для тых, кім рухае не прага атрымання імгненнага эфекту, а перспектыўнае бачанне ўласнай кар'еры, навука заўсёды была і будзе прывабнай сферай. «Радасць навуковага адкрыцця дорага каштуе. І нават толькі дзеля яе варта ісці ў навуку, — падкрэсліў ён. — Жыццё патрабуе ад нас рашэння яшчэ больш амбіцыйных задач, а без удзелу маладога пакалення здзейсніць гэта нам будзе праблематычна. Інавацыі, крэатыў, пошук новага там, дзе, здавалася б, ужо ўсё вядома і адкрыта, — прэрагатыва маладых і энергічных, тых, хто прагне адкрыццяў і гатовы да іх».

У беларускіх ВНУ сёння дзейнічае больш як 200 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і 1000 навуковых гурткоў. Істотна вырасла колькасць студэнтаў, ахопленых усімі формамі навукова-даследчай дзейнасці: з 49 тысяч у 2005 годзе да больш за 65 тысяч у 2014 годзе.

«Ужо ў студэнцкія гады, пачынаючы з 3 курса, маладыя людзі займаюцца сур'ёзнай навукай, якая, акрамя маральнага задавальнення, прыносіць ім і матэрыяльныя дывідэнды. Асабліва калі яны задзейнічаны ў выкананні важных праектаў не толькі для беларускіх прадпрыемстваў, але і ў рамках замежных заказаў», — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў.

Дарэчы, летась міжнародныя навуковыя праекты прынеслі вышэйшым навучальным установам 7 млн долараў прыбытку. Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што Мінадукацыі плануе запусціць у найбліжэйшы час у сацыяльных сетках праект «Адукацыя вачыма моладзі».

«Я вельмі хацеў бы, каб моладзь падключылася да абмеркавання праблем адукацыі, падказала нам, як і чаму яна хацела б вучыць сваіх дзяцей, якіх памылак варта пазбегнуць і, галоўнае, як гэта зрабіць. Каб вы з гонарам маглі сказаць, што гэта МЫ прапанавалі, МЫ ініцыявалі і што сістэма адукацыі развіваецца па прапанаваным НАМІ сцэнарыі», — падкрэсліў міністр.

На тэмы, якой павінна быць якасная адукацыя, чаму трэба вучыць у школе, прафтэхустановах і ВНУ, можна будзе падыскутаваць у спецыяльных групах, што ў хуткім часе пачнуць працаваць ва ўсіх асноўных сацыяльных сетках інтэрнэту. Пра пачатак дыскусіі можна будзе даведацца на партале Міністэрства адукацыі edu.gov.by са стужкі навін.

Надзея НІКАЛАЕВА. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».